гісторыка-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах; помнікі пісьменнасці ўсх. славян 11—18 ст. Пагадовая форма выкладу гісторыі вядома з часоў антычнасці. У форме Л. складалі свае творы першыя гісторыкі Стараж. Рыма. У сярэднія вякі асн. відамі гіст. запісаў у летапіснай форме былі ў Зах. Еўропе аналы і хронікі. У працэсе станаўлення Л. (хронікі) прайшлі шлях ад лаканічных храналагічных запісаў да разгорнутага каменціраванага апісання гісторыі. Сярэдневяковыя летапісцы апісвалі пераважна вонкавы бок падзей і асвятлялі мінулае з пункту гледжання свецка-рыцарскіх або хрысц.-аскетычных ідэалаў, прама ці ўскосна зыходзячы з царк.-рэліг. канцэпцыі свету. У Зах. Еўропе традыц. летапісанне (хранаграфія) заняпала ў эпоху Адраджэння са з’яўленнем новай свецкай гістарыяграфіі, заснаванай на гуманіст. светапоглядзе і традыцыях ант.гіст. прозы. На Русі Л. пачалі складаць у 11 ст.; гэта было выклікана ідэйна-паліт. задачамі культ.-гіст. развіцця ўсх. славян, бурным ростам іх грамадскай і этн. свядомасці ў перыяд актыўнага гіст. самасцвярджэння. У пач. 12 ст. ў Кіеве створаны агульнарус. летапісны помнік «Аповесць мінулых гадоў». Гэты твор паслужыў стымулам і асновай для зараджэння летапісання ў інш. гарадах і землях ўсх. славян. У 12—14 ст. Л. мелі пераважна мясц. характар. Паўд.-рус. летапісанне гэтага часу прадстаўлена Кіеўскім летапісам і Галіцка-Валынскім летапісам, наўгародскае — Наўгародскім 1-м, уладзіміра-суздальскае — Лаўрэнцьеўскім летапісам і Радзівілаўскім летапісам. У 15 ст. ўзніклі летапісныя зборы Троіцкі летапіс (пач. 15 ст.), Бел.-літ. летапіс 1446, збор 1448 і інш. Найбуйнейшымі цэнтрамі летапісання былі Кіеў, Масква, Ноўгарад, Смаленск, магчыма, Полацк. У 17 — пач. 18 ст. інтэнсіўна развівалася ўкр. летапісанне (гл.Казацкія летапісы). Традыц. летапісанне ў Расіі, на Беларусі і Украіне заняпала ў 18 ст. разам з завяршэннем стараж. эпохі ў гісторыі літаратур усх.-слав. народаў. Складанне Л. было справай палітычнай; летапісцы выражалі інтарэсы і ідэйна-паліт. памкненні пэўнага сац. асяроддзя. Лепшыя стараж.-рус. Л. — цэласныя гіст.-літ. творы, якія вызначаюцца майстэрствам апавядання, шырынёй гіст. погляду, высокай ідэйнасцю і публіцыстычнасцю. Паводле жанравай структуры Л. — гэта зборы, якія аб’ядноўваюць кароткія дзелавыя запісы, дакументы (лісты, прывілеі, граматы), літ. творы, што надае ім выгляд гіст.-літ. кампіляцый. Гіст. падзеі і факты датаваліся ў Л. «ад стварэння свету», з 16 ст. ў бел. Л. датаванне вялося «ад нараджэння Хрыста» (розніца паміж дзвюма датамі складала 5508 гадоў). Навук. даследаванне і выданне Л. пачалося ў 18 ст. Вялікі ўклад у гэтую справу зрабілі А.А.Шахматаў, Дз.С.Ліхачоў, М.М.Улашчык, якія прапанавалі новыя падыходы і метады даследавання. Вядома каля 1,5 тыс. розных летапісных спісаў. Большасць з іх зберагаецца ў архівах і б-ках Масквы і Санкт-Пецярбурга. Самыя выдатныя Л. выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў. На Беларусі Л. вядомы з часоў Полацкага княства. Асаблівай папулярнасцю карысталіся «Аповесць мінулых гадоў» і Галіцка-Валынскі летапіс. Апошні паслужыў крыніцай і літ. ўзорам «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца. У 15—17 ст. на Беларусі чыталі, перапісвалі і выкарыстоўвалі пры складанні летапісных збораў і кампіляцый розныя стараж.рус. Л. У 2-й чвэрці 15 ст. маскоўскі Л. Фоція пакладзены ў аснову агульнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446; Аўрамкі летапіс у аснове меў наўгародскае паходжанне. У 16—17 ст. на бел. землях бытаваў ілюстраваны Радзівілаўскі летапіс, пратограф якога паходзіў з Маскоўскай Русі. Літ. традыцыі стараж.-рус. Л. адыгралі вял. ролю ў гісторыі бел. летапісання. Гл. таксама Летапісы беларуска-літоўскія, Летапісы беларускія, Летапісныя аповесці і апавяданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАЁНАК (Андрэй Ягоравіч) (12.11.1920, в. Борхаў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.11.1982),
бел.драматург.Нар. пісьменнік Беларусі (1977). Скончыў Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1949). У Вял.Айч. вайну цяжка паранены. У 1944—47 на камсамольскай і парт. рабоце. З 1949 у час. «Вожык», у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У 1966—77 гал. рэдактар час. «Нёман». Друкаваўся з 1946. Пісаў гумарэскі, фельетоны, нарысы. Першая п’еса — аднаактовая драма «Добра, калі добра канчаецца» (1946). Аднаактоўкі «Перад сустрэчай», «Жыццё патрабуе» (1950), «Аксеніна цялушка» і «Крымінальная справа» (1951), «Першае пытанне» (1952) вызначаліся актуальнасцю праблематыкі. Шматактовыя драмы «Ворагі», «Узыходы шчасця» (абедзве 1947), «Выйгрыш» (1948) пры жыцці аўтара не друкаваліся і не ставіліся. У 1952 на сцэне Бел.т-ра імя Я.