зня́цца, знімуся, знімешся, знімецца; зак.

1. Пакінуць якое‑н. месца, адпраўляючыся ў дарогу. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з гэтага фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Колас. Раніцаю тавар зняўся з месца. Лупсякоў.

2. Вызваліцца ад чаго‑н. і набыць магчымасць рухацца (пра судна). Зняцца з якара. Зняцца з мелі.

3. Сцягнуцца, ссунуцца (пра адзенне, абутак). Боты лёгка зняліся.

4. Аддзяліцца, злезці з якой-небудзь паверхні. Грым лёгка зняўся. Кара знялася з дрэва.

5. Саскочыць з чаго‑н. (пра што‑н. навешанае). Дзверы зняліся з завесаў.

6. Сфатаграфавацца. Дэлегаты зняліся каля турэмнай сцяны. Галавач. // Прыняць удзел у кіназдымцы, выканаўшы якую‑н. ролю. Зняцца ў кінафільме.

•••

Зняцца з уліку — перастаць быць на ўліку дзе‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

курта́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З кароткім хвастом (пра жывёл). Так і здавалася, што тут ад шуму нашай машыны падымуцца і закружаць імклівыя куртатыя качкі. Скрыган.

2. Недастатковага росту; малы, кароткі. У натоўпе, што імгненна радзеў, Міхась заўважыў куртатага няўклюднага чалавека і вельмі ўзрадаваўся. Асіпенка. Хвойнік на балоце расце на купінах. Ён там куртаты, нізкі і напалову сухі. Галавач. / Пра пальцы. Калі Дарошка прыкурвае, я заўважаю, што вялікі палец на яго правай руцэ нейкі куртаты. Шынклер.

3. Кароткі, цесны (пра адзенне). Куртаты пінжак.

4. перан. Іран. Абмежаваны, няпоўны. Руху ўперад няма і ў жартах А. Паўловіча: куды ні зірні — усё той жа куртаты змест, гумар [якога] зусім знікае ў надзвычайна расцягнутых вершах. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каро́ва, ‑ы, ж.

1. Буйная свойская жывёліна, якая дае малако; самка быка. Малочная карова. Дойная карова. □ Прама перада мною каля маладой сасны.. скубла траву чорная карова з белымі плямамі. В. Вольскі. Выгадавалася з лысенькай цялушачкі слаўная карова. Якімовіч. // Самка некаторых народ буйной рагатай жывёлы (лася, аленя, зубра). Найчасцей сустрэне [Алежка] там ласёў, цэлую іх сям’ю: самца ў гордай кароне рагоў, карову з цялушкай — пасуцца ў драбналессі. Вышынскі.

2. Разм. зневаж. Пра тоўстага, нязграбнага чалавека (звычайна пра жанчыну). — А ну, варушыся, карова! Лынькоў.

•••

Марская карова — вымерлае воднае млекакормячае атрада сірэн.

Дойная каровапра крыніцу матэрыяльных даброт, якой можна несумленна карыстацца ў асабістых мэтах.

Як карова языком злізала каго-што — хутка і бясследна знік, як і не было.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́ршчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; незак.

1. Збірацца ў маршчыны (пра скуру, часткі твару). Велікаваты тонкі нос моршчыўся, і ад таго выразней выступалі баразёнкі зморшчын ля вачэй. Асіпенка. Каравая моршчыцца скура, Аброс [лясун] цёмным мохам, як пень. Багдановіч.

2. Моршчыць твар (ад болю, незадаволенасці і пад.). Вадэйка ўздрыгвае ўсім сваім вялікім целам, пакутліва моршчыцца. Навуменка. Бацька, скурчыўшыся, ляжаў у прымятым аеры ля раўка і моршчыўся ад болю. Бажко.

3. перан. Пакрывацца маршчынамі, рабізной (пра паверхню вады). Ад ветру з прысвістам шумелі голыя кусты, у затоках і невялікіх сажалках моршчылася цёмна-сіняя вада. Дуброўскі. Рачулкі моршчыліся ў пене. Бядуля. // Рабіцца няроўным, пакрывацца складкамі (пра адзежу, рэчы). Малатабоец Міша Чэчат глядзіць, .. як моршчыцца і сапе на ўсё нутро куртаты скураны мех. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пла́каць, плачу, плачаш, плача; незак.

1. Праліваць слёзы ад болю, гора і пад. [Зося] ўвайшла ў хату з цвёрдаю думкаю.. больш ніколі не плакаць ад крыўды. Чорны. // Бедаваць, шкадаваць, тужыць. [Фрэйда:] — Дарагі брат, дарэмна ты плачаш пра маё адзіноцтва. Наш калгас цяпер адна вялікая сям’я. Бядуля.

