познапалеалітычнае (каля 20 тыс.гадоў назад) паселішча на беразе р. Дзясна каля с. Мезін Чарнігаўскай вобл. (Украіна). Захаваліся рэшткі доўгачасовых невял. жытлаў з дрэва і касцей маманта, месцы апрацоўкі крэменю і косці, заглыбленыя агнішчы па-за жытламі. Сярод вял. колькасці крамянёвых прылад працы выяўлены спец. інструменты для гравіроўкі па косці, шмат прылад і рэчаў з косці і рогу жывёл. Знойдзены скульптурныя фігуркі жанчын і жывёл, бранзалеты і інш. рэчы з іклаў маманта, з геам. графікай (у т. л. меандравымі ўзорамі), размалёўкі чырв. вохрай на вял. касцях маманта, шмат марскіх ракавін паўд. паходжання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ДЫІ (Mytilus),
род двухстворкавых малюскаў. Вядомы з алігацэну (трыяс, каля 230 млн.гадоў назад). 3 віды. Пашыраны ў морах умераных паясоў, пераважна на мелкаводдзі. У Паўн. паўшар’і найб. трапляецца ядомая М. (M. edulis), якая ўтварае паселішчы — мідыевыя банкі. Прымацоўваецца да субстрату з дапамогай выдзяленняў бісусавай залозы. Кампанент абрастання падводных ч. збудаванняў і суднаў.
Ракавіна даўж. да 25 см, клінападобна-авальная. Фільтратары; праз мантыйную поласць за суткі праходзіць да 70 л вады, неабходнай для дыхання і паступлення корму (пераважна планктон, дэтрыт). Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ, інтэргляцыял,
адрэзак часу паміж 2 ледавікоўямі ў антрапагенавым перыядзе. Працягласць М. каля 10—30 тыс.гадоў. Пачаткам з’яўляецца канец рэгрэсіўнай фазы папярэдняга ледавікоўя, заканчэннем — пачатак трансгрэсіі наступнага ледавіка. Характарызуецца пацяпленнем клімату, вызваленнем тэрыторый умераных шырот ад ледавіковага покрыва і ў сувязі з гэтым падняццем тэрыторыі (працэсы гляцыяізастазіі, гл.Ізастазія); ажыўленнем эразійных працэсаў, намнажэннем алювіяльных, азёрных і балотных адкладаў, развіццём расліннасці ад хвойных, мяшаных да шыракалістых лясоў (у перыяд кліматычнага оптымуму), а ў канцы М. — зноў хвойных. На тэр. Беларусі вылучаюць 4 М.: белавежскае (самае старажытнае), александроўскае, шклоўскае і муравінскае (гл. адпаведныя артыкулы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕ́ЙКА (Зыгмунт) (Мінейка Газдава Сігізмунд Станіслававіч, псеўд.Баравы, 1840, в. Зялёны Бор Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., паводле інш. звестак Вільня — 27.12.1925),
удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Парыжы (1868). У 1861 вёў рэв. агітацыю сярод сялян Ашмянскага пав., у 1863 у атрадах М.Лянгевіча, паўстанцкі ваен. начальнік Ашмянскага пав., камандзір атрада. 3.6.1863 атрад разбіты пад Расолішкамі, М. схоплены і прыгавораны да 12 гадоў катаргі. У Сібіры адзін з кіраўнікоў рэв. арг-цыі ссыльных. У 1865 уцёк за мяжу. З 1891 у Грэцыі, удзельнічаў у вайне з Турцыяй за Крыт. Ганаровы грамадзянін Грэцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУМІЁ,
прыродны смалападобны прадукт біял. паходжання. Трапляецца ў гарах Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі, на Каўказе. Уяўляе сабой бясформенныя кускі з нераўнамерна-ячэістай ці гладкай паверхняй, цвёрдай або пругкай кансістэнцыі, з характэрным бальзамічным пахам. Састаў М. з розных месцаў паходжання мае падобныя фіз. і хім. ўласцівасці і адрозніваецца суадносінамі асобных кампанентаў. Мае вял. колькасць арган. і неарган. рэчываў, гіпуравую і бензойную к-ты, амінакіслоты, смолы і воскі, камедзі, раслінныя рэшткі. Адрозніваюць М. т.зв. залатое (чырв. колеру), сярэбранае (белага), меднае (блакітнага ці сіняга) і жалезнае (чарнавата-карычневага; найб. пашыранае). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне больш як 2 тыс.гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВА́Я СПЕ́ЛАСЦЬ,
