крэ́сы, ‑аў; адз. няма; (звычайна ў спалучэнні з прым. «усходнія»).
Назва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якой карысталіся польскія шавіністы ў 1919–1939 гг., калі гэтыя землі былі захоплены буржуазнай Польшчай.
[Польск. kresy — прыгранічная вобласць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ітэльме́ны, ‑аў; адз. ітэльмен, ‑а, м.; ітэльменка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. ітэльменкі, ‑нак; ж.
Старажытнае насельніцтва паўвострава Камчаткі, патомкі якога, змяшаўшыся з рускімі, складаюць цяпер значную частку насельніцтва Камчаткі; камчадалы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ванда́л, ‑а, м.
1. толькі мн. (ванда́лы, ‑аў). Старажытнагерманскае племя, якое заваявала частку Рымскай імперыі і разграбіла Рым.
2. Той, хто разбурае помнікі культуры, мастацтва; варвар. // Пра некультурнага, грубага, цёмнага чалавека.
[Лац. vandali.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ку́рды, ‑аў; адз. курд, ‑а, м.; курдзянка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. курдзянкі, ‑нак; ж.
Народ, які жыве ў Турцыі, Іране, Сірыі, Афганістане, Пакістане і СССР (Азербайджанскай, Армянскай і Туркменскай ССР).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паля́кі, ‑аў; адз. паляк, ‑а, м.; полька, ‑і, ДМ ‑льцы; мн. полькі, ‑лек; і палячка, ‑і, ДМ ‑чцы; мн. палячкі, ‑чак; ж.
Заходнеславянскі народ, які складае асноўнае насельніцтва Польшчы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
русі́ны, ‑аў; адз. русін, ‑а, м.; русінка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. русінкі, ‑нак; ж.
Назва ўкраінцаў заходнеўкраінскіх зямель, якая мела найбольшае распаўсюджанне ў час іх знаходжання пад аўстра-венгерскім гнётам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шве́ды, ‑аў; адз. швед, ‑а, М ‑дзе, м.; шведка, ‑і, ДМ ‑дцы; мн. шведкі, ‑дак; ж.
Народ скандыпаўскай групы, які складае асноўнае насельніцтва Швецыі.
•••
За дзедам-шведам гл. дзед 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВІКТО́РЫЯ (Victoria), Вікторыя-Н’янза, Укерэве,
возера ва Усх. Афрыцы, на тэр. Танзаніі, Кеніі і Уганды. Размешчана ў тэктанічным прагіне на выш. 1134 м. Пл. 68 тыс. км² (2-е па памерах прэснае возера свету). Даўж. 320 км, шыр. 275 км, найб. глыб. 80 м. Даўжыня берагавой лініі больш за 7 тыс. км; берагі пераважна нізінныя, пясчаныя, парэзаныя залівамі. Шмат астравоў агульнай пл. каля 6 тыс. км² (вял. в-аў Укерэве, а-вы Сесе). У Вікторыю ўпадае мнагаводная р. Кагера, выцякае р. Вікторыя-Ніл. Характэрны штормы. На в-ве Рубонда (Танзанія) нац. парк. Вікторыя — важны ўнутраны рыбапрамысловы раён. У фауне каля 100 відаў, з іх 64 віды эндэмічнага сям. храмісаў (з акунепадобных). Суднаходства. Асн. парты — Джынджа, Энтэбе (Уганда), Букоба, Мванза (Танзанія), Кісуму (Кенія). Возера злучана з узбярэжжам Індыйскага ак. чыгункамі Кісуму — Мамбаса і Мванза — Табора — Дар-эс-Салам. Адкрыта ў 1858 англ. падарожнікам Дж.Спікам. Названа ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.
М.В.Лаўрыновіч.
т. 4, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДЗО́Н, Хадсан (Hudson) Генры (каля 1550, Вялікабрытанія — 1611), англійскі мараплавец. У пошуках паўн. марскога шляху з Атлантычнага ак. ў Ціхі здзейсніў 4 плаванні ў арктычных морах, арганізаваныя лонданскімі і амстэрдамскімі купцамі, якія шукалі новыя шляхі ў Кітай і Індыю. У 1607 імкнуўся прайсці ў Ціхі ак. праз Паўн. полюс, падняўся да 80°23 паўн. ш., адкрыў в-аў Ян-Маен. У 1608 няўдала спрабаваў знайсці праход паміж а-вамі Шпіцберген і Новая Зямля. У 1609 накіраваўся ў Баранцава м., а адтуль да берагоў Паўн. Амерыкі для пошукаў Паўн.-Зах. праходу, абследаваў частку ўзбярэжжа мацерыка, адкрыў вусце ракі (пазней названа яго імем) і падняўся па ёй на 250 км. У 1610 прайшоў на З пралівам паміж Лабрадорам і Бафінава Зямлёй і адкрыў вял. заліў (пазней названы яго імем). У яго паўд. ч. (зал. Джэймс) карабель Гудзона зазімаваў. У чэрв. 1611 на зваротным шляху каманда ўзбунтавалася. Гудзон з сынам і 7 маракамі былі высаджаны з карабля ў шлюпку і прапалі без вестак.
т. 5, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЦКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў (скандынаўская падгрупа). Афіц. мова Даніі (у 16—17 ст. і Нарвегіі). Пашырана таксама на Фарэрскіх а-вах, у Грэнландыі і ЗША. Мае 3 групы дыялектаў: зах. (ютландскія, або юцкія), астраўныя (а-вы Зеландыі, Фюн і прылеглыя да іх), усх. (в-аў Борнхальм і інш.). Гісторыю Д.м. падзяляюць на 2 перыяды: стараж.-дацкі (9—15 ст.) і новадацкі (з 16 ст.).
Гал. асаблівасці Д.м.: у фанетыцы наяўнасць агубленых галосных пярэдняга раду, шматлікія дыфтонгі, значныя камбінаторныя змяненні зычных, накарэнны націск; у марфалогіі — вызначэнне 2 родаў (агульнага і сярэдняга), 2 склонаў, складаная сістэма часоў і ладоў дзеяслова, нязменнасць яго па асобах; у лексіцы — шмат запазычанняў з ням., франц., англ. моў. Пісьменства на аснове лац. алфавіту. Найб. стараж. помнікі — надпісы 9—11 ст. («Малодшыя руны», гл. ў арт. Руны і рунічныя алфавіты), рукапісы стараж.-дацкіх абл. законаў 13—14 ст. У 1495 з’явілася першая друкаваная кніга.
т. 6, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)