ГАРУЛЁЎ (Мікалай Аляксандравіч) (6.11.1919, в. Баева Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 7.5.1980),
рускі пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1941). Працаваў у прэсе, на кінастудыі, у выдавецтве, у 1970—80 адказны сакратар бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Аднагодкі» (1950), «У дарозе» (1956), аповесці для юнацтва «Сябры-таварышы» (1954), рамана пра жыццё студэнтаў напярэдадні і ў пачатку Вял.Айч. вайны «Бывайце, любімыя» (1979, складае дылогію з раманам «Пасля разлукі», 1981), аповесці для дзяцей «Новы настаўнік» (1974), гумарыстычных апавяданняў (зб. «Кібернетычная жонка», 1979), сцэнарыяў фільмаў. Маральна-этычныя праблемы раскрывае ў п’есах «Другое знаёмства» (1959), «Калі любіш» (1963), «Мая дачка» (1966), «Помста Палавінкіна» (паст. 1968) і інш. Пераклаў на рус. мову раманы М.Паслядовіча «Святло над Ліпскам», М.Зарэцкага «Вязьмо», аповесці Э.Самуйлёнка «Тэорыя Каленбрун», П.Галавача «Вінаваты. Спалох на загонах», апавяданні І.Мележа, Я.Скрыгана, У.Краўчанкі, вершы А.Астапенкі, А.Вялюгіна, П.Панчанкі, М.Танка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛАЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 31.3.1923, станіца Пацёмкінская Валгаградскай вобл., Расія),
бел. спявак (барытон), педагог. Брат У.М.Генералава. Нар.арт. Беларусі (1963). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (1954). У 1954—81 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1990). Валодае моцным голасам мяккага аксамітнага тэмбру, бездакорнай вак. тэхнікай, блізкай да італьян. школы. Сярод партый у операх бел. кампазітараў: Змітрок, Апанас («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.Цікоцкага), Сцяпан («Яснае світанне» А.Туранкова), Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных — князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной, Ведзянецкі госць («Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь, Томскі («Чарадзейка», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Рыгалета, Аманасра, граф ды Луна, Яга, Жэрмон, Рэната («Рыгалета», «Аіда», «Трубадур», «Атэла», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні).
Літ.:
Юўчанка Н. Анатоль Генералаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Ракава А. Жыццё ў музыцы // Тэатр. Мінск. 1986. № 1.
А.Я.Ракава.
А.М.Генералаў.А.Генералаў у ролі Змітрака (злева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ШЧАНКА (Георгій Сямёнавіч) (5.5.1922, г. Растоў-на-Доне, Расія — 22.9.1994),
бел. музыказнавец. Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1983). Д-р мастацтвазнаўства (1985). Праф. (1980). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (гіст.-тэарэт.ф-т, 1953) і Горкаўскую кансерваторыю (клас скрыпкі, 1954). З 1957 выкладаў у Бел. кансерваторыі (з 1992 Бел. акадэмія музыкі). Навук. працы па гісторыі рус. і бел. музыкі, муз. крытыкі і эстэтыкі. Удзельнічаў у стварэнні падручнікаў па гісторыі бел. музыкі і бел.муз. л-ры. Рэдактар шматлікіх выданняў па пытаннях нац.муз. мастацтва.
