РАМА́НАВА (Таццяна Аляксандраўна) (н. 13.4.1925, г. Невель Пскоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Д-р біял. н. (1979), праф. (1989). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыла БДУ (1952). З 1958 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (у 1968—88 заг. сектара). Навук. працы па генезісе глеб і заканамернасцях фарміравання глебавага покрыва, форм яго неаднароднасці і эвалюцыі пад уплывам прыродных, антрапагенных фактараў, меліярац. асаблівасцей глеб. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Структура почвенного покрова и типизация земель. М., 1992 (разам з І.​С.​Каурычавым, Н.​П.​Сарокінай);

Опыт количественной оценки биоразнообразия лесов Беловежской пуши // Природные ресурсы. 1997. № 3.

т. 13, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПЕ́Т (Іван Паўлавіч) (сапр. Пятроў Іван Мікалаевіч; 1845—25.12.1908),

рускі архітэктар; заснавальнік аднаго з кірункаў псеўдарускага стылю. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1861—71) у А.​М.​Гарнастаева. У пабудовах і праектах (у т. л. эскізах убрання інтэр’ераў і прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва) шырока выкарыстоўваў дэкар. матывы рус. архітэктуры 17 ст. і нар. мастацтва: «Церамок» у сядзібе Абрамцава (Маскоўская вобл.; 1873), рус. павільёны на выстаўках у Парыжы (1878) і Чыкага (1893), будынак рус. пасольства ў Токіо (1890-я г., з В.​Харламавым) і інш.

І.Рапет. «Церамок» у сядзібе Абрамцава пад Масквой. 1873.

т. 13, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СНА,

возера на мяжы Полацкага і Ушацкага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 12 км на Пн ад г.п. Ушачы. Пл. 0,4 км², даўж. 880 м, найб. шыр. 660 м, найб. глыб. 2,1 м, даўж. берагавой лініі 2,4 км. Пл. вадазбору 5,7 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 3—5 м (на У і ПдУ 6—9 м), пад хмызняком, на У разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, на З і Пн сплавінныя. Пойма шыр. 10—250 м. Дно на мелкаводдзі пясчанае, глыбей сапрапелістае. Зарастае. Жывуць бабры. Упадае ручай з воз. Астроўна, выцякае ручай у воз. Салонец.

т. 13, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУПА́САВА (Жанна Аляксандраўна) (н. 7.6.1944, г. Кустанай, Казахстан),

бел. вучоны ў галіне экалогіі і фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1991), праф. (1999). Скончыла Маскоўскі ун-т (1966). З 1972 у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі (з 1982 заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях трансфармацыі лясных экасістэм і міграцыйных патокаў у іх хім. элементаў пад уздзеяннем тэхнагенных і рэкрэацыйных нагрузак, фізіёлага-біяхім. аспектах развіцця інтрадукаваных лек. раслін.

Тв.:

Техногенное загрязнение лесных экосистем Беларуси. Мн., 1995 (у сааўт.);

Клюква крупноплодная в Беларуси: Биохим. состав, хранение, переработка. Мн., 1999 (разам з Т.​І.​Васілеўскай).

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́БНІЦА,

возера ў Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка (цячэ праз возера і злучае яго з воз. Белае), за 20 км на У ад г. Гродна. Пл. 2,48 км², даўж. 4,76 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 7,7 м, даўж. берагавой лініі 12,4 км. Пл. вадазбору 403 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—5 м (на З і ПнЗ да 17 м), пад хмызняком, участкамі разараныя. Берагі на З і ПнЗ зліваюцца са схіламі. Шмат заліваў. Дно сапрапелістае, у прыбярэжнай зоне пясчанае. Упадае р. Стрыеўка. Уваходзіць у ландшафтны заказнік Азёры.

Возера Рыбніца.

т. 13, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНІ́Т, насмарк,

запаленне слізістай абалонкі носа. Бывае востры, хранічны, алергічны. Часта з’яўляецца сімптомам інфекц. хвароб (адру, грыпу, дыфтэрыі і інш.). Востры Р. узнікае пад уплывам агульнага і мясц. пераахаладжэння, мех. і хім. раздражняльнікаў, суправаджаецца чханнем, агульнай слабасцю, серознымі выдзяленнямі з носа. Хранічны Р. бывае пасля шматразовага вострага Р. і прыводзіць да разрастання (гіпертрафіі) або атрафіі слізістай. Прычына алергічнага Р. — уплыў на слізістыя абалонкі носа алергенаў рознага паходжання (бактэрыяльных, быт., грыбковых, расл., жывёльных і інш.). Яго працяканне прыступападобнае; у час прыступу — сверб у носе, частае чханне, вадзяністыя выдзяленні, заложанасць. Лячэнне: тэрапія, фізіятэрапія. Сярод жывёл на Р. часцей хварэе маладняк.

