вы́йграць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што і без дап. Набыць што‑н. у выніку розыгрышу латарэі, перамагчы ў азартнай гульні. Выйграць сто рублёў па аблігацыі. □ Аднойчы гуляў пан у карты і выйграў у суседняга пана маёнтак. Якімовіч. Была спакуса выйграць, ..асабліва калі хто браў «дзевяты вал». Колас.

2. без дап. Дамагчыся перамогі, узяць верх; перамагчы. Выйграць бой. Каманда выйграла ў спаборніцтвах. □ Мужчыны былі ашаломлены сілай удару немцаў, але не гублялі галавы, яны былі ўпэўнены, што немцы вайны не выйграюць. Гурскі.

3. Дамагчыся поспеху. Выйграць у чыіх-небудзь вачах.

•••

Выйграць час — сэканоміць час або выгадаць больш часу для ажыццяўлення чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́класці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; зак., што.

1. Выняўшы што‑н. адкуль‑н., пакласці на віду. Карп паставіў гарэлку, выклаў з кошыка закуску. Шамякін.

2. Пакрыць паверхню чаго‑н. чым‑н.; вымасціць, абліцаваць. Выкласці сцены керамічнымі пліткамі. // Скласці які‑н. надпіс, фігуру, узор з чаго‑н.

3. Збудаваць, вывесці. Душу ўкладваў.. [Мітраховіч] у сваю работу, шчыра, душэўна вучыў і Марыю: як роўна вывесці сцяну, як навечна ўмураваць цагліну, як вугал выкласці, каб ён радаваў вока... Васілевіч.

4. перан. Выказаць, расказаць, паведаміць. Выкласці прэтэнзіі. Выкласці свае меркаванні. Выкласці просьбу. □ Валодзя адным духам выклаў мне ўвесь свой праект пабудовы .. трасы. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разда́ць 1, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; раздаў, ‑дала, ‑ло; заг. раздай; зак., каго-што.

Аддаць усё, многае многім; размеркаваць паміж многімі. Калі настаўніца раздала дзённікі, усе былі здаволены. Якімовіч. [Гарасім] хацеў прадаць зямлю, а грошы раздаць бедным. Чарнышэвіч. — Дзяцей [з дзіцячага дома] можна раздаць па сёлах. Сяляне іх смела возьмуць, бо іх лёгка выдаваць за сваіх. Шамякін.

разда́ць 2, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; пр. раздаў, ‑дала, ‑ло; заг. раздай; зак., што.

Расшырыць, расцягнуць, зрабіць прасторным. Раздаць боты на калодцы. // безас. Зрабіць поўным, тоўстым. Быў [Анікей] проста вясковы хлапчук. А гэта — вырас, памужнеў, у плячах раздало. Чысты і стройны такі... Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разне́сціся, ‑нясецца; пр. разнёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; зак.

1. Распаўсюдзіцца, пашырыцца. А на другі дзень слава аб .. [Сцёпавай] кнізе разнеслася на ўвесь атрад. Якімовіч. Неяк з самага рання ў нядзелю разнеслася чутка, што вярнуўся з фронту Уладыслаў Барэйка. Скрыган.

2. Прагучаць, стаць чутным на далёкую адлегласць. Раман адышоўся на загон, падняў з зямлі брусок і паляпаў па касе. Сухі звон разнёсся па кустах. Пташнікаў. Якаясь гармата, пэўна з тылу белафінаў, паслала сюды некалькі снарадаў. «Па машынах!» — разнеслася каманда. Беразняк.

3. перан. Хутка разысціся па чым‑н., у чым‑н. Па ўсяму целу маланкава разнеслася пякучая, затуманьваючая мозг гарачыня. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́іць, ра́ю, ра́іш, ра́іць; незак.

1. каго-што і з інф. Даваць якую‑н. параду, рэкамендаваць, як зрабіць што‑н., як паступіць. Бабка ведала ўсіх будачнікаў па адзін і па другі бок раз’езду і вельмі раіла пагасцяваць у Бабініча. Колас. «Трапляй за мной, а то нос разаб’еш», — раіў ляснік, ідучы спераду. Якімовіч. Сцяпан прымаў толькі тых, хто прыходзіў са зброяй і каго раілі разведчыкі. Пестрак.

2. з інф. (з адмоўем). Разм. Перасцерагаць ад чаго‑н., не рэкамендаваць рабіць што‑н. — Дзённік? — .. [Сеня] здзівіўся. — Ведаеш, на вайне не раяць пісаць дзённік. Шамякін.

раі́ць, раю́, раі́ш, раі́ць; незак., каго-што.

