МІХНЕ́ВІЧ (Арнольд Яфімавіч) (н. 9.9. 1936, Мінск),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1977), праф. (1980). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1958). З 1961 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1983 у Ін-це паліталогіі і сац. кіравання, з 1991 прарэктар і заг. кафедры Мінскага лінгвістычнага ун-та, з 1995 у Бел. ін-це праблем культуры (з 1998 рэктар), з 2000 адначасова заг. кафедры сучаснай бел. мовы філал. ф-та БДУ. Даследуе пытанні граматыкі, лексікалогіі, лексікаграфіі, этымалогіі бел. мовы, культуры бел. і рус. моў, супастаўляльнай і сац. лінгвістыкі, рыторыкі і культуралогіі: «Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ў беларускай мове: (Трансфармацыйны аналіз)» (1965), «З гісторыі прамоўніцкага мастацтва» (1972), «У глыб слова чалавечага» (1982), «Мова, якой няма...» (1988) і інш. Сааўтар «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (т. 1—2, 1977—79), «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 2, 1980), «Беларуска-рускага паралексічнага слоўніка-даведніка» (1985), «Англа-беларускага размоўніка» (1992, з Н.​М.​Навічэнка), кніг «Грамадства — мова — палітыка» (1988), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд. 1990), «Культура рускай мовы ў пытаннях і адказах» (1996), «Беларуская мова: Энцыклапедыя» (1994, Дзярж. прэмія Беларусі 1998) і інш.

Тв.:

Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;

Вазьмі маё слова...: Нататкі аб лексіч. узаемаўплыве бел. і рус. моў у кантэксце ўзаемадзеяння культур. Мн., 1990 (разам з А.​Гіруцкім);

Русско-белорусский разговорник. Мн., 1991.

Літ.:

А.​Я.​Міхневіч: Біябібліягр. паказ. Мн., 1996.

І.​К.​Германовіч.

А.Я.Міхневіч.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЦО́ВЫЯ САВЕ́ТЫ ДЭПУТА́ТАЎ у Рэспубліцы Беларусь,

прадстаўнічыя органы дзярж. улады на тэр. адм.-тэр. адзінак і асн. звяно мясц. самакіравання. Адзіная сістэма М.с.д. складаецца з сельскіх, пасялковых, гар., раённых і абласных Саветаў. Існуюць 3 тэр. ўзроўні М.с.д.: першасны, базавы і абласны. Да першаснага тэр. ўзроўню адносяцца сельскія, пасялковыя, гар. (гарадоў раённага падпарадкавання) Саветы, да базавага — гар. (гарадоў абл. падпарадкавання) Саветы, да абласнога — абл. Саветы. Мінскі гар. Савет валодае статусам базавага і абласнога. М.с.д. выбіраюцца грамадзянамі адпаведных адм.-тэр. адзінак тэрмінам на 4 гады. Выбары дэпутатаў праводзяцца па аднамандатных выбарчых акругах на аснове ўсеаг., свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Апошнія выбары ў М.с.д. 23-га склікання адбыліся ў красавіку 1999 (выбрана 24 058 дэпутатаў).

У межах сваёй кампетэнцыі М.с.д. вырашаюць пытанні мясц. значэння, зыходзячы з агульнадзярж. інтарэсаў і інтарэсаў насельніцтва, што пражывае на адпаведнай тэрыторыі, выконваюць рашэнні вышэйстаячых дзярж. органаў. Да выключнай іх кампетэнцыі адносяцца: зацвярджэнне праграм эканам. і сац. развіцця, мясц. бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні; устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясц. падаткаў і збораў; вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю; назначэнне мясц. рэферэндумаў. М.с.д. з’яўляюцца юрыд. асобай, ажыццяўляюць дзейнасць праз сесіі, пастаянныя і часовыя камісіі, інш. органы Саветаў, а таксама шляхам рэалізацыі дэпутатамі сваіх паўнамоцтваў. М.с.д. падсправаздачныя ў сваёй дзейнасці грамадзянам, якія пражываюць на адпаведнай тэрыторыі, і адказныя перад імі. На аснове дзеючага заканадаўства М.с.д. прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на падведамнай ім тэрыторыі.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 11, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ САЦЫЯЛІ́СТЫ, Народна-сацыялістычная (працоўная) партыя, Працоўная народна-сацыялістычная партыя, энэсы,

партыя сацыяліст. арыентацыі ў Расіі ў 1906—18.

