род сям. гібонавых атр. прыматаў. 9 відаў. Жывуць у густых трапічных лясах Паўд.-Усх. Азіі і Зондскіх а-воў на дрэвах невял. сямейнымі групамі. 4 віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП: гібон аднакаляровы (H. concolor), гібон серабрысты (H. moloch), гібон чорнашапачны (H. pileatus), сіяманг карлікавы (H. klossi).
Даўж. цела 45—90 см, маса 5—13 кг. Целасклад грацыёзны. Афарбоўка валасянога покрыва ад чорнай да жаўтавата-карычневай або серабрыста-шэрай. Пярэднія канечнасці доўгія, з іх дапамогай гібоны перамяшчаюцца па галінах дрэў. Ёсць невял. сядалішчныя мазалі. Іклы вялікія. Палаваспелыя ў 5—7 гадоў, нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца пладамі, лісцем, маладымі парасткамі, насякомымі, павукамі, зрэдку птушынымі яйцамі і птушанятамі. Пры ўсходзе сонца «пяюць» (адсюль другая назва — «пявучыя малпы»), у сіяманга (H. syndactylus) ёсць вял. няпарны гарлавы мяшок для ўзмацнення гукаў.
Гібоны: 1 — сіяманг; 2 — серабрыстыя рознай афарбоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЕ́НАВЫЯ (Hyaenidae),
сямейства млекакормячых атр. Драпежных. 3 роды: гіены паласатыя (Hyaena), гіены плямістыя (Crocuta) і ваўкі земляныя (Proteles). 4 віды: гіена паласатая (H. hyaena), гіена бурая (H. brunnea), гіена плямістая (C. crocuta), воўк земляны (P. cristatus). Пашыраны ў Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі. Жывуць пераважна ў паўпустынях і пустынях. Гіена бурая і падвід гіена барбарыйская (H. hyaena barbara) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 55—165 см, хваста 20—33 см, маса 10—80 кг. Поўсць жаўтавата-шэрая ці брудна-бурая з плямамі і папярочнымі палосамі. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія; шыя тоўстая, галава масіўная, зубы і сківіцы моцныя. Анальныя залозы выдзяляюць сакрэт з рэзкім пахам. Нараджаюць 2—4 (зрэдку 6) дзіцянят. Начныя драпежнікі, жывяцца пераважна мярцвячынай, нападаюць на дзікіх капытных, зрэдку на свойскую жывёлу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЎК (Canis lupus),
млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Жыве ў адкрытых стэпах, паўпустынях, тундрах, лесастэпах, лясах, акрамя суцэльных масіваў. Актыўны ноччу, днём хаваецца ў хмызняках і ярах. На Беларусі трапляецца ўсюды.
Даўж. цела 1,1—1,6 м, маса звычайна 32—50 кг, зрэдку да 79 кг. Самкі крыху меншыя за самцоў. Шыя кароткая, вушы востраканцовыя. Ногі доўгія з кіпцюрамі. Поўсць на спіне і баках буравата-карычневая або цёмна-шэрая з чарнаватым адценнем уздоўж спіны, бруха светла-шэрае. Восенню і зімой трымаецца вывадкамі, у час размнажэння — парамі. Утварае з свойскімі сабакамі гібрыды, падобныя да валкоў вонкавым выглядам і паводзінамі. Нараджае вясной у сярэднім 5—6 ваўчанят, зрэдку да 15. Драпежнік, корміцца пераважна капытнымі жывёламі, палюе зграямі. Выконвае ролю санітара, шкодзіць паляўнічай і сельскай гаспадарцы. Аб’ект круглагадовага палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ СВО́ЙСКАЯ,
парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Адна з першых прыручаных чалавекам жывёл. Аб’ект козагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх безааравых і вінтарогіх казлоў, а таксама вымерлага віду Capra prisca. Мяса К.с. пажыўнасцю блізкае да бараніны, малако — каштоўны дыетычны прадукт, пух і шкуры выкарыстоўваюць у гарбарнай і трыкат. вытв-сці. На Беларусі К.с. гадуюць аматары. Найб. пашыраны пароды: малочныя — горкаўская, зааненская; пуховыя — арэнбургская, горнаалтайская, прыдонская; шэрсныя — ангорская, савецкая шэрсная.
