БАБАРЫ́КІН (Пётр Дзмітрыевіч) (27.8.1836, г. Ніжні Ноўгарад — 12.8.1921),
рускі пісьменнік. Ганаровы акадэмік Пецярб. АН (1900). Вучыўся ў Казанскім і Дэрпцкім ун-тах. У 1863—65 рэдактар-выдавец час. «Библиотека для чтения». З пач. 1890-х г. за мяжою. Аўтар больш як 100 раманаў, аповесцяў, п’ес, у якіх моцны ўплыў натуралізму. У раманах «Дзялкі» (1872—73), «Кітай-горад» (1882), «Васіль Цёркін» (1892), аповесці «Паразумнеў» (1890) і інш. адлюстраваў жыццё рус. грамадства ў 2-й пал. 19 ст. Аўтар даследавання «Еўрапейскі раман у XIX стагоддзі» (т. 1, 1900), мемуараў «За паўвеку».
Тв.:
Собрание романов, повестей и рассказов. Т. 1—12. СПб., 1897;
Воспоминания. Т. 1—2. М., 1965.
т. 2, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НСАВАЯ ВА́РТАСЦЬ асноўных фондаў,
ацэначная іх вартасць на пачатак і канец года. Складаецца з вартасці асн. фондаў, што знаходзяцца на балансе па аднаўленчай вартасці на момант апошняй іх ацэнкі, і вартасці асн. фондаў, уведзеных у эксплуатацыю ў наступныя гады і ацэненых па іх поўнай першапач. вартасці. Балансавая вартасць выкарыстоўваецца для разліку сярэднегадавых аб’ёмаў асн. фондаў, налічэння амартызацыі, вызначэння ўзроўню эфектыўнасці вытв-сці. У рыначнай эканоміцы вызначаюць балансавую вартасць актыву (як першапач. вартасць доўгатэрміновага актыву за вылікам зносу), балансавую вартасць кампаніі, ці чыстыя актывы, уласны капітал (як сукупныя актывы кампаніі за вылікам сукупных абавязацельстваў), балансавую вартасць акцыі (вызначаецца паводле спец. методыкі на аснове ўліковай дакументацыі кампаніі).
т. 2, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛТЫМАР (Baltimore),
горад на У ЗША, у штаце Мэрыленд, пры ўпадзенні р. Патапска ў Чэсапікскі зал. Засн. ў 1729. 726 тыс. ж., з прыгарадамі 2,4 млн. ж. (1993). Марскі порт (грузаабарот больш за 25 млн. т за год). Старэйшая ў ЗША база ВМФ (з 1797). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт (паміж Балтымарам і Вашынгтонам). Буйны прамысл., гандл., фін. і культ. цэнтр краіны. Чорная і каляровая (вытв-сць рафінаванай медзі) металургія. Радыёэлектронная, эл.-тэхн., аэракасмічная, аўтазборачная, суднабуд., прыладабуд., металаапр., хім., харч. прам-сць. Нафтаперапрацоўка. Гандаль вугалем, збожжам, металапрадукцыяй. 7 ун-таў (у т. л. Дж.Хопкінса). Мастацкая галерэя, музеі мастацтва, транспарту, Дом-музей пісьменніка Э.По і інш.
т. 2, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЗДНАЎСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1861,
выступленне сялян Казанскай губ. Расіі ў адказ на сялянскую рэформу 1861.
Пачалося ў в. Бездна Спаскага пав. пад кіраўніцтвам селяніна А.Пятрова (А.П.Сідарава), які абвясціў сялянам, што ўся зямля належыць ім і што яны не павінны больш працаваць на паноў. Хваляванні ахапілі больш як 75 вёсак. Каля 10 тыс. чалавек адмовіліся адбываць паншчыну, выконваць распараджэнні адміністрацыі, забіралі панскае збожжа. 12 крас. ў Бездну прыбыў карны атрад і пачаў страляць у натоўп сялян. Было забіта і паранена больш за 350 чал., многія арыштаваны, пакараны розгамі. Пятрова расстралялі. Расправа над удзельнікамі Безднаўскага выступлення выклікала пратэст дэмакр. колаў у Расіі і за мяжою.
т. 2, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗРАЗМЕ́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,
вытворная фізічная велічыня, не залежная ад змены ў аднолькавую колькасць разоў велічыняў, выбраных за асноўныя. У сістэме велічыні, дзе за асн. выбраны даўжыня L, маса M і час T, размернасць некаторай безразмернай велічыні х роўная 1, г. зн. dim x = L°M°T° = 1 (усе паказчыкі размернасці такой велічыні роўныя нулю). Напрыклад, цэнтр. плоскі вугал, абмежаваны двума радыусамі акружнасці, не залежыць ад даўжыні радыуса і ў сістэме велічынь LMT будзе безразмернай велічынёй. Да безразмерных велічынь належаць усе адносныя велічыні: адносная шчыльнасць, адноснае падаўжэнне, адносныя дыэлектрычная і магн. пранікальнасці і інш. Безразмерная велічыня ў адной сістэме велічыняў можа быць размернай у іншай сістэме.