заключная стадыя палавога выспявання, стан развіцця арганізма жывёл і чалавека, пры якім яны здольныя размнажацца. У жывёл тэрміны надыходу П.с. залежаць ад віду, пароды, полу жывёлы і інш. Самкі большасці відаў жывёл становяцца палаваспелымі раней за самцоў. У мужчын П.с. настае ў 19—20, у жанчын — у 16—17 гадоў (у паўд. краінах раней). П.с. чалавека характарызуецца па ступені выразнасці другасных палавых прыкмет (напр., па развіцці малочных залоз у жанчын, па аваласенні ў мужчын), залежыць ад спадчынных асаблівасцей, быт., сац.-эканам., кліматычных умоў, стану здароўя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАЧА́НЕ,
частка ўсх.-слав. групы крывічоў, якія ў 9 ст. насялялі тэр. сучаснай Віцебскай і Пн Мінскай абласцей. Межавалі на Пд з дрыгавічамі, на ПдУ са смаленскімі крывічамі, на Пн і У з ізборскімі крывічамі і наўгародскімі славенамі, на З і ПнЗ з лета-літоўскімі плямёнамі. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», П. — славяне, якія атрымалі назву ад р. Палата (прыток Зах. Дзвіны). Стварылі адно з ранніх тэр.-паліт. аб’яднанняў, племянное «княжанне», якое дало пачатак Полацкаму княству. Самыя стараж.археал. помнікі — могільнікі культуры доўгіх курганоў паўн. Беларусі, паселішчы ў Полацку, Віцебску, Лукомлі, Свіла, Дзіўная і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАЯ ЗО́РКА α Малой Мядзведзіцы, самая яркая зорка (2-й зорнай велічыні) у сузор’і Малой Мядзведзіцы. Размешчана на адлегласці каля 1° ад Паўн. полюса свету, таму захоўвае амаль нязменнае становішча пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы. Паказвае напрамак на Пн і шырату месца назірання, прыблізна роўную вышыні П.з. над гарызонтам. П.з. — падвойная зорка, складаецца з цэфеіды (перыяд пульсацыі каля 4 дзён, амплітуда змены бляску 0,12 зорнай велічыні) і карлікагал. паслядоўнасці. Аддалена ад Сонца на 1000 св.гадоў. На Беларусі відаць круглы год.
А.А.Шымбалёў.
Схема вызначэння становішча Палярнай зоркі на небе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАРА́Д ПЛАНЕ́Т»,
уяўнае збліжэнне планет па прамяні зроку. Бачны з Зямлі, калі здаецца, што большасць планет знаходзяцца блізка адна да адной (напр., у адным задыякальным сузор’і); на самай справе планеты аддалены адна ад адной на вял. адлегласці. Адбываецца прыблізна 1 раз у некалькі гадоў. Не аказвае адчувальнага гравітацыйнага ўздзеяння на Зямлю з прычыны малой агульнай масы планет у параўнанні з масай Сонца. Апошні «П.п.» адбыўся 6.4—17.5.2000, калі Марс, Юпітэр, Меркурый, Сатурн, Сонца і Венера знаходзіліся блізка па прамяні зроку (з прычыны блізкага вуглавога размяшчэння планет ад Сонца, гэта з’ява практычна не назіралася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТА́Н (Platanus),
род кветкавых раслін сям. платанавых. 7—10 відаў. Пашыраны ў Амерыцы (ад Мексікі да Канады) і ў Еўразіі (ад Балканскага п-ва і Усх. Міжземнамор’я да Індакітая). З ант. часу культывуюць П. усходні, або чынару (P. orientalis).
Лістападныя дрэвы выш. да 50 м, дыяметр ствала да 5 м. Жывуць больш за 2 тыс.гадоў. Крона густая, шырокая, ствол прамы, калонападобны. Кара зеленавата-шэрая. Лісце буйное, доўгачаранковае, пальчаталопасцевае. Аднаполыя кветкі дробныя, у звіслых галоўчатых суквеццях. Плод — арэшак. Драўніна прыгожая, лёгкая, моцная, выкарыстоўваецца як дэкар. мэблевы матэрыял.