рату́нак, ‑нку, м.

1. Тое, што і ратаванне. Рух гэты .. [Міхалковіча] падобен на тое, быццам ён кінуўся на свой ці на чый ратунак. Чорны.

2. Магчымасць, сродак выратавацца, пазбавіцца ад чаго‑н. (небяспечнага, непрыемнага). І няма такой злыбеды на свеце, на якую б не ўсміхнуўся неспадзеўны, нечаканы ратунак. Гарэцкі. Гэта быў слабы, але радасны крык чалавека, які пасля смяртэльнай небяспекі ўбачыў ратунак. Шамякін. Казінае малако лічылася найлепшым ратункам ад сухотаў, ад усякай знямогі, кашлю, болю ў грудзях. Кулакоўскі.

3. Дапамога, абарона, выручка. Прасіць ратунку. □ З трахомаю, з праказаю Калекі ўсе ідуць. Ускраіны паказваюць Вялікую бяду. Пара ратунак даць ім, Пара іх выручаць! Панчанка.

•••

Ратунку няма гл. няма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.

1. Паставіць поруч або ў адно месца. Саставіць вінтоўкі ў піраміду. □ Сажнуць сярпамі з жонкай жытні клін, Збяруць снапы, саставяць іх у бабкі. Корбан. Міхась туды [у куток пуні] саставіў старыя калоды. Б. Стральцоў. // Прыставіць, падставіць адно да другога. Умомант саставілі [хлопцы] адзін к аднаму сталы, як на вяселлі, і паселі наўкруга. Мурашка.

2. Атрымаць што‑н. цэлае, злучыўшы, змацаваўшы асобныя часткі. Саставіць поезд. □ [Гаварушка:] — Таксама навука — як разбіты гаршчок саставіць. Лобан. // Атрымаць (сумесь, раствор і пад.), перамяшаўшы якія‑н. рэчывы. Саставіць лякарства.

3. Зняць што‑н., пастаўленае наверх. Саставіць са стала на падлогу.

•••

Саставіць ураўненне — запісаць умову задачы ў выглядзе ўраўнення, якое змяшчае шукаемую велічыню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спасы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спасылацца — спаслацца. Калі ж Вабейка напісаў, што дом пабудаваны .. і што, каб не спасылка на яго, Ціхана, будавацца не дазволілі б, Ціхан адказаў надзвычай рэзка. Хадкевіч. Кавалёва слухала жанчын і была рада, што не пачула, каб хоць адна не паверыла ў свае сілы. Была толькі адна спасылка — на сям’ю. Дуброўскі.

2. Цытата, вытрымка адкуль‑н. або ўказанне крыніцы, на якую спасылаюцца ў асноўным тэксце. Бывае, што ў спасылках на крыніцы сустрэнеш набранае петытам імя першаадкрывальніка, першапраходц[а]. Юрэвіч. Прасіў [Кухарчык] толькі адно, каб спасылкі на крыніцы, з якіх бралася тое ці іншае палажэнне, Мая пісала на мове арыгінала. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Цярпліва вынесці, вытрымаць (што‑н. страшэннае, непрыемнае. нясцерпнае). Стрываць боль. □ Як цяжка ні будзе, — стрываем. Радзіма, не зганьбім цябе! Астрэйка. Колькі перанесла .. [маці] гора — ні адна жывая душа не стрывала б. Ваданосаў. // без дап. (звычайна з адмоўем). Стрымацца, утрымацца ад чаго‑н. (ад якіх‑н. слоў, учынкаў). Хлопчык не стрываў і, калі дзядзька выйшаў з хаты, спытаўся ў бацькі, навошта той гаварыў гэтак з Анісімам. Сачанка. Ды так ужо казёл абрыдзеў сабаку сваім прыставаннем, што Жук аднойчы не стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Брыль. Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Акцызнік не стрываў — сышоў да Парыпанавай студні. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траха́, прысл.

Разм. Чуць, амаль. Касніцкі ўскінуў на плечы граблі і вілы і рушыў ісці, цень яго быў гэтакі доўгі, што галава ўпіралася ў былы папоўскі сад, а граблі з віламі каб траха, дык дайшлі б да самай царквы. Чорны. Затое мы самі назвалі пастку лаўком, гэты лавок нагадваў цыліндр даўжынёю не болей за метр, а дыяметрам траха меней паўметра. Масарэнка.

•••

Траха не... — чуць не, амаль не. Дачка акінула бацьку такім ледзяным позіркам, што таго траха не скаланула, але ён не падаў выгляду, што адчувае сябе няёмка. Чарнышэвіч.

Траха што — амаль што. Ды траха што і ўсе выкладчыкі мелі дачыненне да друку — былі аўтарамі першых беларускіх падручнікаў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

часць, ‑і, ж.

1. Асобная самастойная вайсковая адзінка. Танкавыя часці. Пяхотныя часці. □ Вайсковая часць.. атрымлівае заданне: выбіць фашыстаў з умацаванняў. «Звязда».

2. Доля, пай, якія належаць каму‑н. [Богушу] ўжо не да твару калупацца ў зямлі, ён прадае сваю часць і едзе ў свет. Скрыган.