Збіраць у рой. Раіць пчол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распланава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

1. Размясціць, размеркаваць згодна з якім‑н. планам. На вялікім перапынку Іван Сямёнавіч паклікаў вучняў на двор, каб разам размеціць, дзе зрабіць клумбы, а дзе распланаваць спартыўную пляцоўку. Курто. Валя павярнула справу ў іншы бок: яна распланавала гладкую пляцоўку на асобныя квадраты і вызначыла месца для розных спартыўных гульняў. Якімовіч.

2. Размеркаваць у часе, намеціць план якіх‑н. дзеянняў. Распланаваць выхадны дзень. □ Я чакала Валеру. Яго хацела страчаць, .. і ўжо ў думках усё распланавала, як паеду на станцыю, як буду з нецярпеннем пазіраць на гадзіннік, як будзем разам варочацца са станцыі. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассла́блены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расслабіць.

2. у знач. прым. Пазбаўлены сілы, аслабелы. Вялым і расслабленым злазіў Алёшка з елкі, на якую так спадзяваўся. Якімовіч. Няхай вецер галаву асвяжыць, адгоніць тое, што, нібы гіпноз, падначальвае, супакойвае і робіць мяккім, расслабленым. Васілевіч. // Які сведчыць пра ўпадак сіл, слабасць. У падпалкоўніка быў расслаблены голас, быццам сп хворы ці дужа змарыўся. Асіпенка. Словы .. [Савіньскага] пераходзяць у нейкі расслаблены, амаль дзіцячы лепет, просьбу, пяшчоту, якая болем адгукаецца ў душы... Брыль. // Вялы, няцвёрды, без напружання мускулаў. Расслабленая поза. □ [Хлопцы] пайшлі прэч — абодва надзіва падобныя і нават хада ў іх была таксама аднолькавая — якаясь расслабленая, віхлястая. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́штка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

1. Тое, што і рэшта. З вялікаю і незразумелаю асалодаю [Іван і Джулія] праглынулі хлеб — апошнюю рэштку свайго прыпасу. Быкаў. Камандаваць рэшткай узвода, што засталася на месцы, Арсень пакінуў камандзіра першага аддзялення. Хадкевіч. Раздаўшы ўсё ўдзельнікам аркестра, .. [хлапчук] рэштку вольнага часу аддаваў толькі бацьку. Лынькоў.

2. звычайна мн. (рэ́шткі, ‑аў). Тое, што яшчэ захавалася, уцалела (ад разбурэння, гібелі і пад.); астаткі. На месцы, дзе некалі стаяла хата, грудамі ляжала ў дзікай траве размытая дажджамі гліна, рэшткі печы. Галавач. Рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

са́нкі, ‑нак; адз. няма.

1. Тое, што і сані; невялікія сані. [Камлюк:] — Садзіся, Піліпе, да мяне ў санкі, за дарогу абмяркуем сёе-тое. М. Ткачоў. Люблю, як санкі мчацца з плачам, Пісклявы гімн зіме заводзяць, А конь, падкуты чортам, скача, Нібы па шкле, па гладкім лёдзе. Чарот.

2. Невялікія сані для катання з горан, перавозкі грузаў уручную. Па дровы мы ездзілі з Юзікам і крадком вазілі на малых санках-коўзанках. Якімовіч. На канькі, на санкі, лыжы Зваў фанфарамі каток. А. Александровіч.

3. Спец. Рухомая дэталь некаторых машын і апаратаў, якая па знешняму выгляду нагадвае невялікія сані.

4. Разм. Ніжняя сківіца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сма́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Прыемны на смак (у 1 знач.); апетытны. Смачная цукерка. Смачныя ягады. □ — А мы сёння халаднік елі, — ага! З цыбуляю ды агуркамі. Смачны, смачны, — пахваліўся Сцёпка. Крапіва. Тлустае мяса вугра вельмі смачнае. В. Вольскі. Бульба трапіла смачная — сопкая, разварыстая, лепшая, чым наша. Якімовіч.

2. Які прыносіць здавальненне; прыемны (пра сон). Салодкі, смачны і глыбокі быў сон Рыгора — не дарма ж ён праспаў столькі.. гадзін! Гартны.

3. перан. Разм. Каларытны, сакавіты. І мы, спыніўшыся, рагаталі тым смачным, здаровым смехам, які прыходзіць нячаста. Брыль. Па хаце разлягалася заўзятае, смачнае сапенне.. сонных людзей. Зарэцкі.

•••

Смачны кусок (кавалак) гл. кусок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)