Анкалогія і мед. радыялогія як навукова абгрунтаваная сістэма арганізацыі анкалагічнай дапамогі дзейнічае на Беларусі з сярэдзіны 20 ст. На базе Рэсп. анкалагічнага дыспансера (1934, Мінск) у 1960 створаны НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (заснавальнік і першы дырэктар М.М.Аляксандраў). З 1965 інстытут мае сваю базу ў пас. Лясны пад Мінскам. Дзейнасць інстытута і развіццё анкалагічнай службы рэспублікі звязана з імёнамі Г.Д.Голуб, З.М.Гутмана, І.Р.Жакава, Э.Л.Жаўрыда, В.А.Казліціна, С.Б.Каржа, З.В.Лапарэвіч, А.А.Машэўскага, Т.Ц.Паддубнай, Ц.А.Панцюшэнкі, У.С.Пячэнкі, Я.С.Скоблі, Л.С.Сукаватых, І.П.Сяржаніна, С.З.Фрадкіна, М.А.Цішчанкі, Б.Д.Шыцікава і інш. Яны стварылі навук. асновы арганізацыі проціракавай барацьбы, ранняга выяўлення раку, развіцця і ўкаранення метадаў камбінаванага і комплекснага лячэння злаякасных пухлін, радыеізатопнай дыягностыкі, прамянёвай і хіміятэрапіі.
Анкалагічную дапамогу аказваюць Мінскі гар. і абласныя анкалагічныя дыспансеры (Брэст, Віцебск, Гомель, Магілёў), анкалагічнае аддзяленне Гродзенскай абл. бальніцы, міжраённыя дыспансеры (Баранавічы, Бабруйск, Вілейка, Мазыр, Пінск, Полацк). Дыспансеры маюць паліклінікі і стацыянары, неабходную апаратуру і абсталяванне для дыягностыкі і лячэння анкалагічных хворых; праводзяць прафілактычныя агляды, рэгіструюць і аналізуюць захваральнасць і смяротнасць ад пухлін, кансультуюць урачоў агульнай лячэбнай сеткі па пытаннях дыягностыкі і лячэння пухлін.
Навукова-практычны цэнтр і база падрыхтоўкі спецыялістаў анкалагічнай службы Беларусі — НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1997 імя М.М.Аляксандрава) — узначальвае і каардынуе работу па анкалогіі ў краіне. З 2000 дырэктар інстытута І.В.Залуцкі.
Асн. кірункі навук. дзейнасці: арганізацыя проціракавай барацьбы, вывучэнне эпідэміялогіі і прафілактыкі раку; распрацоўка новых тэхналогій дыягностыкі і лячэння злаякасных пухлін, стварэнне і правядзенне клінічных выпрабаванняў новых дыягнастычных і лекавых сродкаў; удасканаленне медыка-тэхнічнай базы анкалагічнай службы краіны. Вядомасць набылі распрацоўкі інстытута па стварэнні, апрабацыі і ўкараненні радыефармпрэпаратаў для дыягностыкі і лячэння злаякасных новаўтварэнняў (Шыцікаў); даследаванні па распрацоўцы і выкарыстанні метадаў кіруемай штучнай гіпертэрміі і гіперглікеміі ў многакампанентным лячэнні злаякасных новаўтварэнняў (Жаўрыд, Фрадкін); па ўнутрыполасцевай гаматэрапіі і новых спосабах камбінаванага, комплекснага і спалучанага лячэння раку органаў жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы (К.Я.Вішнеўская); па прамянёвым лячэнні, метадах прафілактыкі і лячэння постпрамянёвых пашкоджанняў, прагназіраванні індывідуальнай радыеадчувальнасці злаякасных пухлін (Н.А.Арцёмава, Г.У.Мураўская); марфалагічных метадах дыягностыкі перадпухлінных хвароб і злаякасных пухлін (Л.Б.Клюкіна, Г.М.Мураўёў); камбінаваным лячэнні хворых на рак лёгкага, стрававода (У.В.Жаркоў). Распрацаваны таксама антыаксідантны комплекс і метады яго выкарыстання пры камбінаваным лячэнні хворых з пухлінамі страўніка і кішэчніка (У.М.Сукалінскі); дыягностыка і лячэнне онкауралагічных хворых (А.С.Маўрычаў, А.Р.Суконка); прафілактыка і ранняя дыягностыка раку малочнай залозы, варыянты яго хіміятэрапеўтычнага і гарманальнага лячэння (Л.А.Путырскі); тэхнічнае і фізіка-дазіметрычнае забеспячэнне прамянёвай тэрапіі, спосабы радыяцыйнай аховы ад мед. апрамянення (І.Г.Таруцін), лячэнне пухлін скуры, мяккіх тканак і апорна-рухальнага апарату, метадаў рэабілітацыі анкалагічных хворых, у т. л. рэканструктыўна-аднаўленчыя і пластычныя аперацыі (Залуцкі); біяхімічныя і біяфізічныя метады дыягностыкі і маніторынгу злаякасных пухлін (А.А.Машэўскі, В.І.Прохарава). Першасную падрыхтоўку па анкалогіі атрымліваюць у Бел. (Мінск), Гомельскім, Гродзенскім, Віцебскім мед. універсітэтах, спецыялізацыю і ўдасканаленне ў галіне анкалогіі і мед. радыялогіі — у Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (яе кафедра анкалогіі працуе на базе НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі імя Аляксандрава). На кафедры анкалогіі Бел.мед. універсітэта пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС створана Рэсп. праграма «Праблемы анкалагічнага захворвання шчытападобнай залозы» (Я.П.Дзямідчык), у межах якой распрацаваны метады ранняй дыягностыкі, хірургічнага і комплекснага лячэння раку шчытападобнай залозы ў дзяцей. Роля анкалогіі пастаянна расце (пухліны займаюць 2-е месца сярод прычын смяротнасці насельніцтва); штогод адбываецца больш за 80 тыс. шпіталізацый. У 2003 у анкалагічных установах Беларусі працавала 345 урачоў-анколагаў і 152 урачы-радыёлагі. Вынікі навук. даследаванняў бел. анколагаў публікуюцца ў альманаху «Актуальныя праблемы анкалогіі і медыцынскай радыялогіі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭНДАКРЫНАЛОГІЯ
Найбольш раннія звесткі ў гэтай галіне медыцыны вядомы з рукапісных «Медыцынскіх навін» 1600 з Нясвіжскай бібліятэкі, дзе змешчаны рэцэпт «парашку ад дыябету». Першае паведамленне аб хірургічным лячэнні валляка (Л.К.Навумовіч, г. Магілёў) датавана 1812. Аперацыі на наднырачніках упершыню на Беларусі праводзіліся ў 1920-я г. (Орша, Гомель). Вядомыя рас. эндакрынолагі 1-й пал. 20 ст. С.М.Лейцес, І.Б.Хавін, М.А.Шарашэўскі, С.М.Эскін родам з Беларусі.