т. 13, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫПІ́ЛЕРЫ (ад англ. repeal разрыў),

удзельнікі нац. руху ў Ірландыі ў 1830—40-я г. за разрыў англа-ірландскай уніі 1801 і аднаўленне асобнага ірландскага парламента. Арганізатар руху Р. — Д.​О’Конел, пад кіраўніцтвам якога ў пач. 1830-х г. створаны першыя суполкі Р. У крас. 1840 засн. агульнанац. асацыяцыя Р., якая арганізоўвала мітынгі, петыцыі і інш. грамадз. акцыі ў падтрымку сваіх патрабаванняў. У 1842 сфарміравалася крыло радыкальных Р., якія лічылі разрыў уніі першым крокам у дасягненні поўнай незалежнасці Ірландыі. Фактычна рух Р. перастаў існаваць пасля смерці О’Конела. На яго аснове ўзнік шэраг новых ірландскіх нац. арг-цый.

т. 13, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗЕРВА́ЦЫІ, рэзерваты,

спецыяльныя тэрыторыі ў краінах масавай еўрап. эміграцыі (ЗША́, Канада, Паўд. Афрыка, Аўстралія), якія былі замацаваны ўрадамі гэтых краін за карэнным насельніцтвам. Стварэнне Р. адбывалася пераважна прымусова, шляхам гвалтоўнага перасялення ў іх абарыгенаў, якія былі пастаўлены пад жорсткі кантроль дзяржавы і пазбаўлены грамадз. правоў. З 1930-х г. індзейцы Р. ЗША і Канады атрымалі правы грамадзянства, пашырана іх самакіраванне. Абарыгены Аўстраліі атрымалі падобныя правы ў 1960-я г. Улады Паўд.-Афр. Рэспублікі імкнуліся ператварыць Р. карэнных афрыканцаў у т.зв. «незалежныя дзяржавы» (гл. Бантустаны), але пасля скасавання апартэіду ў пач 1990-х г. усе яны ліквідаваны.

т. 13, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКІ МАРДЭ́Р (ад ням. Marder куніца),

парода трусоў шкуркавага кірунку. Выведзена ў 1930—40 у Арменіі складаным скрыжаваннем мясц. блакітных трусоў з рускім гарнастаевым трусам і шыншылай. Гадуюць пераважна ў Арменіі, на Беларусі — аматары.

Жывёлы сярэдніх памераў, моцнага целаскладу, з кароткім тулавам (47—50 см), абхват грудзей 28—35 см. Сярэдняя маса 3,8 (да 5) кг. Поўсць шчыльная, мяккая, бліскучая, колерам нагадвае поўсць куніцы: у нованароджаных трусоў мышастая, у дарослых — светла і цёмна-карычневая (больш каштоўная). Плоднасць 7—8 трусянят. Шкуркі выкарыстоўваюць у натуральным выглядзе ці імітуюць пад больш каштоўнае футра.

Савецкі мардэр.

т. 14, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ (Барыс Парфёнавіч) (н. 25.1.1933, Мінск),

бел. вучоны ў галіне заалогіі і экалогіі. Д-р біял. н. (1973), праф. (1976). Скончыў БДУ (1955). З 1974 у Гомельскім ун-це (заг. кафедры), з 1990 у Вярх. Савеце Беларусі (член Прэзідыума, старшыня камісіі), з 1996 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па экалогіі ўзбуджальнікаў асабліва небяспечных інфекцый, фауне і экалогіі кровасысучых членістаногіх, агульнай экалогіі, змене фауны пад уплывам меліярацыі, ахове прыроды.

Тв.:

Трансмиссивные зоонозы в Гомельской области. Мозырь, 1999 (разам з Л.​С.​Цвірко);

Популяционно-генетические ресурсы пихты белой в Беларуси. Гомель, 2000 (разам з Р.​Р.​Ганчарэнкам).

т. 14, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)