прарэ́х, а, м.

1. Разадранае ці разрэзанае месца ў адзенні; дзірка. Шырокі прарэх адкрывае грудзіну і жывот. Колас. // Адтуліна, дзірка ў чым‑н. Пакрыўленае гуменца свяціла прарэхамі ў страсе, праз якія відно было, як дрыжэлі зоры на сінім пагодным небе. Пестрак. // перан. Недахоп, недагляд. — Непаладак і прарэхаў у рабоце ў нас яшчэ шмат, — прамовіў .. [Дубовік] з неахвотай. Сіўцоў. [Сакратар:] — Каму-каму, а табе вядома, што пры ўсёй той велізарнай рабоце, якую вядзём у апошнія гады, і пры пэўных поспехах хапае і прарэхаў. Шамякін.

2. Пярэдні разрэз у штанах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыво́лле, ‑я, н.

1. Шырокае адкрытае месца; прастора. [Іван] чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Быкаў. Пасля палявога прыволля кожная рэч ціснула на .. [Льва Раманавіча], ад дарагіх дываноў пахла пылам. Асіпенка. Сядзяць яны [Васіль і Алеся] побач на возе, Размову таемна вядуць, А коні з сяла па дарозе Прыволлем палеткаў брыдуць. Калачынскі. Гарачае сэрца На родным прыволлі, Радзіма, заўсёды Напоўню табой. Іверс.

2. перан. Адсутнасць якіх‑н. абмежаванняў; свабода, воля. [Лабановіч:] — А што? Вось бачыце. Ніякая іншая служба не дае такога прыволля. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскрыча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Разм.

1. Падняць моцны крык. А калі вечарам прыйдуць з работы сын з нявесткай, дык дзеці часамі і раскрычацца, то да маткі, то да бацькі прыстаюць. Колас. — Дзядуля, а чаго .. так раскрычаліся? — спытаў Андрэйка. Ляўданскі.

2. на каго. Пачаць гаварыць павышаным тонам; накінуцца на каго‑н. з крыкам. — Ну, ты, таго, не крыўдуй, што я раскрычаўся так. Галавач. Бацькі нашага тады яшчэ дома не было, ён быў у палоне .., і маці наша раскрычалася на Радчукоў, абзывала іх усякімі брыдкімі словамі... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ўнядзь, ‑і, ж.

Роўнае месца, раўніна. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступае ў нерухлівай постаці і тупой немаце. Колас. // чаго або якая. Роўная паверхня чаго‑н.; гладзь. Белыя чайкі лятаюць высока над стрэхамі хат, а над люстранай роўняддзю азёр планіруюць спрадвечныя сябры гэтых стрэх — буслы... Брыль. Адсюль далёка відаць наваколле: і роўнядзь поля, і асфальтавая стужка дарогі, і горад. Марціновіч. Сонца апускаецца яшчэ ніжэй, і вось за намі, па рачной роўнядзі, пачынае, як хвост, цягнуцца .. люстраная паласа. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпа́ла, ‑ы, ж.

1. Брус, які кладзецца ўпоперак чыгуначнага насыпу як апора пад рэйкі. Пахла мазутам, пагрэтымі за дзень шпаламі, жвірам і нечым асаблівым, станцыйным. Карпаў. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю. Колас. Адноўлены Касцюковіцкі райпрамкамбінат пачаў вырабляць шпалы для Беларускай чыгункі. Лыч.

2. Знак адрознення старшага каманднага саставу ў Савецкай Арміі (да 1943 г.), які меў форму прамавугольніка. Наперадзе ўсіх ішоў высокі чалавек, на пятліцах камандзірскай гімнасцёркі ў яго было па чатыры «шпалы», а на рукаве гарэла пяціканцовая зорка палітработніка. Лупсякоў.

[Ад гал. spalk — падпорка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяпе́рашні, ‑яя, ‑яе.

1. Які існуе цяпер, мае адносіны да сучаснасці. Цяперашнія маркі тэлевізараў. □ [Сухадольскі:] — Папрацавалі нядрэнна. А якія цяжкасці перамаглі! Хіба цяперашнія маладыя ведаюць што-небудзь падобнае? Крапіва. // Які з’яўляецца кім‑, чым‑н., працуе кім‑н. у сучасны момант; такі, які ёсць зараз (у процілегласць таму, што было даўней). Цяперашнія суседзі. □ — А гэта, — Ваўчок кіўнуў на Паходню, — цяперашні парторг эмтээс. Хадкевіч. Прыйшлі аднойчы старшыня сельсавета з сакратаром, а з імі разам Цімох, брыгадзір цяперашні. Адамчык.