Развіццё эндакрыналогіі як навукі на Беларусі пачалося ў 1920-я г. з вывучэння эпідэміялогіі эндэмічнага валляка ў асобных рэгіёнах пад кіраўніцтвам Я.В.Корыца, С.М.Рубашова. Сістэматызавана яна развівалася пасля стварэння ў 1934 Рэсп. процівалляковай станцыі. Вывучэнне пашыранасці эндэмічнага валляка дазволіла вылучыць рэгіёны з рознай ступенню ёднай недастатковасці і распрацаваць метады процівалляковай прафілактыкі (А.А.Грэйман). Гэты кірунак эндакрыналогіі больш актыўна развіваўся ў пасляваенны перыяд (Л.В.Лапцёнак, Л.П.Фёдарава). Вялося хірургічнае лячэнне валляка з выкарыстаннем арыгінальных методык, прапанаваных В.Р.Астапенкам, М.С.Гапановічам, І.М.Грышыным, Я.П.Дзямідчыкам. З 1958 спецыялістаў па эндакрыналогіі рыхтавалі пры ін-це ўдасканалення ўрачоў (зараз Бел.мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі), дзе ў 1960 створана кафедра эндакрыналогіі (першы загадчык Н.М.Дразнін, у 1973—85 — М.С.Гапановіч, у 1985—98 — А.А.Холадава, з 1998 — Л.І.Данілава). Кафедра з’яўляецца рэсп. навукова-метадычным цэнтрам не толькі для эндакрынолагаў, а і тэрапеўтаў, педыятраў, рэаніматолагаў, урачоў хуткай і неадкладнай дапамогі (вядучыя спецыялісты Данілава, В.М.Дрозд, Г.В.Казюк, Холадава, В.І.Шутава і інш.). З пачатку 1980-х г. падрыхтоўку эндакрынолагаў вядуць у Бел.мед. ун-це (З.В.Забароўская), у Віцебскім (А.М.Окаракаў, У.Р.Цішкоўскі) і Гомельскім (М.П.Капліева) мед. ун-тах. Асноўны навукова-практычны кірунак эндакрыналогіі — праблема цукровага дыябету. Дасягнуты поспехі ў гэтай праблеме ў ранняй дыягностыцы, скрынінгу сасудзістых ускладненняў, распрацоўцы асноў прафілактыкі, мед. і працоўнай рэабілітацыі. У выніку ўкаранення дзярж. праграмы «Цукровы дыябет» на 1/3 зменшылася колькасць выпадкаў каматозных станаў, слепаты і ампутацый ног, абумоўленых ускладненнямі цукровага дыябету, палепшыліся зыходы цяжарнасці ў жанчын, хворых на цукровы дыябет. Дзярж. праграма «Цукровы дыябет» прызнана Еўрапейскім бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў якасці мадэлі для краін Усх. Еўропы (за стварэнне навукова-практычнай школы эндакрынолагаў Беларусі ў 1999 Холадавай прысуджана званне заслужанага дзеяча навукі). Уклад у развіццё эндакрыналогіі дзіцячага ўзросту зрабілі С.М.Астапенка, Л.М.Астахава, К.А.Радзюк. Структура эндакрыналагічнай дапамогі насельніцтву ўключае кабінеты і спецыялізаваныя ложкі ў раённых і гар.мед. установах, дыспансеры і спецыялізаваныя аддзяленні ў абласных цэнтрах, Рэсп. кансультацыйны эндакрыналагічны цэнтр (гал. ўрач Т.В.Мохарт) і гал. ўпраўленне лячэбна-прафілактычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (А.К.Цыбін). Вывучэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і рэабілітацыю насельніцтва ажыццяўляе Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі ў Гомелі (дырэктар Э.К.Капітонава). Рэсп. навуковае таварыства эндакрынолагаў, створанае ў 1962, у 1997 пераўтворана ў Бел. асацыяцыю эндакрынолагаў, якая супрацоўнічае з адпаведнымі асацыяцыямі Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Вялікабрытаніі, Германіі, Японіі і з’яўляецца членам Еўрап. федэрацыі эндакрыналагічных таварыстваў і Міжнар. федэрацыі дыябету. У адпаведнасці з палітыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «Здароўе для ўсіх у 21-м стагоддзі» перспектывы развіцця эндакрыналогіі на Беларусі — у распрацоўцы стратэгіі для забеспячэння паўнацэннага жыцця пры эндакрынных расстройствах на аснове тэхналогій даказальнай медыцыны.
Літ.:
Вопросы истории медицины и здравоохранения: Материалы 3 науч. историко-мед. конф. Белорусской ССР. Мн., 1968;
Холодова Е.А., Данилова Л.И. Болезни щитовидной железы. Мн., 1991;
Холодова Е.А., Мохорт Т.В., Билодид И.К. Сахарный диабет и беременность // Современные проблемы эндокринологии в акушерстве, гинекологии и неонатологии: Тез. докл. науч. конф. Мн., 1994;
Матвейчик Т.В. Становление и развитие эндокринологической службы в Республике Беларусь // Медицина Беларуси XX в. Тез. докл. 8 респ. науч. конф. по истории медицины. Мн., 1998;
Холодова Е.А. Развитие эндокринологической службы в Республике Беларусь // Мед. новости. 1999. №8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВЫ, СВАБОДЫ І АБАВЯЗКІ ГРАМАДЗЯН
Сістэма правоў, свабод і абавязкаў з’яўляецца нарматыўнай сферай узаемадзеяння людзей, неабходнай умовай забеспячэння нармальнага функцыянавання індывіда, грамадства і дзяржавы. Яна акрэслівае асобе магчымасці яе паводзін, вызначае яе свабоду і тыя межы свабоды, якія ўстанаўлівае дзяржава без фактычнага ўмяшання ў гэтую сферу. Прынята, што правы і свабоды чалавека маюць натуральную прыроду паходжання, індывід набывае іх не ад дзяржавы, а ў сілу свайго нараджэння. У адрозненне ад гэтага правы і свабоды грамадзяніна прадвызначаны яго прыналежнасцю да дзяржавы і яе народа. Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законах і міжнар. абавязацельствах, абвешчана вышэйшай мэтай дзяржавы. Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі складаюць аснову прававога статуса грамадзян Беларусі. Яны разглядаюцца ў якасці найважнейшых, асн. правоў, свабод і абавязкаў, маюць універсальны, агульны для ўсіх грамадзян характар, валодаюць вышэйшай юрыд. сілай і з’яўляюцца базай для ўсіх астатніх (звычайных) правоў і абавязкаў. Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону. Канстытуцыя не толькі абвяшчае правы і свабоды грамадзян, але і замацоўвае гарантыі іх рэалізацыі (прыналежнасць улады народу, клопаты аб задавальненні матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей людзей і інш.). Паводле сферы свайго праяўлення і рэальнага функцыянавання ў розных сферах жыцця адрозніваюць асабістыя, паліт., сац.-эканам. і культ. правы і свабоды грамадзян.