Тв.:
Н.Д.Кашкин и русская опера. Мн., 1960;
В.Ф.Одоевский и русская народная песня. Мн., 1966;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971 (у сааўт.);
Беларуская сімфанічная музыка 50—60-х г. (разам з К.Сцепанцэвіч) // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;
История белорусской музыки. М., 1976 (у сааўт.);
Белорусская советская музыкальная литература. 2 изд. Мн., 1981 (разам з К.І.Сцепанцэвіч);
Очерки по истории русской музыкальной критики конца XIX — начала XX в. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (26.7.1918, в. Закружка Мінскага р-на — 2.7.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1939). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1935. У першай аповесці «Чужы грунт» (1939) выкрываў прыстасавальніцтва і падхалімства. У зб-ках апавяданняў «Шырокія азёры» (1951), «Рына-Марына» (1958), «Як вясну рабілі» (1985), аповесцях «На крутой гары» (пач. назва «Да ясных вышыняў», 1950—51) і «Сям’я Вішнёвых» (пач. назва «Далі сабе слова», 1968—70) і інш.асн. тэмы — вайна, пасляваен. аднаўленне, сяброўства, каханне, праблемы горада і вёскі. Апавяданні Грамовіча для дзяцей сваёй рамантычнай прыўзнятасцю, арнаментальным стылем нагадваюць вершы ў прозе (кн. «Першага верасня», 1949; «Сонца скрозь воблакі», 1964). У сатыр. і гумарыстычных творах (зб-кі «Нарасць», 1961; «Вадалей—гэтакдалей», 1975; «Залатая бранзалетка», 1977) асуджаў мяшчанства і бескультур’е. Аўтар успамінаў пра дзеячаў культуры і л-ры «У сховах памяці і сэрца» (1983), нарысаў, публіцыст. артыкулаў, сцэнарыяў фільмаў. Пераклаў на бел. мову асобныя творы У.Кочатава, М.Носава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАЛО́ЦКІ (Мікалай Аляксеевіч) (7.5.1903, г. Казань, Расія — 14.10.1958),
рускі паэт. Скончыў Ленінградскі пед.ін-т імя Герцэна (1925). У 1936 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д. Усходзе, у Алтайскім краі і Карагандзе. З 1946 у Маскве. Друкаваўся з 1928. Першая кн. вершаў «Слупкі» (1929). З. — лірык філас. складу. У яго паэзіі роздум пра адвечны кругаварот прыроды, перамогу чалавечага розуму і працы над стыхіяй, сцвярджэнне велічы чалавека (паэмы «Урачыстасць земляробства», 1933, «Звар’яцелы воўк», 1931, апубл. 1965, «Дрэвы», 1933, апубл. 1965, і інш.). Лірыцы характэрны аналітычнасць стылю, маляўнічасць і пластычнасць вобразаў (зб-кі «Вершы», 1948; 1957; 1959). Пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі, творы груз., укр., італьян., венг. паэтаў. Для дзяцей апрацаваў раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль». На бел. мову творы З. перакладалі С.Грахоўскі, Я.Міклашэўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЧНЫ (сапр.Рублёў) Цімох Міронавіч
(1909, в. Будзіна Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 1944?),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі вышэйшы пед.ін-т (1933). З 1928 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь». У 1933—35, 1939—41 Бел. радыёкамітэце, у 1936—40 настаўнік у Мінску (адначасова 1936—39 у Ін-це школьнай педагогікі). У час Айч. вайны настаўнічаў у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Друкаваўся з 1928. Распрацоўваў жанры фельетона, апавядання, аповесці («Эльбрусы чалавечага шчасця», 1931, «Зямля ў вятрах», 1931, «Маці і сын», 1935, «Андрэй Блажко», 1940), рамана («Белы Камень», 1932). На бел. мову пераклаў раманы Г.Уэлса «Першыя людзі на месяцы», Ф.Беразоўскага «Бабскія сцежкі» (абодва 1931), М.Сервантэса «Дон Кіхот Ламанчскі» (1935), аповесці А.Новікава-Прыбоя «Жанчына ў моры» і В.Фінка «Іншакраінны легіён» (1936) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНАЦЕ́НКА (Іларыён Мяфодзьевіч) (н. 28.12.1919, в. Дамамеркі Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. гісторык. Акад.Нац.АН Беларусі (1974, чл.-кар. 1969), д-ргіст.н. (1965), праф. (1966). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1950). З 1948 пракурор г. Гомель, сакратар Мінскага гаркома КПБ, у БДУ. У 1966—80 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦККПБ, Ін-та гісторыі АН Беларусі, з 1980 заг. аддзела, з 1991 гал.навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі. Даследуе гісторыю Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20, нац.-вызв. руху 20 ст. Аўтар прац «Бяднейшае сялянства — саюзнік пралетарыяту ў барацьбе за перамогу Кастрычніцкай рэвалюцыі на Беларусі (1917—1918 гг.)» (1962), «Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя на Беларусі» (1986), «Кастрычніцкая рэвалюцыя і самавызначэнне Беларусі» (1992), «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі» (1995), «Рэвалюцыя ў гістарычным працэсе» (1997) і інш.Чл.ЦККПБ у 1976—81. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1975—86.