2. у знач. наз. цяпе́рашняе, ‑яга, н. Тое, што ёсць, адбываецца зараз, цяпер; падзеі сучаснасці. А мінулае і цяперашняе моцна злучаны паміж сабою. Колас. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі.

•••

Цяперашні час гл. час (у 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гук, а і ‑у, м.

1. ‑у. Ваганні паветра, якія мы ўспрымаем слыхам. Гукаў не было, нават не чулася шолаху траў, які звычайна ўлоўлівае вуха ў такую начную пару ўлетку. Хадкевіч.

2. ‑у. У фізіцы — хістальны рух частак паветра або другога асяроддзя. Скорасць гуку. Тэорыя гуку.

3. ‑у. У музыцы — тон адпаведнай вышыні ў адрозненне ад шуму. Музыкальны гук.

4. а. Найменшы членараздзельны элемент чалавечай мовы. Галосныя гукі. Зычныя гукі.

•••

Камбінаторыка гукаў гл. камбінаторыка.

Ні гукуа) пра глыбокую цішыню. Змоўкла радыё, ні гуку, І голас дыктара заціх. Колас; б) загад маўчаць, не абзывацца. — Здавайся, нас тут многа! І ні гуку! — моцным шэптам загадаў Палікар. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агля́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. аглядацца — агледзецца (у 1–2 знач.), аглянуцца (у 1–2 знач.).

2. Асцярожныя, баязлівыя адносіны ў дзеяннях; асцярога. [Вера:] — У гэтых словах — уся наша Таня, з яе аглядкамі на заўтра. Машара.

•••

Без аглядкі (бегчы, імчацца, дзейнічаць і пад.)а) бегчы вельмі хутка, з усіх сіл, не аглядваючыся. Алесь без вопраткі і босы Бяжыць у снег, праставалосы, За хлеў ён чэша без аглядкі: — А во яны! а во «начаткі»! Колас; б) рабіць што‑н. рашуча, не вагаючыся; в) рабіць што‑н. бесклапотна, не звяртаючы ўвагі ні на што.

З аглядкай — асцярожна, прадбачліва; прыглядаючыся да другіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куры́ць, куру, курыш, курыць; незак., што.

1. а таксама без дап. Удыхаць і выдыхаць дым якога‑н. рэчыва, пераважна тытуню. Ён ведае, што пісаравы папяросы даражэйшыя, хоць распазнаць гэта сваім уласным смакам не можа, бо старшыня не курэц, а курыць толькі пры выкананні старшынскіх абавязкаў для большай саліднасці і важнасці. Колас. / Пра папяросы, люльку і пад. Курыць цыгарку. Курыць люльку. // без дап. Быць курцом, ужываць тытунь для курэння. [Лаўрэн] дастаў сваю вялікую люльку, пачаў набіваць яе самасадам ды такім, што Паўленка, які не курыў, пачаў чхаць. Шамякін.

2. а таксама чым. Спальваць спецыяльныя рэчывы для атрымання пахучага дыму. Курыць ладанам.

•••

Курыць фіміям — лісліва ўсхваляць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нелады́, ‑оў; адз. няма.

Разм.

1. Непаразуменні паміж кім‑н.; сваркі. А ці чулі вы, панічыку, што Курульчука перамяшчаюць ад нас? — Перамяшчаюць? — спытаў Лабановіч. — Чаму ж яго перамяшчаюць? — Нелады ў іх з дарожным майстрам, — растлумачыла старожка. Колас. І пачаліся ў сям’і нелады. Жонкі братоў сварацца, адна адну заядаюць, — рады няма. Такая пайшла між імі калатня, што і мужыкі нічога зрабіць не могуць. Якімовіч.

2. Няўдачы. [Мая:] Доўга штось яго чакаем. Час дамоўлены мінае, Чуе сэрца нелады. [Тамара:] У таемным гэтым краі Недалёка да бяды. А. Александровіч. // Непаладкі. Не лёгка расправіцца з прарывамі, бо не ўсе цэхі механізаваны. У адным цэху нелады, а тармозіцца работа ў іншых цэхах... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)