Асабістыя правы і свабоды ўключаюць: права на жыццё; свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы; права на асабістае жыццё; недатыкальнасць жылля; свабоду перамяшчэння і выбару месца жыхарства; права на вызначэнне адносін да рэлігіі; свабоду меркаванняў і перакананняў; права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’і; права на нац. прыналежнасць, карыстанне роднай мовай; права на суд. абарону; права на юрыд. дапамогу; права на абарону міжнар. арганізацыяй. Канстытуцыя замацоўвае права кожнага чалавека на жыццё і абавязак дзяржавы забяспечваць абарону чалавечага жыцця ад любых супрацьпраўных замахаў. Яна дапускае прымяненне смяротнай кары як выключнай меры пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі паводле прыгавору суда. У адпаведнасці з заключэннем Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь ад 11.3.2004 гэтая норма дазваляе Прэзідэнту і Парламенту прыняць рашэнне пра аб’яўленне мараторыя на прымяненне смяротнай кары або пра поўную адмену гэтага. віду пакарання. Кожны грамадзянін мае права на абарону ад грамадска небяспечнага замаху. Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам (учыненне злачынства, дачыненне да тэрарызму або іншых небяспечных гвалтоўных злачынстваў, кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй, арганізаванай групай або прыналежнасць да яе і інш.). Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасці яе затрымання або арышту. Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасці абыходжанню ці пакаранню, а таксама без яго згоды падвяргацца мед. або іншым доследам. Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у т. л. ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і інш. паведамленняў, на яго гонар і годнасць, а таксама тайны ўкладаў, інфармацыі аб стане здароўя, тайны галасавання, споведзі і інш. Грамадзянін мае права патрабаваць на судзе абвяржэння звестак, якія знеслаўляюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Гарантуецца недатыкальнасць жылля і інш. законных уладанняў грамадзян. Ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і інш. законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі. Аб’ектам ніякіх абмежаванняў не можа быць права грамадзяніна свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад, акрамя тых, якія прадугледжаны заканадаўствам. Кожны чалавек мае права асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у выкананні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам, забяспечваць рэліг. і маральнае выхаванне сваіх дзяцей у адпаведнасці з перакананнем. Адным са сродкаў рэалізацыі свабоды поглядаў і перакананняў з’яўляецца выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі (СМІ), удзел у сходах і інш. грамадскіх мерапрыемствах, накіраванне зваротаў у дзярж. і грамадскія органы, службовым асобам, удзел у перадвыбарчай агітацыі і г.д. Любы прымус чалавека да адкрытага выказвання або адмовы ад сваіх поглядаў лічыцца проціпраўным. Не дапускаюцца манапалізацыя СМІ дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама стварэнне і фінансаванне арганізацый, устаноў, органаў або пасад, у задачы якіх уваходзіць ажыццяўленне цэнзуры масавай інфармацыі.
Пад абаронай дзяржавы знаходзяцца шлюб, сям’я, мацярынства і бацькоўства. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. Дзіця не павінна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць прычыніць шкоду яго фіз., разумоваму або маральнаму развіццю. Дзяржава гарантуе павагу правоў асоб, якія адносяць сябе да нац. меншасцей; забараняецца патрабаваць ад грамадзяніна ўказання яго нац. прыналежнасці ні вусна, ні пісьмова. Знявага нацыянальнай годнасці караецца паводле закона. Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін, выхавання і навучання. Грамадзянам гарантуецца абарона іх правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны. На канстытуцыйным узроўні прадугледжана права карыстацца ў любы момант юрыд. дапамогай адвакатаў і інш. сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзярж. органах, органах мясц. кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі, а таксама звяртацца ў міжнар. арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзярж. сродкі прававой абароны.
Да палітычных правоў і свабод грамадзяніна адносяцца: права кіравання справамі дзяржавы; права выбіраць і быць выбраным; права на звяртанне ў дзярж. органы; свабода аб’яднанняў; свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання; свабода друку і інфармацыі; права на роўны доступ да любых пасад у дзярж. органах. Непасрэдны ўдзел грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў і пытанняў рэсп. і мясц. значэння, рэсп. і мясц. сходаў, іншымі вызначанымі законам спосабамі. Права на свабоду аб’яднанняў рэалізуецца праз магчымасць стварэння і ўдзелу грамадзян у дзейнасці паліт. партый, грамадскіх рухаў і грамадскіх арганізацый. Для забеспячэння аб’ектыўнасці і непрадузятасці суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі органаў унутр. спраў, Камітэта дзярж. кантролю, органаў бяспекі, ваеннаслужачыя не могуць быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца паліт. мэт. Грамадзянам гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцці, аб стане навакольнага асяроддзя. Нарматыўныя акты Прэзідэнта, Парламента, Урада, іншых дзярж. органаў публікуюцца ў афіц. выданнях і ў друку, даводзяцца да ўсеагульнага ведама інш. прадугледжаным законам спосабам. Дзярж. органы, грамадскія аб’яднанні, службовыя асобы абавязаны даць грамадзяніну магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы. Карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам з мэтай абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў. Грамадзянам гарантуецца роўны, без якой-небудзь дыскрымінацыі доступ да любых пасад у дзярж. органах, незалежна ад расы, рэлігіі, мовы, паліт. перакананняў, нац., сац. паходжання або маёмаснага становішча.
Сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы ўключаюць: права на працу; на справядлівую долю ўзнагароджання ў эканам. выніках працы; на адпачынак; права ўласнасці; на жыллё; на абарону здароўя; на спрыяльнае навакольнае асяроддзе; на адукацыю; на сац. забеспячэнне; на ўдзел у культурным жыцці. Права на працу разглядаецца як найб. годны спосаб самасцвярджэння чалавека і ўключае права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафес. падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы. Прымушэнне да працы ў любой форме не дапускаецца, за выключэннем работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда ці ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы. Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па не залежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама дапамога па беспрацоўі ў адпаведнасці з законам. Свае эканам. і сац. інтарэсы грамадзяне могуць абараняць рознымі спосабамі (зварот у суд, аб’яднанне ў прафсаюзы, заключэнне калект. дагавораў, забастоўкі). Канстытуцыйна замацаванае права працоўных на адпачынак дазваляе абмежаваць рабочы час работнікаў і стварыць ім неабходныя ўмовы для аднаўлення сіл і рацыянальнага выкарыстання свабоднага часу. Для тых, хто працуе па найме, гэта права забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, які не перавышае 40 гадзін, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку. Закон ахоўвае недатыкальнасць уласнасці грамадзян і права яе атрымання ў спадчыну. Уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай. Уласнік мае права паводле свайго меркавання ўчыняць у адносінах да сваёй маёмасці любыя дзеянні, якія не супярэчаць закону і не ўшчамляюць правы і інтарэсы іншых асоб, у т. л. адчужаць сваю маёмасць іншым асобам, перадаваць ім, застаючыся ўласнікам, свае правамоцтвы валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю. Прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама згодна з пастановай суда. Права грамадзяніна на жыллё рэалізуецца шляхам набыцця дзярж. (грамадскага) жылля ва ўласнасць, а таксама кааператыўнага і індывід. жыллёвага будаўніцтва, недапушчальнасцю адвольнага пазбаўлення яго жылля. Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сац. абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай і мясц. самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх аплаце ў адпаведнасці з заканадаўствам. Права на ахову здароўя забяспечваецца стварэннем даступнага для ўсіх грамадзян мед. абслугоўвання, бясплатным лячэннем у дзярж. установах аховы здароўя, за выключэннем вызначаных урадам відаў мед. дапамогі, развіццём фіз. культуры і спорту, магчымасцю карыстацца аздараўленчымі ўстановамі, удасканальваннем аховы працы. З мэтай абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, працы і адпачынку дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, меры па іх аднаўленні і аздараўленні навакольнага асяроддзя і прадухіленні экалагічна шкоднай дзейнасці, ліквідацыі вынікаў аварый, катастроф, стыхійных бедстваў. Гарантыяй рэалізацыі права на адукацыю з’яўляецца даступнасць і бясплатнасць сярэдняй і прафес.-тэхн. адукацыі, даступнасць у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага сярэдняй спец. і вышэйшай адукацыі ў дзярж. або недзярж. навуч. установах, выдзяленне дзярж. сродкаў на ўтрыманне і матэрыяльнае забеспячэнне навуч. устаноў, прадастаўленне дзярж. стыпендый і льгот навучэнцам і студэнтам, бясплатная выдача школьных падручнікаў, агульнадаступнасць бібліятэк і інш. Дзейным заканадаўствам прадугледжваюцца розныя віды дзярж.сац. страхавання работнікаў, устанаўліваюцца нормы і парадак пенсіённага забеспячэння (пенсіі па ўзросце, па інваліднасці, у выпадку страты працаздольнасці, страты карміцеля, дапамогі па часовай непрацаздольнасці, па цяжарнасці і родах, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, па догляду інвалідаў I групы, на дзяцей ва ўзросце да 16 галоў і інш.). Дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, а таксама аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзярж. і грамадскіх інтарэсаў. З мэтай рэалізацыі права займацца культ. дзейнасцю дзярж. органы павінны ствараць неабходныя ўмовы для далучэння грамадзян да каштоўнасцей нац. і сусв. культуры, развіваць сетку культ.-асв. устаноў, забяспечваць падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, ствараць гарантыі і стымулы маст., навук., тэхн. творчасці, захавання традыц.бел. культуры (фальклор, нар. промыслы, рамёствы), развіццё культуры нац. меншасцей і этн. груп. Законам абараняецца права інтэлектуальнай уласнасці (творы навукі, л-ры і мастацтва, выканаўчая дзейнасць артыстаў, радыё- і тэлеперадачы, вынаходствы, прамысл. ўзоры, таварныя знакі і інш.).