Масць разнастайная, найчасцей светлых адценняў. Шэрснае покрыва ў коз шэрсных парод складаецца з аднародных валокнаў, якія ўтвараюць коскі даўж. 15—18 см, у пуховых і малочных — з восцяў і пуху. Настрыг воўны 3—6 кг, начос пуху з пуховых коз да 0,5 кг. Пладавітасць 1—2, зрэдку да 5 казлянят. Маса дарослых казлоў 60—65, матак — 40 кг. Сярэдні ўдой малочных парод 450—500 кг, тлустасць малака 3,8—4,5%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНГУРО́ВЫЯ (Macropodidae),
сямейства сумчатых млекакормячых, 3 падсям., 17 родаў, каля 55 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі на а-вах Новая Гвінея, Тасманія, архіпелагу Бісмарка; акліматызаваны ў Новай Зеландыі. Большасць відаў — наземныя, некат. прыстасаваны да жыцця на дрэвах. Актыўныя ў прыцемках. Трымаюцца групамі. 9 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела 25—160 см, хваста 15—110 см, маса 1,4—90 кг. Заднія канечнасці даўжэйшыя і мацнейшыя за пярэднія; хвост моцны, большасць відаў карыстаецца ім як балансірам пры скачках (да 13 м у даўж.) са скорасцю да 50 км/гадз. Расліннаедныя; некат. кормяцца насякомымі і чарвямі. Раз у год нараджаюць 1 (зрэдку 2—3) дзіцяня і выношваюць у вывадкавай сумцы на жываце самкі 6—8 мес. Шэраг відаў — аб’екты промыслу. Гадуюць на фермах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖОЎЦЕКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,
захворванне, абумоўленае ўтварэннем камянёў у жоўцевым пузыры і (або) жоўцевых пратоках. Частата ўтварэння жоўцевых камянёў павялічваецца з узростам і дасягае 50% у жанчын старэй за 80 гадоў. У мужчын жоўцевыя камяні трапляюцца ў 3—5 разоў радзей, у дзяцей — вельмі рэдка. Асн. прычыны ўзнікнення Ж.х.: застой жоўці, запаленне жоўцевага пузыра і жоўцевых шляхоў, змяненне хім. саставу жоўці ў сувязі з парушэннямі абмену рэчываў (спадчынная схільнасць). Жоўцевыя камяні (халеліты) — цвёрдыя ўтварэнні, колькасць якіх можа складаць ад аднаго да некалькіх тысяч, велічыня — да некалькіх сантыметраў у дыяметры, Маса — да 30 г і болей. Асн. праяўленне захворвання — болі ў правым падрабрынні, якія ўзнікаюць пасля ежы, асабліва вострай або тлустай. Часта назіраюцца слабасць, недамаганне, раздражняльнасць, горкая адрыжка, няўстойлівы стул. Ускладненні Ж.х.: флегмона, гангрэна, вадзянка, эмпіема і перфарацыя жоўцевага пузыра, жоўцевы перытаніт, самаадвольны жоўцевы свішч. Лячэнне тэрапеўтычнае, бальнеалагічнае, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РПЫ (Pusa),
род млекакормячых жывёл сям. цюленевых атр. ластаногіх. Часам Н. уключаюць як падрод у род цюленяў звычайных (Phoca). 3 віды. Н. кольчатая, або акіба (P. hispida), пашырана ва ўмераных і халодных водах Атл. і Ціхага ак. і ў Паўн. Ледавітым ак. 1 падвід (P.h.saimensis) з воз. Сайма (Фінляндыя) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Н. каспійская, або каспійскі цюлень (P. caspica), жыве ў Каспійскім м., Н. байкальская, або байкальскі цюлень (P. sibirica), — у воз. Байкал. Размнажаюцца на льдах, утвараюць скопішчы.
