ЛІ́ВІЙ (Ціт) (Titus Livius; 59 да н.э., Патавія, цяпер г. Падуя, Італія — 17 н.э.),

старажытнарымскі гісторык. Вывучаў рыторыку і філасофію. Жыў і працаваў у Рыме, карыстаўся апекай імператара Аўгуста. Пісаў дыялогі філас. зместу. Аўтар «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» ў 142 кнігах (захаваліся 35), у якой пагадова апісана гісторыя Рыма ад заснавання да 9 г. да н.э. Ідэалізаваў Рым і, выкарыстоўваючы матэрыялы ранейшых рым. аўтараў, пераносіў у старажытнасць рысы сучаснага яму рым. ладу. Сучаснікі і наступныя пакаленні лічылі яго гіст. працу ўзорнай, а самога аўтара — «рымскім Герадотам».

Тв.:

Рус. пер. — История Рима от основания города. Т. 1—3. М., 1989—93.

т. 9, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. і адкрыты ў 1959 у г. Ліда Гродзенскай вобл. Пл. экспазіцыі 317 м², больш за 31 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў карысныя выкапні, чучалы жывёльнага свету Лідчыны, знаходкі з археал. раскопак стараж. паселішчаў, Лідскага замка, друк. выданні і абразы 19 — пач. 20 ст., дакументы і матэрыялы пра вайну 1812, паўстанне 1863—64, нац -вызв. барацьбу ў Зах. Беларусі, пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. рух у Вял. Айч. вайну, аднаўленне гаспадаркі горада і раёна ў пасляваенны час. Экспануюцца нар. адзенне, узоры дэкар.-прыкладнога мастацтва (разьба па дрэве, вышыванкі, ткацтва), вырабы шклозавода «Нёман» і інш. прадпрыемстваў.

Р.​М.​Жалезны.

т. 9, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЯ АБЛО́ГА 1651.

Праводзілася ўкр. Казакамі 3—9.6.1651 у час народна-вызваленчай вайны 1648—54. Палкоўнік М.Нябаба накіраваў да Гомеля каля 8 тыс. казакоў (сярод іх было шмат бел. сялян). 3 чэрв. казакі падышлі да Гомеля, пяхота (3 тыс. чал.) выкапала шанцы, конніца разгрупавалася па вёсках. На дапамогу абаронцам і для дастаўкі харчавання Я.​Радзівіл паслаў некалькі соцень чалавек. У ноч на 5 чэрв. пачаўся штурм горада, але абаронцы адкінулі казакоў ад агароджы. Няўдала для казакоў скончыліся і ўсе наступныя 15 штурмаў, праведзеных атрадамі Літвіненкі і Паповіча. 9 чэрв. казакі атрымалі загад Нябабы вяртацца і спешна адышлі ад Гомеля.

В.​І.​Мялешка.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ СЛУ́ЦКАЯ БРА́МА,

помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудавана ў 1690 на месцы брамы 16 ст., перабудавана ці адноўлена ў 1700 (паводле інш. звестак у 1760) на дарозе-дамбе ўздоўж возера, якая вяла ў горад з боку Слуцкага тракту. Мураваны 2-ярусны прамавугольны ў плане аб’ём з вял. арачным праездам унутры (даўж. 10,3 м), сцены ўмацаваны контрфорсамі, накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Падоўжаныя фасады завершаны пластычнымі франтонамі з крывалінейным абрысам. На 1-м ярусе знаходзіліся памяшканні для варты, на 2-м — капліца, раскрытая праз вял. праём з балконам у бок горада. У 1970-я г. брама рэстаўрыравана.

Т.​І.​Чарняўская.

Нясвіжская Слуцкая брама.

т. 11, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́Д,

1) гандлёва-рамесніцкая частка феад. горада ў 10—18 ст. (наз. таксама перадграддзе, прадмесце) у Кіеўскай Русі, Рас. дзяржаве і ВКЛ. З часоў Кіеўскай Русі многія П. падзяляліся на канцы 1 сотні, пазней у іх складзе з’явіліся гар. слабоды. Першапачаткова П. былі неўмацаванымі, пазней іх умацаваная частка, размешчаная каля дзядзінца (замка, крамля) наз. вакольным горадам. П. мелі ўсе гарады Беларусі. Напр., у Полацку ў 16 ст. было 6 П.

2) У Расіі ў 17—18 ст. гандл.-прамысл. цэнтр, які з моманту заснавання не меў крэпасці. Як і гандл.-рамеснае насельніцтва гарадоў, жыхары такіх П. адносіліся да пасадскіх людзей.

т. 12, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.