Купалы пастаўлена яго паліт. драма «На досвітку» пра пасляваен. Францыю. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» (паст. тамсама ў 1954) бескампрамісна крытыкуюцца заганныя метады кіраўніцтва нар. гаспадаркай, паказуха, фармалізм, казённае адміністраванне. Камедыі «Каб людзі не журыліся» (паст. тамсама ў 1959) і «Лявоніха на арбіце» (паст. тамсама ў 1961; Літ. прэмія імя Я.Купалы 1962) прысвечаны жыццю пасляваен. вёскі. Сац.-паліт. накіраванасцю вызначаюцца наватарскія п’есы «Зацюканы апостал» (паст. тамсама ў 1971) і «Трыбунал» (паст.Бел. т-рам Я.Коласа, 1970), якія засведчылі значную эвалюцыю ў выяўл. манеры аўтара. Сатыр. камедыя-памфлет «Зацюканы апостал», насычаная прыёмамі сцэнічнай умоўнасці, часам з падкрэсленым ігнараваннем праўдападобнасці, вызначаецца своеасаблівасцю маст. тыпізацыі, гранічнай абагульненасцю персанажаў, не трацячы пры гэтым маст. канкрэтнасці. У трагікамедыі «Трыбунал», блізкай да традыцый нар. драмы, М. спалучыў нізкае з узвышаным, фарсавае з трагедыйным. Упершыню ў бел. драматургіі высокая героіка ўвасоблена ў камедыйным жанры. У пошуках новых жанравых і структурна-кампазіцыйных форм М. прыйшоў да камедыі-рэпартажу «Таблетку пад язык» (паст. т-рам імя Я.Купалы ў 1973; разам з «Трыбуналам» Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1974), да складанай у жанравых адносінах камедыі «Кашмар» (паст. тамсама пад назвай «Святая прастата» ў 1976), якая падкупляе клопатам пра ўсталяванне разумных сац,паліт. узаемаадносін, гуманіст. пафасам. У канцы 1970 — пач. 1980-х г. на сцэне з’явіліся трагікамедыя «Пагарэльцы» (нап. 1966, апубл. 1980, паст. тамсама ў 1981) і камедыя «Верачка» [аўтарскае вызначэнне: сентыментальны фельетон, паст. Брэсцкім і Магілёўскім («Не сумуй, Верачка») абл. т-рамі ў 1979], якія адкрылі новыя грані драматургічнага таленту М. У «Пагарэльцах», прысвечаных выкрыццю прыстасавальніцтва, апалітычнасці, шкурніцтва, аўтар адмовіўся ад традыц. сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора, даў толькі «пралог і эпілог адной трагікамічнай гісторыі».
Камедыя «Верачка» напісана ў больш звыклых, хоць і не кананічных жанравых формах; у эмацыянальным ладзе яе дамінуе мяккая, сцішаная танальнасць. Лірычныя моманты ёсць і ў п’есах «Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык», «Кашмар», але прысутнічаюць там пераважна ў аўтарскіх рэмарках-пралогах. Апошні закончаны твор М. — трагікамедыя «Дыхайце эканомна» (апубл. 1983) — п’еса-прытча, у якой аб’ектам аўтарскага асэнсавання стала найважнейшая агульначалавечая праблема захавання Зямлі ад тэрмаядзернай катастрофы. Аўтар кінааповесці «Твой хлеб» (1956), сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (1958), «Кандрат Крапіва» (1961), «Рагаты бастыён» (1975), тэлефільма «Пасля кірмашу» (1973). Імя М. прысвоена Гродзенскай цэнтр.гар. б-цы і Журавіцкай СШ Рагачоўскага р-на, у якой створаны музей М.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1987—90;
Выбр. тв Т. 1—2. Мн., 1980.
Літ.:
Вишневская И. Комедия на орбите. М., 1979;
Сохар Ю.М. На пульсе жыцця: Андрэй Макаёнак і бел.тэатр.Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. informatio тлумачэнне, выкладанне),
звесткі, якія перадаюцца людзьмі вусна, пісьмова або інш. спосабам, а таксама сам працэс перадачы ці атрымання такіх звестак; агульнанавук. паняцце, якое ўключае абмен звесткамі паміж людзьмі, чалавекам і аўтаматам, аўтаматам і аўтаматам, абмен сігналамі ў жывёльным і раслінным свеце, перадачу адзнак ад клеткі да клеткі, ад арганізма да арганізма (гл.Генетычная інфармацыя); адно з асн. паняццяў кібернетыкі. Навук. аналіз І., спосабаў і прыёмаў яе перадачы, пераўтварэння і захавання звязаны з узнікненнем інфармацыі тэорыі. Паводле гэтай тэорыі, І. — колькасная мера зняцця неакрэсленасці паведамленняў, якая вызначае магчымасць іх захавання, кадзіравання і перадачы. Прыхільнікі адлюстравання тэорыі лічаць, што І. мае ў сабе адлюстраваную разнастайнасць прадметаў і характэрна для ўсіх форм і відаў руху (арганізацыі) матэрыі, у т. л. нежывой прыроды. Прадстаўнікі кібернетычнай тэорыі І. (Н.Вінер, Б.М.Пятроў, А.М.Калмагораў) зыходзяць з таго, што І. — гэта тая частка адлюстравання і ведаў, якая захоўваецца ў «памяці» машын і жывых арганізмаў, перадаецца па «каналах сувязі» і перапрацоўваецца ў «сігналы» з мэтай арыентацыі і прыняцця адпаведных рашэнняў. Англ. нейрафізіёлаг У.Р.Эшбі і франц. фізік Л.Брыльюэн надалі паняццю І. агульнанавук. значэнне і разглядаюць яго як адмоўную энтрапію і сродак захавання якаснай спецыфікі, удасканалення і развіцця сістэмы. Інфарм.метады даследавання выкарыстоўваюцца ў лінгвістыцы, семантыцы, генетыцы, малекулярнай біялогіі, псіхалогіі, педагогіцы, мастацтвазнаўстве і інш.
