КААРДЫНА́ЦЫЯ (ад лац. co сумесна, разам + ordinatio упарадкаванне) у фізіялогіі. узгадненне дзейнасці розных органаў і сістэм арганізма, абумоўленае спалучэннем працэсаў узбуджэння і тармажэння ў цэнтральнай нервовай сістэме. Напр., пры згінанні канечнасці. ўзбуджэнне нерв. клетак, якія пасылаюць імпульсы да мышцаў-згінальнікаў, выклікае адначасова тармажэнне клетак, звязаных з мышцамі-разгінальнікамі. Расслабленне разгінальнікаў палягчае згінанне канечнасці. Безумоўнарэфлекторная К. ажыццяўляецца на ўзроўні спіннога мозга (простыя рэфлексы — згінальны, чухальны і інш.). Умоўнарэфлекторная К. злучае амаль усе аддзелы галаўнога мозга і сістэмы арганізма (сардэчную, мышачную, крывяносную і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦА (Krynica),
бальнеалагічны і кліматычны курорт у Польшчы. На ПдУ ад г. Новы-Сонч, на схілах Бяскідаў (у складзе Карпат), «жамчужына польскіх курортаў». Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Ахаванасць схіламі гор, укрытых хвойным лесам, крыніцы каштоўных мінер. вод (вядомыя з 18 ст.), мясц. тарфяныя гразі выкарыстоўваюцца як асн.лек. фактары пры захворваннях органаў стрававання, дыхання, сасудаў і сэрца, мочапалавой сістэмы, парушэннях абмену рэчываў. База для навук. устаноў Кракаўскай мед. акадэміі. Буйны цэнтр турызму, адпачынку і зімовага спорту. Помнікі драўлянай архітэктуры. Мастацкі музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРА́ЎЦАЎ (Іван Фёдаравіч) (н. 10.3.1922, в. Лезвіна Аленінскага р-на Цвярской вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне электратэхнікі і аўтаматыкі. Д-ртэхн.н. (1968), праф. (1969). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1987). Скончыў Маскоўскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1948). З 1957 у Бел.агр.тэхн. ун-це. Распрацаваў бескантактавыя сістэмы кіравання с.-г. электрапрыводам, тэарэт. асновы энергазберажэння ў с.-г. электрапрыводных устаноўках.
Тв.:
Электрооборудование и автоматизация сельскохозяйственных агрегатов и установок. М., 1988 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУРЫ́ЗМ,
бодыбілдынг (англ. body-building целабудаўніцтва), сістэма сілавых практыкаванняў для развіцця мускулатуры. Вядомы з часоў Стараж. Грэцыі і Рыма. Асновы сучаснага К. распрацаваны ў канцы 19 ст., сістэмы трэніровак — у 1960-я г. (у ЗША). Міжнар. конкурсы па К. праводзяцца з 1901, штогадовыя чэмпіянаты свету — з сярэдзіны 20 ст.Міжнар. федэрацыя па К. створана ў 1946, федэрацыя К. Беларусі — у 1985. Сярод бел. культурыстаў: Э.Зайкін, бронз. прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў (1994), чэмпіёны Еўропы М.Шыла (1989) і А.Крыксін (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТАРЭ́З,
машына для расчысткі тэрыторыі ад хмызняку і драбналесся (дрэў дыяметрам да 25 см). Бываюць адвальна-нажавыя, вальцава-нажавыя і нажавыя.
Найб. пашыраныя адвальна-нажавыя К. складаюцца са штурхальнай рамы, навешанай на гусенічны трактар, клінападобнага адвала з гарыз. нажамі, канатна-блочнай ці гідраўл.сістэмы кіравання. Выкарыстоўваюцца пры асваенні новых зямель (пры выкананні культуртэхнічных работ), буд-ве і эксплуатацыі дарог, пракладцы газаправодаў, каналаў, прасек і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯ (ад лац. linea льняная нітка, шнурок),
старажытная мера (адзінка) даўжыні, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. У розныя часы ў розных краінах мела рознае лікавае значэнне. На Беларусі і ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст. 1 Л. = 0,1 цалі = 2,54 мм. У Л. вымяралі калібр стралковай зброі (адсюль «трохлінейная вінтоўка»), памер шкла для газавых лямпаў. У сістэме англ. мер 1 Л. = 1/12 цалі = 2,117 мм. У гадзіннікавай прамысловасці многіх краін да нашага часу выкарыстоўваецца швейц.Л., роўная 2,0833 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВЫ́ ПРАЦЭ́С.