Існавала ў 1907—15 у Мінску. Засн. па ініцыятыве скрыпача Н.​Рубінштэйна. Працавалі класы фп. (педагогі І.​Гянко, В.​Сварыка, Р.​Пінкус, Г.​Бах, Занцэвіч), спеваў (Я.​Марачнік), скрыпкі, тэорыі музыкі, гармоніі і сальфеджыо (Рубінштэйн), віяланчэлі (М.​Пестрыкаў, Л. фон Зіберштэйн). У 1913 у вучылішчы адкрылася бібліятэка-чытальня Мінскага таварыства сяброў музыкі. Вучылішча стала цэнтрам муз. жыцця горада. Выкладчыкі і навучэнцы сістэматычна наладжвалі канцэрты (5—6 камерных і сімф. канцэртаў на навуч. год са складанымі праграмамі з твораў І.​Гайдна, Л.​Бетховена, Р.​Шумана, Ф.​Мендэльсона, П.​Чайкоўскага).

Літ.:

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999. С. 137—138.

В.​П.​Пракапцова.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1386 Адбылася паміж войскам ВКЛ на чале з князямі Свідрыгайлам, Карыбутам, Лугвенам, Вітаўтам і Канстанцінам Альгердавічам і войскам вял. кн. смаленскага Святаслава Іванавіча 29 крас. Падтрымліваючы выступленне кн. Андрэя Альгердавіча ва ўнутрыпаліт. барацьбе ў ВКЛ, Святаслаў Іванавіч вырашыў вярнуць сабе страчаную раней Мсціслаўшчыну. 18 крас. ён аблажыў Мсціслаў, але аблога не мела поспеху. 29 крас. да горада падышлі войскі ВКЛ. Святаслаў заўважыў іх і першы пайшоў у атаку. На берагах р. Віхра пачалася бітва. Калі загінуў прабіты кап’ём Святаслаў, яго ратнікі кінуліся ўцякаць. Пераможцы патрабавалі ад смалян выкупу і пасадзілі на смаленскі пасад сына Святаслава Юрыя як данніка ВКЛ.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЯТНІКАВАЯ МІГРА́ЦЫЯ,

рэгулярныя перамяшчэнні людзей з аднаго нас. пункта ў іншы, ад месца жыхарства да месца працы ці вучобы і назад. У аснове М.м. — неадпаведнасць у размяшчэнні вытв-сці і рассяленні насельніцтва. Рэгулярнасць М.м. адпавядае рэжыму прац. дзейнасці або вучобы. Гал. напрамкі — з вёскі ў горад, з малога горада ў буйны. Найб. значная і ўстойлівая ў прыгарадных зонах вял. гарадоў і гарадскіх агламерацый, а таксама ў сельскай мясцовасці урбанізаваных тэрыторый. Часам да М.м. адносяць таксама рэгулярныя паездкі сельскіх жыхароў у цэнтры абслугоўвання, пераважна гарады. Важная ўмова М.м. — развіццё транспарту. У Беларусі М.м. найбольш выражана ў рэгіёнах Мінска і абласных цэнтрах рэспублікі.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНХА́ТАН, Манхэтэн (Manhattan),

цэнтральная частка г. Нью-Йорк на в-ве Манхатан. Утварае адзін з 5 адм. раёнаў горада, абмежаваны на З р. Гудзон (пратока Порт-Рывер), на У і Пд — пратокай Іст-Рывер, на ПнУ — пратокай Харлем. Пл. 35 км². Нас. каля 1,5 млн. чал. Дзелавы і гандл. цэнтр. Прычалы порта. М. перасякае гал. магістраль — Брадвей. Шмат прадпрыемстваў пераважна лёгкай і паліграф. прам-сці. У Верхнім М. (паўн. ч. М.) — музеі Метраполітэн, Натуральнай гісторыі, «Лінкальн-цэнтр» з Метраполітэн-опера і Нью-Йоркскай філармоніяй. Негрыцянскі раён Гарлем. У Цэнтр. М. — сядзіба ААН, Рокфелер-цэнтр. У Ніжнім М. — Нью-Йоркская біржа, банкі, вуліца Уол-Стрыт.

т. 10, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАГРА́ДСКАЯ АБАРО́НА 1919.

Адбывалася ў маі—ліст. 1919 у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22. Сав. войскі 7-й і 15-й армій Зах. фронту (каманд. Дз.М.Надзёжны, потым У.М.Гіціс) пры падтрымцы Балт. флоту (А.​П.​Зеляной) задушылі антыбальшавіцкае паўстанне на фартах Красная Горка і Шэры Конь (чэрв. 1919), адбілі 2 наступленні (май—жн. і вер.кастр.) арміі белай гвардыі ген. М.М.Юдзеніча, якая пры падтрымцы войск Эстоніі, Фінляндыі і брыт. флоту імкнулася авалодаць г. Петраград (асн. ўдар з тэр. Эстоніі) і ў кастр. выйшла на блізкія подступы да горада. Потым сав. войскі перайшлі ў контрнаступленне, да канца ліст. адкінулі войскі Юдзеніча ў Эстонію.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)