галы́ш, ‑а, м.
Разм.
1. Голы чалавек, голае дзіця.
2. Бедны чалавек. Хто Якім? Галыш, без роду, сын убогага, батрак! Колас.
3. Круглы гладкі камень. На галышах, ля стромкай кручы Расце самшыт з каравым суччам. Грахоўскі. Анечка ішла, увесь час баязліва паглядаючы на ваду, чаплялася жоўтымі сандалікамі за вапенныя галышы. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ганары́сты, ‑ая, ‑ае.
Які пагардліва ставіцца да людзей, лічыць сябе лепшым за іншых; фанабэрысты, самаўпэўнены. Ехалі ўладары багаццяў, біржавікі-спекулянты, іх слугі — гвардзейцы і ўрадавыя чыноўнікі, іх каханкі — ганарыстыя выпеставаныя арыстакраткі. Самуйлёнак. Рыгорка — хлопчык здольны і вельмі ганарысты. Колас. // Які выражае пагарду. Ганарыстая, з’едлівая ўсмешачка перасмыкнула яе [Чэсі] румяныя вусны. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.
Смеласць, рашучасць, бясстрашнасць. Хваліць за адвагу. Набрацца адвагі. Не хапае адвагі. □ Для Алёнкі была вялікая спакуса прачытаць той верш, але адвагі нехватала. Колас. І гэтай песні нельга сутрымаць, Мы з ёю стрэнем наш вясёлы май: Адвагу сіл у росквіце гадоў, Усмешку нашых новых пабудоў. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адпрэ́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
Разм. Адхіліць, не даць чым‑н. займацца, прымусіць пакінуць месца, пасаду. [Сымон:] Я думаю! Гэта ж не жартачкі! — ад усяго адпрэчылі, і рук няма за што зацяць. Купала. І чаму.. [Васіль] не абсек тады Клыбіка, не адпрэчыў: знайшоў калі гаварыць пра школьныя справы, пагаварыў бы днём! М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ахо́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Управіцца, справіцца, пакончыць з кім‑, чым‑н., завяршыць якую‑н. работу. — Цяжкавата такую прастору касой аходаць, — гаварыў Антось Жыгалка. Дуброўскі. Як толькі Андрэйка ўзняўся на ногі гэтак, што без старэйшага брата мог аходаць зямлю, Броня пайшоў у старую кузню вучыцца за каваля. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ахо́ўнік, ‑а, м.
1. Асоба, якая ахоўвае. сцеражэ каго‑, што‑н.; вартаўнік. Колышаў першы прабег кантрольную будку, за якой наткнуўся на аднаго спалоханага ахоўніка. Мележ.
2. Той, хто беражэ, шануе каго‑, што‑н. Жанчыны з бурным мінулым — гэта Максім Сцяпанавіч заўважаў не адзін раз — найлепшыя і самыя строгія ахоўнікі сям’і. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ву́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Усклікнуць «вух», выказваючы здзіўленне, захапленне. // Адазвацца падобным гукам (пра некаторых птушак). Сава і вухнула, сабраўшы дух: «Ку-га, ку-га, вух-вух!» Дубоўка.
2. Тое, што і бухнуць 1 (у 1 знач.). За Дзвіною глуха вухнуў гром. Савіцкі. Аднекуль з дарогі вухнуў лёгкі мінамёт. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ае́р, ‑у, м.
Шматгадовая травяністая расліна сямейства ароідных з доўгімі мечападобнымі лісцямі і тоўстым паўзучым карэнішчам, з своеасаблівым вострым пахам. Хлеб чорны, хлеб жытні, — Мацунак здаровы, Ты пахнеш аерам І лістам кляновым. Броўка. І тут жа травы розныя: валяр’ян, цыкута, святаяннік, а за імі, зусім у вадзе — трысцё, аер, кіёўкі. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
амфітэа́тр, ‑а, м.
1. У Старажытнай Грэцыі і Рыме — адкрытае збудаванне для масавых відовішчаў, у якім рады для гледачоў спускаліся ўніз уступамі і ішлі паўкругам альбо кругам.
2. У сучасным тэатры — рады крэслаў, а таксама частка залы за партэрам.
3. у знач. прысл. амфітэа́трам. Паўкругам, які ідзе ўверх. Раскінуцца амфітэатрам.
[Грэч. amphithéatron.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
анто́наўка, ‑і, ДМ ‑наўцы; Р мн. ‑навак; ж.
1. Пашыраны сорт зімовай яблыні, на якой растуць буйныя, жоўтыя, віннакіслыя яблыкі. Пад цяжарам пахучых залатых яблыкаў згіналі да зямлі галіны антонаўкі. Васілевіч.
2. Плод гэтай яблыні. За хатамі спеюць улетку антонаўкі. Чорны. Паліліся антонаўкі сокам густым, Абцяжарылі нізкія яблыні. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)