іму́нны

(лац. immunis = свабодны ад чаго-н., некрануты)

1) абаронны, ахоўны (напр. і-ая сываратка);

2) неўспрымальны да яду, да заражэння чым-н. (і-ая ўласцівасць арганізма).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

атрафі́я

(гр. atrophia = завяданне)

1) страта жыццяздольнасці якога-н. органа, часткі арганізма;

2) перан. прытупленне, аслабленне якой-н. уласцівасці, якасці, здольнасці (напр. а. дапытлівасці ў хворага дзіцяці).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гіпатэрмі́я

(ад гіпа- + -тэрмія)

паніжэнне тэмпературы цела чалавека або цеплакроўных жывёл за яе фізіялагічныя граніцы; штучнае ахаладжэнне арганізма або асобных яго частак з лячэбнай мэтай (параўн. гіпертэрмія).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гістыяцы́ты

(ад гр. histos = тканка + -цыты)

клеткі злучальнай тканкі ў пазваночных жывёл і чалавека, якія выконваюць абарончую функцыю ў арганізме, ператвараючыся пры запаленчай рэакцыі арганізма ў макрафагі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рэцыпіе́нт

(лац. recipiens, -ntis = які атрымлівае, прымае)

1) хворы, якому пераліваюць кроў, перасаджваюць орган, тканкі, клеткі іншага арганізма;

2) хімічная пасудзіна, якая з’яўляецца прымальнікам вадкасці або газу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

адапта́цыя

(лац. adaptatio = прыстасаванне)

1) прыстасаванне арганізма, органаў пачуццяў да змен у навакольным асяроддзі, напр. прызвычаенне вачэй да цемнаты;

2) спрашчэнне тэксту, часцей за ўсё іншамоўнага, для малападрыхтаваных чытачоў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

АПЛАДНЕ́ННЕ, сінгамія,

працэс зліцця мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет); аснова палавога размнажэння ў раслін, жывёл і чалавека. У выніку апладнення ўтвараецца зігота, якая дае пачатак новаму арганізму. Пры гэтым аднаўляецца дыплоідны набор храмасом, характэрны для саматычных клетак арганізма, і забяспечваецца перадача спадчынных прыкмет ад бацькоў да нашчадкаў.

Адрозніваюць апладненне вонкавае, калі палавыя клеткі зліваюцца па-за арганізмам, і ўнутранае, якое адбываецца ўнутры палавых органаў індывіда (перакрыжаванае апладненне і самаапладненне). У жывёл і чалавека апладненню папярэднічае асемяненне. У жывёл з унутраным апладненнем (пераважна наземныя жывёлы) ёсць спец. прыдаткавыя палавыя органы для пераносу спермы з цела самцоў у цела самак. У большасці жывёл, што жывуць у вадзе (ігласкурыя, малюскі, некаторыя рыбы і земнаводныя), назіраецца вонкавае апладненне: у навакольным асяроддзі адкладаюцца яйцаклеткі і сперма, дзе і зліваюцца. У шэрагу раслін (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці) тыповы палавы працэс, у т. л. апладненне, адсутнічае. У ніжэйшых раслін назіраюцца розныя віды палавога працэсу: ізагамія, анізагамія, аагамія, кан’югацыя і інш. Вышэйшым раслінам уласціва аагамія. У голанасенных і пакрытанасенных раслін апладненню папярэднічае апыленне. У пакрытанасенных ажыццяўляецца т.зв. двайное апладненне.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭ́СТ (Crossularia),

род кустовых раслін сям. агрэставых. Больш за 50 відаў, пашыраных у Паўн. Амерыцы, Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі культывуецца агрэст адхілены (G. reclinata). Каля 10 відаў інтрадукаваны Цэнтр. бат. садам АН Беларусі як ягадныя і дэкар. расліны.

Агрэст адхілены вядомы з 11 ст. Родапачынальнік большасці культурных сартоў. Выш. кустоў 60—120 см. Цвіце ў 1-й пал. Мая. Плады — несапраўдныя ягады, голыя або апушаныя, белыя, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя, пурпурныя. Маюць цукру 5—12%, арган. к-т 1—2%, пекцінавыя рэчывы, вітамін С, карацін. Пладаносны пачынае на 3-і год. Размнажаецца насеннем, чаранкамі, атожылкамі. Лепш расце на дастаткова вільготных угноеных сугліністых глебах. Ураджайнасць 10—15 т/га. Сарты, пашыраныя на Беларусі: Яравы, Куршу дзінтарс, Беларускі, Малахіт, Шчодры. Ягады спажываюцца свежыя і перапрацаваныя (джэм, варэнне, мармелад, сок). Агрэст мае радыепратэктарныя ўласцівасці (садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне. Асн. шкоднікі: пільшчыкі, агрэставы пядзенік: хваробы: сфератэка, іржа, антракноз, септарыёз.

