І́МІДЖ (англ. image літар. вобраз),
1) знешні вобраз, які ствараецца суб’ектам з мэтай выклікаць пэўнае ўражанне, меркаванне, адносіны ў іншых.
2) Сукупнасць уласцівасцей, што прыпісваюцца суб’екту прапагандай, рэкламай, прымхамі, традыцыямі і да т.п. з мэтай выклікаць да яго пэўныя адносіны. І. ўсё больш становіцца першаступеннай праблемай паліт. практыкі.
т. 7, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЭ́НСАР (ад лац. condénso згушчаю, ушчыльняю),
аптычная сістэма, якая збірае прамяні ад крыніцы святла і накіроўвае іх на аб’ект, што разглядаецца ці праецыруецца з дапамогай аптычных прылад. Складаецца з лінзаў, люстэркаў ці іх камбінацыі. Выкарыстоўваецца для асвятлення прэпаратаў у мікраскопах, дыяпазітываў у праекцыйных апаратах, фотаплёнак у фотапавелічальніках і інш.
т. 7, с. 582
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕ́НІІ (грэч. xenia гасціннасць ад xenos госць, чужы),
уплыў пылку вышэйшых кветкавых раслін на адзнакі эднасперму расліны, што апыляецца. Залежыць ад падвойнага апладнення. У выніку насенне або плады адрозніваюцца ад інш. насення ці пладоў той жа расліны афарбоўкай, велічынёй, формай (напр., наяўнасць зерня рознай афарбоўкі ў адным катаху кукурузы).
т. 8, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАІ́МЫ,
1) паслядоўнікі секты іудаізму (узнікла ў 8 ст.), што жывуць пераважна ў Ізраілі і прызнаюць свяшчэннай кнігай толькі Стары запавет.
2) К. (саманазва карайлар) — народ на Украіне (у асноўным у Крыме) і ў Літве. 2,6 тыс. чал. (1989). Невял. групы жывуць таксама ў Польшчы. Гавораць на караімскай мове.
т. 8, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАНЦІ́ННЫЯ ХВАРО́БЫ, канвенцыйныя хваробы (ад лац. conventio дагавор, пагадненне),
інфекцыйныя хваробы, што характарызуюцца вял. заразлівасцю і высокай смяротнасцю і ў адносінах да якіх выкарыстоўваюцца дзеянні Міжнар. каранціну ці міжнар. сан. канвенцый. Да К.х. адносяцца: воспа натуральная, жоўтая ліхаманка, халера, чума (да 1979). Гл. таксама Санітарная ахова, Санітарная ахова граніц.
т. 8, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОДАМІНА́НТНАСЦЬ [ад лац. со (cum) з, разам + дамінантнасць],
удзел абодвух алеляў генаў у вызначэнні адзнакі ў гетэразіготнай асобіны; прыватны выпадак дамінантнасці. Прадукты, што сінтэзуюцца пад кантролем абодвух алеляў здольны незалежна ўплываць на выяўленне адзнакі або ўзаемадзейнічаць паміж сабой (напр., узаемадзеянне алеляў пры вызначэнні групы крыві ў чалавека і жывёл).
т. 8, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАДО́ЛАРЫ (англ. Eurodollar),
грашовыя сродкі ў доларах ЗША, размешчаныя іх уладальнікамі за межамі ЗША, пераважна ў еўрап. банках. Банкаўскія рахункі ў доларах даюць магчымасць банкам, у якіх гэтыя рахункі адкрыты, выкарыстоўваць доларавыя грошы для аперацый на міжнар. рынку пазыкавых капіталаў, таму што долар прызнаны ў якасці сусв. валюты.
т. 6, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГІ́МНІЯ, Палімнія,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з 9 муз. Лічылася дачкой Зеўса і Мнемасіны. П. — муза сур’ёзнай гімнічнай паэзіі, ёй прыпісвалі вынаходніцтва ліры. Імя П. паказвае на тое, што паэты — стваральнікі гімнаў набывалі бессмяротную славу. Стараж. скульптары і мастакі паказвалі П. ў задуменнай позе і са скруткам у руках.
т. 11, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУПА́ЛЬНЫ РУХ,
рух цвёрдага цела, пры якім прамая, што злучае любыя 2 пункты, перамяшчаецца паралельна самой сабе. Пры П.р. ўсе пункты цвёрдага цела апісваюць аднолькавыя траекторыі і маюць у кожны момант часу аднолькавыя па модулі і напрамку скорасці і паскарэнні. Вывучэнне П.р. цела зводзіцца да задачы кінематыкі пункта.
т. 12, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЫФІКАВА́ННЕ металаў,
увядзенне ў расплавы металаў (сплаваў) невялікай колькасці (звычайна не больш за дзесятыя долі працэнта) спец. рэчываў — мадыфікатараў. Садзейнічае здрабненню структурных часцінак, якія ўтвараюцца ў працэсе крышталізацыі расплаву, іх раўнамернаму размеркаванню ў злітку, што паляпшае мех. ўласцівасці металаў. Выкарыстоўваюць пры вытв-сці высокатрывалага чыгуну і алюмініевых сплаваў.
т. 9, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)