Канстытуцыйныя абавязкі чалавека і грамадзяніна прадугледжваюць неабходнасць: выконваць Канстытуцыю, законы і паважаць нац. традыцыі; паважаць годнасць, правы і свабоды інш. асоб; берагчы гісторыка-культ., духоўную спадчыну і інш.нац. каштоўнасці; ахоўваць прыроду; прымаць удзел у фінансаванні дзярж. расходаў; абараняць Айчыну. Патрабаванне выконваць Канстытуцыю, законы і інш. нарматыўныя акты распаўсюджваецца як на грамадзян Рэспублікі Беларусь, так і на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія знаходзяцца на тэр. Беларусі і павінны з павагай ставіцца да звычаяў і традыцый яе народа. Канстытуцыйныя абавязкі таксама, як і правы, канкрэтызуюцца ў галіновым заканадаўстве, якое ўстанаўлівае розныя віды прававой адказнасці — дысцыплінарнай, грамадз.-прававой, адм.-прававой, крымін.-прававой. Агульны, універсальны характар носіць канстытуцыйная норма аб павазе годнасці і правоў інш. асоб. На ўсіх, хто знаходзіцца на тэр. Беларусі, распаўсюджваецца абавязак берагчы гісторыка-культ. спадчыну і інш. каштоўнасці, якія маюць вялікія духоўныя і эстэт. вартасці і ахоўваюцца дзяржавай. За невыкананне абавязкаў па ахове і выкарыстанні гісторыка-культ. спадчыны, знішчэнне або прычыненне шкоды нац. каштоўнасцям, парушэнне правіл іх увозу і вывазу вінаватыя прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. Розныя меры адказнасці грамадзян, арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, звязаных з негатыўным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе, устаноўлены за невыкананне патрабавання аб ахове прыроды (пашкоджанне і забруджанне зямель, атмасфернага паветра, вады і інш.). Адным з важнейшых абавязкаў грамадзян з’яўляецца выплата імі агульнадзярж. падаткаў, пошлін і інш. плацяжоў (падаходны падатак, падатак на дабаўленую вартасць, на прыбытак і даходы, на нерухомасць, за карыстанне прыроднымі рэсурсамі і інш.) і мясц. падаткаў (зямельны, падатак з пабудоў і інш.). Канстытуцыйным і свяшчэнным абавязкам грамадзяніна з’яўляецца абарона Рэспублікі Беларусь. З мэтай падрыхтоўкі насельніцтва да абароны бел. дзяржавы, забеспячэння камплектавання Узбр. Сіл і інш.вайск. фарміраванняў устанаўліваецца ўсеагульны воінскі абавязак. Парадак праходжання вайск. службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайск. службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.
Асн. Закон Рэспублікі Беларусь устанаўлівае, што дзяржава абавязваецца прымаць усе даступныя ёй меры, накіраваныя на стварэннеўнутр. і міжнар. парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод сваіх грамадзян. Дзярж. органы, службовыя асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы. Ажыццяўленне гарантаваных дзяржавай правоў і свабод асобы можа быць прыпынена толькі ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становішча ў парадку і межах, вызначаных Канстытуцыяй і законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕТ
ХАРЭАГРАФІЯ Ў ПРЫГОННЫХ ТЭАТРАХ, ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАГА СЦЭНІЧНАГА ТАНЦА І БАЛЕТА ДА 20 ст.
Сярод першых балетных тэатраў на Беларусі — прыгонныя т-ры 18—19 ст., у якіх былі балетныя трупы. Яны дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спецыяльна абсталяваных памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш. Паводле гіст. звестак, першым балетным т-рам быў Нясвіжскі т-р Радзівілаў (1740—91), які прайшоў шлях ад аматарскага да прафес. і сфарміраваў вялікі арыгінальны рэпертуар. У яго складзе налічвалася больш за 20 прыгонных танцораў. Часам у спектаклі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, прадстаўнікі шляхты і кадэты нясвіжскага корпуса. У розныя гады ў тэатры балетмайстрамі працавалі Я.Аліўе, Л.Дзюпрэ, А.Лойка і Г.Петынеці, А.Пуціні, Шрэтэр. Балеты ставіліся і ў Слуцкім т-ры Радзівіла. Высокага прафес. ўзроўню дасягнула балетная трупа Ружанскага т-ра Сапегаў (1765—91), дзе працаваў польскі танцоўшчык і балетмайстар М.Пранчынскі (паставіў балет «Літасцівасць Ціта», 1784). Значны балетны рэпертуар меў Гродзенскі т-р Тызенгаўза (1769—80), дзе першыя балеты выконвалі італьян. артысты, а з 1778 прыгонныя танцоўшчыкі. У перыяд росквіту т-ра балетная трупа налічвала больш за 30 чал.; першым яе балетмайстрам быў Г.Петынеці, які ставіў балеты на ўласныя лібрэта, пазней — К.А.Марэлі. Зберагліся звесткі пра пастаноўкі спектакляў «Балет пекараў», «Квартэт дудароў» і «Сялянскі балет». Творчых поспехаў дасягнула балетная трупа Слонімскага т-ра Агінскага (1771—91), які шмат гастраліраваў і паспяхова канкурыраваў з каралеўскім балетам у Варшаве. У яго рэпертуары налічвалася 18 балетаў: «Каралеўскі балет», «Дзікі балет», «Балет млынароў», «Рыбакі», «Дэзерцір» і інш., а таксама шэраг танцавальных дывертысментаў і асобных танцаў. Прафес. балетную трупу меў Шклоўскі т-р Зорыча (1778—1800), на сцэне якога выконваліся алегарычныя балеты з харамі і пантамімай, створаныя балетмайстрамі П.Барцанці, Марыядзіні, Дз.Хорватам і М.Пранчынскім. У Свіслацкім т-ры Тышкевіча (1788—1819) перыядычна выступалі вольныя балетныя трупы. Вядома, што пры т-рах Гродна, Нясвіжа, Слоніма, Слуцка і Шклова існавалі балетныя школы, якія рыхтавалі танцораў на высокім узроўні. Балетныя трупы т-раў Гродна і Слоніма ў канцы 18 ст. склалі аснову польскага «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці», 14 прыгонных артыстаў Шклоўскага т-ра Зорыча з поспехам танцавалі на Пецярбургскай імператарскай сцэне і ў Маскве (П. і К. Азарэвічы, А.Бжазінскі, К.Буткевіч, Я.Чуцікаў). У 1845—47 у Віцебску працавала прыватная балетная трупа пад кіраўніцтвам франц. балетмайстра М.Піёна (т.зв. Віцебскі балет Піёна); у яе рэпертуары былі балеты «Антыкварыус», «Швейцарская малочніца», «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца, «Вяселле ў Айцове» К.Курпінскага і Ю.Дамсе, «Дзве статуі» Ю.Эльснера. Разам з прыватнаўласніцкімі т-рамі на стварэннепрафес.муз.-драм.т-ра на Беларусі паўплывала таксама дзейнасць Першай бел. трупы І.Буйніцкага (1910—13), у балетныя спектаклі якой уключаліся і нар. танцы.
