эканамі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да эканомікі (у 1 знач.), складае, утварае эканоміку. Эканамічны базіс. Эканамічная палітыка. Эканамічныя законы. // Які вызначаецца характарам адносін вытворчасці і размеркавання, выклікаецца гэтымі адносінамі. Эканамічны крызіс. Эканамічнае становішча рабочага класа пры капіталізме.

2. Які мае адносіны да арганізацыі і вядзення эканомікі. Эканамічны раён. Эканамічная нарада.

3. Звязаны з вывучэннем эканомікі (у 1, 3 знач.). Эканамічная геаграфія. // Атрыманы ў выніку рацыянальнага выкарыстання метадаў працы, новых матэрыялаў. Эканамічны эфект. // Матэрыяльны, грашовы; які вызначае чыё‑н. маёмаснае становішча, матэрыяльны дабрабыт. Ясь Ліскоўскі паставіў сабе мэту — ..адчыніць праявы музей. Не апошнюю ролю ў гэтай справе адыгрывалі і меркаванні пэўнай эканамічнай выгады. Колас.

4. Які дае эканомію (у 1 знач.), патрабуе найменшых затрат; выгадны ў гаспадарчых адносінах. Распрацоўваюцца новыя, усё больш дасканалыя і эканамічныя віды рэактараў. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бары́т

(н.-лац. baritium, ад лац. barium = барый, ад гр. barys = цяжкі)

мінерал класа сульфатаў белага або шэрага колеру са шкляным бляскам; выкарыстоўваецца для вырабу бялілаў, эмаляў, а таксама ў папяровай, гумавай вытворчасці і ў медыцыне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ля́мблія

(н.-лац. lamblia, ад рус. В. Лямбль = прозвішча рус. ўрача 19 ст.)

прасцейшае класа жгуцікавых; паразітуе ў кішэчніку млекакормячых (грызуноў), птушак, паўзуноў і земнаводных, у тонкім кішэчніку, жоўцевых пратоках і пузыры чалавека, выклікае страўнікава-кішачныя захворванні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

асэ́сар

(лац. assessor = засядацель)

1) памочнік прэтара ў Стараж. Рыме;

2) судовы засядацель у каралеўскай Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім;

3) чыноўнік восьмага класа ў цэнтральных дзяржаўных установах і пры губернскіх праўленнях царскай Расіі (напр. калежскі а.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рафле́зія

[н.-лац. rafflesia, ад T. Raffles = прозвішча англ. генерала, губернатара Явы (1781—1826)]

трапічная расліна класа двухдольных, якая паразітуе на карэннях і сцёблах іншых раслін у вільготных лясах Паўд-Усх. Азіі, мае кветкі дыяметрам да метра.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Небара́к ’бядак’ (Нас., Грыг., Гарэц., Федар., Яруш., ТСБМ), неборака ’тс’ (Нас., Мядзв., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’чалавек, якога сустракаюць няўдачы’ (Янк. 1), нябара́ка ’бядак, няшчасны чалавек’ (Мал., Сл. ПЗБ), небора́ка ’бядак, гаротнік’ (ТС), памянш. небарачок, небара́чка (Сл. ПЗБ, ТС), укр. не́бір, небара́к, небора́ка ’бядак’, рус. небора́к ’бядак; непаваротлівы чалавек’, польск. nieborak ’чалавек, варты жаласці; бядак’, славац. neborák ’тс’, н.-луж. njaborje ’бядак, бездапаможная істота’, славен. nebȏrec, nebȏre ’бядняк’. Звычайна лічыцца аднаго паходжання з нябога ’няшчасны, абдзелены жыццём і людзьмі чалавек’ (гл.), параўн. рус. небожак (Даль), чэш. nebožák ’бядак’ (Махэк₂, 393; Брукнер, 34; Курашкевіч, JP, 37, 1937, 124), далей да бог, параўн. убогі ’бедны’; r замест ž тлумачаць па-рознаму: славенскія формы зменены пад уплывам ратацызму (ž > r), характэрнага для часткі паўднёваславянскага арэалу (Міклашыч, 16; Бернекер, 1, 67; Бязлай, 1, 34), параўн. серб.-харв. бо̀ра ми замест бо̏га ми (кляцьба); на думку Добрава, апошняе, як і польск. nieborak замест niebożak, — вынік дэфармацыі фанетычнага вобліку слоў з мэтай ахоўнай магіі (прафілактыкі ад уплыву звышнатуральных сіл), параўн. серб.-харв. за бо̀ра замест за бо̀га ’богам прашу’, дзе адсутнічаюць умовы для ратацызму, а таксама бро̏да ми, гло̀га ми замест бо̏га ми (Добраў, CE, 8, 1983, 2, 94). На падставе каш. bora ’сілач’ і ст.-польск. Borek, Boruta (ул. імя) ад *boriti ’змагацца’. Папоўска–Таборска рэканструюе прасл. дыял. *ne‑borę, *ne‑bor‑akъ (ZfSl, 24, 1979, 104; Kaszubszczyzna, Warszawa, 1980, 37; а таксама Шустар-Шэўц, 13, 1006), што па семантычных меркаваннях здаецца менш пераканальным. Паводле Кюнэ (Poln.), беларускае слова запазычана з польскай мовы. Гл. таксама Цвяткоў, Працы класа філалогіі, 1, 1928, 51.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пахо́д 1 ’перамяшчэнне атрада з пэўнымі мэтамі’, ’ваенныя дзеянні’ (ТСБМ, Шат.), ’бойкае месца, дзе ходзяць і ездзяць’ (слаўг., Яшк.), пахады́ ’дарогі, сцежкі’ (гл.). Укр. похід ’шэсце’, ’паходка’, рус. поход ’рух войска’, ’кампанія’, ’ход касяка рыб’, ’лёт пчалы’, ст.-рус. походъ ’вайна’, ’выступленне на вайну’, ’выхад на лоўлю рыбы’, польск. pochód ’паход, марш’, працэсія’, ’рад, ланцуг, смуга’, ’крок’, ’паходня, дошка на плыце’, н.-луж. pochod ’паходжанне, эвалюцыя’, ’марш’, в.-луж. pochod ’марш’, чэш., славац. pochod ’тс’, ’паходны рух’, ’шэсце’, ’працэс’, славен. pohòd ’марш’, ’адведзіны, візіт’, серб.-харв. по̀ход ’тс’, ’ад’езд, выезд, выхад’, макед., балг. по́ход. Прасл. poxodъ ’апраўленне, выхад, выезд’ < poxoditi. Да па‑ < прасл. po‑ (са значэннем пачатку дзеяння) і хадзі́ць (гл.). На бел. тэрыторыі па‑ набыло значэнне ’паступовае запаўненне пэўнай плошчы дзеяннем’.