т. 2, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІНВАЛІ́ДАЎ ЗРО́КУ,
грамадская арг-цыя. Засн. ў 1924. Прымае асоб ва ўзросце ад 16 гадоў. Налічвае больш за 90 тыс. членаў (1995). Асн. мэта — сац.-прац. рэабілітацыя інвалідаў па зроку і іх інтэграцыя ў грамадстве. Цэнтр. праўленне ў Мінску. У складзе т-ва 6 абл. і больш за 130 раённых арг-цый; дзейнічаюць 17 навуч.-вытв. прадпрыемстваў (у Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мазыры, Маладзечне, Мінску, Навагрудку, Оршы, Полацку, Чэрвені і інш.); культ.-асв. цэнтр (цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, студыя гуказапісу, камерны хор «Кантус», эстрадны аркестр, клубы і дамы культуры). Друкаваны орган — «Цэнтральная газета», працуе радыёчасопіс «Таварыш».
А.І.Нятылькін.
т. 2, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕ́ДНАЕ ВО́ЗЕРА, Бляда,
у Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Мядзел, у межах гідралагічнага заказніка Чарэмшыца. Уваходзіць у Нарачанскую групу азёраў. Пл. 1,95 км², даўж. 2,02 км, найб. шыр. 1,44 км, найб. глыб. 8,1 м, даўж. берагавой лініі 6,02 км. Пл. вадазбору 4,72 км².
Схілы катлавіны выш. да 2 м, паўд.-зах. — да 5 м, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, у паўд.-зах. заліве сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае. Дно глыбей за 3 м сапрапелістае. Зарастае да глыб. 2 м, шыр. паласы надводнай расліннасці да 180 м. Адзначана гнездаванне лебедзя-шыпуна (занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).
т. 3, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЛЧ ((Balch) Эмілі Грын) (8.1.1867, Ямайка-Плейн, штат Масачусетс, ЗША — 9.1.1961),
амерыканскі грамадскі дзеяч, эканаміст. Адукацыю атрымала ва ун-тах Чыкага, Берліна і Гарвардскім. Праф. у каледжы Уэлслі (1913—18). У кн. «Нашы суграмадзяне — славяне» (1910) разглядала праблемы міграцыі, абвяргала погляды аб расавай непаўнацэннасці славян. Удзельніца 1-га (1915) і 2-га (1919) Міжнар. кангрэсаў жанчын. З 1919 першы сакратар-казначэй Жаночай міжнар. лігі за мір і свабоду, з 1926 займалася праблемамі Гаіці (выступала за вывад амер. войскаў і ўстанаўленне самакіравання), у 2-ю сусв. вайну ад імя лігі дапамагала амерыканцам яп. паходжання, інтэрніраваным у спец. лагеры. Нобелеўская прэмія міру 1946 (разам з Дж.Мотам).
т. 3, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЗСКАЕ ВО́ЗЕРА ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрысвята, за 34 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,97 км², даўж. 4,07 км, найб. шыр. 540 км, найб. глыб. 20,5 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Пл. вадазбору 4,5 км². Схілы катлавіны выш. больш за 20 м, у паўд. ч. стромкі абразійны схіл. Катлавіна складаецца з 3 плёсаў: мелкаводнага ўсходняга, карытападобнай формы з шырокай літараллю (да 30 м) заходняга і найбольш складанай будовы цэнтральнага з востравам (пл. 0,4 га) і меллю. Большасць берагоў зліваецца са схіламі, у асобных месцах пойма шыр. да 10 м. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — глеі. Злучана пратокай з воз. Сэклы.
т. 4, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ГЗІНА,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 28 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,67 км², даўж. 1,78 км, шыр. 690 м, найб. глыб. 9,3 м, даўж. берагавой лініі каля 5 км. Пл. вадазбору 5,5 км². Схілы катлавіны выш. 10—17 м, на Пн і З нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Берагі на Пн і З сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае, глыбей за 2,5 м дно выслана сапрапелямі. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. каля 60 м, на зах. плёсе расце ахоўны від флоры ў Беларусі — наяда марская. Упадае ручай з воз. Какісіна, выцякае ручай Праскавея ў р. Дзіва.
т. 4, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)