СУЧАСНЫ БАЛЕТ.
Прафесійны бел. балетны тэатр узнік у пач. 20 ст.: у 1920 у Мінску адкрыўся Бел.дзярж. тэатр, у якім групу артыстаў балета ўзначальваў К.Алексютовіч. Сярод пастаўленых у ім балетаў «Зачараваны лес» Р.Дрыга, «Капелія» Л.Дэліба, «Фея лялек» І.Баера, а таксама танцы ў операх «Князь Ігар» А.Барадзіна і «Фауст» Ш.Гуно. У 1930 адчынілася Бел. студыя оперы і балета. У балетную трупу ўваходзілі В.Бурэйка, Я.Вяпрынскі, Р.Гімпелева, Н.Гурвіч, С.Дрэчын, К.Калітоўская, Т.Новікава, К.Пекур, Т.Узунава, Н.Фінская, Ю.Хіраска і інш. З 1933 дзейнічаў Дзярж.т-р оперы і балета БССР. Сярод першых пастановак — балет «Чырвоны мак» Р.Гліэра (балетмайстар Л.Крамарэўскі). Плённым для маладой бел. балетнай трупы было творчае супрацоўніцтва з рас. балетмайстрамі Ф.Лапуховым (балет «Капелія» Л.Дэліба, паст. 1935), К.Галяйзоўскім (балет «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева, паст. 1939), а таксама К.Мулерам (балет «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, паст. 1938). Вял. ролю ў стварэнні нац. рэпертуару адыграла пастаноўка балета «Салавей» М.Крошнера (лібрэта Ю.Сланімскага па аднайм. аповесці З.Бядулі; пастаноўка 1-й рэд. А.Ермалаева і Ф.Лапухова, 1939; 2-й рэд. А.Ермалаева, 1940), дзе асновай муз. і сцэнічнай драматургіі ўпершыню стаў бел.муз. і танцавальны фальклор. У балеце, выразныя сродкі якога гарманічна спалучалі класічны і нар. танец, вобраз паўстаўшага народа ствараўся выключна харэаграфічнымі сродкамі, паспяхова ўвасаблялася актуальная для таго часу нар.-гераічная тэма. Вобразы Сымона (С.Дрэчын) і сялянскай дзяўчыны Зоські (А.Нікалаева) і іх антыпода гайдука Макара раскрываліся разнастайнымі харэаграфічнымі фарбамі, паказваліся ў развіцці. Спектакль вырашаўся ў духу нар. легенды, быў насычаны паэтычнымі абагульненнямі, сімваламі, гіпербаламі, і адначасова вобразы гал. герояў увасабляліся ў ім рэалістычна. У 1939 па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам З.Васільевай у тэатр. вучылішчы адкрыта секцыя харэаграфіі, на базе якой у 1945 створана Бел.дзярж. харэаграфічнае вучылішча (з 1996 Дзярж. харэаграфічны каледж Беларусі). У 1930—40-я г. ў трупе працавалі Я.Глінскіх, Т.Караваева, Б.Карпілава, Н.Младзінская і інш. У гады Вял.Айч. вайны артысты бел. балета ў складзе канцэртных брыгад выязджалі на фронт, працавалі ў Алма-Аце, Горкім, Свярдлоўску. У г. Каўроў была эвакуіравана трупа т-ра, дзе адбыўся паказ балета «Марная засцярога» П.Л.Гертэля ў пастаноўцы З.Васільевай (1944). Першым балетным спектаклем у вызваленым Мінску быў балет «Арлекінада» Р.Дрыга (пастаноўка В.Вайнонена, 1945).
У пасляваенныя гады рэпертуар т-ра папоўніўся творамі балетнай класікі: «Дон Кіхот» (паст. 1947) і «Баядэрка» (1959) Л.Мінкуса, «Эсмеральда» Ч.Пуні (1951), «Шапэніяна» (1952), «Жызэль» (1953) і «Карсар» (1957) А.Адана, «Лебядзінае возера» (1948) «Спячая прыгажуня» (1954) і «Шчаўкунок» (1956) П.Чайкоўскага, «Лаўрэнсія» А.Крэйна (1955), «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1959). Адначасова працягвалася работа над стварэннем арыгінальнага рэпертуару, над спектаклямі на нац. тэму. Значнай вяхой у гісторыі бел. балетнага т-ра стала пастаноўка балета «Князь-возера» В.Залатарова, вырашанага ў жанры харэаграфічнай драмы (лібрэта М.Клімковіча па матывах нар. паданняў, пастаноўка К.Мулера, 1949). Творчымі здабыткамі гэтага спектакля сталі ўдалая тэатралізацыя харэаграфічнага фальклору, пашырэнне кола нар. танцаў, якія ўвайшлі ў драматургію бел. балетнага т-ра, першая спроба стварэння масавага танца на пуантах з нац. афарбоўкай. Поспеху спектакля садзейнічала высокае майстэрства і яркі тэмперамент выканаўцаў гал. роляў А.Нікалаевай (Надзейка), С.Дрэчына (Васіль) і С.Паўлава (Князь). Пазней балетмайстар А.Ермалаеў на тую ж музыку стварыў новыя харэаграфічныя спектаклі «Аповесць пра каханне» (паст. 1953) і «Палымяныя сэрцы» (паст. 1955). Пэўнае значэнне ў развіцці лірыка-камедыйнага жанру ў нац. харэаграфіі мела пастаноўка К.Мулерам балета «Падстаўная нявеста» Г.Вагнера (1958). Тагачасныя тэмы былі ўвасоблены ў балетным спектаклі «Сцежкаю грому» К.Караева (балетмайстар Н.Конюс, паст. 1960), а таксама ў нац. балетах «Мара» Я.Глебава (балетмайстар А.Андрэеў, паст. 1961) і «Святло і цені» Г.Вагнера (лібрэта М.Алтухова паводле рамана П.Броўкі «Калі зліваюцца рэкі», харэаграфія і пастаноўка А.Андрэева і Н.Стулкалкінай, паст. 1963). Прыкметнай вяхой у развіцці сучаснай тэматыкі на бел. сцэне з’явілася пастаноўка камернага, псіхалагічна паглыбленага спектакля «Альпійская балада» Я.Глебава (лібрэта Р.Чарахоўскай па аднайм. аповесці В.Быкава, харэограф А.Дадышкіліяні, паст. 1967), які па сваёй ідэйнай накіраванасці з’яўляўся балетам гераічным. У ролі Джуліі — К.Малышава, у ролі Івана — Л.Чахоўскі. Пастаноўка пашырыла кола праблем бел. харэаграфічных спектакляў, узняла тэмы інтэрнац. гучання. У гэты перыяд у трупе працавалі артысты Н.Давыдзенка, В.Давыдаў, І.Дзідзічэнка, А.Карзянкова, Р.Красоўская, М.Красоўскі, В.Крыкава, Г.Мартынаў, В.Міронаў, Я.Паўловіч, І.Савельева, Л.Ражанава, М.Шэхаў і інш. У 1960—1-й пал. 1970-х г. пашырэнне і ўзбагачэнне рэпертуару адбывалася за кошт колькасці спектакляў разнастайных па тэмах і жанрах: «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава (1961), «Спартак» А.Хачатурана (1964), «Папялушка» (1965) і «Рамэо і Джульета» (1968) С.Пракоф’ева, «Пер Гюнт» на музыку Э.Грыга (1966), «Гарэзлівыя прыпеўкі» на муз. Р.Шчадрына (1971), новыя рэдакцыі балетаў «Жызэль» А.Адана (1966), «Лебядзінае возера» (1967), «Спячая прыгажуня» (1970) П.Чайкоўскага, «Раймонда» А.Глазунова (1972). У ліку арыгінальных балетаў на музыку бел. кампазітараў пастаўлены «Выбранніца» (паст. 1969) і «Тыль Уленшпігель» (паст. 1974) Я.Глебава, «Пасля балю» Г.Вагнера (паст. 1971; усе пастаўлены А.Дадышкіліяні) і інш.