Класіфікацыю І. ажыццяўляюць у залежнасці ад спосабаў і прыёмаў яе атрымання, пастаўленых мэт і задач. Адрозніваюць І. першасную (зыходную), вытворную (прамежкавую) і выніковую, а таксама статычную (пастаянную) і дынамічную (пераменную). Яна можа быць поўнай і выбарачнай, залішняй і недастатковай, карыснай і памылковай, паінфармавальнай і прызначанай для кіравання якімі-н. працэсамі. І., якую выкарыстоўваюць для вырашэння сацыяльна значных праблем і якая з’яўляецца прадметам абмену паміж членамі грамадства, іх групамі, паліт. і грамадскімі арг-цыямі і аб’яднаннямі, называюць сацыяльнай. Паводле грамадска-прафес. прызначэння яе падзяляюць на масавую (для ўсіх членаў грамадства) і спецыяльную (для спецыялістаў у галінах навукі, тэхнікі, вытв-сці). У масавай І. адрозніваюць: грамадска-палітычную — сукупнасць звестак пра актуальныя праблемы ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы, міжнар. жыцця; звычайную, асн. задача якой — арыентаванне і рэгламентацыя паводзін членаў грамадства ў сац. асяроддзі; эстэтычную, што ўздзейнічае на эмацыянальную сферу чалавека з дапамогай маст. вобразаў. У спецыяльнай І. вылучаюць: навукова-тэхнічную (па розных кірунках прыродазнаўчых і грамадскіх навук, галінах нар. гаспадаркі), эканамічную (сукупнасць звестак аб працэсах вытв-сці, абмене і выкарыстанні матэрыяльных даброт) і сацыялагічную (на аснове яе робяць вывады і прапановы для навукі і практыкі). Атрыманая з розных крыніц І. карысная і каштоўная тым, што яна хутка і з найменшымі выдаткамі прыводзіць да вырашэння канкрэтных сац. -эканам., паліт. і выхаваўчых задач. Асн. яе ўласцівасці: аператыўнасць, дакладнасць, аптымальнасць. пераканаўчасць, агульнадаступнасць, лагічнасць, навізна. выразнасць і інш.
На аснове інфарм. сістэм ажыццяўляецца працэс інфарматызацыі грамадства, што мае на мэце ўдасканаленне і павышэнне эфектыўнасці ўсіх сфер яго жыццядзейнасці, інтэлектуальных і творчых здольнасцей чалавека (гл.Інфармацыйнае грамадства). Інфарм. тэхналагізацыя сац. жыцця парадзіла новую канцэпцыю дэмакратыі — «камп’ютэрнай дэмакратыі», у якой І. ўвасабляе пэўны від улады. У грамадзянскай супольнасці, што найб. адпавядае ідэалу такой дэмакратыі, фарміраванне і выяўленне грамадскай думкі праз сродкі масавай І. з’яўляецца адной з умоў дасягнення і ўтрымання рэальнай улады, рэалізацыі права грамадзян на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе ўсім грамадзянам права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай І. аб дзейнасці дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцці, стане навакольнага асяроддзя, а таксама на азнаямленне з афіц. матэрыяламі, якія закранаюць іх правы і законныя інтарэсы; карыстанне І. можа быць абмежавана заканадаўствам з мэтай абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў. Гл. таксама Інфарматыка, Інфармацыйная тэхналогія, Інфармацыйны пошук.
Літ.:
Глушков В.М. Основы безбумажной информатики. 2 изд. М., 1987;
Ракитов А.И. Информационная революция: наука, экономика, технология М., 1993;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ МЕХА́НІКА, хвалевая механіка,
тэорыя, якая ўстанаўлівае спосаб апісання і законы руху мікрачасціц (электронаў у атаме, атамаў у малекуле, нуклонаў у ядрах і інш.). Дае магчымасць апісаць структуру атамаў і зразумець іх спектры, устанавіць прыроду хім. сувязі, растлумачыць перыяд. сістэму элементаў і г.д. З’яўляецца тэарэт. асновай атамнай і ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела.
Мікрааб’ектам уласціва своеасаблівая дваістасць: у залежнасці ад умоў яны могуць паводзіць сябе як часціцы ці як хвалі (гл.Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Таму тэарэт. апісанне мікраскапічных з’яў патрабуе аб’яднання ўзаемна несумяшчальных фіз. характарыстык, чаго нельга ажыццявіць у межах класічнай фізікі ўнутрана несупярэчлівым спосабам (гл.Дапаўняльнасці прынцып). Пры гэтым немагчыма адначасовае выкарыстанне некаторых фіз. велічынь, напр., каардынат і імпульсу часціцы. Для мікрачасціцы не мае сэнсу, напр., такое паняцце, як рух уздоўж траекторыі; усе тэарэт. сцвярджэнні адносна выніку пэўных узаемадзеянняў маюць імавернасны характар.
К.м. ўзнікла як развіццё ўяўленняў М.Планка (1900) адносна квантавання дзеяння, А.Эйнштэйна (1905, 1916) пра карпускулярныя ўласцівасці святла (гл.Планка закон выпрамянення), напаўкласічнай мадэлі атама Н.Бора (1913, гл.Бора тэорыя), ідэі Л. дэ Бройля адносна хвалевых уласцівасцей мікрачасціц (гл.Хвалі дэ Бройля). Фундаментальнае развіццё К.м. атрымала ў працах В.Гайзенберга (1925), Э.Шродынгера і П.Дзірака (1926). Паводле К.м. ўсю інфармацыю пра фіз. стан мікрасістэмы змяшчае хвалевая функцыя. Яна вызначае размеркаванне імавернасці для розных фіз. велічынь, якія характарызуюць сістэму (становішча ў прасторы, імпульс, энергія і г.д.; М.Борн, 1926). Кожнай класічнай фіз. велічыні ў К.м. адпавядае пэўны аператар, уласныя значэнні якога супадаюць з назіральнымі значэннямі фіз. велічыні (гл.Аператары). Магчымыя станы сістэмы апісваюцца адпаведнымі ўласнымі функцыямі. У залежнасці ад таго, дыскрэтную ці неперарыўную паслядоўнасць утвараюць уласныя значэнні аператара, адпаведная фіз. велічыня з’яўляецца квантаванай ці неквантаванай (гл.Квантаванне). Калі аператары 2 фіз. велічынь (L і M) не камутуюць, г. зн. што вынік дзеяння аператараў L і M на хвалевую функцыю Ψ залежыць ад парадку іх дзеяння
, то рэалізацыя такіх станаў мікрасістэмы, у якіх адпаведныя фіз. велічыні адначасова мелі б пэўнае значэнне, немагчыма; найперш гэта датычыць аператараў каардынат і імпульсу (гл.Неазначальнасцей суадносіны). Камутатыўнасць аператараў пэўных фіз. велічынь з аператарам энергіі азначае, што гэтыя фіз. велічыні з цягам часу не мяняюцца, г. зн. з’яўляюцца інтэграламі руху. Асн. інтэграл руху ў К.м. — энергія. Для дакладнага вызначэння стану мікрасістэмы неабходна ведаць энергію і інш. ўзаемна камутатыўныя інтэгралы руху, якімі, напр., для часціцы ў полі цэнтральных сіл з’яўляюцца квадрат моманту імпульсу і адна з яго праекцый. Калі інтэгралы руху маюць дыскрэтны спектр, стан сістэмы вызначаецца з дапамогай квантавых лікаў.
