ле́свіца, ‑ы, ж.

1. Збудаванне ў выглядзе раду ступенек для пад’ёму і спуску. Каменная лесвіца. Вінтавая лесвіца. □ Адразу за дзвярыма вузкая лесвіца з драўлянымі слізкімі парэнчамі. Галавач. Экскурсанты з шумам і жартамі падымаліся па лесвіцы. Краўчанка.

2. Пераноснае прыстасаванне для пад’ёму і спуску; драбіны (у 1 знач.). Адзін баец пайшоў у пуню, другі на дрывотню, а Свідзерскі па лесвіцы, прыстаўленай да зашчытка, палез на гарышча. Хомчанка. [Валодзя] перавёў позірк на Стася, які ўжо сядзеў на маленькай стаячай лесвіцы, накшталт тых, што бываюць у бібліятэках. Шамякін.

3. перан. Паслядоўнае размяшчэнне па ўзыходзячай лініі, ад ніжэйшага да вышэйшага (якіх‑н. прадметаў, асоб, чыноў і пад.). Іерархічная лесвіца. Класіфікацыйная лесвіца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.

1. Кіраваць рулём. Шашу дагнаў на веласіпедзе Міхайла Прымак, ён спрытна руляваў адной рукой. Шамякін. // Кіраваць рухам чаго‑н. (лодкі, санак і пад.). Надзя рулявала ўпершыню, і лодка, вядома, больш слухалася маіх двух вёслаў, чым яе аднаго. Кірэенка. Я рулюю нагамі, выкіроўваю санкі на лёд. Жычка. // Разм. Ехаць па чым‑н., кіруючы рулём. [Сяргей Сяргеевіч:] — У Змітрака ўжо была ў той час свая машына, дык ён, як толькі вернецца, бывала, з работы, пасадзіць дачку і жонку і рулюе куды-небудзь за горад — у лес або на раку. Ляўданскі.

2. Спец. Каціцца па зямлі (пра самалёт).

3. Спец. Весці самалёт па зямлі (пра лётчыка).

[Ад фр. rouler — каціць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саслізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Слізгаючы, спусціцца ўніз; з’ехаць. Саслізнуць з берага ў раку. □ [Васіль], як вокам згледзець, саслізнуў з дрэва, і, не разбіраючы дарогі, мы памчаліся па поплаве. Каліна. // Хуценька ўстаць, пакінуць якое‑н. месца. Міша паслухмяна саслізнуў з бацькавых каленяў і падаўся да сваіх кубікаў — будаваць дом. Шахавец. // Саслізнуўшы, перамясціцца з аднаго месца ў іншае. Аўтамат у Свіступова, нібы жывы, саслізнуў з пляча і аказаўся ў руцэ. Паўлаў. Прамень па твары крадзецца яе, На вейкі саслізнуў. Дзяргай.

2. Не ўтрымаўшыся дзе‑н., спаўзці, зваліцца. Крук ударыўся аб провад і саслізнуў уніз. Курто. Паходня пацягнуўся наперад, ногі саслізнулі з купіны, і ён уваліўся ў ваду па пояс. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скараці́цца, ‑роціцца; зак.

1. Стаць кароткім або больш кароткім. Пасля рэдагавання артыкул скараціўся. □ Але вось ланцужок самазвалаў прыкметна скараціўся, вось ужо загружана апошняя машына. Дадзіёмаў. // Стаць менш працяглым у часе. Рабочы цыкл экскаватара скараціўся на 15 секунд. Лукша.

2. Зменшыцца колькасна або па велічыні, у аб’ёме. Колькасць [белых мядзведзяў] за апошнія гады рэзка скарацілася. Матрунёнак. Па даных Генеральнага штаба Чырвонай Арміі, у часе «рэйкавай вайны» перавозкі праціўніка скараціліся на 40 працэнтаў. Дзенісевіч. // Звузіцца, зменшыцца (пра вытворчасці выраб чаго‑н. і пад.). Вытворчасць асобных тавараў скарацілася.

3. Сціснуўшыся, зменшыцца па даўжыні, у аб’ёме (пра тканкі, органы, клеткі). Мышцы скараціліся.

4. У матэматыцы — выразіцца ў меншых ліках пасля дзялення на які‑н. лік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спецыялізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.; на чым, па чым, у чым.