Аб’ядноўвала ч. інтэлігенцыі, якая вагалася паміж ліберальна-дэмакр. поглядамі канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі (кадэтаў) і ўмерана-сацыяліст. поглядамі правага крыла сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Вылучыліся з правага крыла эсэраў. Лідэры: М.​Ф.​Аненскі, В.​А.​Мякоцін, А.​В.​Пешахонаў, У.Г.Багараз, В.І.Сямеўскі і інш. Афіц. орган — час. «Народно-социалистическое обозрение» (1906—07). У праграме Н.с. (1906) абвяшчалася, што ўся ўлада павінна належаць прац. народу. Выступалі за нацыяналізацыю зямлі, акрамя сял. надзелаў і зямель, на якіх вялася «прац. гаспадарка». Пераход да сацыялізму ўяўлялі сабе як «паслядоўнае абмежаванне ўлады буйнога капіталу захадамі дзярж. кантролю з прыцягненнем рабочых да кіравання дзярж. прадпрыемствамі». Былі за «адзіную непадзельную» Расію з прадастаўленнем аўтаноміі нац. меншасцям. Пасля разгону 2-й Дзярж. думы (16.6.1907), у якой Н.с. падтрымлівалі трудавікоў, Н.с. фактычна спынілі дзейнасць. Аднавілі яе пасля Лют. рэвалюцыі. На сваім 1-м з’ездзе (ліп. 1917) аб’ядналіся з трудавікамі ў Прац. народна-сацыяліст. партыю (ПНСП), прынялі праграму і выбралі ЦК. Выдавалі газ. «Народнае слова». ПНСП (каля 10 тыс. чал. восенню 1917) адлюстроўвала інтарэсы заможных сялян, падтрымлівала часовы ўрад, у які ад яе ўвайшлі Пешахонаў і А.​С.​Зарудны. На Беларусі нешматлікія групы Н.с. існавалі ў Мінску, Віцебску, Магілёве. Да Н.с. належаў Я.С.Канчар — адзін з арганізатараў Усебеларускага з’езда 1917. Н.с. адмоўна сустрэлі Кастр. рэвалюцыю 1917, на выбарах ва Устаноўчы сход (студз. 1918) атрымалі 0,8% галасоў. У 1918 ПНСП спыніла існаванне.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 11, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛК,

воінская часць; арганізацыйна самастойная баявая і адм.-гасп. адзінка ва узбр. сілах шэрагу дзяржаў. Прызначаны для выканання баявых задач у складзе злучэнняў і самастойна; у залежнасці ад прыналежнасці да роду войск (сіл), спец. войск можа весці агульнавайск., паветр., марскі, проціпаветр. бой або забяспечваць баявыя дзеянні (напр., П. інж. войск, войск сувязі і інш.). У склад П. ўваходзяць органы кіравання (штаб і інш.), некалькі батальёнаў (дывізіёнаў, эскадрылляў), падраздзяленні баявога, матэрыяльнага і тэхн. забеспячэння.

З 10 ст. ў Кіеўскай Русі, пазней у інш. княствах усх. славян П. — асобны атрад, прыведзены князем на поле бою. У 13—14 ст. — баявыя парадкі дзеючай арміі падзяляліся на некалькі П. (напр., перадавы, вялікі, правай рукі, левай рукі, вартавы, засадны, разведвальны). У 14—15 ст. вял. князі ВКЛ стваралі П. для абароны паўд. рубяжоў ад качэўнікаў. У Зах. Еўропе П. існавалі з 16 ст. У 16—18 ст. на Украіне П. наз. ваен. адзінкі і тэр.-адм. акругі (ваен. фарміраванні мелі назву гарадоў і мястэчак па месцы стварэння). У канцы 18—19 ст. шэраг П. рас арміі мелі бел. найменні. Ва Узбр. Сілах СССР П. быў асн. тактычнай адзінкай і, за выключэннем асобных, уваходзіў у склад злучэння. У Вял. Айч. вайну дзейнічалі партыз. П. (гл. Партызанскі полк).

У сучасных арміях некат. краін СНД, у т. л. Беларусі на базе значнай ч. П. створаны батальёны, якія ўваходзяць у склад брыгад; у інш. дзяржавах, напр. ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, — баявыя групы і інш.

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вясло́1 ’звязка, пучок дробных нанізаных прадметаў’ (БРС, КТС, Шат., Янк. I, Інстр. III, Масл.), вя́сло (Касп., Нас.), вя́сла (Янк. Мат., Гарэц.), сувалк. vʼosła ’скрутак лыка’ (LP, 1960, 351), ст.-бел. весло, укр. жытом. весло ’звязка якіх-небудзь аднародных прадметаў’, рус. тамб., кур., маск., разан. вя́сло ’жгут саломы, якім звязваюць снапы’, свясло́ ’перавясла’, вяц. ’пучок ільну па 20 жменей’, ст.-рус. съвѧсло. Усх.-слав. утварэнне ад вязаць (гл.) і суф. ‑сло (< ‑slo).