Прадказанні К.м. пераходзяць у адпаведныя вынікі класічнай механікі, калі для фіз. сістэмы велічыні размернасці дзеяння становяцца значна большымі, чым пастаянная Планка h (гл.Адпаведнасці прынцып). Абагульненне асн. ідэй К.м. на выпадак, калі энергія руху часціц параўнальная з энергіяй спакою (гл.Адноснасці тэорыя), дало магчымасць прадказаць існаванне антычасціц, стварыць тэорыю ўласнага моманту колькасці руху (гл.Спін) і інш. К.м. з’яўляецца мех. тэорыяй, таму не можа паслядоўна разглядаць працэсы паглынання святла і эл.-магн. выпрамянення. Яна дае набліжаныя метады разліку, дастатковыя для патрэб атамнай і часткова ядз. фізікі. Паслядоўную тэорыю ўзаемадзеяння фатонаў з электрычна зараджанымі часціцамі дае квантавая электрадынаміка. Ураўненні К.м. даюць магчымасць дакладна вылічыць магчымыя ўзроўні энергіі (гл.Шродынгера ўраўненне) мікрасістэмы, а таксама імавернасць пераходаў паміж імі. Гл. таксама Квантавая тэорыя поля, Абменнае ўзаемадзеянне.
На Беларусі работы па К.м. пачаты ў 1930-я г. ў БДУ (Ф.І.Фёдараў), у пасляваен. гады вядуцца пераважна ў БДУ і Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с англ.Вып. 8—9. М., 1966—67;
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВА́ННЕ,
спецыфічная функцыя арганізаваных сістэм прыроды, грамадства, вытв.-тэхн. сферы, якая забяспечвае іх жыццядзейнасць, мэтанакіраваную дынаміку развіцця, рэалізацыю канкрэтных праграм і практычных задач. У сац. сферы К. прадугледжвае свядомую дзейнасць грамадскіх інстытутаў і асобных індывідаў, накіраваную на рэгуляванне стыхійных і ўсвядомленых, аб’ектыўных і суб’ектыўных пачаткаў, мэтазгоднае ўладкаванне грамадскіх адносін. Адрозніваюць К. стыхійнае, што выступае як вынік уздзеяння на грамадства разрозненых сіл, масы выпадковых, адзінкавых актаў (напр., рынак), і свядомае, якое ажыццяўляецца грамадскімі інстытутамі і арг-цыямі. Праблемы сац. К. прыцягвалі да сябе ўвагу на ўсіх этапах развіцця чалавецтва, ім адводзілася вядучае месца ў сістэме поглядаў Канфуцыя, Арыстоцеля, Н.Макіявелі, Г.Гегеля, К.Маркса, У.І.Леніна і інш. Сучасныя зах. тэарэтыкі (Дж.Бёрнхем, Д.Бел, Дж.Голбрэйт і інш.) бачаць у К. сілу, здольную пазбавіць грамадства ад уласцівых яму сац. заган і павысіць яго жыццяздольнасць, выступаюць за пашырэнне сферы дзярж. планавання, кантролю, прагназавання.
К дзяржаўнае — адна з форм дзярж. дзейнасці, якая забяспечвае рэалізацыю дзярж. улады праз адпаведныя кіраўнічыя органы. У ім прымаюць удзел усе дзярж. органы, якія ажыццяўляюць унутр. і знешнія функцыі дзяржавы. Сістэма гэтых органаў, размеркаванне паміж імі кіраўніцкай кампетэнцыі, устанаўленне ступеняў падначальвання вызначаюцца канстытуцыяй, законамі і інш. прававымі актамі. У штодзённай дзейнасці гэтыя органы (у межах іх кампетэнцыі) забяспечваюць рэалізацыю законаў (выканаўчая дзейнасць), выконваюць уладныя дзеянні, неабходныя для падтрымання грамадскага парадку і дзярж. дысцыпліны (распарадчая дзейнасць). Існуюць дзярж. органы, асн. прызначэнне якіх — паўсядзённае ажыццяўленне К. дзяржаўнага ў агульнадзярж. маштабе або ў пэўным рэгіёне, у эканоміцы, асвеце, ахове здароўя, ахове ўнутр. і знешняй бяспекі і інш. сферах. Дзейнасць такіх выключна кіраўніцкіх органаў па сваім змесце адрозніваецца ад дзейнасці заканадаўчай, судовай, пракурорска-нагляднай і ў цэлым таксама можа разглядацца як К. дзяржаўнае.
Цэнтр. органам К. дзяржаўнага ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, які кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў К. дзяржаўнага і інш. органаў выканаўчай улады. Структура Урада, паводле Канстытуцыі, вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, які таксама прымае рашэнне аб адстаўцы Урада або яго членаў, утварае, ліквідуе і рэарганізуе Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і інш. органы К. дзяржаўнага, ажыццяўляе іх узаемадзеянне.