Пахо́д 2 ’невялікі лішак (у вадзе, суме, ва ўзросце)’, тураў. похо́д ’тс’ (ТСБМ, Яруш., Шат., ТС). Укр., рус. поход ’тс’. Усходнеславянскае. Да паходзіць ’выходзіць з чаго-небудзь’ > ’выходзіць з лішкам’. Іншае развіццё значэння ’выходзіць з чаго-небудзь, аднекуль’, параўн. у бел. паходзіць ’мець падабенства, быць родам адкуль-небудзь’ (Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), похо́дзіць ’тс’ > похо́джы ’падобны’ (ТС), ’належаць паводле нараджэння да якога-небудзь класа, нацыі’, ’узнікаць, утварацца’ (ТСБМ). Да першага значэння паходзіць ’выходзіць з чаго-небудзь’ і суадноснага з ім паход ’лішак’ можна прывесці паралель з літ. pértekėti ’працякаць’, ’перацячы, пераліцца’, pértekti ’мець у дастатку, удосталь’ і per̃teklius ’лішак’, у той час як літ. atliekà, ãtliekas, atlaikà, liẽkana ’лішак’ суадносяцца з lìkti ’заставацца, пакідаць’, якое (як і бел. лі́шак < прасл. lixъ) узыходзіць да і.-е. *leik​u̯‑so‑ ’пакідаць’ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 91).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вівіяні́т

(англ. vivianite, ад J. Vivian = прозвішча англ. мінералога 19 ст.)

мінерал класа фасфатаў, водны фасфат двухвалентнага жалеза блакітнага або сіняга колеру, які сустракаецца часцей за ўсё ў тарфяніках; выкарыстоўваецца як мінеральны пігмент (сіняя фарба) і мясцовае ўгнаенне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

філасо́фія, ‑і, ж.

1. Навука аб найбольш агульных законах развіцця прыроды, грамадства і мыслення. Бурныя рэвалюцыйныя падзеі 1905 года.. выразна акрэслілі пазіцыю кожнага класа ў палітыцы, у філасофіі, у мастацтве. Ярош. Зажылі мы ўдвух у тым цудоўным пакойчыку, дзе было ўсё, што трэба культурнаму чалавеку: кнігі па філасофіі і вышэйшай матэматыцы, разборныя гантэлі, пра[йгравальнік]. Радкевіч. // Чыё‑н. філасофскае вучэнне. Філасофія К. Маркса. □ Марксісцка-ленінская філасофія дазваляе мастаку пранікаць у самыя глыбокія заканамернасці рэчаіснасці. Адамовіч.

2. Метадалагічныя прынцыпы, што ляжаць у аснове якой‑н. навукі, галіны ведаў. Філасофія права. Філасофія гісторыі.

3. Погляды, перакананне канцэпцыя. «Вайна. Што зробіш. Па вайне няма вінаватых». Гэтай філасофіі.. [Дымар] прытрымліваўся ў разважаннях на многія тэмы, звязаныя з вайной. Шамякін.

4. Разм. іран. Абстрактныя, пустыя разважанні. Прырода — гэта... — Мікіта распачынаў сваю філасофію на некалькі дзён. Пташнікаў. Там, на заводзе, філасофіі не разводзяць, а займаюцца несупыннай працай. Бядуля.

[Грэч. philosophia ад philéō — люблю і sophia — мудрасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кіна́зы

(ад гр. kineo = рухаю)

1) ферменты класа трансферазаў, якія каталізуюць перанос фасфатных лішкаў з адэназінтрыфосфарнай кіслаты на розныя субстраты (бялкі, вугляводы і інш.) у клетках і тканках арганізма;

2) ферменты, якія садзейнічаюць ператварэнню неактыўнай формы ферменту на актыўную.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)