СМАЛЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941—чэрв. 1944 у в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл., з чэрв. 1943 дзейнічала пад кіраўніцтвам Аршанскага падп. райкама КП(б)Б; састаўная частка Аршанскага патрыятычнага падполля. Аб’ядноўвала 16 чал. (кіраўнік Л.​І.​Красноўскі). Падпольшчыкі вялі агітработу сярод насельніцтва, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам звесткі пра падрыхтоўку акупантамі карных аперацый. За час дзеяння загінулі 10 падпольшчыкаў.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 569.

т. 15, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭ́НДЭР-ПЕ́ТЭРСЕН (Stender-Petersen) Адольф (21.7.1893, С.-Пецярбург — 16.4.1963),

дацкі славіст. Чл. Польскай АН (з 1962). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. З 1923 праф. Тартускага ун-та, з 1931 — ун-та ў Орхусе (з 1941 заг. кафедры славістыкі). Заснавальнік Т-ва сканд. славістаў (1951). У 1954—63 рэдактар час. «Scando-Slavica» («Сканда-Славіка»). Даследаванні ў галіне славяна-германскіх запазычанняў, рус. мовы. Аўтар прац пра польскі т-р, рус. класічную л-ру. У «Гісторыі рускай літаратуры» (ч. 1—3, 1952), імкнучыся раскрыць заканамернасці літ. працэсу, аналізаваў форму і стыль, прыцягваў сацыялагічныя звесткі.

т. 15, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКАІШВІ́ЛІ Сесіль Дзмітрыеўна (13.10.1906, г. Батумі, Грузія — 21.5.1984),

грузінская актрыса. Нар. арт. СССР (1966). Скончыла драм. студыю пад кіраўніцтвам А.​Пагавы (1926). З 1926 у Т-ры імя Ш.​Руставелі. у 1930—67 у Т-ры імя К.​Марджанішвілі ў Тбілісі. Мастацтва Т. адметнае вастрынёй формы, самабытнасцю, гумарам, яркай характарнасцю. Сярод роляў: Анка («Паэма пра сякеру» М.​Пагодзіна), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Агудалава («Беспасажніца» А.​Астроўскага), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Бабуля («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе). Здымалася ў кіно. Дзярж. прэмія Грузіі 1983.

т. 15, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАПАГРА́ФІЯ ВАЕ́ННАЯ,

галіна тапаграфіі, якая выкарыстоўваецца ў ваен. справе для атрымання інфармацыі аб мясцовасці ў інтарэсах баявой дзейнасці войск. Уключае: распрацоўку тэорыі і практыкі тапографа-геадэзічнага забеспячэння баявых дзеянняў, у т. л. арганізацыі і методыкі тапагр. падрыхтоўкі войск: вывучэнне тапагр. карт, аэраздымкаў і інш. дакументаў пра мясцовасць і іх выкарыстанне для кіравання войскамі; распрацоўку спосабаў і сродкаў разведкі мясцовасці, арыентавання і вымярэнняў пры падрыхтоўцы да баявых дзеянняў; складанне баявых графічных дакументаў і інш. Т.в. грунтуецца на дасягненнях геадэзіі, картаграфіі і асновах ваен. навукі.

П.​П.​Явід.

т. 15, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРГА́НАЎ Барыс Аляксандравіч (21.10.1901, С.-Пецярбург — 7.5.1980),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Кіеўскі ун-т знешніх зносін (1923). Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў «Простыя вершы» (1930), «Паходны крок» (1931), «Наш сцяг» (1942), «Маскоўскія вершы» (1947), кнігі нарысаў «Рэспубліка Туркменістан» (1930). На рус. мову пераклаў паэмы Я.​Купалы «Курган» і «Тарасова доля», асобныя яго вершы, а таксама асобныя творы Я.​Коласа, М.​Машары, паэму П.​Броўкі «Беларусь». Аўтар артыкулаў «Новыя вершы Янкі Купалы» (1936), «Пясняр беларускага народа» (1947; пра Я.​Купалу), прадмовы да кнігі Я.​Коласа «Выбраныя вершы» (1939).