У 1970-я г. з’явілася новае пакаленне выканаўцаў: Л.Бржазоўская, Н.Дадышкіліяні, І.Душкевіч, У.Камкоў, Н.Паўлава, С.Пясцехін, В.Саркісьян, Ю.Траян, Т.Яршова і інш. З 1973 трупу ўзначальвае В.Елізар’еў. Яго маст. здабыткамі сталі разнастайныя па тэматыцы спектаклі, схільнасць да ўвасаблення складанай філасофскай тэматыкі, раскрыццё з’яў у гіст. перспектыве, што выявіліся ў пастаноўках балетаў «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Спартак» (1980), «Вясна свяшчэнная» (1986, 2-я рэд. 1997) і «Жар-птушка» (1998) І.Стравінскага, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988). У балетах «Стварэнне свету» А.Пятрова (паст. 1976) і «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (паст. 1978), «Легенда пра Уленшпігеля» (2004) ярка ўвасобіліся прынцыпы харэаграфічнага сімфанізму: паслядоўна распрацаваны пластычны тэматызм, сістэма харэаграфічных лейтматываў, скразное развіццё пластычнага дзеяння, шырока выкарыстаны поліфанічныя формы выкладання матэрыялу. Нетрадыцыйнасцю трактоўкі, арыгінальным вобразным вырашэннем вылучаюцца спектакль «Балеро» М.Равеля (паст. 1984) і вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на музыку К.Орфа (паст. 1983). Яркая тэатральная форма, арганічнае спалучэнне грамадзянскасці і публіцыстычнасці ўласцівы балету «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані (1995), прысвечанаму гіст. мінуламу бел. народа (Дзяржаўная прэмія Беларусі, прыз «Бенуа дэ ла данс» Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА, 1996). Зваротам да класікі былі пастаноўкі балетаў «Шчаўкунок» (1982), «Лебядзінае возера» (1986), «Спячая прыгажуня» (2001) П.Чайкоўскага, «Дон Кіхот» (1989) Л.Мінкуса. Абнаўленне сродкаў пластычнай выразнасці, драматургіі балетаў, фарміраванне новых прынцыпаў харэаграфічнай паэтыкі і эстэтыкі, выхаванне яркай плеяды артыстаў-аднадумцаў сведчыць пра стварэнне на бел. балетнай сцэне аўтарскага т-ра В.Елізар’ева.
У 1996 створаны Нац. тэатр балета Беларусі. Яго рэпертуар пастаянна папаўняецца харэаграфічнымі спектаклямі розных стыляў, эпох і жанравай накіраванасці, пастаноўкамі новых балетмайстраў, сярод якіх Д.Арыпава, І.Бельскі, А.Вінаградаў, Ю.Грыгаровіч, М.Далгушын, Д.Зайферт, Р.Захараў, У.Іваноў, Ф.Коэн, Г.Маёраў, Р.Паклітару, Н.Фурман, Ю.Чурко і інш. Сярод значных пастановак апошніх 30 гадоў: «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1973), «Ленінградская сімфонія» на музыку Дз.Шастаковіча (1977), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1978), «Ліза і Кален» Ф.Герольда (1979), «У гонар Марыуса Петыпа» (1981), «Курган» Я.Глебава (1982), «Сільфіда» Х.Левенскольда (1983), «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Тры парсючкі» С.Кібіравай (1991), «Ундзіна» Х.В.Хенцэ (1992), «Серэнада» П.Чайкоўскага (1993), «Кругаверць» А.Залётнева (1996), «Раймонда» А.Глазунова (1997), «Пацалунак феі» І.Стравінскага (1999), «Сон у летнюю ноч» Ф.Мендэльсона-Бартольдзі (1999), «Макбет» В.Кузняцова (2000), «Беласнежка і сем гномаў» Б.Паўлоўскага (2002), «Марная засцярога» Л.Герольда (2003). Сваёй нац. накіраванасцю вылучаецца спектакль «Кругаверць», створаны па матывах бел. балад на музыку А.Залётнева (лібрэта Ю.Чурко, харэаграфія і паст. У.Іванова і Ю.Чурко). Цэнтр. метафарычны вобраз — вобраз млына — жыцця як вечнай кругаверці, адкуль з’яўляюцца і куды вяртаюцца гал. героі пасля апавядання сваёй гісторыі.
У т-ры працуюць выпускнікі Дзярж. харэаграфічнага каледжа Беларусі: І.Артамонаў, А.Бубер, В.Гайко, У.Далгіх, А.Ішчанка, Л.Кудраўцава, Ж.Лебедзева, Р.Мінін, С.Пясецкая, В.Пятроўскі, Н.Рабцава, А.Рымашэўскі, А.Фурман, Т.Шаметавец; Маскоўскага акад. харэаграфічнага вучылішча: М.Ватанабе, К.Фадзеева; Акадэміі рус. балета А.Ваганавай: К. і П. Борчанка. Бел. балет атрымаў міжнар. прызнанне. Бел. балетмайстры ставяць балеты ў Маскве, С.-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Хельсінкі, Варшаве, Любляне, Стамбуле, Токіо, Анкары.
