ПЕЛЯКА́, Пяляка,

рака, левы прыток р. Струна (бас. Віліі) у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. і Літве. Даўж. 25 км, у межах Беларусі -22 км. Пл. вадазбору 82 км². Пачынаецца ў Літве, за 1 км на З ад в. Казнадзеюшкі Пастаўскага р-на перасякае мяжу, упадае ў Струну за 2,2 км на ПдУ ад в. Масцяны Астравецкага р-на. Цячэ пераважна па лесе. Пойма месцамі забалочаная. Рэчышча на працягу 1,8 км ад вусця каналізаванае.

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІПІ́Н КАРО́ТКІ (Pippinus Brevis; 714 ці 715—24.9.768),

франкскі кароль [751—768], першы з дынастыі Каралінгаў. У 741—751 маярдом (правіцель) Франкскай дзяржавы. Скінуў апошняга караля з дынастыі Меравінгаў, атрымаўшы санкцыю рым. папы, дамогся выбрання на каралеўскі прастол. Услед за сваім бацькам Карлам Мартэлам, раздаваў бенефіцыі за ваен. службу. Падпарадкаваў Аквітанію, у паходах супраць арабаў заваяваў Септыманію. У 754 і 756 здзейсніў паходы ў Італію, адабраную ў лангабардаў частку зямель перадаў рым. папе, што стала пачаткам Папскай вобласці.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА»

(ад імя стараж.-егіп. бога сонца),

лодка, пабудаваная з папірусу паводле ўзору стараж.-егіп. суднаў нарв. этнографам і падарожнікам Т.Хеердалам. Даўж. 12 м, шыр. 5 м. На «Ра» Хеердал з інтэрнац. экіпажам з 7 чал. распачаў экспедыцыі з мэтай даказаць магчымасць плавання стараж. егіпцян цераз Атл. ак. у Амерыку. 1-я экспедыцыя (1969) скончылася няўдачай з-за дэфектаў канструкцыі судна. У 1970 «Ра-2», якая выйшла з порта Сафі (Марока), за 57 дзён дасягнула в-ва Барбадас.

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНСА́РАВА СТРАФА́ (назва ад прозвішча франц. паэта 16 ст. П. дэ Рансара),

шасцірадковая страфа з рыфмоўкай ААбВВб. Першы ўзор Р.с. ў бел. паэзіі пакінуў В.​Дунін-Марцінкевіч (першы раздзел паэмы «Халімон на каранацыі»). Р.с. напісаны верш Я.​Купалы «Час!»:

Хай званы зазвоняць з жарам,
Хай музы́ка ў струны ўдара!
Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
І за Бацькаўшчыну-маці
Йдзі, народ, на сход!

Ёю карыстаўся Я.​Колас (верш «Вольнаму народу») і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСА́,

атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады, якія асаджаюцца пры дадатнай тэмпературы на паверхні зямлі, раслін, наземных прадметаў вечарам, ноччу ці раніцай. Утвараецца ў выніку ахаладжэння паветра і кандэнсацыі вадзяной пары на асобных паверхнях, т-ра якіх апускаецца ніжэй пункту расы ў выніку страты цяпла выпраменьваннем. Утварэнню Р. спрыяе яснае надвор’е і слабы вецер. Колькасць ападкаў пры Р. невялікая (каля 0,1—0,3 мм за ноч). На Беларусі за год бывае 80—120 сут з Р. (у крас.—ліст.).

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЖА́ЎКА,

рака ў Рагачоўскім і Жлобінскі.м р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 43 км. Пл. вадазбору 396 км². Пачынаецца за 2,5 км на Пн ад в. Рыскоў Рагачоўскага р-на, вусце за 2 км на У ад г. Жлобін. Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне. Даліна на вялікім працягу трапецападобная (пераважна шыр. 1—2 км), у нізоўі невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча на працягу 35 км (ад вытоку да в. Асінаўка Жлобінскага р-на) каналізаванае.

т. 13, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНАЯ ПАСТАЯ́ННАЯ,

колькасць праменнай энергіі Сонца, якая падае па-за атмасферай Зямлі за адзінку часу на пляцоўку адзінкавай плошчы, размешчаную перпендыкулярна сонечным праменям на сярэдняй адлегласці ад Зямлі да Сонца (1 а.а.). С.п. роўная 1369 ± 14 Вт/м². У пач. 1980-х г. выяўлена пераменнасць С.п., звязаная з сонечным цыклам; пазней выяўлены яе варыяцыі, магчымымі прычынамі якіх могуць быць сонечныя плямы, сонечныя факелы, змена магн. палёў і інш. Веданне С.п. неабходна для вырашэння праблем астрафізікі, геафізікі, экалогіі і інш.

т. 15, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯНГА́Н, Вікторыя,

горад на ПдУ Кітая, адм. цэнтр аднайм. асобнага адм. раёна. Знаходзіцца часткова на в-ве Сянган, аддзеленым ад мацерыка вузкім пралівам (чыг. паром і трансп. тунэль), на мацерыку былы г. Цзюлун, які аб’яднаны з С. адміністрацыйна. Больш за 2 млн. ж. (2001). Буйны порт (штогадовы грузаабарот больш за 40 млн. т). Міжнар. аэрапорт. Гандл.-прамысл. і валютна-фін. цэнтр. Прам-сць: швейная, тэкст., абутковая, электронная, харч., суднабудаўнічая. Метрапалітэн. Ун-т. Турызм.

Прыбярэжны раён Сянгана.

т. 15, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́БМЕН (Tubman) Гарыет (каля 1820, Бактаўн, ЗША — 10.3.1913),

гераіня негрыцянскага народа, змагар за ліквідацыю рабства ў ЗША. Нарадзілася ў сям’і раба. Каля 1849 збегла ад рабаўладальніка, далучылася да абаліцыянісцкага руху (гл. Абаліцыянізм). Асабіста дапамагла вызваліцца з рабства больш за 300 чал. У грамадзянскую вайну ў ЗША 1861—65 у арміі Поўначы: мед. сястра, разведчыца; арганізавала партыз. брыгаду, якая дзейнічала ў паўд. штатах. Пасля вайны змагалася супраць расавай дыскрымінацыі і прыгнятання неграў, выступала ў абарону правоў жанчын.

т. 15, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАМАНТА́НСТВА (ад лац. ultra montes за гарамі, г.зн. за Альпамі ў Рыме),

кірунак у каталіцызме, прыхільнікі якога абаранялі ідэю неабмежаванай вярх. улады папы рымскага, яго права ўмешвацца ў свецкія справы любой дзяржавы. Узнік у 15 ст. З 16 ст. актыўнымі прыхільнікамі У. былі езуіты. Яны прапаноўвалі стварыць кангламерат манархічных дзяржаў, злучаных аўтарытэтам папы. На 1-м Ватыканскім саборы (1869—70) прыхільнікі У. дамагліся абвяшчэння догмату аб бязгрэшнасці папы ў пытаннях веры і маралі, пацвярджэння яго вяршэнства ў царкве.

т. 16, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)