АЛЫШУ́ЛЕР Сямён Аляксандравіч (24.9.1911, г. Віцебск — 1983),

савецкі фізік. Чл.-кар. АН СССР (1976). Скончыў Казанскі ун-т (1932), дзе працаваў з 1935 (з 1955 праф.). Навук. працы па радыёспектраскапіі і парамагнетызме. У 1934 сумесна з І.Я.Тамам выказаў ідэю аб існаванні ў нейтрона магн. моманту і дакладна вызначыў яго знак і велічыню. Прадказаў і даў тэорыю акустычнага парамагн. рэзанансу (1952). Прапанаваў метад атрымання звышнізкіх тэмператур, заснаваны на адыябатычным размагнічванні ядз. спінаў.

Тв.:

Электронный парамагнитный резонанс соединений элементов промежуточных групп. 2 изд. М., 1972 (разам з Б.​М.​Козыравым).

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКАЛО́ГІІ І МЕДЫЦЫ́НСКАЙ РАДЫЯЛО́ГІІ НДІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1960 у Мінску на базе Рэсп. анкалагічнага дыспансера (з 1934) і анкалагічных аддзяленняў 1-й клінічнай бальніцы Мінска. З 1965 у пас. Лясны Мінскага р-на. Галаўны навук., лячэбна-кансультацыйны і арганізац.-метадычны цэнтр па праблемах анкалогіі і мед. радыялогіі. Асн. кірункі даследаванняў: эпідэміял. і лабараторны кантроль злаякасных новаўтварэнняў, распрацоўка і ўдасканаленне метадаў дыягностыкі і лячэння рака з выкарыстаннем хіміягармонатэрапіі, прамянёвай тэрапіі, мадыфікавальных уздзеянняў; мед. рэабілітацыя анкалагічных хворых. Аспірантура з 1962. Выдае зб. «Актуальныя праблемы анкалогіі і медыцынскай радыялогіі».

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЛЬ (Borel) Эміль (7.1.1871, Сент-Афрык, дэп. Аверон, Францыя — 3.2.1956),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (1921), чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Вышэйшую Нармальную школу ў Парыжы (1891). З 1893 у Лільскім ун-це, з 1897 праф. Парыжскага ун-та і Вышэйшай Нармальнай школы. Адзін з арганізатараў і дырэктар (з 1928) ін-та імя А.​Пуанкарэ. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі функцый, матэм. фізіцы і тэорыі імавернасцяў.

Тв.:

Рус. пер. — Пространство и время. М., [1924];

Основные идеи алгебры и анализа. М.; Л., 1927;

Вероятность и достоверность. М., 1974.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШТАВО́Й Віктар Рыгоравіч (н. 4.5.1946, в. Мяжырычы Лебядзінскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р фізіка-матэм. н. (1986), праф. (1987). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі, з 1980 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па кіраванні працэсамі энергапераносу ў магнітных вадкасцях з выкарыстаннем магнітных палёў. Распрацаваў тэорыю паверхнева-канвекцыйных і хвалевых з’яў у магн. вадкасцях.

Тв.:

Введение в термомеханику магнитных жидкостей. М., 1985 (разам з Б.​М.​Бяркоўскім, А.​Н.​Вісловічам).

т. 2, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры ракако. Пабудавана ў 1768 у в. Вольна (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) як уніяцкі касцёл базыльян, з 1895 правасл. царква. Мураваная 3-нефавая, 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай, бакавымі сакрысціямі і трансептам. Гал. фасад вырашаны хвалістай плоскасцю сцяны, завершанай тонка прафіляваным карнізам, па вуглах і цэнтры ўмацавана ступеньчатымі контрфорсамі, крапавана тонкімі пілястрамі, лучковымі нішамі. У цэнтры размешчаны ляпны картуш з лісця аканту, з каронай і воінскай атрыбутыкай. У арх. дэкоры — плоскія нішы, валюты, вазы, вытанчаныя капітэлі.

А.​М.​Кулагін.

Вольнаўская Троіцкая царква.

