пля́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм.
1. З шумам упасці. Мужчына, нібы мяч, адляцеў назад, спатыкнуўся аб табурэтку, і з усяго размаху пляснуўся на падлогу. Шамякін.
2. Ударыцца. [Крушынскі] пляснуўся цёплым носам аб халоднае шкло акна. Бядуля.
•••
Не пляснуцца тварам у гразь — тое, што і не ўдарыць тварам у гразь (гл. ударыць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парла́мент, ‑а, М ‑нце, м.
1. Вышэйшы заканадаўчы орган буржуазнай дзяржавы, заснаваны часткова або поўнасцю на выбарных органах. Англійскі парламент. □ — Мой бацька — Эдвін Стон — член парламента і другі сакратар міністра калоній. Шамякін.
2. Пра найвышэйшы заканадаўчы прадстаўнічы орган канстытуцыйнай дзяржавы. На паседжаннях савецкага парламента штогод разглядаліся важныя гаспадарчыя.. пытанні. Лушчыцкі.
[Англ. parliament, фр. parlement.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.
Паставіць у строй, расставіць у пэўным парадку. Пастроіць у калону. Пастроіць у шарэнгу. □ Лясніцкі пастроіў разведчыкаў і падзякаваў ім за паспяховае выкананне задання. Шамякін. Перад самым адыходам Мошкін пастроіў свой атрад. Кулакоўскі. На пероне пастроілі .. [зняволеных] чацвёркамі, акружылі з усіх бакоў жандарамі і павялі. Мядзёлка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўто́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які робіцца, адбываецца другі раз. Рашчэня нямала пастараўся і праявіў вынаходлівасці, каб правесці камісію міма трактара, які заставаўся для паўторнага рамонту. Шамякін. Галавач звярнуўся ў выдавецтва з просьбай, каб яму далі кнігу Хадыкі на паўторную рэдакцыю. Хведаровіч.
2. Прызначаны для паўтарэння чаго‑н. (засвоенага, пройдзенага). Паўторныя практыкаванні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паштаві́к, ‑а, м.
Разм.
1. Той, хто працуе на пошце. Ён перакінуў некалькі пісем і падаў адно Лабановічу. — Пэўна гэтага чакалі? — пасміхнуўся паштавік. Колас.
2. Паштовы голуб. [Віктару] таксама хацелася пахваліцца, што ён перабудаваў галубятню, нечакана пазнаёміўся з галубятнікам з суседняй вёскі, тутэйшым настаўнікам, і выменяў у яго пару рэдкіх паштавікоў. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скампраметава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
Зняславіць каго‑н. чым‑н.; паставіць у няёмкае становішча. [Бародка:] — Званне настаўніка — святое званне... І калі запляміць яго, скампраметаваць — не будзе вам павагі ні ад вучняў, ні ад бацькоў. Шамякін. [Настаўніца:] — Ахвотна запішу адрасы і нават дам запіску. Спадзяюся, што ніхто мяне не скампраметце? Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ссу́нуты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад ссунуць.
2. у знач. прым. Набліжаны адзін да другога. На [дзвюх] ссунутых лаўках, там, дзе звычайна стаіць стол, ляжала Таня. Шамякін. // Насуплены, нахмураны (пра бровы). Ссунутыя бровы, маршчакі на лбе і нейкі шкляны бляск вачэй столькі выказвалі болю душы, што Ахтан баяўся паварушыцца. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тугаду́м, ‑а, м.
Разм. Той, хто не можа хутка думаць, разумець. Выхваляўся тугадум: Маю сорак тэм-задум!.. Але вось бяда і гора. Што няма дагэтуль твораў. Шушкевіч. Вырашыў [Шыковіч] пагутарыць з Тужыкавым. Праўда, ён — тугадум, як той анекдатычны фін, — на пытанне, якое задалі раніцой, адкажа ўвечары, але затое аб’ектыўны і разумны. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ураўнава́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.
1. што. Зрабіць аднолькавым па вазе, прывесці ў раўнавагу.
2. перан.; што. Дабіцца раўнавагі, поўнай адпаведнасці ў чым‑н. Ураўнаважыць сілы праціўнікаў.
3. перан.; каго-што. Прывесці ў роўны, спакойны стан; супакоіць. Гутарка ўраўнаважыла ўсхваляванага хлапца. □ Хвілін праз колькі Візэнер ураўнаважыў свой душэўны стан. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цю́бік, ‑а, м.
Мяккая трубачка з металу, пластмасы для мазі. клею, пасты і пад., змесціва якой дастаецца выцісканнем. Цюбік клею. Цюбік крэму. Цюбік мазі. // Пра што‑н., упакаванае ў выглядзе трубачкі. [Гукан] пабялеў, доўга трымаўся за сэрца. Потым рухамі хворага адчыніў шуфляду стала, дастаў цюбік з валідолам, укінуў таблетку ў рот. Шамякін.
[Ад фр. tube — трубачка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)