Вясло́2 ’вага ў студні з жураўлём’ (в.-дзвін., ДАБМ), укр. весло́ ’каромысла’. Да весіць (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑сло (< slo). Відавочна, гэта калька з літоўскага (латышскага) слова; параўн. svìrtis ’журавель у студні’, ’рычаг’ ⟷ літ. svyrė́ti ’звісаць, вісець над чым-небудзь’, svìrti ’нахіляцца, звісаць’. Сюды ж весілка ’ручка чайніка’ (гл.).

Вясло́3 ’прыналежнасць лодкі’ (БРС, КТС, Мядзв., Янк. I, Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ); ’прылада для кіравання плытом у выглядзе абчасанага бервяна, якое прымацоўваецца наперадзе і ззаду плыта’ (зах.-дзвін., Нар. сл.). Укр. весло ’вясло’, рус. весло ’тс’, бранск., арл., разан., гом. ’лапатка для замешвання цеста’, польск. wiosło ’вясло, драўляная лапатка’; ’ногі водных птушак’, н.-луж. wjasło, в.-луж. wjesło ’вясло’, чэш., славац. veslo ’вясло’; ’нага воднай птушкі’, славен. véslǫ ’вясло’; ’паклёпніцкі язык’, vésta ж. р. ’вясло’; ’хлебная лапата’; ’вялікая лыжка’, серб.-харв. вѐсло ’вясло’; ’плаўнік (у рыб)’, макед., балг. весло ’вясло’, ст.-слав. весло. Прасл. veslo (< vez‑slo) < *vegʼh‑slom. Да вязці́ (гл.). Параўн. Гараеў, 1896, 74; Міклашыч, 387; Праабражэнскі, 1, 79; Фасмер, 1, 303; КЭСРЯ, 77; Шанскі, 1, В, 73; Брукнер, 623; Младэнаў, 63; БЕР, 1, 137; Голуб-Копечны, 415; Махэк₂, 685; Скок, 3, 579. Сюды ж вясляр, вяслярны, вяслярства (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цэнтр

(лац. centrum, ад гр. kentron = вастрыё цыркуля)

1) пункт дакладна ў сярэдзіне фігуры;

2) сярэдзіна, сярэдняя частка чаго-н.;

3) частка, звычайна сярэдняя, горада, пасёлка, дзе размешчаны асноўныя адміністрацыйныя ўстановы;

4) месца сканцэнтравання якой-н. дзейнасці;

5) горад, буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, культурнае значэнне для якой-н. мясцовасці, краіны;

6) вышэйшы орган кіравання якой-н. дзейнасцю;

7) стальны конус, які прызначаны для падтрымкі загатовак пры іх апрацоўцы на станку.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

board1 [bɔ:d] n.

1. до́шка;

a bulletin board (AmE) до́шка аб’я́ў;

a control board пульт кірава́ння;

an ironing board до́шка для прасава́ння

2. праўле́нне, саве́т, ра́да;

a board meeting пасяджэ́нне праўле́ння;

the board of directors праўле́нне дырэ́ктараў;

an academic board вучо́ны саве́т;

a school board шко́льны саве́т

3. харчава́нне; сталава́нне; е́жа;

board and lodging/bed and board кватэ́ра і сталава́нне

4. борт, бо́рцік; карні́з

5. sport до́шка;

a draughts board ша́шачная до́шка

6. the boards pl., dated тэатра́льная сцэ́на, падмо́сткі

above board чэ́сна, у адкры́тую;

go by the board BrE

1) адмаўля́цца; ігнарава́ць

2) упа́сці з па́лубы ў ваду́; быць вы́кінутым за борт;

go on board a ship/aircraft садзі́цца на карабе́ль/у самалёт;

on board a train/ship/aircraft у цягніку́/на караблі́/у самалёце

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

цэнтр

(лац. centrum, ад гр. kentron = вастрыё)

1) пункт дакладна ў сярэдзіне геаметрычнай фігуры (напр. ц. акружнасці);

2) сярэдзіна, сярэдняя частка чаго-н. (напр. ц. горада);

3) месца сканцэнтравання якой-н. дзейнасці (напр. касмічны ц.);

4) буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, культурнае значэнне для якой-н. мясцовасці, краіны (напр. раённы ц., прамысловы ц.);

5) вышэйшы орган кіравання якой-н. дзейнасцю (напр. дырэктывы цэнтра).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ВАЎЖЭ́ЦКІ (Тамаш) (паміж 1753—59, Браслаўскі пав. — 5.8.1816),

грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. З маладых гадоў, практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права. Пасол ад Браслаўскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, дзе далучыўся да дэмакр. плыні, быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791. У сваім маёнтку ліквідаваў паншчыну і даў сялянам волю. Адстойваў пашырэнне праў мяшчанства. Удзельнічаў у распрацоўцы рэформы мясц. адм. кіравання ў ВКЛ праз стварэнне ваяводскіх і павятовых парадкавых цывільна-вайск. камісій. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 быў саветнікам камандуючага арміяй ген.-лейт. Ю.Юдзіцкага; удзельнік бітвы пад Мірам (11.6.1792). У час паўстання 1794 уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду; з сярэдзіны мая 1794 адзін з кіраўнікоў паўстання на Жмудзі і ў Курляндыі; у канцы мая прызначаны А.Т.​Б.​Касцюшкам чл. Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве — гал. органа паўстання. Атрымаў ад Касцюшкі званне ген.-лейтэнанта. У верасні пад націскам рас. войск вывеў рэшткі сваіх атрадаў пад Гродна. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» — кіраўніком паўстання на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. Пасля капітуляцыі Варшавы (6 ліст.) трапіў у палон, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе напісаў успамін пра паўстанне. У 1796 амнісціраваны і вярнуўся на радзіму. У 1812 узначаліў Літоўскі грамадз. к-т па забеспячэнні харчамі рас. войска. Пасля вайны 1812 міністр юстыцыі і пажыццёвы ваявода ў Каралеўстве Польскім. Пахаваны ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.

Літ.:

Szyndler B. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania kościuszkowskiego. Warszawa, 1976;

Пракопчык Л. Генерал касінераў // Пракопчык Л. «Дрэмле памятка дзён...» Мн., 1991.

У.​П.​Емяльянчык.

Т.Ваўжэцкі.

т. 4, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. Землямі звычайна наз. асабліва значныя намесніцтвы, якія мелі элементы аўтаноміі, замацаваныя абласнымі прывілеямі. Намесніцтва ў Віцебску, верагодна, з моманту свайго ўтварэння (1392) атрымала ад вял. кн. Вітаўта грамату, якая гарантавала захаванне пэўных нормаў мясц. права, што ўзыходзілі да дагавораў паміж горадам і князем. Сляды такой граматы прасочваюцца ў віцебскім прывілеі вял. князя Казіміра IV (каля 1440—47, не захаваўся), які пазней быў пацверджаны вял. князямі Аляксандрам (1503) і Жыгімонтам I Старым (1509, 1547). Гэтыя прывілеі гарантавалі мясц. феадалам і мяшчанам правы, абвешчаныя шляхце цэнтр. часткі ВКЛ (Віленскаму і Трокскаму ваяв.) прывілеямі 1387, 1432, 1434, а таксама права несці гарнізонную службу толькі ў сваёй зямлі, мясцовы (замкавы) суд і непадлегласць юрысдыкцыі ўпаўнаважаных вял. князя (дзецкіх). Мясц. баяры карысталіся выключным правам па чарзе кіраваць дзярж. валасцямі, што знаходзіліся ў складзе зямлі, за выключэннем некалькіх маёнткаў, падпарадкаваных непасрэдна віцебскаму намесніку (гл. Віцебскае права). Аднак на практыцы самастойнасць Віцебскай зямлі была даволі абмежаваная. Асн. ўлада належала намесніку (ужо ў прывілеях 1503 і 1509 ён наз. ваяводам). Азярышчанская і Усвяцкая воласці пры Казіміру IV былі вылучаны з-пад кіравання мясц. баяр і ператвораны ў асобныя намесніцтвы. Відаць, самастойны намеснік быў і ў Оршы. Значныя воласці ў Віцебскай зямлі былі падараваны князям Андрэю Уладзіміравічу, Друцкім, Жылінскім, што таксама выключала іх з-пад кантролю віцебскага баярства. Пасля 1511 за Віцебскай зямлёй канчаткова замацавалася назва «ваяводства». Яе асобны статус быў афіцыйна скасаваны з прыняццем Статута ВКЛ 1566, які пашырыў на ўсю тэр. ВКЛ агульныя прававыя нормы.

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)