2. перан. Усхліпваць, завываць, скуголіць (пра вецер, буру і пад.). Галінка рабіны ўсю ноч біла ў шыбу, у коміне плакаў вецер, грукала непрывязаная аканіца. Навуменка. Навальніца плача стомлена, сціхнуць, змоўкнуць галасы. Дубоўка.

3. перан. Разм. Пакрывацца кроплямі вільгаці, пацець (пра шкло). Вокны плакалі, дождж сек па шыбах з мяккім шапатлівым шумам, хмары чарнелі. Хомчанка.

•••

Асіна плача па кім гл. асіна.

Вяроўка плача па кім гл. вяроўка.

Плакаць наўзрыд — плакаць усхліпваючы, сутаргава (пераважна моцна, уголас).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саро́ка, ‑і, ДМ ‑роцы, ж.

1. Птушка сямейства крумкачовых з доўгім хвастом і чорным з белым апярэннем. Было ядрана і ціха, толькі недзе ў алешніку сакаталі сарокі — масціліся, мабыць, на ноч. Капыловіч. З вербалозаў пух цягала [чачотка], Не спускала вока, Каб гняздо не абакрала Хітрая сарока. Хведаровіч.

2. перан. Пра балбатлівага, шумнага чалавека. Валодзя нічога не ведаў і пачуў аб гэтым упершыню, але яму не хацелася паказваць, што ён даведаўся пра такую важную навіну пазней за дзяўчынак. І так гэтыя сарокі заўжды ва ўсім наперадзе. Шамякін.

•••

Сарока на хвасце прынесла (жарт., іран.) — пра навіну, весткі, атрыманыя невядома адкуль.

Сарока хвастом замяце — вельмі мала.

Як сарока на калу — круціцца, неспакойна сядзець на сваім месцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́яцца, сеецца; незак.

1. Ісці, падаць (пра дробны снег, дождж). Асенні дождж, нібы праз рэшата, сеяўся па гразкай вуліцы. Лынькоў. Бралася на зіму. Сеяўся мокры снег. Новікаў. // Рассявацца, ападаць (пра змрок). Паміж дрэў ужо сеяўся і астойваўся вячэрні змрок. Паслядовіч.

2. Разм. Сыпацца (пра што‑н. сыпкае, дробнае). Зерне сеецца і сеецца з мяшка. □ Ціха сеецца пясок. І не трэба ўжо шоргаць у адтуліне трэскай. Ваданосаў.

3. Разм. Засявацца стыхійна. Высякалі бярэзнік і ніцую лазу, што сеяліся і раслі тут на балоце разам з травой рабінкай. Пташнікаў. [Мак] цвіце вельмі прыгожымі кветкамі, каб прывабіць сяго-таго, а то і сам сеецца. Сачанка.

4. Зал. да сеяць (у 1, 2, 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцягну́цца, сцягнуся, сцягнешся, сцягнецца; зак.

1. Туга зацягнуць сябе чым‑н. Сцягнуцца поясам.

2. Злучыцца, самкнуцца канцамі, краямі. Кальцо войскаў сцягнулася наўкол горада.

3. Сабрацца, сканцэнтравацца ў адным месцы (пра вялікую колькасць каго‑, чаго‑н.). Войскі сцягнуліся да пераправы.

4. Разм. Спусціцца, перамясціцца марудна, з цяжкасцю. Так цёпла цэлы дзень было, Што дзед — і той сцягнуўся з печы. Багдановіч.

5. Разм. Пайсці куды‑н., сысці адкуль‑н. Сцягнуўся недзе на цэлы дзень.

6. З цяжкасцю быць знятым (пра што‑н. з адзення, абутку). Бот нарэшце сцягнуўся.

7. Разм. Прайсці марудна; здоўжыцца (пра час, дарогу). Сцягнулася дарога ў тры кіламетры — такім гарэў нецярпеннем, хоць усведамляў, што .. [Антанюк і Будыкаў] могуць сапсаваць адзін аднаму настрой. Шамякін. У чаканні трывожным сцягнулася кароткая летняя ноч. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́казацца, -кажуся, -кажашся, -кажацца; -кажыся; зак.

1. Выказаць сваю думку пра што-н.

Сусветная грамадскасць выказалася супраць вайны.

В. па дакладзе.

В. за рэзалюцыю.

2. Закончыць выказванне, выказаць усё, выгаварыцца.

Дайце жанчыне в.

3. Сказаць, у тых ці іншых словах перадаць сваю думку.

В. дакладна і коратка.

|| незак. выка́звацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адпаве́дна.

1. прысл. Належным чынам, як таго патрабуе дадзены выпадак.

Даведайся пра пастанову і дзейнічай адпаведна.

2. чаму і з чым, прыназ. з Д і Т. Згодна чаму-н., з чым-н., у залежнасці ад чаго-н.

Адпаведна сродкам.

Адпаведна закону.

Адпаведна з рашэннем.

|| наз. адпаве́днасць, -і, ж. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)