ілюстра́цыя, ‑і, ж.

1. Тое, што і ілюстраванне.

2. Малюнак у кнізе, часопісе, які суправаджае тэкст або тлумачыць змест. Падручнік з ілюстрацыямі. Газетная ілюстрацыя. □ Характэрнай асаблівасцю кніг Скарыны, вельмі рэдкай для таго часу, было ўпрыгожанне іх цэлым радам арыгінальных, цудоўна выкананых ілюстрацый, гравюр. Алексютовіч.

3. перан. Прыклад, які дапаўняе, пацвярджае што‑н. Бліскучай ілюстрацыяй перамогі ленінскай нацыянальнай палітыкі з’яўляцца сапраўдны росквіт савецкага друку на мовах усіх нацыянальнасцей нашай краіны. □ Пісьмы У.І. Леніну — яркая ілюстрацыя непарыўнай сувязі правадыра рэвалюцыі з народам, з працоўнымі насамі. «Звязда».

[Ад лац. illustratio — выява, жывое апісанне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мабіліза́цыя, ‑і, ж.

1. Прызыў ваеннаабавязаных запасу на абавязковую ваенную службу ў сувязі з аб’яўленнем вайны. У чатырнаццатым годзе Вінцук Адамавіч трапіў на фронт па першай мабілізацыі. Машара. // Прыцягненне, прызыў каго‑н. для выканання важнага масавага мерапрыемства. Мабілізацыя насельніцтва на барацьбу з паводкай.

2. Перавод узброеных сіл краіны з мірнага становішча ў стан гатоўнасці да вайны. Мабілізацыя арміі. // Перавод усіх галін народнай гаспадаркі на ваеннае становішча. Мабілізацыя прамысловасці.

3. перан. Давядзенне чаго‑н. да стану актыўнай гатоўнасці выканаць якое‑н. заданне. Мабілізацыя сіл. Мабілізацыя ўвагі.

[Фр. mobilisation ад лац. mobilis — рухомы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

катэго́рыя, ‑і, ж.

1. Асноўнае філасофскае паняцце, якое адлюстроўвае найбольш агульныя ўласцівасці і сувязі прадметаў і законы развіцця з’яў аб’ектыўнай рэальнасці. Катэгорыя часу. Катэгорыя неабходнасці. Катэгорыя формы і зместу.

2. У навуковай тэрміналогіі — родавае паняцце, якое абазначае разрад з’яў, прадметаў або найбольш агульную іх прымету. Граматычныя катэгорыі. Катэгорыя роду. Гістарычныя катэгорыі.

3. Група аднародных прадметаў, з’яў або асоб, якая выдзяляецца па якіх‑н. прыметах. Калектывізацыя робіць людзей і шчырымі прыяцелямі і зацятымі ворагамі, падзяляючы іх на розныя катэгорыі. Колас. Пашкоджанні, нанесеныя Бандарчуку, адносіліся да катэгорыі лёгкіх. Капусцін.

[Ад грэч. katēgoria — выказванне, суджэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фамі́лія, ‑і, ж.

1. Род, шэраг пакаленняў, якія маюць аднаго продка. Старасвецкі панскі палац, старое гняздо радавітай польскай фаміліі, утуліўшы ў полаг цемры сваю вежу, панура вырысоўваецца на фоне цёмнага неба. Колас.

2. Уст. Сям’я, члены сям’і. Жыла пад гэту пару ў Сіўцы адна досыць цікавая фамілія. Зарэцкі. — І вось я пытаюся ў вас, — у голасе [Гелены] была відавочная пагроза, — ці сапраўды вы вырашылі назаўсёды парваць усе сувязі з гэтай фаміліяй. Караткевіч.

3. У Старажытным Рыме — сям’я разам з рабамі і кліентамі (у 1 знач.).

[Лац. familia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пана́ма

(фр. panama, ад Panama = назва краіны ў Цэнтр. Амерыцы)

1) летні шыракаполы капялюш;

2) буйное палітычнае і фінансавае махлярства з подкупам службовых асоб (слова ўзнікла ў сувязі са злоўжываннямі французскай кампаніі, якая будавала Панамскі канал).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АДВАРО́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