3. з азначэннем. Разм. Галіна якой‑н. дзейнасці; спецыяльнасць. Пайсці па слясарнай часці. □ [Дзед:] — Праўда, на сына мала было надзеі: ударожыўся ён па лясной часці. Якімовіч. // Круг, сфера чыіх‑н. абавязкаў, інтарэсаў, дзейнасці. — А ты замест таго, каб тытунём сабе галаву тлуміць, пацешыўся б во прыродай! — кінуў Наркевічу.. Севасцьянаў. — Ну, гэта па тваёй часці, — засмяяўся Наркевіч, — ты ж паэт, а не я. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць сухі шум, дакранаючыся да чаго‑н. або ад дотыку чаго‑н.; шуршэць. На дварэ курылася замець. Шарпалі па шыбах голыя галінкі бэзу, нібы прасіліся ў хату пагрэцца. Шашкоў. Шарпае пад лёгкімі лапцікамі колкае і яшчэ поўнае соку ржышча. Гарэцкі.

2. што. З шумам дакранацца да чаго‑н., кратаць, драпаць што‑н. Чутно стала, як аб пясок разбіваюцца хвалі, нібы якісьці звер шлёпае лапамі па вадзе і шарпае гальку. Дуброўскі. // Шукаць. Мусатаў збялеў. — Вось якія справы. Калі ўжо шарпаць, то не ў Хаданоўскай пушчы, а ў Янавай. Ды і Кортаўскі востраў памацаць не шкодзіла б. Караткевіч.

3. што. Драць. Шарпаць адзенне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Буза́ 1 ’падонкі, мут, асадак; азаддзе’ (БРС, Нас., Касп., Яруш., Бяльк.), ’бруд, мут на вадзе’ (КЭС, лаг.), ’пустазелле сярод зярнят’ (Шат.). Укр. буза́ ’татарскі напітак з проса; бруд у нямытай авечай шэрсці; асадак у вадкасці’. Рус. буза́ ’напітак; мутная вадкасць; дрэнны суп; мутная вада ў рацэ; іл, гразь і г. д.’. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. тат. buza ’напітак з проса і да т. п.’ < перс.; Локач, 31). Міклашыч, 25; Бернекер, 105; Фасмер, 1, 232; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 21; Шанскі, 1, Б, 214–215. Шмат значэнняў у выніку метафарызацыі. Параўн. буза́ 2.

Буза́ 2 ’рачны і азёрны іл; гразь; разведзеная гліна; твань з травой на дне вадаёма, гразкае балота’ (Яшкін), буза́, бузяна́е балота (полац., гл. Талстой, Геогр., 192), рус. (пск.) буза́. Перанос назвы ежы, напіткаў на геаграфічныя аб’екты. Параўн. буза́ ’астаткі вадкасці; напітак буза; адходы’. Падрабязней Талстой, Геогр., 192 (там і некаторыя семантычныя паралелі). Гл. таксама Макіенка, Зб. Ларыну, 102. Паводле Нік. Очерки, 103, адсюль паходзіць бузава́ць, ’пэцкаць, муціць, тускліць; мяць, псаваць адзенне’ (БРС, Бір. Дзярж., Бяльк., Касп., Шат.), буза́ніць. Але параўн. і бузава́ць ’біць’.

Буза́ 3 ’скандал’ (БРС). Рус. буза́ ’тс’, укр. буза́ (з рус.?). Не вельмі яснае слова. Па адной версіі, метафарызацыяй з буза́ ’напітак’ (так Трубачоў, Дополн., 1, 233; супраць Шанскі, 1, Б, 215). Шанскі, там жа, мяркуе, што буза́ ’скандал’ < польск. buza ’лаянка, вымова’ (падрабязней гл. пад бузава́ць ’біць’). Ад буза́ ’скандал’ утворана бузі́ць, рус. бузи́ть (гл. Трубачоў, Дополн., 1, 233; наўрад ці ёсць сувязь з англ. арго boose ’моцны напітак’, boosy ’п’яны’, аб гэтым Трубачоў, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АБО́ЛЬЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Абалянка. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Дзяржынскага. За 36 км на Пн ад г. Талачын, 116 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Лемніца. 450 ж., 156 двароў (1994).

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1385 як маёмасць вял. кн. ВКЛ Ягайлы. Пад назвай «Оболчи» згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (14 ст.). У 15 — пач. 16 ст. цэнтр Аболецкага намесніцтва (павета) Віцебскай зямлі. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 уключаны ў Аршанскі пав. На 1885 у Абольцах 265 ж., 60 дамоў. У 1924—31, 1946—56 Абольцы — цэнтр сельсавета Коханаўскага, у 1931—46 і з 1956 — Талачынскага р-наў.

Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аптэка, дзіцячы сад, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУХО́ВІЧ Міхал Лявон (? — 22.10.1668),

дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, мемуарыст. Сын П.К.Абуховіча. Скончыў філас. ф-т Віленскай акадэміі. Служыў пры двары караля Яна Казіміра Вазы. Палкоўнік войска ВКЛ, падкаморы мазырскі (1662), навагрудскі (1665), стражнік ВКЛ (1668). Каралеўскі дыпламат, ганец у Маскву (1650, 1653). У 1651 удзельнічаў у ваен. паходзе супраць Б.​Хмяльніцкага, у 1656 ваяваў са шведамі пад Варшавай. Пасля смерці бацькі (1656) камандаваў яго палком. У 1660 пад час бітвы з рус. войскам І.​Хаванскага на Брэстчыне трапіў у палон і вывезены ў Маскву (у 1662 абменены на рус. военачальнікаў у Смаленску). Удзельнічаў у паходзе на Браншчыну (1664). Аўтар панегірыкаў, 2 «Дыярыушаў» на польск. мове пра маскоўскія звычкі і традыцыі, сеймы Рэчы Паспалітай, паліт. атмасферу часу, ваен. акцыі, у якіх сам удзельнічаў.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)