БО́ЛІНА,

былы маёнтак у Віцебскай вобл. Існаваў у 15 — пач. 20 ст. на беразе р. Больнік паміж в. Кастрыца Лепельскага і Дзярэўня Чашніцкага р-наў на Пд ад аўтадарогі Лепель—Орша. Вядомы з пач. 1440-х г. як сяло Лукомскага княства. Належаў Лукомскім, П’яноўскім, Жабам і інш. Апошняй уладальніцай Боліна ў пач. 20 ст. была К.​Дзевалтоўская-Гінтаўт. Пасля 1917 маёнтак спыніў існаванне. Рэшткі Боліна знішчаны ў 1970-я г. ў час меліярацыйных работ.

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДО́МСКАЯ КАЛО́НА,

манумент на Вандомскай плошчы Парыжа. Пастаўлена ў 1806—10 (арх. Ж.​Гандуэн і Ж.​Б.​Лепер) у гонар перамог Напалеона I. Вышыня 43,5 м. Выканана з бронзы непрыяцельскіх гармат і ўвенчана статуяй імператара па праекце А.​Д.​Шадэ. У 1814 статуя заменена выявай лілеі, у 1833 адноўлена. У 1863 заменена новай статуяй Напалеона ў адзенні рым. цэзара. Паводле дэкрэта Парыжскай Камуны ў 1871 разбурана як сімвал мілітарызму і захопніцкіх войнаў. Адноўлена ў 1875.

т. 3, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧА,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і банцараўскай культуры, селішча банцараўскай культуры каля в. Гарадзішча Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Гарадзішча неаднаразова ўмацоўвалася валамі з абарончай сцяной, ровам; у 5—6 ст. выкарыстоўвалася як сховішча для навакольнага насельніцтва. На селішчы выяўлены рэшткі 42 слупавых і зрубных жытлаў, 17 гасп. ям. Сярод знаходак гліняныя штрыхаваныя гаршкі і фрагменты гладкасценнага посуду, жал. і каменныя прылады працы, упрыгожанні з бронзы, абломкі сярэбраных шыйных грыўняў, льячка, тыглі.

т. 5, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДНА́Я,

радовішча тугаплаўкіх глін каля в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Паклад азёрных глін палеаген-неагенавага ўзросту. Гліны шэрыя і чорныя, дысперсныя, высокапластычныя, тугаплаўкія. Разведаныя запасы больш за 9 млн. м³, перспектыўныя 2,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,6 м, ускрышы 0,2—5,7 м. Гліны прыдатныя на выраб сценавых і абліцовачных блокаў, каналізацыйных труб, цэглы, як фармовачны матэрыял. Распрацоўваецца з 1979. Сыравінная база з-да абліцовачнай керамікі «Гарынь».

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАФЕ́З (сапр. Гаглойты Фёдар Захаравіч; 11.9.1913, Баку — 12.8.1983),

асецінскі пісьменнік. Скончыў пед. ін-т (Цхінвалі, 1950). Першы зб. вершаў «Акорды фандыра» (1940). У творах услаўляў жыццё, духоўную прыгажосць асецінскага народа (зб-кі вершаў «Мір», 1952; «Родны ачаг», 1959; «Жыццялюб», 1974; кн. апавяданняў «Лямпачка Дзаджэ», 1961; раман «Добры дзень, людзі!», 1966, і інш.). Вядомы як перакладчык і літ. крытык. На асецінскую мову пераклаў асобныя творы Я.​Купалы. Літ. прэмія імя Косты Хетагурава 1981.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАЗДЗІКО́ВАЕ ДРЭ́ВА (Syzygium aromaticum),

вечназялёнае дрэва сям. міртавых. Пашырана на Малукскіх а-вах, культывуецца ў многіх трапічных краінах. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэі Цэнтр. бат. сада АН.

Дрэва сярэдняй выш., са скурыстым супраціўным лісцем. Кветкі дробныя, белыя або ружовыя, сабраныя ў кустападобныя суквецці. Плод ягадападобны, аднанасенны. Усе часткі расліны маюць у сабе гваздзіковы алей, які выкарыстоўваюць у парфумерыі, медыцыне, мікраскапічнай тэхніцы, таксама з’яўляецца крыніцай для атрымання ваніліну. Высушаныя бутоны гваздзіковага дрэва (гваздзіка) выкарыстоўваюць як прыправу.

т. 5, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСУЛЬФА́ТЫ, бісульфаты, гідрагенсульфаты,

кіслыя солі сернай кіслаты. У цвёрдым стане вылучаны гідрасульфаты шчолачных металаў (напр., гідрасульфат калію KHSO4, бясколерныя крышталі, tпл 220 °C, шчыльн. 2400 кг/м³).

Гідрасульфатыц шчолачна-зямельных і некаторых інш. металаў існуюць толькі ў водных растворах. Атрымліваюць узаемадзеяннем сернай к-ты з сульфатамі і хларыдамі адпаведных металаў. Выкарыстоўваюць гідрасульфаты калію і натрыю як кампанент флюсу ў металургіі, рэагент для пераводу (сплаўленнем) нерастваральных аксідаў (напр., аксіды алюмінію, жалеза і інш.) у растваральныя сульфаты.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУТА́РАВАЯ КІСЛАТА́, прапан-1, 3-дыкарбонавая кіслата,

HOOC—(CH2)3—COOH, крышталічная двухасноўная к-та. Т-ра плаўлення 97,5 °C, добра растваральная ў вадзе, спірце, бензоле. Па хім. уласцівасцях аналагічная інш. двухасноўным к-там. Утвараецца пры біял. распадзе лізіну ў печані жывёл і чалавека, ёсць у соку рэпы, буракоў, прамыўных водах сырой авечай шэрсці. Вытворнае глутаравай кіслаты — α-амінаглутаравая к-та (глутамінавая к-та) адыгрывае значную ролю ў азоцістым абмене, ужываецца як лекавы сродак.

т. 5, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЬМІЙ (лац. Holmium),

Ho, хімічны элемент III групы перыяд, сістэмы, ат. н. 67, ат. м. 164,9304, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп ​165Ho. Адкрыты швед. хімікам П.​Клеве ў 1897.

Метал светла-шэрага колеру, tпл 1470 °C, шчыльн. 8799 кг/м³. Лёгка паддаецца мех. апрацоўцы. У паветры акісляецца, узаемадзейнічае з вадой і мінер. к-тамі (акрамя фторыставадароднай), пры награванні — з вадародам, азотам, галагенамі. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў, спец. шкла, актыватар люмінафораў.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ АДКРЫ́ТАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «СПАРТА́К».

Засн. ў 1924 як кандытарскае прадпрыемства «Прасвет» па выпуску карамелі, цукерак, ірысу, мармеладу, з 1925 і халвы. У 1930—31 на яго аснове пабудаваны кандытарскі камбінат «Спартак». У Вял. Айч. вайну разбураны. У крас. 1944 аднавіў дзейнасць. У 1970—72 рэканструяваны. З 1993 сучасная назва. Асн. цэхі: карамельны, цукерачна-шакаладны, вафельны, бісквітны, патачны. У 1996 выпушчана 17 313 т кандытарскіх вырабаў. Супрацоўнічае з фірмамі Ізраіля, Ірландыі, Эстоніі, Украіны.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)