Літ.:
И.М.Игнатенко: (К 70-летию со дня рождения): Биобиблиогр. указ. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗБЯРУ́К (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 29.8.1923, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел.літ.-знавец і крытык. Канд.філал.н. (1963). Скончыў БДУ (1949). Настаўнічаў. З 1955 выкладаў у Полацкім пед. ін-це. У 1959—93 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1954. Даследуе бел. л-ру стараж. перыяду, 19 — пач. 20 ст., праблемы бел. рамантызму, бел.-польскія літ. сувязі, творчасць Я.Коласа, Ф.Багушэвіча, Ф.Скарыны, А.Гаруна, К.Каліноўскага, Г.Пельгрымоўскага, мітрапаліта Кіпрыяна і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), даследаванняў па гісторыі Беларусі.
Тв.:
Якуб Колас (жыццё і творчасць). Мн., 1962;
Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX ст.Мн., 1972;
Ступені росту: Бел.літ. канца XIX — пачатку XX ст. і традыцыі пол. пісьменнікаў. Мн., 1974;
Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле слав. традыцый. Мн., 1979;
Славянскія літаратуры і праблемы беларускага параўнальнага літаратуразнаўства (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1982;
Рамантычны пошук: Назіранні над бел. рамантызмам пачатку XX ст.Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЕ́КА (Янка) (Іван Дарафеевіч; н. 31.8.1915, в. Кострычы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе. У 1957—67 гал. рэдактар выд-ва «Беларусь». У 1967—91 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (у 1969—79 нам.гал. рэдактара). Друкуецца з 1935.
Аўтар прац па пытаннях развіцця класічнай і сучаснай бел. л-ры: зб-кі «З невычэрпных крыніц» (1958), «Натхненне і майстэрства» (1963), кн. «Беларуская байка» (1960), «Кандрат Крапіва» (1965), «Кузьма Чорны» (1980). Даследуе пераважна прозу, а таксама жанры сатыры, байку, праблемы творчай індывідуальнасці пісьменніка (Я.Колас, К.Чорны, К.Крапіва, І.Мележ, І.Шамякін, В.Вітка, А.Кулакоўскі), стылёва-жанравых прыкмет маст. твора. Складальнік кніг аўтабіягр. матэрыялаў бел. пісьменнікаў «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у выданні Бел.Сав. Энцыклапедыі ў 12 тамах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́ГА,
горад у Расіі, цэнтр Калужскай вобл., на левым беразе р. Ака. Вядома з 1371. 347 тыс.ж. (1997). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы машынабуд., прыладабуд., хім., дрэваапр., лёгкай і харч. прам-сці; вытв-сць буд.матэрыялаў. Пед.ін-т. Драм.тэатр. Музеі: краязнаўчы, маст., гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага.
Сярод арх. помнікаў каменны дом Корабавых (1697), цэрквы Пакрова на Рове (1687), Георгія за Верхам (1700—01), Спаса Праабражэння (1709—17) і інш. Паводле рэгулярных планаў 1778 і 1785 узведзены будынкі ў стылі класіцызму: Прысутныя месцы (1780—85, арх. П.Нікіцін), Троіцкі сабор (1786—1819, арх. І.Ясныгін), гасціны двор (1785—88, дабудоўваўся ў 1811—21), дамы Залатаровых—Калагрывавай (1805—08), Мяшковых (пач. 19 ст.), Дваранскага сходу (1848—50, арх. П.Гусеў). Непаўторнасць гораду надаюць драўляныя 1-павярховыя 3-аконныя дамы з карнізамі вял. вынасу і разнымі ліштвамі ў стылі ампір. У К. створаны ансамбль Тэатральнай пл. (1958), узведзены будынак Музея гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага (1967, арх. Р.Бархін і інш.).