т. 16, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭА́ТР ЦЕ́НЯЎ,

від тэатр. відовішча, у якім сюжэт раскрываецца пры дапамозе дынамічных кадраў-карцін, спраецыраваных на экране плоскімі фігуркамі (з кардону, скуры або каляровых плёнак), якімі кіруюць артысты з дапамогай палачак ці нітак. Лялькі асвятляюцца ззаду, контражурам — на экране з’яўляецца чорна-белая ці каляровая выява. Т.ц. пашыраны ў народаў Азіі і Б.​Усходу; характэрны зварот да эпасу, фальклору, традыц. захаванне сюжэтаў. Адзін са старэйшых Т.ц. — інданезійскі. Прадстаўленне вядзе адзін чалавек (даланг), які ў суправаджэнні аркестра распавядае пра падзеі, што разгортваюцца на экране. У 1937 створаны Маскоўскі Т.ц.

т. 16, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УХІЛЕ́ННЕ АД УПЛА́ТЫ ПАДА́ТКАЎ,

правапарушэнне супраць парадку ажыццяўлення эканам. дзейнасці дзяржавы. Учыняецца шляхам угойвання ці наўмыснага заніжэння прыбыткаў, даходаў, аб’ектаў падаткаабкладання або шляхам ухілення ад падачы дэкларацыі пра даходы і маёмасць, што пацягнула за сабой прычыненне шкоды ў буйных памерах. У Рэспубліцы Беларусь крымін. адказнасць за такія дзеянні прадугледжана арт. 243 КК: вінаваты ў іх можа быць пазбаўлены права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, прыцягнуты да арышту і абмежаванню свабоды, а ў выключных выпадках асуджаны да доўгатэрміновага пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНТА́СТЫКА (грэч. phantastikē здольнасць уяўляць),

форма адлюстравання рэчаіснасці, пры якой на аснове рэальных уяўленняў ствараецца звышнатуральная, ірэальная, незвычайная карціна свету. Распаўсюджана ў фальклоры (напр., чарадзейныя казкі, казкі пра жывёл), мастацтве, сац. утопіі. У маст. л-ры, выяўл. мастацтве фантаст. вобразнасць умоўная, парушаны рэальныя сувязі і формы. Аднак у гратэсках або ідэальных вобразах, сімвалах, неверагодных сюжэтах яна можа выяўляць светаўспрыманне аўтара, характэрнае эпосе («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле, «Уладар кольцаў» Дж.​Р.​Толкіна). З 19 ст. развіваецца навук. Ф. Гл. таксама Фантастычная літаратура, Навукова-фантастычны фільм.

т. 16, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕАДО́СІЙ ПЯЧЭ́РСКІ (каля 1008, г. Васількоў, Украіна — 3.5.1074),

старажытнарускі пісьменнік і царк. дзеяч; адзін з заснавальнікаў Кіева-Пячэрскай лаўры. З 1057 ігумен Кіева-Пячэрскага манастыра. Упершыню на Русі ўвёў статут супольнага жыцця манастыра. Аўтарства Ф.П. лічыцца ўстаноўленым для 11 пісьмовых помнікаў: 2 пасланні да кн. Ізяслава Яраславіча, 8 «слоў» і «павучанняў» манахам і малітва. Прапаведаваў асновы хрысц. маралі. Творы Ф.П. вядомы ў рус. і паўд.-слав. спісах, самыя стараж. з іх адносяцца да 13—15 ст. Звесткі пра Ф.П. ў «Жыціі... Феадосія» Нестара (1080-я г.) і ў «Аповесці мінулых гадоў».

т. 16, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРДЫНА́НД III (Ferdinand; 13.7.1608, г. Грац, Аўстрыя — 2.4.1657),

кароль ч. Венгрыі (з 1625) і Чэхіі (з 1627), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1637—57], эрцгерцаг Аўстрыі. З дынастыі Габсбургаў. Сын Фердынанда II, бацька імператара Леапольда I. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 пасля смерці А.​Валенштайна (1634) і да ўступлення на імператарскі прастол галоўнакаманд. імперскімі войскамі, генералісімус. З 1636 герм. кароль. Як імператар намагаўся ўзмацніць цэнтр. ўладу. Сапернічаў (да 1645) з Дзьёрдзем I Ракацы. Пры ім завершана Трыццацігадовая вайна (гл. Вестфальскі мір 1648). Клапаціўся пра развіццё ў Вене італьян. оперы.

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)