Балетная трупа была сфарміравана і ў Бел.дзярж. музычным т-ры. У розныя гады ў яе складзе былі Т.Акімава, С.Вядзмедзь, У.Казінец, У.Крупскі, Ю.Лапша, Л.Рабушка, Г.Шылянкова і інш. Аднаактовы балет «Паненка і хуліган» на музыку Дз.Шастаковіча (харэографы В.Саркісьян і В.Лапо, паст. 1982) заклаў аснову ўласна балетнага рэпертуару т-ра. У розныя гады ў т-ры балетмайстрамі працавалі В.Бутрымовіч, С.Дрэчын, М.Красоўскі, В.Саркісьян, Л.Травінін. З 1993 балетную трупу т-ра ўзначальвае Н.Дзьячэнка. Яна паставіла балеты «Іспанскія мініяцюры» на нар. музыку (1992), «Новыя Амазонкі» М.Равеля (1997), «Жызэль» (1998), «Зачараваны прынц» на музыку П.Чайкоўскага (2002), «Вальпургіева ноч» Ш.Гуно (2003), а таксама харэаграфію да многіх муз. спектакляў. У рэпертуары балетнай трупы спектаклі з балетнай класікі «Шапэніяна» (паст. 1994), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (паст. 1994), «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына (паст. 1995), «Штраусіяна» (1992), «Шэхеразада» на музыку М.Рымскага-Корсакава (1993); сучасных аўтараў: балет «Мефіста» на музыку У.Кандрусевіча (лібрэта Ю.Чурко, пастаноўка У.Іванова, паст. 2002), «In pivo veritas» паводле ірландскіх нар. песень і музыкі эпохі Адраджэння (пастаноўка Р.Паклітару, паст. 2003). Сярод артыстаў балета салісты Ю.Дзятко, К.Кузняцоў, Р.Івакіры, В.Краснаглазаў, Р.Крукоўскі. Балетная трупа т-ра вядзе гастрольную дзейнасць.
Літ.:
Барышаў Г.І. Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Яго ж. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны. Мн., 1993;
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁСКА (ад стараж.-рус. весь),
у вузкім гіст. сэнсе невял. земляробчае паселішча, адзін з відаў сельскіх нас. пунктаў. У шырокім значэнні паняцце «вёска» ахоплівае не толькі ўсе віды сталых паселішчаў, жыхары якіх — сяляне, с.-г. рабочыя і інш. — заняты пераважна ў сельскай гаспадарцы, паляванні, рыбалоўстве і інш., але і ўвесь комплекс сац.-эканам., культ.-бытавых і прыродна-геагр. асаблівасцей і ўмоў жыцця вёскі як сац.-эканам. катэгорыі, якая проціпастаўляецца гораду. Сац.-эканам. спецыфіка вёскі вызначаецца непасрэднай сувяззю яе жыхароў з зямлёй, гасп. асваеннем тэрыторыі і выкарыстаннем яе прыродных рэсурсаў праз накіраваную, пераўтваральную дзейнасць у розных галінах сельскай гаспадаркі. Адсюль разгрупаванне вёскі, параўнальна невял. памеры, сезонная цыклічнасць працы і інш. Усе бакі жыцця вёскі і сама вёска як сац.-эканам. катэгорыя перажылі значныя змены ў ходзе гіст. развіцця грамадства.
На Беларусі вёска — асн. тып сельскага паселішча, на працягу стагоддзяў была хавальніцай самабытных нар. традыцый, што стварала грунт для нац. адраджэння і этн. самазахавання бел. народа. Да 8—9 ст. вёскамі былі практычна ўсе паселішчы, пакуль у выніку аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі не сталі стварацца гарады і мястэчкі. У гэты ж час пры пераходзе ад радавой да суседскай абшчыны (грамады) з’яўляюцца асобныя сял. двары-сядзібы. Да сярэдзіны 16 ст. пераважала скучаная (бессістэмная) планіроўка вёскі, калі сял. хаты размяшчаліся асобнымі групамі. У выніку валочнай памеры пашырылася вулічная планіроўка, што стала адметнай рысай бел. вёскі на працягу стагоддзяў. Колькасць двароў звычайна не перавышала некалькіх дзесяткаў. Група суседніх вёсак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася аднароднасцю насельніцтва, значным падабенствам духоўнага і эканам. жыцця. Тыпалогія і вонкавае аблічча паселішчаў вызначалася асаблівасцямі таго ці інш.гіст.-этнагр. рэгіёна Беларусі. Усё неабходнае для жыцця сялян выраблялася ў вёсцы, гаспадарка мела натуральны характар. У феад. перыяд вёскі былі прыватнаўласніцкія і дзяржаўныя; існаваў пазаэканам. прымус, які даваў магчымасць землеўласнікам забіраць у сялян прыбавачны прадукт. У час спусташэнняў, выкліканых войнамі, асабліва ў 17—18 ст., феадалы заахвочвалі перасяленцаў у разбураныя раёны вызваленнем ад падаткаў на некалькі гадоў, у т. л. ствараліся новыя тыпы паселішчаў — «воля», «слабада», якія потым ператвараліся ў звычайныя вёскі. Пасля адмены прыгону (1861) адбыліся істотныя змены ў жыцці вёскі, павялічыўся рух сялян у горад і на хутары. Сталыпінская аграрная рэформапач. 20 ст. заканадаўча паскорыла працэс эвалюцыі ад сял. пераважна натуральнай гаспадаркі да гандлёва-рыначнай с.-г. вытворчасці. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 паводле Дэкрэта аб зямлі была ліквідавана памешчыцкая ўласнасць на зямлю, асн. тыпам гаспадаркі ў вёсцы стала дробная індывід. гаспадарка, большасць сялян была паднята да ўзроўню сераднякоў. У вёсцы праводзілася ліквідацыя непісьменнасці, ствараліся ячэйкі РКП (б) і камсамола, прафсаюзныя арг-цыі, якія вялі работу па выхаванні сялян у «пралетарскім» духу, выкараненні дробнапрыватніцкай псіхалогіі, паскаралася развіццё кааперацыі. Стварэнне буйных гаспадарак — калгасаў і саўгасаў — у выніку калектывізацыі ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. прывяло да карэннага пералому ў векавым жыццёвым укладзе вёскі. Сярод жыхароў вёскі з’явіліся механізатары, кіруючыя кадры сярэдняга звяна, павысіўся культ.-тэхн. ўзровень сялян. Разам з тым вёска панесла вял. страты: прынцып добраахвотнасці пры калектывізацыі парушаўся, у выніку раскулачвання і інш. форм рэпрэсій заможныя сяляне (а таксама шмат сераднякоў) высяляліся. Агульная колькасць жыхароў вёскі ў выніку міграцый сялян у гарады СССР і па інш. прычынах зменшылася ў 1930-я г. на 1 млн.чал.Вял. ўрон вёсцы быў нанесены ў гады Вял.Айч. вайны: ням.-фаш. захопнікі разбурылі і спалілі 9200 вёсак (620 разам з жыхарамі), знішчылі 782,2 тыс.чал. У пасляваен. час ішоў працэс адбудовы вёскі, у Зах. Беларусі праведзена калектывізацыя. У 1960—80-я г. на аснове нарошчвання мат.-тэхн. базы сельскай гаспадаркі вырас дабрабыт і культ. ўзровень вёскі, усё больш вёскі забудоўваліся па спец. праектах (цэнтр сядзібы саўгаса «Прагрэс» Гродзенскага, «Новы быт» Мінскага, «Рассвет» Кіраўскага р-наў і інш.). Адначасова ўдз. вага вясковага насельніцтва скарацілася да 35%, каля ⅓ яго складаюць пенсіянеры, за апошнія 30 гадоў знікла больш як 10 тыс. вёсак. З канца 1980-х г. у вёсцы праводзіцца агр. рэформа, узнікаюць фермерскія гаспадаркі і с.-г. кааператывы, адноўлена арэнда зямлі. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 у зоне радыяцыйнага забруджвання апынуліся 54 раёны, сотні вёсак апусцелі. У 1986—92 на новае месца жыхарства пераехала 130 тыс.чал., пераважна вяскоўцаў. Акрамя вёсак на Беларусі гістарычна існавалі інш. тыпы сельскіх паселішчаў: сяло, аколіца, засценак, хутар, фальварак і інш.Гл. таксама Сялянства, Аграрнае пытанне, Аграрныя рэформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫЛЬЯ́НЕ,
