АБВА́Л,

раптоўны адрыў і падзенне вял. масаў горных парод са стромкіх схілаў гор, рачных далін, абразійных марскіх берагоў. Здараюцца ад страты счаплення ці часовай апоры горных парод у выніку іх выветрывання, падмывання ці размыву, сейсмічных штуршкоў. Абрынутыя масы акумулююць як завал. У выніку буйнейшага Усойскага абвалу на р. Мургаб (аб’ём пароды 2,2 млрд. м³) утварылася Сарэзскае возера на Паміры (1911).

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫ́БАЎ,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 21 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 70 км ад Гомеля. 206 ж., 92 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Курган Славы на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Глыбаў.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ВАРД-ПЛАН (Howard Plan),

сістэма арганізацыі навуч.-выхаваўчай работы, заснаваная на прынцыпе індывідуальнага навучання. Упершыню выкарыстана ў 1920 у Говардскай жаночай сярэдняй школе ў Лондане (адсюль і назва). Паводле Говард-Плана расклад заняткаў і выбар навуч. курсаў прыстасаваны да «індывідуальных запытаў» вучняў пры захаванні абавязковага мінімуму навуч. прадметаў. З-за празмернай індывідуалізацыі навучання, арганізацыйнай складанасці і высокай платы вял. пашырэння не атрымала.

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТЛАНД (Gotland),

самы вял. востраў у Балтыйскім м., тэр. Швецыі. Утварае самастойную адм. адзінку (лен). Пл. 2960 км². Нас. 57,6 тыс. чал. (1993). Паверхня — плато (выш. да 83 м), складзенае з вапнякоў і пясчанікаў; пашыраны карставыя формы рэльефу. Клімат умераны, марскі. Хвойныя і шыракалістыя лясы. Тарфянікі. Рэзерват Хал-Хангвар. Пасевы збожжавых, бульбы. Жывёлагадоўля. Распрацоўкі вапняку. Адм. цэнтр і гал. порт — г. Вісбю.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т.

Існаваў у 1940—41, 1944. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-га кл. агульнаадук. школ. Тэрмін навучання 2 гады. Меў аддзяленні бел. і рус. мовы і л-ры, фіз.-матэматычнае. У Вял. Айч. вайну абсталяванне і б-ка ін-та знішчаны. Аднавіў работу ў 1944. На яго базе створаны Гродзенскі пед. ін-т (1944—78) пераўтвораны ў Гродзенскі універсітэт.

т. 5, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Засн. ў 1922 для вытв-сці аптэчных шклянак. У Вял. Айч. вайну разбураны, у канцы 1944 адноўлены. Уключае гал. цэхі: прыгатавання шыхты, вырабу пракатнага шкла і шклаблокаў, вытв-сці шклатары. Асн. прадукцыя (1997): узорыстае і арміраванае шкло, шклаблокі, бутэлькі для разліву шампанскага, він, піва, безалкагольных напіткаў, тара шкляная для тавараў быт. хіміі.

Да арт. Гродзенскі шклозавод. Блокі шкляныя.

т. 5, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫФО́Н,

1) раптоўны прарыў з затрубнай прасторы буравой свідравіны флюіду (у асн. газу), які рухаецца пад вял. ціскам. Суправаджаецца ўтварэннем кратэраў, дыяметр варонкі якіх можа дасягаць некалькіх дзесяткаў і нават соцень метраў; выклікае прасяданне зямной паверхні. Часта грыфоны прыводзяць да пажараў і ліквідацыі свідравіны.

2) Выхад падземнай вады з ваданоснай пароды сканцэнтраваным струменем, які падымаецца вышэй за паверхню зямлі ці дно вадаёма.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДЗІ́МАЎ (Сцяпан Мітрафанавіч) (7.11.1913, с. Ягаднае Валгаградскай вобл., Расія — 22.6.1941),

лётчык-знішчальнік, які ў Вял. Айч. вайну адзін з першых тараніў варожы самалёт. З 1934 у Чырв. Арміі, з 1938 служыў у Беларусі. Штурман эскадрыллі знішчальнага авіяпалка лейтэнант Гудзімаў у баі каля г. Пружаны збіў 2 варожыя бамбардзіроўшчыкі, адзін з іх тараніў. Загінуў у гэтым баі. У Пружанах яму пастаўлены помнік.

т. 5, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСА́РАЎ (Рыгор Андрэевіч) (6.2.1906, в. Алешня Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 23.12.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну на фронце з вер. 1941. Камандзір аддзялення сяржант Гусараў вызначыўся ў 1943 у баях у Верхнедняпроўскім р-не Днепрапятроўскай вобл. (Украіна): 28 вер. ў ліку першых фарсіраваў Дняпро, заняў з узводам зручны рубеж, чым садзейнічаў пераправе інш. падраздзяленняў палка.

Р.А.Гусараў.

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ТНІК (Васіль Васілевіч) (10.12.1921, в. Каменск Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 5.8.1994),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Удзельнік абароны Сталінграда, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Польшчы. Наводчык гарматы сяржант Гутнік вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні Віслы ў раёне г. Сандамір, у 1945 у час ліквідацыі варожай групоўкі і вулічных баёў у г. Брэслаў (Вроцлаў, Польшча).

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)