СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫЯ ПЕ́РАПІСЫ,

збор статыстычных звестак пра с.-г. вытв-сць, неабходных для вывучэння працэсаў і з’яў, якія адбываюцца ў сельскай гаспадарцы. Могуць ахопліваць асн. элементы с.-г. вытв-сці па краіне ці рэгіёне або пэўны элемент сельскай гаспадаркі (напр., жывёлу, расл. культуры). Ажыццяўляюцца адначасова, па адзінай праграме і метадалогіі. Гл. таксама Перапісы статыстычныя.

т. 14, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́МПЛЕКСНАЯ СУ́ВЯЗЬ (ад лац. simplex просты),

сістэма двухбаковай электрасувязі паміж двума абанентамі па адным фіз. ланцугу ці па адным канале сувязі, пры якой прыём і перадача паведамленняў праводзіцца пачаргова. Пры тэлеф. С.с. для двухбаковай перадачы паведамленняў карыстаюцца спец. прыладамі для змены напрамку перадачы (уручную — кнопкай, аўтаматычна — ад голасу). Гл. таксама Дуплексная сувязь.

т. 14, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́НЕР (англ. scanner разгортвальная прылада),

электронная прылада, якая пераўтварае плоскі відарыс (тэкст, табліцу, чарцёж, фатаграфію ці інш.) у лічбавы код шляхам паслядоўнага прагляду (сканіравання) усіх пунктаў поля відарыса. Пры гэтым для кожнага пункта вымяраюцца яго яркасныя і колерныя характарыстыкі. Выкарыстоўваецца для ўводу інфармацыі ў ЭВМ або для перадачы яе па лініях факсімільнай сувязі.

т. 14, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́РАСЦЬ РЭА́КЦЫІ ў хіміі,

колькасная характарыстыка інтэнсіўнасці рэакцыі хімічнай; асн. паняцце кінетыкі хімічнай. Вызначаецца змяненнем колькасці часціц (малекул, іонаў) кожнага рэчыва, што прымае ўдзел у хім. рэакцыі, за адзінку часу ў адзінцы аб’ёму (канцэнтрацыі рэчыва для гамагенных рэакцый) ці на адзінку плошчы паверхні падзелу фаз (для гетэрагенных і тапахім. рэакцый). Гл. таксама Парадак рэакцыі.

т. 14, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНЕ́ЧНІКАВЫ АЛЕ́Й,

раслінны тлусты алей з насення сланечніку. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Залаціста-жоўтая вадкасць, шчыльн. 924 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -16 да -19 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як харч. прадукт, для вырабу маянэзаў, як сыравіну ў вытв-сці маргарыну, пакостаў, алкідных смол, мыла.

т. 14, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЕВЫ АЛЕ́Й,

раслінны тлусты алей з зярнят соі. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Светла-жоўтая вадкасць, шчыльн. 924—934 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -8 да -18 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як харч. прадукт, у вытв-сці маргарыну, мыла, а таксама пакосту, алкідных смол, алейных лакаў. мыйных сродкаў.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ ВАГА́ ў квантавай механіцы,

кратнасць выраджэння ўзроўню энергіі. С.в. ў квантавай статыстыцы — колькасць квантавых станаў фіз. сістэмы з пэўнай энергіяй (ці з энергіяй у дадзеным вузкім інтэрвале, калі яна мае неперарыўныя значэнні). С.в. ў класічнай статыстыцы — значэнне элемента аб’ёму ў фазавай прасторы для макраскапічнай фіз. сістэмы. С.в. ў тэрмадынаміцы — тое, што імавернасць тэрмадынамічная.

т. 15, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУГ,

бандарны інструмент для апрацоўкі клёпак і гатовых вырабаў у многіх народаў свету, у т. л. славян. Бывае з прамым або выгнутым лязом, з паралельна ці асіметрычна пастаўленымі ручкамі, што зручна пры вырабе абручоў, зрэзванні тарцовага краю бочак і інш. Выкарыстоўваецца і для першаснай апрацоўкі дрэва, пры вырабе гонты і інш. Гл. Стругі.

Стругі.

т. 15, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУКТУ́РНЫЯ ГЕ́НЫ,

участкі малекулы ДНК, якія вызначаюць паслядоўнасць амінакіслот у малекуле бялку ці ферменту. У пракарыётаў у склад аперона ўваходзяць некалькі С.г., эўкарыётаў — адзін, які мае інфарматыўныя (экзоны) і неінфарматыўныя (інтроны) участкі. Экзоны ўтвараюць інфарм. РНК, дзе адбываецца зборка адпаведнай малекулы бялку. Функцыян. актыўнасць С.г. вызначае фенатыпічныя асаблівасці кожнага арганізма.

Р.​Г.​Заяц.

т. 15, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,

тое, што ўласціва суб’екту ці вытворнае ад яго дзейнасці. Ўключае ўсе псіхічныя працэсы індывіда, з дапамогай якіх ён успрымае і адлюстроўвае ў сваёй свядомасці аб’ектыўнае. Адзін з гал. фактараў пазнання, якое ўяўляе сабой працэс пераходу ад С. да аб’ектыўнага. Часам пад С. разумеюць неадэкватнае ўяўленне, што не адпавядае аб’екту пазнання (гл. Суб’ектывізм).

т. 15, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)