1. Набыць (набываць) спецыяльныя веды, навыкі ў якой‑н. галіне навукі і тэхнікі; набыць (набываць) якую‑н. спецыяльнасць. Проста Алік нават уяўлення не меў аб зборным жалезабетоне; ён спецыялізаваўся ў інстытуце на мантажы катлоў і турбін. Дадзіёмаў. На рэдакцыйнай лятучцы Мацвей Кірылавіч пахваліў мяне і нават выказаў думку, ці не варта мне наогул спецыялізавацца ў гэтым жанры [фельетоне]. Сабаленка.

2. Дзейнічаць, развівацца ў выразна акрэсленым кірунку; мець спецыяльнае прызначэнне. Калгас спецыялізуецца па вытворчасці мяса і малака. «ЛіМ». Перад нашай рэспублікай, якая спецыялізуецца на жывёлагадоўлі, стаяць вялікія задачы па значнаму павелічэнню вытворчасці мяса, малака; яек. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́саб, ‑у, м.

1. Прыём, метад ажыццяўлення, дасягнення чаго‑н. Прамысловыя спосабы здабычы торфу. Капіталістычны спосаб вытворчасці. Весці будаўніцтва эксперыментальным спосабам. Спосабы яравізацыі азімай пшаніцы. □ [Лютынскі:] Мы ж павінны паказваць больш культурныя і рацыянальныя спосабы карыстання зямлёй. Крапіва. І кожны з іх [хлопцаў] мае па плану свой спосаб рашэння задачы. Колас. Тут былі парады, як распальваць агонь у лесе: па-сібірску, паляўнічым і іншым спосабамі. Паслядовіч.

2. чаго. Парадак, характар, склад. Спосаб праўлення. Спосаб дзеянняў.

3. Рэальныя ўмовы, сродак, магчымасць ажыццяўлення чаго‑н. У пошуках спосабу жыць гэтая сям’я на некалькі год трапіла на Далёкі Усход, пасля зноў вярнулася ў Беларусь. Чорны. Па некалькі разоў у дзень Васіль перадумваў спосабы сустрэчы. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

часць, ‑і, ж.

1. Асобная самастойная вайсковая адзінка. Танкавыя часці. Пяхотныя часці. □ Вайсковая часць.. атрымлівае заданне: выбіць фашыстаў з умацаванняў. «Звязда».

2. Доля, пай, якія належаць каму‑н. [Богушу] ўжо не да твару калупацца ў зямлі, ён прадае сваю часць і едзе ў свет. Скрыган.

3. з азначэннем. Разм. Галіна якой‑н. дзейнасці; спецыяльнасць. Пайсці па слясарнай часці. □ [Дзед:] — Праўда, на сына мала было надзеі: ударожыўся ён па лясной часці. Якімовіч. // Круг, сфера чыіх‑н. абавязкаў, інтарэсаў, дзейнасці. — А ты замест таго, каб тытунём сабе галаву тлуміць, пацешыўся б во прыродай! — кінуў Наркевічу.. Севасцьянаў. — Ну, гэта па тваёй часці, — засмяяўся Наркевіч, — ты ж паэт, а не я. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стрые́чны ‘які знаходзіцца ў сваяцтве па дзеду ці бабцы з дзецьмі іх сыноў або дачок; дваюрадны’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Сцяшк., Янк. Мат., Пан., Сл. ПЗБ), ‘траюрадны’ (швянч., Сл. ПЗБ), стрэ́чны ‘дваюрадны’ (Скарбы, Чуд.), стрі́ечный ‘дзядзькаў сын, дачка’ (Бяльк.), стрые́шный ‘тс’ (Нас.), стрые́чная ‘жонка дваюраднага брата’ (Яруш.), стрые́чка ‘дваюрадная сястра’ (Нас., Байк. і Некр.). Ад стрый (гл.), параўн. ст.-бел. стрыеве ‘дваюрадныя па лініі маці’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. Шаўр, Etymologie, 36.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАРО́НІМЫ (ад пара... + грэч. onyma імя),

словы, блізкія па гучанні і структуры, але розныя па значэнні. Гл. ў арт. Паранімія.

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎНЫ КАМІТЭ́Т ПА СЯЛЯ́НСКАЙ СПРА́ВЕ,

урадавая ўстанова ў Расіі па разглядзе праектаў адмены прыгоннага права ў 1858—61. Пераўтвораны з Сакрэтнага к-та па сял. справе. Знаходзіўся ў распараджэнні імператара. Старшынёй быў кн. А.​Ф.​Арлоў, потым вял. кн. Канстанцін Мікалаевіч, членамі — міністры, чл. Дзярж. савета і інш.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)