Лі́чба ’знак для абазначэння ліку’, ’сума, лік, колькасць’ (Нас., Мядзв., Др.-Падб., Грыг., Бяльк., Шат., ТСБМ, ТС), ’падлік’ (Ян.), лічба ’лічэнне’ (Гарэц.). Укр. лічба, личба (з польск. мовы), рус. личба (Даль), смал. личба ’колькасць’, польск. liczba, н.-луж. licba, в.-луж. ličba, чэш. ličba (у Юнгмана — з польск. мовы), славац. licba, ličba. Трубачоў (Эт. сл., 15, 83–85) уключае дадзеныя з паўд.-слав. тэрыторыі: серб.-харв. лижба, лиџба ’аўкцыён’, ligʼba (з XIII ст.) < ličiti, балг. личба, лижба ’прыкмета’, лиджба ’прадвесце’, лижбъ ’нешта значнае’ і выводзіць прасл. ličьba, утворанае ад ličiti (sę) > лічыць (гл.). Аб суфіксе ‑ьba (-ба) гл. Слаўскі (SP, 1, 61–62) і Сцяцко (Афікс. наз., 33).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га! выклічнік, які ўжываецца ў розных функцыях: 1. водгук (Нас., Касп., Сцяшк.); 2. пытанне, кліканне (Нас., Касп., Шат., Бяльк.); 3. пагарда (Нас.). Для абазначэння розных псіхалагічных станаў гэты выклічнік ужываецца і ў іншых слав. мовах. Параўн. рус. га!, укр. га!, польск. ha!, чэш. ha! і г. д. Прымарны выклічнік, вядомы таксама ў іншых індаеўрапейскіх і неіндаеўрапейскіх мовах (ням. ha!, франц. ha!, лац. ha!, грэч. ἆ, ст.-інд. ha). Гл. Слаўскі, 389–390; Рудніцкі, 513.
Га ’гектар’ (РБС), рус. га, укр. га. Запазычанне (праз рус. мову) новага часу з франц. ha ’тс’ (якое з’яўляецца скарачэннем слова hectare ’гектар’). Параўн. Шанскі, 1, Г, 3 (у рус. мове слова фіксуецца з 1932 г.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галалёдзіца. Параўн. рус. гололе́дица, укр. гололе́диця (гэта слова не адзначана ў Шанскага, 1, Г, 120), славац. дыял. holoľadica, славен. gololedica. Можна меркаваць, што гэта ўтварэнне суфіксам *‑іса ад *gololedъ ’тс’ (агляд літ-ры гл. у Шанскага, там жа). Іначай, але, здаецца, не вельмі пераканаўча Гараеў (107) і Праабражэнскі (1, 141) звязваюць *gololedica з голоть (голодь) і далей з укр. ожеле́диця, ожеледь (якія быццам маюць і.-е. сувязі). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 431–432. Сюды ж і галалёд ’галалёдзіца’ (агляд форм і геаграфіі слоў галалёдзіца, галалёд гл. у Яшкіна, 45). Параўн. рус. гололед, славен. gololèd, далей польск. gołoledź. Слаўскі (1, 314) лічыць і *gololedъ і *gololedica праславянскімі фармацыямі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гаць ’гаць, грэбля’ (БРС, Нас., Шат., Бяльк., Сцяшк., Яшкін), ’твань; плаціна’ (Касп.). Вытворныя: га́тка (Нас., Сцяшк.), га́тчына (Нас.). Параўн. рус. гать, укр. гать, польск. gać, чэш. hať, серб.-харв. га̑т, гата і г. д. Прасл. *gatъ, *gatь. Агляд матэрыялу ў Трубачова, Эт. сл., 6, 108–109. Вытворнае (*gu̯ā‑t‑ ’праход і да т. п.’) да і.-е. *gu̯ā‑ ’ісці, праходзіць’; параўн. ст.-інд. gātú‑ ’праход, дарога’, авест. gātu‑ ’месца’. Гл. Слаўскі, 1, 246; Махэк₂, 162; Трубачоў, Эт. сл., 6, 108–109. Сюды ж і вытворнае *gatiti: бел. га́ціць, рус. га́ти́ть, укр. гати́ти, польск. gacić, серб.-харв. га́тити і г. д. (гл. Трубачоў, там жа, 105–106).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гламазда́ ’расцяпа’ (БРС), ’нехлямяжы’ (Касп.), ’бесталковы чалавек’, ’бесталкоўшчына’ (Нас.), ’няўмека’ (Сцяшк. МГ), глымызда́ ’гламазда, няварты чалавек, лішні ў хаце’ (Бяльк.). Вельмі цёмнае слова. Няма дакладных адпаведнасцей ні ў рус., ні ва ўкр. мовах. Можна, аднак, параўнаць з серб.-харв. glamàzati ’гаварыць багата і не да ладу; абдурваць’, чэш. hlomoziti ’шумець, крычаць’ (гэтыя словы Слаўскі, 1, 281, лічыць гукапераймальнымі і роднаснымі польск. glamać). Вытворныя: гламаздзе́нь ’бесталковы мужчына’ (Нас.), гламаздзі́ць ’набіваць галаву, забіваць бакі; навальваць адно на другое’ (Нас.). Параўн. яшчэ гламава́ты. Падрабязны агляд слав. матэрыялу (у тым ліку і ўласныя імёны тыпу ст.-рус. Гломазда) і спробу этымалогіі дае Трубачоў, Эт. сл., 6, 137–138.