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЮРЦ (Wurtz) Шарль Адольф (26.11.1817, г. Страсбур, Францыя — 12.5.1884),

французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сінт. кірунку ў арган. хіміі. Чл. Парыжскай (1867), замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1873) АН. Скончыў Страсбурскі ун-т (1839). З 1844 у Вышэйшай мед. школе ў Парыжы (з 1853 праф.), з 1875 у Парыжскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Распрацаваў метад сінтэзу парафінавых вуглевадародаў уздзеяннем метал. натрыю на алкілгалагеніды (рэакцыя Вюрца, 1855), адкрыў альдольную кандэнсацыю (1872). Яго імем названы мінерал вюрцыт.

Літ.:

Мусабеков Ю.С. Шарль Адольф Вюрц. М., 1963.

т. 4, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУЧО́НАК Любоў Георгіеўна (1921, в. Берлеж Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 22.5.1943),

адзін з арганізатараў камсамольска-маладзёжнага падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Напярэдадні вайны вучылася ў Мінскім пед. ін-це. Працавала настаўніцай. З ліп. 1942 упаўнаважаная ЦК ЛКСМБ па Мінскім р-не, з вер. чл. Мінскіх падп. міжрайкома і райкома ЛКСМБ. 22.5.1943 з групай партызан трапіла ў засаду ў в. Плябанцы Мінскага р-на, была паранена, загінула, прыкрываючы адыход таварышаў. У г. Мар’іна Горка Мінскай вобл. ёй пастаўлены помнік.

т. 4, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МАЎ (Gamow) Джордж (Георгій Антонавіч; 4.3.1904, г. Адэса, Украіна — 20.8.1968),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН (1953). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). З 1928 працаваў у Гётынгене, Капенгагене, Кембрыджы, з 1931 у Ленінградскім фізіка-тэхн. ін-це. З 1934 у ЗША; праф. ун-та Дж.​Вашынгтона, з 1956 — ун-та штата Каларада. Навук. працы па квантавай механіцы, атамнай і ядз. фізіцы, касмалогіі, біялогіі і гісторыі фізікі. Распрацаваў тэорыю альфа-распаду. Выказаў гіпотэзу пра гарачы Сусвет (1946), прапанаваў тэорыю ўтварэння хім. элементаў і першую мадэль генетычнага кода.

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МАГК (Domagk) Герхард (30.10.1895, Лагаў, каля г. Штэрнберг, Германія — 24.4.1964),

нямецкі патолаг і мікрабіёлаг. Скончыў Кільскі ун-т (1921) і працаваў у ім. З 1924 у Ін-це паталогіі ў Грайфсвальдзе, з 1925 у Мюнстэрскім ун-це (з 1928 праф.). Адначасова з 1927 дырэктар лабараторыі канцэрна «І.​Г.​Фарбэніндустры» у г. Вуперталь. Навук. працы па хіміятэрапіі бактэрыяльных інфекцый. Распрацаваў першы эфектыўны прэпарат для лячэння ганарэі (1934), новыя прэпараты для хіміятэрапіі туберкулёзу і пухлін. Абгрунтаваў антыбактэрыяльнае ўздзеянне і ўвёў у лячэбную практыку сульфаніламідныя прэпараты. Нобелеўская прэмія 1939.

Г.Домагк.

т. 6, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́МЛІНЫ (англ. drumlin, адз.л.),

прадаўгавата-авальныя ўзгоркі, выцягнутыя па падоўжнай восі ў напрамку руху б. ледавіка. Даўж. ад некалькіх соцень метраў да 2—3 км, шыр. ад 100 да 400 м, выш. ад 5 да 45 м. Складзены пераважна з асн. марэны, часта маюць ядро з флювіягляцыяльных пяскоў ці карэнных парод. Паходжанне Д. найчасцей звязваюць з працэсамі падлёднай акумуляцыі і ледавіковай эрозіі. Месцамі Д. ўтвараюць т.зв. друмлінавыя палі, у самым вял. з іх (штат Нью-Йорк, ЗША) каля 10 тыс. Д. На Беларусі Д. трапляюцца ў Паазер’і.

т. 6, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)