тэрмадынамічны працэс, у выніку якога рабочае рэчыва (газ, пара ці інш.) вяртаецца ў першапачатковы стан. Пры гэтым усе тэрмадынамічныя параметры і характарыстычныя функцыі сістэмы ў канцы працэсу прымаюць першапачатковыя значэнні, а змены адбываюцца толькі ў навакольным асяроддзі. У прамым К.п. частка цеплаты, нададзеная рабочаму целу, пераўтвараецца ў карысную работу (напр., у цеплавых рухавіках), а ў адваротным — за кошт работы адбываецца перадача цеплаты ад менш нагрэтых цел да больш нагрэтых (напр., у халадзільных машынах). Гл. таксама Карно цыкл, Цыкл тэрмадынамічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫЯСІНКРАЗІ́Я (ад грэч. idios свой, своеасаблівы + synkrasis змешванне),
празмерная індывідуальная рэакцыя на раздражняльнікі, якія ў большасці людзей не выклікаюць падобных з’яў. У аснове І. прыроджаная павышаная адчувальнасць вегетатыўнай нерв.сістэмы да пэўных раздражняльнікаў ці рэакцыя арганізма на паўторныя слабыя ўздзеянні рэчываў, што не здольныя выпрацоўваць у ім антыцелы. У адрозненне ад алергіі І. можа развівацца і ад першага кантакту з раздражняльнікамі. Прыкметы І.: галаўны боль, павышэнне т-ры цела, часам псіхічнае ўзбуджэнне, расстройствы функцыі органаў стрававання, ацёк слізістых абалонак і скуры, крапіўніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗРА́ІЛЬСКІ КУЛЬТУ́РНА-ІНФАРМАЦЫ́ЙНЫ ЦЭНТР (ІКІЦ),
ізраільскае прадстаўніцтва ў Беларусі. Засн. 29.3.1992 у Мінску з мэтай інфармавання насельніцтва Беларусі пра ўсе аспекты жыцця сучаснага Ізраіля (паліт., эканам., культ., навук.-тэхн. дасягненні, развіццё сістэмы адукацыі). Дапамагае яўр. абшчыне ствараць і развіваць нядзельныя школы ў Беларусі, ажыццяўляе сувязь паміж Мін-вам адукацыі Ізраіля і яўр.агульнаадук. школай (з вер. 1993) у Мінску. Прадстаўляе Адкрыты ун-т Ізраіля. Пры цэнтры дзейнічаюць курсы па вывучэнні іўрыта, асноў прадпрымальніцтва, камп’ютэрнай граматы; працуюць дзіцячыя гурткі, б-ка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭ́ГРА-ДЫФЕРЭНЦАВА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ,
прылада для атрымання камбінацый вытворных розных парадкаў і інтэгралаў ад уваходных велічынь. Выкарыстоўваецца ў аналагавых выліч. машынах (рашэнне дыферэнцыяльных, інтэгральных і інтэградыферэнцыяльных ураўненняў), аўтам. сістэмах кіравання і інш.
Выконвае камбінаваныя інтэгра-дыферэнцавальныя пераўтварэнні сігналаў з выкарыстаннем замкнутых дынамічных сістэм, якія маюць адпаведную перадатачную функцыю. Звёны такой сістэмы бываюць гідраўл., пнеўматычныя, мех., эл.-мех. і электронныя. Асн. элемент І.-д.п. ў аналагавых ЭВМ — вырашальны ўзмацняльнік з адпаведнымі ланцугамі адваротнай сувязі. Гл. таксама Дыферэнцавальнае прыстасаванне, Інтэгравальнае прыстасаванне.