СУФЛЁР (ад франц. souffler дзьмуць, падказваць),

работнік т-ра, які сочыць за ходам рэпетыцыі і спектакля па тэксце п’есы (суфлёрскі экзэмпляр) і пры неабходнасці падказвае акцёрам тэкст ролі (у муз. т-ры С. сочыць па клавіры). Знаходзіцца ў суфлёрскай будцы, размешчанай каля лініі заслоны (ці ў адной з бакавых куліс) і схаванай ад гледачоў.

т. 15, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРЫФІКА́ЦЫЯ,

вызначэнне тарыфу на аснове класіфікацыі аб’ектаў абкладання ці аплаты (напр., Т. заработнай платы); вызначэнне (прысваенне) тарыфных разрадаў., Ажыццяўляецца на аснове тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка. Адрозніваюць Т. работ — аднясенне розных па складанасці работ да пэўнага разраду тарыфнай сеткі і Т. рабочых — прысваенне ім адпаведных тарыфных разрадаў у залежнасці ад кваліфікацыі і прафесіі (спецыяльнасці).

т. 15, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЎТАЛАГІ́ЧНАЯ РЫ́ФМА,

паўтор у канцы вершаваных радкоў аднаго і таго ж ці некалькіх слоў, якія вызначаюць страфічную будову верша. Сустракаецца ў фальклоры і ў сучаснай паэзіі:

Слепіць вочы ён, снег,
І дарогі разбег.
І ты мружышся: «Снег!..
Што за студзеньскі снег!..»
(А.​Лойка. «Снег»)

Разнавіднасць Т.р. ва ўсх. паэзіі — рэдыф.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫТУНЁВЫЯ ВЫ́РАБЫ,

вырабы з лісця тытуню, а таксама махоркі. Прам-сць выпускае курыльныя Т.в. (папяросы, цыгарэты, цыгары, тытуні для люлькі і курэння і інш.), а таксама жавальную і нюхальную табаку. Для змяншэння ў дыме нікаціну, смол і інш. шкодных рэчываў вырабляюць цыгарэты з фільтрам з ацэтатнага валакна ці спец. паперы. Гл. таксама Тытунёва-махорачная прамысловасць.

т. 16, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УШЧЫ́ЛЬНЕНЫЯ ПАСЕ́ВЫ,

вырошчванне ў міжраддзях адной с.-г. культуры інш. культуры (ушчыльняльнай). Дазваляе больш прадукцыйна выкарыстоўваць пасяўную плошчу і павышаць ураджайнасць. Найб. пашыраны ў агародніцтве, напр., вырошчванне цвятной капусты ў міжраддзях памідораў позніх сартоў, агуркоў — у міжраддзях позняй капусты ці морквы; у ахоўным грунце — вырошчванне пекінскай капусты, салаты, зялёнай цыбулі і інш. у міжраддзях агуркоў.

т. 16, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УЯ́ЎНАЯ СМЕРЦЬ»,

з’ява здранцвення птушанят некат. палярных птушак пры адсутнасці корму ці ахаладжэнні; прыстасавальная рэакцыя арганізма. Калі дарослыя птушкі, напр., кайры, адлятаюць за кормам, птушаняты часова дранцвеюць. Але як толькі бацькі накормяць іх, яны ажываюць (аднаўляецца нармальны абмен рэчываў і т-ра цела). Такое прыстасаванне дазваляе птушанятам палярных птушак пераносіць голад і холад.

т. 16, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРАТА́КСІС (ад грэч. pharos маяк + taxis размяшчэнне),

здольнасць жывёл выбіраць найб. кароткі шлях руху паміж 2 пунктамі ў прасторы. З’яўляецца інстынктыўнай формай паводзін асобін ці папуляцыі, якая дазваляе эканоміць кінетычную энергію, зменшыць небяспеку нападу драпежнікаў і інш. Ф. сустракаецца пераважна ў жывёл, якія не маюць сродкаў абароны (напр., у хатніх прусакоў, мышэй і інш.).

т. 16, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́СЦЫІ, фасцы (лац. fasces),

пучкі прутоў (з бярозы ці вязу), перавязаныя рамянямі, з уваткнутымі ў іх сякеркамі; атрыбут улады цароў, потым вышэйшых магістратаў у Стараж. Рыме. Неслі Ф. ліктары, якія суправаджалі магістратаў. У 18—19 ст. выявы Ф. выкарыстоўваліся ў дэкар. мастацтве і архітэктуры, у 20 ст. запазычаны італьян. фашыстамі ў якасці эмблемы.

т. 16, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІТАМА́СА (ад фіта... + маса),

сумарная маса расл. арганізмаў або якой-н. групы раслін у прыродным згуртаванні. Выражаецца ў адзінках, што і біямаса. Для колькаснай характарыстыкі выкарыстоўваюць меры вагі (маса сухога арган. рэчыва ці вугляроду, які ў ім знаходзіцца), аб’ёму (кубічныя метры), лінейныя (асабліва для каранёў), паверхневыя (для лісця і хвоі), энергет. і інш.

т. 16, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНА́РЫЯ (Funaria),

род брыевых імхоў сям. фунарыевых. Каля 200 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 1 від — Ф. вільгацямерная (F. hygrometrica). Трапляецца на вільготных лугах, палях, каля будынкаў.

Дзярнінкі рыхлыя. Сцябло даўж. 0,5—5 см. Лісце яйцападобнае ці ланцэтнае, суцэльнае або зубчастае. Каробачка ад прамастойнай да павіслай. Каўпачок клабукападобны, З доўгай дзюбкай.

Фунарыя вільгацямерная.

т. 16, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)