НА́РА,
горад у Японіі, на Пд в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Нара. 354 тыс. ж. (1992). Прам-сць: станкабуд., эл.-тэхн., дрэваапр., харчасмакавая, трыкат., вытв-сць маст. вырабаў, цацак. Ун-т. Горад-музей, турысцкі цэнтр міжнар. значэння. Музеі: Ямата бункакан (мастацтва Японіі і Кітая), мастацкі (яп., кіт., кар. дэкар.-прыкладное мастацтва), Нац. гарадскі і інш. Арх. помнікі: манастырскія комплексы Якусідзі (пабудаваны ў 680, перанесены ў Н. ў 718), Кафукудзі (засн. ў 669, перанесены ў Н. ў 710, перабудаваны ў 12—13 ст.), Тадайдзі (743—752, перабудаваны ў 12, 17 і 18 ст.), Тасёдайдзі (засн. ў 759), Сін-Якусідзі (засн. ў 747) з храмамі і скульптурай. Імператарская скарбніца Сёсаін. Паблізу Н. будыйскі храмавы комплекс Харудзі (607), уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Горад засн. паблізу будыйскіх святынь. У 710—784 сталіца стараж. Японіі, яе гіст. і рэліг. цэнтр. Пасля пераносу ў 784 г. сталіцы ў г. Нагаока, а ў 794 у Хэян (цяпер Кіёта) страціла сваё значэнне. З 19 ст. турыстычны цэнтр. Штогод Н. наведвае каля 3 млн. турыстаў і паломнікаў.
т. 11, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ ДВОР,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Астрына—Радунь. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 32 км на ПнЗ ад г. Шчучын, 55 км ад Гродна, 40 км ад чыг. ст. Ражанка. 659 ж., 267 двароў (2000). Лясніцтва, філіялы Гродзенскага кансервавага з-да і Шчучынскага акц. т-ва «Масласырзавод». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Юр’еўскі касцёл (1749), капліца (1882).
Вядома з 15 ст. З 1720 мястэчка. З 1795 у Рас. імперыі. З 1843 у Лідскім пав. Віленскай губ. У сакавіку 1863 каля Н.Д. царскія войскі разбілі паўстанцкі атрад Лідскага пав. на чале з Л.Нарбутам. У 1897 у мястэчку 822 ж., касцёл (з 1749), 2 малітоўныя дамы, капліца, вадзяны млын, 3 крамы, 2 карчмы. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Шчучынскага пав. Навагрудскага ваяв. У 1937 у.Н.Д. 655 ж., касцёл, царква, паштовае агенцтва, праводзіліся кірмашы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Васілішкаўскага раёна Баранавіцкай вобл. З 20.1.1960 у Шчучынскім р-не (у 1960—61 у Радунскім р-не).
У.В.Мальцаў.
т. 11, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НА (ісп. Puna, на мове кечуа — пустынны),
прыродная вобласць у Паўд. Амерыцы, Перу, Балівіі, Чылі і Аргенціне. Уяўляе сабой высакагорныя пустыні і сухія стэпы на высокаўзнятых пласкагор’ях Цэнтр. Андаў паміж Зах. і Цэнтр. Кардыльерамі. Выш. 3500—4600 м. У рэльефе пераважаюць слабахвалістыя раўніны і плоскія катлавіны, запоўненыя вулканічнымі, абломкавымі і азёрна-ледавіковымі адкладамі. Клімат высакагорна-трапічны з халаднаватым дажджлівым летам і халоднай сухой зімой. Сярэднія т-ры ліст. 5—10 °C, ліп. 2—6 °C. Ападкаў ад 1000 мм за год на Пн, да 100—200 мм на Пд і З. Характэрны рэзкія змены надвор’я і моцныя вятры. П. — вобласць унутранага сцёку (найб. р. Дэсагуадэра). Найб. азёры Тытыкака і Паапо. Развіты саланчакі. Глебы ад высакагорна-стэпавых да чырвона-бурых пустынных, часта саланчаковыя. Расліннасць пераважна ксерафільная, разрэджаная, з дзернавінных злакаў (кавыль, аўсяніца, вейнік і інш.), падушкападобнага хмызняку (льярэта і інш.), асобных кактусаў, салянак, трапляюцца нізкарослыя дрэвы (палілепіс, тола і інш.). Пашавая жывёлагадоўля (развядзенне авечак, мулаў, лам); у бас. азёр Тытыкака і Паапо — пасевы збожжавых, бульбаводства. П. вылучаюць таксама як вышынны ландшафтны пояс Цэнтр. Андаў.