уздзеянне вынікаў функцыянавання якой-небудзь сістэмы (аб’екта) на характар гэтага функцыянавання. Характарызуе сістэмы рэгулявання і кіравання ў жывой прыродзе, грамадстве і тэхніцы, выяўляе накіраванасць узаемадзеяння пры пераносе рэчыва, энергіі, інфармацыі. Адно з паняццяў, што выкарыстоўваецца ў замкнутых сістэмах кіравання рознай фіз. прыроды (біял., тэхн., эканам., сац.), у якіх адхіленні сістэмы ад пэўнага стану служаць для фарміравання кіроўных уздзеянняў на працэс далейшага функцыянавання сістэмы. Адмоўная адваротная сувязь змяншае вынікі адхілення сістэмы ад першапачатковага стану, напр. павышае стабільнасць каэфіцыента ўзмацнення і памяншае нелінейныя скажэнні электроннага ўзмацняльніка. Дадатная адваротная сувязь звычайна прыводзіць да няўстойлівай работы сістэмы ў цэлым, выклікае лавінны працэс; выкарыстоўваецца, напр., у радыётэхніцы для стварэння аўтавагальных сістэм генератараў гарманічных і рэлаксацыйных ваганняў. У залежнасці ад характару сувязі паміж сістэмай і органам кіравання бывае бесперапынная, дыскрэтная (эпізадычная); статычная (жорсткая), дынамічная (гнуткая); лінейная або нелінейная адваротная сувязь. У складаных сістэмах (напр., у сац., біялагічных) вызначыць тып адваротнай сувязі вельмі цяжка, а то і немагчыма. Часам адваротную сувязь у такіх сістэмах разглядаюць як перадачу інфармацыі аб працяканні працэсу, на аснове якой выпрацоўваецца тое ці інш. ўздзеянне. У гэтым выпадку адваротную сувязь называюць інфармацыйнай. Прынцып адваротнай сувязі найбольш распрацаваны ў кібернетыцы, аўтаматычнага кіравання тэорыі, радыёэлектроніцы. У біял. сістэмах адваротная сувязь ажыццяўляецца ад клеткі да цэласнага арганізма. Звычайна накіравана на падтрымліванне пастаянства асн. параметраў жыццядзейнасці, рэчыўных і энергет. затрат пры ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛААРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

злучэнні, у малекулах якіх ёсць сувязь метал—вуглярод (M—C); асн. група элементаарганічных злучэнняў. Паводле характару хім. сувязі M—C адрозніваюць 2 асн. тыпы М.з.: злучэнні з σ-сувяззю (пераважна М.з. непераходных металаў); злучэнні з π-сувязямі, якія ўзнікаюць паміж атамамі пераходных металаў і арган. ненасычанымі малекуламі, ці лігандамі.

Фіз. ўласцівасці М.з. непераходных металаў залежаць ад характару сувязі метал—вуглярод. М.з. шчолачных і шчолачназямельных металаў (за выключэннем літыйарганічных злучэнняў і магнійарганічных злучэнняў, злучэнні з іоннай сувяззю M—C) — солі металу з карбаніёнам (напр., C5H5Na цыклапентадыенілнатрый), маюць высокія т-ры плаўлення, дрэнна раствараюцца ў непалярных растваральніках. Для злучэнняў з кавалентнай сувяззю (М.з. волава, свінцу, ртуцьарганічныя злучэнні) характэрны ўласцівасці арган. рэчываў: яны лятучыя, нізкаплаўкія, раствараюцца ў інертных арган. растваральніках; ніжэйшыя аліфатычныя (напр., тэтраэтылсвінец) — вадкасці, араматычныя — звычайна цвёрдыя рэчывы. Хім. ператварэнні (акісленне, узаемадзеянне з к-тамі, галагенамі, рэакцыі абмену і інш.) суправаджаюцца разрывам сувязі метал—вуглярод. М.з. пераходных металаў (акрамя плаціны) толькі з σ-сувязямі няўстойлівыя. М.з. пераходных металаў з’яўляюцца π-комплексамі, якія паводле тыпу арган. ліганду падзяляюць на алкенавыя, алкінавыя, алільныя, дыенавыя (або поліенавыя), цыклапентадыенільныя (у т. л. дыцыклапентадыенільныя злучэнні — металацэны; гл. Ферацэн) і арэнавыя. Вядомыя бі- і поліядз. М.з. з сувязямі паміж атамамі металу (гл. Кластэры). Хім. ўласцівасці π-комплексных М.з. вызначаюцца прыродай лігандаў і ў меншай ступені залежаць ад прыроды металу.

т. 10, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

іме́йл

[англ. e-mail, ад e(lectronic) mail = электронная пошта]

інф. спосаб электроннай сувязі,які ажыццяўляецца пры дапамозе мадэма і дазваляе перадаваць і прымаць тэкставыя паведамленні з аднаго камп’ютэра на другі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

інфраструкту́ра

(ад лац. infra = пад + structura = будова)

сукупнасць прадпрыемстваў, устаноў, сістэм кіравання, сувязі і інш., якія забяспечваюць дзейнасць грамадства або якой-н. яго сферы (напр. і. грамадства, і. транспарту, і. энергазабеспячэння).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

тэлегра́ф

(ад гр. tele = далёка + grapho = пішу)

1) сістэма сувязі, якая забяспечвае хуткую перадачу паведамленняў на адлегласць пры дапамозе электрычных сігналаў па правадах;

2) установа, дзе прымаюцца і адпраўляюцца такія паведамленні.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)