ДАСКАНА́ЛЫ ЛІК,

цэлы дадатны лік, роўны суме сваіх правільных (меншых за гэты лік) дзельнікаў. Напр., 6 =1+2+3; 28 = 1+2+4+7+14. Цотныя Д.л. вылічваюцца па формуле 2​p−1∙(2​p−1) (Эўклід; 3 ст. да н.э.) пры ўмове, што лікі р і (2​p-1) простыя; ніводнага няцотнага Д.л. не знойдзена.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЕВЫ ШКІЛЕ́Т,

аддзел унутр. шкілета пазваночных. Прадстаўлены хордай, пазванкамі і рэбрамі. У кругларотых (міногі, міксіны) і некат. рыб хорда захоўваецца пажыццёва, у большасці пазваночных яна ў працэсе антагенезу выціскаецца целамі пазванкоў. У рыб восевы шкілет прадстаўлены храстковым або касцявым пазваночнікам, што раздзелены на тулаўны і хваставы аддзелы; у наземных пазваночных ён мае шыйны, грудны, паяснічны, крыжавы, рухомы хвастцовы аддзелы.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАРНЫ́Я КАНСТРУ́КЦЫІ,

металічныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, элементы якіх злучаны зваркай. У параўнанні з кляпанымі канструкцыямі маюць паніжаны расход металу, меншы кошт вырабу, большую герметычнасць швоў (што асабліва важна для трубаправодаў, рэзервуараў і г.д.). Недахопы: наяўнасць унутраных напружанняў і дэфармацый, карабачанне тонкіх элементаў. З.к. робяць пераважна дугавой зваркай, элементы значнай таўшчыні (30—50 мм і больш) — электрашлакавай зваркай.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́КТАРНЫ ЗДАБЫ́ТАК вектараў a і b, вектар c, модуль якога роўны плошчы паралелаграма, пабудаванага на вектарах a і b, перпендыкулярны плоскасці гэтага паралелаграма і накіраваны так, што вектары a, b і c утвараюць правую тройку. Абазначаецца c = [a b] або c = a × b. Уведзены У.Гамільтанам (1853). Выкарыстоўваецца ў геаметрыі, механіцы і фізіцы. Гл. таксама Вектарнае злічэнне.

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРВ,

сельская абшчынная арг-цыя ў Стараж. Русі і паўд славян у сярэднія вякі. Тэрмін паходзіць ад вяроўкі, якою адмервалі ўчастак зямлі, што належаў членам верві. Упамінаецца ў зборы законаў «Руская праўда» і ў Поліцкім статуце (заканад. помнік Поліцы — гіст. вобласці на далмацінскім узбярэжжы ў Харватыі; дзейнічаў у пач. 15 — пач. 19 ст.). Гл. таксама Абшчына.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́МСБЕРГ

(ням. Bremsberg),

1) падземная нахіленая горная выпрацоўка, якая не мае выхаду на паверхню і прызначана для спуску грузаў з гарызонту, які ляжыць вышэй, на той, што ляжыць ніжэй, пры дапамозе мех. прыстасаванняў (найчасцей канвеерных установак).

2) Прыстасаванне (пераважна шкіў з канатам і 2 ваганеткамі) для спуску грузаў па нахіленай плоскасці пры лясных, буд. і інш. работах.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́СТЭР

(англ. booster),

дапаможнае прыстасаванне для павелічэння сілы і скорасці дзеяння асноўнага механізма або машыны ў моманты асабліва вял. нагрузак. Напр., гідраўлічнае, эл. або пнеўматычнае прыстасаванне ў сістэме кіравання рулямі скорасных самалётаў; стартавы паскаральнік, першая ступень многаступеньчатай ракеты; прамежкавы паскаральнік зараджаных часціц; дадатковая крыніца эл. току (у т. л. трансфарматар), што ўключаецца для стабілізацыі эл. напружання ў сетках.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ВІС

(ад лац. gravis цяжкі),

1) тон складоў у стараж.-грэч. мове, які характарызуецца адсутнасцю павышэння голасу. Супрацьпастаўляецца акуту.

2) Від націску ў швед. мове, пры якім склад, што ідзе за складам з асноўным націскам, мае слабы пабочны націск; рух тону пры гэтым характарызуецца як сыходна-ўзыходны.

3) Дыякрытычны знак (`), які абазначае ў франц. мове ступень адкрытасці галосных: pére.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКА НЕАБХО́ДНАЯ ПРА́ЦА,

1) праца, якая затрачваецца на выраб тавару пры грамадска нармальных умовах вытв-сці, г.зн. пры сярэднім узроўні тэхнікі, сярэдняй інтэнсіўнасці працы і кваліфікацыі работнікаў. Затраты грамадска неабходнай працы складаюць змест грамадскай вартасці адзінкі тавару і характарызуюць яе велічыню.

2) Праца, што размяркоўваецца па галінах вытв-сці ў адпаведнасці са структурай і велічынёй грамадскіх патрэбнасцей.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОМ,

гукавая з’ява ў атмасферы, якая суправаджае разрад маланкі. Выклікаецца ваганнямі паветра ў выніку хуткага награвання і расшырэння ўздоўж маланкі (узрыўная хваля). Звычайна чутны на адлегласці не больш як 15—20 км. Раскаты грому тлумачацца тым, што маланка мае вял. даўжыню і гук ад розных яе ўчасткаў даходзіць да назіральніка неадначасова, а таксама адбіццём гуку ад воблакаў.

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)