К. вытворчасцю — мэтанакіраванае ўздзеянне на калектывы людзей для арганізацыі і каардынацыі іх дзейнасці ў працэсе вытворчасці. Уключае прынцыпы, функцыі і метады, тэорыю кіраўніцкіх рашэнняў, арганізац. структуру, тэхн. сродкі і тэхналогію, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання. Навука аб К. вытв-сцю пачала нараджацца ў перыяд простай кааперацыі працы. Навук. асновы К. як важны элемент грамадскай матэрыяльнай вытв-сці, што вынікае з падзелу і кааперацыі працы, склаліся ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Іх распрацавалі прадстаўнікі т. зв. школы навук. менеджменту А.Фаёль, Г.Эмерсан, Ф.Тэйлар, Г.Форд і інш. Інтэнсіўнае павелічэнне аб’ёмаў прамысл. вытв-сці, машынізацыя працы, канкурэнцыя, унутр. і знешняя інтэграцыя ў межах пэўнай арг-цыі (фірма, завод, фабрыка), неабходнасць эканоміі часу і рэсурсаў прадвызначылі ўзнікненне сучаснага менеджменту з уласцівым яму адзінствам навукі, мастацтва, тэхнікі і тэхналогіі. Мэтанакіраваныя ўздзеянні, што ўплываюць на падбор і расстаноўку, навучанне і ацэнку дзейнасці, рух кадраў прадпрыемства, адносяць да К. працоўнымі рэсурсамі. Яно мае важнае значэнне для ўсіх калектываў (незалежна ад формы ўласнасці) — дзярж і прыватных, прамысл. і с.-г., камерцыйных і некамерцыйных, тых, што дзейнічаюць у сферы паслуг, займаюцца здабычай прадметаў працы або іх апрацоўкай.
Асн. элементам мэтанакіраванага ўздзеяння кіруючай сістэмы на аб’ект К., у якім сфармуляваны мэты дзеяння і праграма яе рэалізацыі, з’яўляецца кіраўніцкае рашэнне. Гэта творчыя і адначасова валявыя дзеянні суб’екта К., яны ажыццяўляюцца на падставе ведаў аб’ектыўных законаў функцыянавання кіруемай сістэмы і аналізу інфармацыі пра яе становішча. Кіраўнік (менеджэр) павінен выбраць найлепшы варыянт дзеянняў з мноства магчымых у дадзеных умовах гаспадарання, каб выканаць абавязкі, абумоўленыя яго пасадай. Рашэнні складаюць аснову працэсу К. (прадпрыемствам, вытв-сцю), прымаюцца на ўсіх узроўнях і групуюцца па розных прыкметах. Спецыфіка кіраўніцкіх рашэнняў у галіне эканомікі заключаецца ў тым, што яны павінны кіраваць дзейнасцю асобных выканаўцаў і прац. калектываў, занятых у вытв-сці і К., і тым самым вызначаць сучаснае і будучае развіццё аб’екта К. (прадпрыемства, цэха і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов АК. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЦЁ МАСТА́ЦКАЕ,
тэхніка стварэння маст. вырабаў шляхам заліўкі расплаўленага металу ў форму, а таксама маст. творы, выкананыя гэтым спосабам; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найб. пашыраны спосаб пераводу ў метал твораў скульптуры, а таксама вырабу метал. пасудзін, званоў і інш.
Л. м. зарадзілася ў эпоху асваення чалавекам спосабаў здабычы і апрацоўкі металу. З развіццём ліцейнай вытв-сці вылучылася ў асобную галіну. Маст. задачы вызначаюць спецыфічныя прыёмы фармоўкі мадэлі, метады ліцця, выбар металу або сплаву для пэўнага віду вырабу, дапрацоўку (часта аўтарскую) адлівак чаканкай, гравіраваннем, пацініроўкай. залачэннем і інш.Асн. тэхналогія Л. м. выпрацоўвалася пры выкарыстанні бронзы; з 4 ст. да н. э. выкарыстоўваюць волава (амулеты з копцкіх грабніц 4—7 ст.н.э.), з якога ў 16—18 ст. адлівалі плакеткі, медалі, пасудзіны і інш., што імітавалі больш каштоўнае серабро. З 15 ст. ў Германіі, пазней і ў інш. краінах Еўропы развівалася Л.м. з чыгуну (паркавая скульптура, надмагіллі, рашоткі, агароджы, садовая мэбля і інш.). Унікальныя помнікі рус. Л.м. 16—18 ст. — Цар-гармата (1586), Цар-звон (1733—35) у Маскве і інш. У 17—18 ст. адлівалася паркавая скульптура са свінцу (Версаль у Францыі, Петрадварэц у Расіі).