Даўж. да 1,5 м, маса да 100 кг. Валасяное покрыва густое і высокае. На спіне цёмныя плямы або светлыя кольцы (акрамя Н. байкальскай), часам афарбоўка футра аднатонная. Кормяцца рыбай, ракападобнымі. Ныраюць да глыб. 90 м. Нараджаюць 1 дзіцяня (бялёк). Аб’екты абмежаванага промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛМА́РЫС (Palmares),
Рэспубліка Палмарыс, дзяржава збеглых неграў-нявольнікаў у пальмавых лясах (палмарах) Паўн.-Усх. Бразіліі (цяпер штат Пернамбуку) у 1630—97. Утварылася ў выніку аб’яднання ўмацаваных пасёлкаў (кіломбус) збеглых неграў. Цэнтр — пас. Макаку. Прымітыўная дзяржава з элементамі родаплем. арганізацыі і ваен. дэмакратыі. На чале П. стаялі выбарны пажыццёвы правадыр і савет старэйшын. Узбр. сілы — нар. апалчэнне. Насельніцтва (20 тыс.чал., негры, мулаты, індзейцы) займалася земляробствам, паляваннем, збіральніцтвам, менавым гандлем з індзейскімі плямёнамі; асн.маса вернікаў вызнавала афрахрысц. сінкрэтычны культ. Зямля належала дзяржаве, існавалі абшчынныя палі і сямейныя надзелы. У гаспадарцы выкарыстоўвалася праца нявольнікаў з ваеннапалонных. Насельніцтва П. адбіла шматлікія карныя экспедыцыі галандскіх і партуг. каланізатараў, у 1679 і 1692 пад кіраўніцтвам правадыра Зумбі нанесла буйныя паражэнні партугальцам. У лют. 1694 партуг. войскі захапілі пас. Макаку і знішчылі б.ч. насельніцтва П., у 1697 разбурылі апошнія пасёлкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯТУ́ХІ, палятухавыя (Pteromyidae),
сямейства млекакормячых атр. грызуноў. Вядомы з міяцэну (каля 20 млн.г. назад). 13 родаў, 36 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на дрэвах, гнёзды ў дуплах. Актыўныя на змярканні і ноччу. На Беларусі 1 від — П. звычайная (Pteromys volans), трапляецца ў Віцебскай вобл. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 60 см, хваста да 63 см, маса да 1,4 кг (у П. звычайнай адпаведна да 21 см, 14 см і 170 г). Поўсць густая, тонкая, шаравата-бураватая. Хвост пушысты. Вочы вялікія. Здольныя да планіравання (адсюль назва) з дрэва на дрэва (на адлегласць да 60 м) з дапамогай пакрытых шэрсцю скурных складак па баках цела паміж пярэднімі і заднімі канечнасцямі. Могуць мяняць напрамак палёту з дапамогай хваста. Кормяцца насеннем, парасткамі, пупышкамі, ягадамі, грыбамі, часам насякомымі. Нараджаюць да 4 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́РНІКІ, паморнікавыя (Stercorariidae),
сямейства птушак атр. сеўцападобных. Вядомы з ранняга міяцэну (каля 25 млн.г. назад). 2 роды: П. вялікія — Catharacta (1 або 2 віды, пашыраныя біпалярна, у Арктыцы і Антарктыцы) і ўласна П. — Stercorarius (3 віды, пашыраныя кругапалярна ў Арктыцы і Субарктыцы). Жывуць на марскіх узбярэжжах, у тундры. Утвараюць рассеяныя калоніі. Добра плаваюць. На Беларусі адзначаюцца як залётныя віды.
Даўж. да 60 см, размах крылаў да 150 см, маса да 2 кг. Афарбоўка бурая, у некат. светлыя шыя і брушка. Дзюба ўкарочаная, моцная, з кручком на канцы, укрыта 4 рагавымі шчыткамі (рамфатэкай). Хвост завостраны, сярэднія рулявыя пёры бываюць падоўжаныя. Кормяцца рыбай, адбіраюць здабычу ў інш. птушак (клептапаразітызм), а таксама ягадамі, беспазваночнымі, грызунамі, птушанятамі, разбураюць гнёзды інш. птушак. Нясуць 2 яйцы.