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Глі́ца ’вясенні вецер’ (БРС, Гарэц., Байк. і Некр.). Не вельмі яснае слова. Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), гэта лексема, магчыма, з’яўляецца праславянскім лексічным дыялектызмам бел. мовы. Паходжанне яго лічыцца няясным. Але можна паспрабаваць аб’яднаць слова глі́ца ’вясенні вецер’ з бел. словам іглі́ца ’хвоя, адна хваінка’, укр. гли́ця ’хвоя, адна хваінка; драўляная іголка і да т. п.’ (Грынч.), польск. iglica, ст.-польск. glica (гл. Слаўскі, 1, 443–444). Тады глі́ца, магчыма, паходзіць з іглі́ца. Паршапачаткова глі́ца як назва ветру магла быць метафарай (’штосьці калючае, як ігла’). У такім выпадку няма патрэбы гаварыць аб спецыфічна беларускім лексічным дыялектызме праславянскага характару, таму што такая метафарызацыя можа здарыцца ў любы час.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Да прыназоўнік. Параўн. рус. до, укр. до, ст.-рус. до, чэш. do, славац. do, польск. do, в.-луж., н.-луж. do, балг. до, серб.-харв. до̏, славен. dò, ст.-слав. до. Прасл. *do ’тс’; паходзіць з і.-е. *dō̆, якое мела функцыі прыназоўніка-паслялога і было, як думаюць, займеннікавага паходжання. Роднасныя формы: ст.-в.-ням. zuo, ням. zu ’да’, англ. to (< герм. *tō), далей грэч. энклітыка ‑δε, лац. ‑do (параўн. endo ’ў, усярэдзіне’). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 37–38 (у яго ж і агляд літ-ры). Фасмер (1, 519) прыводзіць яшчэ літ. прэфікс da‑, лат. da ’да’. Гл. Яшчэ Бернекер, 1, 203; Траўтман, 42; Слаўскі, 1, 150; Фрэнкель, 1, 78.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дазво́ліць ’дазволіць’. Рус. дозволить, укр. дозволити. Гэтыя ўсх.-слав. дзеясловы лічацца запазычаннем з польск. dozwolić ’тс’. Гл. Бернекер, 1, 440; Фасмер, 1, 522. Слова запазычана ў XVI ст. Бернекер і Фасмер меркавалі, што зыходным было do‑iz‑voliti (з дзеяслоўнай прэфіксацыяй зах.-слав. тыпу: do‑iz‑voliti > do‑zvoliti). Слаўскі (1, 159) польск. дзеяслоў dozwolić тлумачыць як *do‑sъ‑voliti і наогул не ставіць пытанне аб магчымым запазычанні. У рус. мове дозволить зафіксавана ў помніках з XVI ст. Булыка (Запазыч.) гэтай лексемы не прыводзіць. Шанскі (1, Д, Е, Ж) лічыць верагоднай версію аб запазычанні рус. слова з польск. мовы, як і магчымасць запазычання ўкр. і бел. лексем.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дбаць ’клапаціцца’. Засведчана ўжо ў ст.-бел. мове: дбати (гл. Булыка, Запазыч., 88). Паводле Кюнэ (Poln., 50), бел. лексема запазычана з польск. dbać ’тс’. Кюнэ (там жа) аргументуе магчымасць запазычання з польск. мовы тым, што гэта слова вядома толькі ў зах. славян. Булыка (там жа) таксама лічыць слова запазычаным. З іншага боку некаторыя этымолагі лічаць бел. дбаць, укр. дба́ти спаконвечна славянскімі лексемамі, якія зыходзяць да прасл. *dъbati (так мяркуе, напр., Слаўскі, 1, 142, але без рус. матэрыялу). Да прасл. *dъbati адносіць бел., укр. і рус. (рус. дыял. дбать) Трубачоў; гл. яго дадатак да Фасмера, 1, 486 (пад дбать), а таксама Трубачоў, Эт. сл., 5, 172–173. Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
До́ля. Рус. до́ля, укр. до́ля, польск. dola, славац. doľa, балг. доля. Прасл. дыял. *dolʼa ’тс’. Звычайна звязваецца з і.-е. *del‑ ’аддзяляць і да т. п.’ (Слаўскі, 1, 154–155; Бернекер, 1, 209; Траўтман, 44) і параўноваецца з літ. dalìs ’частка, доля’, dalýti ’дзяліць’, усх.-літ. dalià ’частка’, ст.-інд. dalam ’частка, кавалак’ і г. д. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 526. Мартынаў (Лекс. балтызмы, 26–27) лічыць, што доля (бел., укр. і польск. лексемы) — гэта рэзультат пранікнення літ. (усх.-балт.) dalià (г. зн. запазычанне). Паводле Мартынава, даказаць прасл. характар гэтай лексемы цяжка, тым больш што яна не этымалагізуецца на слав. глебе, а літ. dalìs, dalià суадносіцца з дзеясловам dalýti, dalinti.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)