На тэр. Беларусі Л.м. вядома з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. З бронзы, пазней і з жалеза адлівалі ўпрыгожанні (спражкі, фібулы), наканечнікі коп’яў, стрэл. З 12 ст. пашырыўся спосаб ліцця ў каменныя ці гліняныя раздымныя формы. З медзі, бронзы, серабра, радзей з золата адлівалі ўпрыгожанні (бранзалеты, пярсцёнкі, спражкі, амулеты, падвескі ў выглядзе канькоў ці званочкаў), царк. начынне (свяцільні, крыжы і інш.), дэталі адзення, конскай збруі, зашчапкі для накладных кніжных пераплётаў; са свінцу выраблялі пячаткі і абразкі з гарэльефнымі сюжэтнымі выявамі. Літыя ювелірныя вырабы аздаблялі чаканкай, зярненнем, гравіраваннем, эмалямі. У 15 ст. пры Слуцкім Троіцкім манастыры працавалі майстры-алавяннікі. Высокага маст. ўзроўню Л. м. дасягнула ў 16—17 ст. з арганізацыяй у гарадах (Мінск, Магілёў, Нясвіж, Слуцк, Гродна) цэхаў рамеснікаў-металістаў, куды ўваходзілі і ліцейшчыкі — алавяннікі, людвісары (майстры па адліўцы гармат), канвісары (майстры па адліўцы званоў), ювеліры і інш. Акрамя вытв-сці ювелірных вырабаў, быт. рэчаў, царк. начыння пашырылася ліццё званоў у Полацку, Лагойску, Віцебску, Крычаве, Дзісне, Нясвіжы, Брэсце і інш. (гл.Дзісенскі звон, Крычаўскі звон, Моладаўскі звон). Алавяны посуд, свечачнікі адлівалі ў Магілёве, Ваўкавыску, Ружанах, Слуцку, Шклове, Друі, гарматы — у Магілёве, Брэсце, Мінску, Нясвіжы. Гарматы аздаблялі рэльефнымі паяскамі, гербамі, выявамі жывёл, анёлаў і інш., званы — расліннымі гірляндамі і арнаментальнымі надпісамі. У 18 ст. ўзніклі ліцейныя мануфактуры ў Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н, абодва Мінскай вобл.), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н, абодва Гродзенскай вобл.) і інш., дзе выраблялі посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Высокім маст. узроўнем вылучаліся рэчы культавага прызначэння (падсвечнікі, манстранцы і інш.). Буйным у 19 ст. быў Уладзімірскі чыгуналіцейны з-д у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). У Горках (Магілёўская вобл.) адлівалі крыжы, у Высокім (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.) — надмагільныя пліты, рашоткі і агароджы. З чыгуну адлівалі таксама вароты, распяцці, вадасцёкі, садовую мэблю, пячныя дзверцы, прасы і інш. Канструкцыйна-маст. элементы літых вырабаў — разнастайнае перапляценне раслінных парасткаў (рашоткі), гарэльефныя выявы жывёл, маскаронаў, ваен. атрыбутаў (хатняе начынне). Садовую мэблю і крыжы выконвалі ў выглядзе складана пераплеценых дубовых галінак, вінаграднай лазы. У вырабах 18—19 ст. прыкметны ўплыў маст. стыляў готыкі, барока, класіцызму. З 2-й пал. 19 ст. з развіццём металаапр. прам-сці Л. м. паступова заняпала. У наш час бел. мастакі ў гэтай тэхніцы ствараюць станковую скульптуру, мемар. медалі, ювелірныя вырабы, абклады да мініяцюрных сувенірных кніг і інш. Сярод майстроў С.Ларчанка, Ю.Любімаў і інш.
Літ.:
Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;
Зотов Б.Н. Художественное литье. 3 изд. М., 1982.
Я.М.Сахута, А.І.Сямёнаў.
Да арт.Ліццё мастацкае. Манстранц. 1727.Да арт.Ліццё мастацкае. А.Чохаў. Цар-гармата. 1586.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́ННЕ,
вышэйшая форма адлюстравання, аналізу і ўзнаўлення аб’ектыўнай рэчаіснасці ў мысленні; працэс атрымання і выпрацоўкі ведаў. Ахоплівае канкрэтныя сферы жыццядзейнасці людзей і ажыццяўляецца ў розных спалучэннях жывога і назапашанага вопыту, які перадаецца ад аднаго пакалення да другога. У гэтым плане адрозненне П. і ведаў ёсць адрозненне працэсу і выніку: у ходзе выкарыстання элементаў канкрэтных ведаў для вырашэння праблем жыцця яны пераўтвараюцца і перапрацоўваюцца чалавекам і зноў вяртаюцца ў працэс П. Аб’ектам П. з’яўляецца частка матэрыяльнага свету або духоўнай сферы (аб’ектыўная рэч, прырода, грамадства, свядомасць), а яго суб’ектам выступаюць асобныя індывіды, групы людзей, грамадства, усё чалавецтва. З развіццём грамадства павялічваецца «культурны багаж» суб’екта П., узбагачаюцца і мадыфікуюцца сродкі яго дзейнасці, адбываецца ўсё больш глыбокае пранікненне ў скрытыя сутнасці рэчаў і з’яў. Гэта аб’ектыўна спрыяе вырашэнню адной з гал. задач П. — дасягненне ісціны. На ролю ісціны могуць прэтэндаваць толькі тыя веды, якія прайшлі праверку практыкай. У П. вылучаюць 2 узроўні: пачуццёвы і рацыянальны. Пачуццёвае П. ажыццяўляецца ў 3 асн. формах: адчуванне, успрыманне і ўяўленне. У пачуццёвых вобразах фіксуецца пераважна знешні бок прадметаў і з’яў рэальнага свету, таму яны так або інакш падобны з ім, у чымсьці аналагічныя яму. Аднак гэта адноснае падабенства, бо пачуццёвае адлюстраванне свету індывідуальнае: кожны чалавек бачыць і ацэньвае рэч не так, як яе ўспрымае другі чалавек. Рацыянальнае П. мае больш абстрактны характар і дазваляе выявіць агульныя, істотныя сувязі з’яў і прадметаў. Яно ажыццяўляецца і функцыянуе з выкарыстаннем 3 асн. форм — паняцця, суджэння і розумазаключэння, якія з’яўляюцца неабходнымі і дастатковымі для ажыццяўлення складаных аперацый лагічнага мыслення і дазваляюць у П. рухацца ад з’явы да сутнасці, ад непасрэднага да апасродкаванага, ад адзінкавага да агульнага, ад выпадковага да заканамернага і ўсеагульнага. Узаемасувязь пачуццёвага і рацыянальнага П. заснавана на ўзаемадзеянні першай і другой сігнальных сістэм, адбываецца ў псіхіцы чалавека, якая ў гэтай якасці ўяўляе сабой духоўную творчасць (гл. таксама Інтуіцыя, Інтуіцыянізм, Бессвядомае).
Вылучаюць таксама асн. віды пазнавальнага працэсу: звычайнае, міфалагічнае, містычнае і навук. П.; часам да іх дадаюць містычны і экстрасэнсорны віды П.Звычайнае П. (жыцейскае, штодзённае) — першасная пач. форма пазнавальнай дзейнасці суб’екта, якая служыць яго прыстасаванню да рэальных умоў жыцця і выступае неабходнай перадумовай авалодвання ім інш. спецыялізаванымі відамі ведаў. Навуковае П. арыентавана на адкрыццё законаў і з’яў, невядомых практыцы да гэтага часу, недаступных звычайнаму П. Яно, у сваю чаргу, ажыццяўляецца на 2 узроўнях: эмпірычнае П., якое дае звесткі пра знешнія бакі і сувязі аб’екта, і тэарэтычнае П., якое раскрывае ўнутр., скрытыя ад назірання сувязі і законы. Асн. метадамі эмпірычнага П. выступаюць назіранне, эксперымент, аналіз, індукцыя, сінтэз і інш., тэарэтычнага П. — гіпатэтыка-дэдукцыйны метад, ідэалізацыя, мадэліраванне, пабудаванне навук.тэорыі.