т. 13, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЎНА,
горад, цэнтр Ровенскай вобл. на Украіне, на р. Вусце (бас. р. Прыпяць). Вядомы з 1282. Каля 245 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (высакавольтная электраапаратура, станкі і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні, ВА «Азот»), харч., лёгкая (ільняная). 3 ВНУ, 2 тэатры, музеі: гіст.-краязн., разведчыка М.І.Кузняцова. Успенская царква (18 ст.).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1282 як горад Галіцка-Валынскага княства. З 2-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. Пасля Люблінскай уніі 1569 у складзе Рэчы Паспалітай, пасля 2-га яе падзелу (1793) разам з Правабярэжнай Украінай далучаны да Расіі. З 1793 павятовы горад Валынскай губ. У 1-ю сусв вайну акупіраваны (1918) аўстра-герм., з 1920 — польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польшчы. У 1939 далучаны да УССР, са снеж. 1939 абл. цэнтр. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—44) ням.-фашыстамі, цэнтр рэйхскамісарыята «Украіна». Каля Р. дзейнічалі партыз. атрад Дз.М.Мядзведзева «Пераможцы» і разведчык М.І.Кузняцоў.
т. 13, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДЗЕНСК,
гарадскі пасёлак у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.; чыг. ст. на лініі Мінск—Асіповічы; вузел аўтадарог на Вузляны, Дукору, Праўдзінскі. За 22 км ад Мар’інай Горкі (цэнтр раёна), 41 км ад Мінска. 3 тыс. ж. (2000).
У 19 ст. вёска ў Цітвянскай вол. Ігуменскага пав. З пабудовай у 1873 Лібава-Роменскай чыгункі — станцыя з пасёлкам. У 1888—14 двароў. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Смілавіцкага, з 8.7.1931 — Пухавіцкага, з 12.2.1935 — Рудзенскага, з 6.7.1935 — Смілавіцкага, з 11.2 да 27.9.1938 — Рудзенскага р-наў. З 12.2.1935 да 20.1.1960 цэнтр Рудзенскага раёна (з 6.7.1935 да 11.2.1938 раён быў перайменаваны ў Смілавіцкі). З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 30.6.1941 да 4.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 4750 чал., дзейнічала Рудзенскае патрыятычнае падполле. З 20.1.1960 у Пухавіцкім р-не.
Працуюць з-д пластмасавых вырабаў, лясніцтва, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг; сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 3 б-кі, бальніца, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Радзіма пісьменніка М.Чарота.
т. 13, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ТЭРСТ (Bathurst),
група з 10 буйных і мноства дробных астравоў у цэнтр. ч. Канадскага Арктычнага архіпелага, тэр. Канады. Пл. 18,2 тыс. км². Выш. да 457 м. Пераважаюць арктычныя пустыні.
т. 2, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАКА́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА жалезаруднае,
на Пд Краснаярскага краю Рас. Федэрацыі. Распрацоўваецца з 1867. Кантактнае радовішча (скарны) магнетытавых руд. Разведаныя запасы 160 млн. т з 42,2% жалеза. Цэнтр здабычы — г. Абаза.
т. 1, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ДЫР,
горад у Расіі, цэнтр Чукоцкай аўт. акругі. 14,1 тыс. ж. (1994). Порт на беразе Анадырскага заліва Берынгава м. Харч. прам-сць. У раёне — здабыча золата, вугалю; аленегадоўля, рыбалоўства.
т. 1, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТУ́АН (Butuan),
горад на Філіпінах, на в-ве Мінданао. Адм. ц. прав. Агусандэль-Нортэ. 227,8 тыс. ж. (1990). Порт у вусці р. Агусан (вываз абакі, копры). Аэрапорт. Гандл. Цэнтр.
т. 3, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛУ́РУ,
горад у Індыі, у штаце Тамілнад, на р. Палар. Каля 300 тыс. ж. (1990). Гандлёва-трансп. цэнтр с.-г. раёна (збожжа). Перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Папяровая ф-ка.
т. 4, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)