Літ.:

Бурмистров А.Д. Ягодные культуры. 2 изд. Л., 1985;

Сергеева К.Д. Крыжовник. М., 1989.

Агрэст адхілены.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАМА́ЛІЯ (грэч. anōmalia),

1) адхіленне ад нормы, ад агульнай заканамернасці, ненармальнасць.

2) У біялогіі і медыцыне — адхіленне ў будове ці функцыях асобнага органа або ўсяго арганізма, абумоўленае парушэннямі яго эмбрыянальнага развіцця. Могуць быць звязаны з ускладненай спадчыннасцю, пашкоджаннем зародка пад уплывам мех., інфекц., таксікагенных, радыяцыйных і інш. фактараў. Напр., шасціпальцасць, парок сэрца, заечая губа, альбінізм, гемафілія. Крайняя форма анамаліі — пачварнасць.

3) У метэаралогіі — адхіленне велічыні пэўнага метэаралагічнага элемента ў пэўным месцы ад нормы. Адрозніваюць адхіленне ад шматгадовай сярэдняй велічыні (напр., сярэдняй т-ры месяца за асобны год) і шматгадовай сярэдняй велічыні таго ж элемента для ўсяго шыротнага круга, дзе знаходзіцца гэтае месца (напр., для 55° паўн. ш.). Размеркаванне анамаліі вывучаецца з дапамогай картаў ізанамал (лініі, што злучаюць пункты з аднолькавымі велічынямі). Анамаліі бываюць адмоўныя, калі велічыня меншая за сярэднюю шматгадовую, і дадатныя, калі велічыня большая. На Беларусі (Мінск) адмоўная анамалія сярэднямесячнай т-ры паветра 6,3 °C, дадатная 5,5 °C. Асабліва вял. тэмпературныя анамаліі ўласцівы мацерыкам Паўн. паўшар’я (напр., зімой у Верхаянску адмоўная анамалія складае 26 °C, у Паўн. Амерыцы — 16 °C).

т. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ННЫ лекавыя,

фізіятэрапеўтычная працэдура, калі на цела ці частку цела хворага ўздзейнічаюць пэўным асяроддзем з лек. ўласцівасцямі. Гал. лек. фактары ванн: тэмпературнае, мех. і хім. ўздзеянне на арганізм. Вядомы з даўніх часоў. Выкарыстоўваюць на курортах, у водагразелячэбніцах, спец. аддзяленнях паліклінічных і бальнічных устаноў. Хваробы, пры якіх назначаюцца ванны, разнастайныя: функцыянальныя, арган., траўматычныя і інш. расстройствы і пашкоджанні арганізма. Выбар лек. асяроддзя ажыццяўляецца ўрачом; самастойна карыстаюцца ваннамі марскімі, сонечнымі (гл. ў арт. Загар, Сонцалячэнне), паветр. (гл. ў арт. Аэратэрапія), пясочнымі (выграванне ў пяску, псаматэрапія на пляжах). Асаблівае значэнне маюць ванны мінеральныя і гразевыя (пелоідныя). Для мінеральных выкарыстоўваюцца прыродныя, у т. л. субтэрмальныя і тэрмальныя, ці штучна прыгатаваныя мінеральныя воды, найчасцей сульфідныя, хларыдна-натрыевыя, ёдабромныя, радонавыя, якія могуць дадаткова насычацца газамі (вуглякіслыя, кіслародныя, азотныя, жамчужныя ванны) або араматычнымі і інш. рэчывамі (хвойныя, гарчычныя, шкіпінарныя, шалфейныя, крухмальныя ванны). Для гразевых ванн (агульных ці ў выглядзе аплікацый) выкарыстоўваюць прыродныя і штучна прыгатаваныя лек. гразі (тарфяныя, сапрапелевыя, вулканічныя, гліністыя і інш.). Вывучэннем мед. аспектаў выкарыстання ванн займаюцца бальнеалогія, кліматалогія, фізіятэрапія.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)