Традыц. сродкі і метады П., заснаваныя на аб’ектна-суб’ектных адносінах, адрозніваюцца ад яго тлумачэння на аснове суб’ектыўна-суб’ектных адносін, дзе гал. пазнавальным сродкам лічаць эмацыянальна-пачуццёвыя і эмацыянальна-валявыя фактары любові і веры. Любоў, з гэтага пункту погляду, сцвярджае каштоўнасць таго, на каго накіравана гэта пачуццё, а найб. адэкватна яна раскрываецца ў веры, якая папярэднічае ведам і дазваляе чалавеку рухацца наперад у сферы П. невядомага. У сучаснай навуцы і філасофіі прызнаецца прынцыповая магчымасць П. рэчаіснасці, але ў розных навук. плынях і школах па-рознаму падыходзяць да вырашэння пытання характару і працэсу П., яго мэт, характэрных рыс, магчымасцей. Агульнае вучэнне аб пазнавальнай дзейнасці дае філас. тэорыя П. — гнасеалогія. Спецыфічныя праблемы і бакі працэсу П. даследуюцца гісторыяй навукі, навуказнаўствам, кагнетыўнай псіхалогіяй, сацыялогіяй навукі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ (ад псіха... + ...логія),
навука аб заканамернасцях развіцця і функцыянавання псіхікі як асаблівай формы жыццядзейнасці. Узаемадзеянне жывых істот з прадметным светам рэалізуецца пры дапамозе якасна адметных ад фізіял., але неаддзельных ад іх псіхічных працэсаў, актаў, станаў. П. вывучае сутнасць гэтых з’яў, дадзеных чалавеку ў форме непасрэдных перажыванняў і даступных пазнанню, дзякуючы здольнасці чалавека да саманазірання. Ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі П. раскрывае ролю псіхал. фактараў у развіцці грамадства, працэсах кіравання, вызначае шляхі рацыяналізацыі розных відаў дзейнасці, навучання, выхавання, камунікацыі. Сярод фундаментальных праблем П. псіхафізіялагічная (узаемадзеянне псіхікі і яе цялеснага субстрату), псіхасацыяльная (залежнасць псіхікі ад сац. працэсаў і яе актыўная роля ў іх рэалізацыі асобамі і групамі), псіхапраксічная (фарміраванне псіхікі ў працэсе рэальнай практычнай дзейнасці і залежнасць дзейнасці ад яе псіхічных рэгулятараў — вобразаў, аперацый, матываў, асобасных уласцівасцей і інш.), псіхагнастычная (суадносіны паміж пачуццёвымі ці разумовымі псіхічнымі вобразамі і рэальнасцю) і інш.Тэарэт. П. неаддзельная ад сац. і грамадскіх патрэбнасцей, звязаных з задачамі стымулявання дзейнасці асобы і калектыву, адбору кадраў і інш. У ходзе распрацоўкі асн. праблем П. сфарміраваўся катэгарыяльны апарат, у якім вылучаюцца катэгорыі вобраза, матыву, дзеяння, асобы і інш.Асн.метады ў П. — назіранне і эксперымент, дапаможныя — метад экспертных ацэнак, апытанне, саманазіранне, тэставанне і інш. П. дзейнічае на скрыжаванні шматлікіх навук і служыць фундаментам для псіхал. галін: інжынерная псіхалогія, педагагічная псіхалогія, псіхалогія кіравання, псіхалогія працы, псіхалогія сацыяльная, псіхалогія творчасці, авіяцыйная, ваенная, гістарычная, дыферэнцыянальная, зоапсіхалогія, мед., нейрапсіхалогія, эканам., этнічная, юрыд. П. і інш. Асобнае месца ў П. займаюць даследаванні па аўтаматызацыі і кібернетызацыі працы, перадачы некат. функцый галаўнога мозга чалавека электронным устройствам (гл.«Штучны інтэлект») і ўкараненні найноўшых тэхналогій у псіхал. практыцы.
Узнікла ў Стараж. Грэцыі як навука пра душу (Дэмакрыт, Платон, Арыстоцель). Доўгі час уваходзіла ў філасофію, ад яе пачала адасабляцца ў 18 ст. Як самаст. навука аформілася ў 19 ст. Пачынальнік рацыяналіст. П. — Р.Дэкарт. Яго тэорыя псіхафіз. ўзаемадзеяння стала філас. асновай ідэаліст. П. (гл.Псіхафізічная праблема). Уведзенае ім паняцце рэфлексу паўплывала на тэорыю рэфлекторнай прыроды псіхічнай дзейнасці І.М.Сечанава і даследаванняў вышэйшай нерв. дзейнасці І.П.Паўлава. У 1879 ням. псіхолаг В.Вунт стварыў псіхал. лабараторыю, што дало пачатак развіццю эксперыментальнай П. У 18—19 ст. была спроба растлумачыць псіхічную дзейнасць з пазіцый механістычнага матэрыялізму: псіхічныя з’явы зводзілі да фіз.-хім. працэсаў (П.Гольбах, К.Гельвецый, Д.Дзідро) або атаясамлівалі іх з фізіял. працэсамі (Л.Бюхнер, К.Фогт, Я.Молешот). У 20 ст.сав. П. распрацоўвала тэорыю грамадска-гіст. развіцця псіхічнай дзейнасці чалавека (Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, А.М.Лявонцьеў). У зах. П. 20 ст. вызначыліся 3 асн. кірункі: біхевіярызм, гештальт-псіхалогія і псіхааналіз.
На Беларусі П. развівалася ў рэчышчы філасофіі, потым як частка сав. П. Значную ролю ў яе развіцці адыграў Выгоцкі, які ў 1923 стварыў псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. П. пры Гомельскім пед. вучылішчы. У 1923 у БДУ прапанавана навуч. праграма па П. (У.М.Іваноўскі). У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе даследаваліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. кансультацыі. У 1947 у БДУ створана аддзяленне логікі, П. і рускай мовы, у 1950 — кафедра П. ў Мінскім пед. ін-це. У БДУ, Бел.пед. ун-це і інш. даследуюцца праблемы псіхічнага развіцця дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, міжасобасных адносін у групах і калектывах, П. пед. дзейнасці, навучання замежным мовам і інш. (Б.А.Бенядзіктаў, А.П.Ерась, В.М.Кавалгін, Ф.І.Івашчанка, Я.Л.Каламінскі).
Літ.:
Леонтьев А.Н. Философия психологии: Из науч. наследия. М., 1994;
Годфруа Жо. Что такое психология: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1996;
Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ.Мн., 1997;
Платонов К.К. Занимательная психология. 4 изд. СПб. и др., 1997;
Рубинштейн СЛ. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСТАЎРА́ЦЫЯ (ад позналац. restauratio аднаўленне),
1) у шырокім сэнсе — аднаўленне чаго-н. у першапачатковым (ці блізкім да першапачатковага) выглядзе.
2) Р. ў архітэктуры і мастацтве — умацаванне і аднаўленне разбураных, пашкоджаных або скажоных помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, археал. знаходак і інш.); састаўная ч.аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Праводзіцца з мэтай выяўлення і аднаўлення іх гіст. і маст. каштоўнасці, падаўжэння іх веку і ўключэння ў сучаснае жыццё на аснове дэталёвага дакумент. даследавання помніка (апісанні, фотафіксацыя, абмерныя чарцяжы, археал., гіст., інж.-тэхн.) і навукова абгрунтаванага праектнага рашэння з фіксацыяй усіх змен.
У працэсе Р. могуць уводзіцца новыя элементы, неабходныя па эстэт. і канстр. меркаваннях, ужываюцца новыя матэрыялы, тэхніка і тэхналогіі, якія не парушаюць цэласнасці помніка і яго гіст.рыс.Метады і спосабы Р. вызначаюцца характарам далейшага існавання помніка: кансервацыя, аднаўленне (адбудова), прыстасаванне, рэканструкцыя, уласна Р., перанясенне (з поўнай разборкай помніка або без яе), рэгенерацыя (комплекс горадабуд. і рэстаўрацыйных ’работ па захаванні гіст. забудовы і ансамбляў). Мэта Р. твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва — умацаванне і раскрыццё ад скажаючых напластаванняў. Р. папярэднічае вывучэнне прычын і відаў разбурэнняў аб’ектаў (спектральны, храматаграфічны, мікракрышт. і інш. аналізы, рэнтгенаграфаванне, макра- і мікрафатаграфаванне і г.д.). У працэсе Р. праводзіцца структурнае ўмацаванне твораў з выкарыстаннем роднасных ці спец.сінт. матэрыялаў, выпраўляюцца іх дэфармаваныя часткі, аднаўляюцца ці выдаляюцца хім. зменлівыя элементы, часткова ці поўнасцю выдаляюцца пазнейшыя дапаўненні. Розніца мясц. умоў, традыцый, мэт і ўзроўню Р. вызначае разнастайнасць яе тэарэт. канцэпцый у розных рэгіёнах. Першыя прыклады Р. помнікаў архітэктуры мелі выпадковы характар. У 19 ст. склаўся навук. падыход да Р. (арка Ціта ў Рыме, 1 ст.н.э., рэстаўрыравана ў 1821; Дзмітрыеўскі сабор 12 ст. ў г. Уладзімір, Расія, рэстаўрыраваны ў 1834-43).
На Беларусі першыя навук. Р. гіст. помнікаў арганізаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. членамі камісіі Рус.археал.т-ва У.В.Суславым (Камянецкая вежа 13 ст.) і П.П.Пакрышкіным (Сафійскі сабор 11 ст. ў г. Полацк). У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі праведзена Р. помнікаў архітэктуры: Стары замак 14—16 ст. ў Гродне, палац 18 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на, кальвінскі збор 16 ст. ў г. Смаргонь, касцёл 16 ст. ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на. Значныя рэстаўрацыйныя работы праведзены пасля разбурэнняў у Вял.Айч. вайну. Спецыфічнасць помнікаў архітэктуры і мастацтва Беларусі (шматразовыя разбурэнні, перабудовы і наслаенні розных эпох і стыляў, асаблівасці ўздзеяння на помнікі кліматычных умоў, недаўгавечнасць іх асн. матэрыялаў) ускладняе іх Р. З 1968 Р. помнікаў вялі Спец.навук.-рэстаўрацыйныя вытв. майстэрні, з 1985 — вытв. аб’яднанне «Белрэстаўрацыя». У 1991 утворана Гал. ўпраўленне па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры СМ Беларусі, у 1996 яно рэарганізавана ў Камітэт па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў пры Мін-ве культуры Беларусі. Сярод найб. значных навук. Р. помнікаў: архітэктуры — Спаса-Праабражэнская царква 16 — пач. 17 ст. ў г. Заслаўе, касцёл 19 ст. ў в. Раўбічы Мінскага р-на; Слуцкая брама 17—18 ст. ў г. Нясвіж, манастыр базыльянак 18 ст. і рэшткі Прачысценскай царквы 12 ст. ў Гродне, Сафійскі сабор у г. Полацк (рэшткі храма 11 ст., дэкор 18 ст. і інш), будынкі філіялаў Літ. музея Я.Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на і Літ. музея Я.Коласа ў в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на; гісторыі — дом-музей Э.Ажэшкі 19 ст. ў Гродне; манум. жывапісу — размалёўка абл. б-кі імя Я.Ф.Карскага і сграфіта на фасадах касцёла брыгітак 17 ст. ў Гродне, размалёўка Успенскага касцёла ў г. Мсціслаў. Рэстаўрыруюцца старадаўні жывапіс і скульптура, керамічныя і ювелірныя вырабы, мэбля, муз. інструменты, старадрукі і інш. (захоўваюцца ў Нац.маст. музеі Беларусі, Нац. музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі і інш.).
3) Р. ў палітыцы — аднаўленне ранейшага, звергнутага паліт. ладу.
Літ.:
Выгонная А.А., Калнин В.В., Цейтлина М.М. Основы реставрации памятников архитектуры, монументальной и станковой живописи. Мн., 2000.