каталіцкія манахі ўсх. абраду, якія жывуць паводле т.зв. статута св. Васіля (Базыля) Вялікага (распрацаваны ў 4 ст.). Існуюць у Еўропе і на Б.Усходзе з ранняга сярэднявечча. У 16 ст. зарганізаваны ў адзіны ордэн. Вылучаецца некалькі асн. базыльянскіх абрадаў: Гротаферата (італа-албанскі), св. Збаўцы і св. Яна Хрысціцеля, Мелкіцкі (у Ліване, Палесціне і Егіпце), св. Іасафата (на Украіне, у Румыніі). На Беларусі базыльяне з’явіліся ў 17 ст. ў выніку царк. рэформаў уніяцкага мітрапаліта І.В.Руцкага. Першая місія манахаў-кармелітаў, выкліканая Руцкім у 1605, заклала базыльянскі ордэн у Свята-Троіцкім кляштары ў Вільні. На далейшае фарміраванне ордэна ў ВКЛ і ў Рэчы Паспалітай зрабілі ўплыў езуіты. У 1617 Навагрудская кангрэгацыя зацвердзіла стварэнне базыльянскага ордэна ў Рэчы Паспалітай і прыняла рэгулы (статут) новага ордэна, распрацаваныя Руцкім, які быў абраны 1-м протаархімандрытам (генералам) базыльянаў. Паводле рэгулаў протаархімандрыт ордэна падпарадкоўваўся папу рымскаму праз уніяцкага мітрапаліта. Протаархімандрытамі базыльянаў былі Руцкі (1617—21), Леў Крэўза Ржавускі (1621—26), Рафаіл Корсак (1626—36), Пахомій Война Аранскі (з 1636), Антоній Сялява (з 1652), Якуб Суша (з 1661), Гаўрыіл Календа (з 1666), Пахомій Агілевіч (1675—79), Стафан Мартышкевіч Бусінскі (1679—86), Язэп Пяткевіч (1686—90), Сымон Агурцэвіч (з 1690), Якім Кушэвіч (з 1694), Леў Кішка (1703—13), Васіль Працэвіч (1713—17), Максімілян Вятржынскі (1717—19), Антон Завадскі (з 1719), Карнелій Сталпавіцкі-Лябецкі (да 1727), Антанін Таміловіч (1729—36), Патрыцый Жураўскі (1739—43), Палікарп Мігуневіч (1743—47), Іпацій Білінскі (1747—51; 1759—72), Ераклій Лісянскі (1751—59), Парфірый Скарбек Важынскі (1772—80 і з 1788), Язэп Маргулец (1780—85), Ерафей Карчынскі (1786—88), Максімілян Вільчынскі (да 1793), Афанасій Фалькоўскі (да 1802), Юстын Гусакоўскі (да 1804, калі пасада протаархімандрыта была скасавана). У 1743 ордэн падзелены на 2 правінцыі: Літоўскую (уваходзілі землі княства, у т. л. Беларусі) і Рускую (або Польскую, каронную). Ордэнам кіравалі протаархімандрыт, правінцыялы (кіраўнікі правінцый), 4 кансультары і сакратар. Вышэйшай заканад. уладай былі кангрэгацыі (з удзелам мітрапаліта), іерархіі базыльянаў. Кангрэгацыі склікаліся раз на 4 гады ў любым буйным цэнтры базыльянаў, найчасцей у Навагрудку (1617, 1671, 1686, 1703, 1717, 1719, 1730), Жыровічах (1629, 1631, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694), Вільні (1636, 1642, 1646, 1650, 1667, 1713). У 1635 базыльяне атрымалі прывілей караля Уладзіслава IV, паводле якога біскупамі уніяцкай царквы маглі выбірацца толькі манахі-азыльяне, што ўзмацніла пазіцыі ордэна. Расла колькасць кляштараў. У 1772 у кожнай правінцыі было па 72 кляштары, больш за 600 манахаў. Базыльяне актыўна займаліся адукац. дзейнасцю. Прывілеем 1613 кароль Жыгімонт III Ваза дазволіў базыльянам адкрываць школы са статутам пач. і сярэдніх навуч. устаноў з выкладаннем на бел. мове. Базыльяне распрацавалі сістэму свецкай адукацыі пераважна лінгвістычнага багаслоўскага і агульнагуманітарнага кірунку. У 18 ст. буйнейшыя базыльянскія школы мелі па 300—500 вучняў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 існавалі 4 правінцыі; акрамя 2 існуючых утварыліся Беларуская (на далучаных да Расіі землях) і Галіцкая (на тэр. Аўстрыі). У 1785 ордэну базыльянаў, які стаў сур’ёзнай перашкодай на шляху афіц. палітыкі праваславізацыі і русіфікацыі Беларусі, было забаронена выбіраць правінцыяла і протаархімандрыта, улада над ім была перададзена архібіскупу А.Лісоўскаму І.Лісоўскаму, прыхільніку ўсх. абраднасці. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай кантакты базыльянаў з Рымам спынены, ордэн ператварыўся ў групу адасобленых кляштараў без ордэнскай цэнтралізацыі. У 1822 паводле загаду цара Аляксандра I закрыты кляштары базыльянаў, пры якіх існавалі навіцыяты, школы або філасофскія і багаслоўскія класы, а на іх базе створаны правасл. духоўныя вучылішчы. Паводле ўказу Мікалая I ад 9.10.1827 ліквідавана базыльянскае манаства, а ў 1828 ліквідаваны і кляштары базыльянаў. Толькі Свята-Троіцкі віленскі кляштар з семінарыяй праіснаваў да 1839, калі на Полацкім дзярж. саборы была скасавана уніяцкая царква. У 1870 забаронены апошнія кляштары базыльянаў на тэр. Польшчы. Базыльяне захаваліся ў Аўстра-Венгрыі (14 кляштараў у Галіцыі і 7 у Венгрыі). На Украіне базыльяне афіцыйна дзейнічалі да 1946, калі на Львоўскім саборы была ліквідавана Украінская грэка-каталіцкая царква. З таго часу базыльяне разам з усёй царквой перайшлі на нелегальнае становішча. У канцы 1980-х г. яны аднавілі сваю дзейнасць. На Беларусі базыльянства не адрадзілася, аднак невял. частка манахаў праходзяць навіцыят ва ўкраінскіх базыльянскіх кляштарах.
Літ.:
Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен. Спб., 1873;
Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. Спб., 1890.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСІЗА́ЦЫЯ,
палітыка нац.-дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва ў БССР у 1920-я г. Яе вытокі ў бел.вызв. руху, у ідэях бел.нац. адраджэння. У БССР беларусізацыя праводзілася пад кіраўніцтвам КП(б)Б як адзінай уладнай партыі. Выпрацоўка нац. праграмы Камуніст. партыі праходзіла складана і супярэчліва, у жорсткай унутрыпарт. барацьбе. Ва ўмовах пераходу ад грамадзянскай вайны да грамадзянскага міру, станаўлення новай эканам. палітыкі (нэпа), пошуку формаў саюзу сав. рэспублік, пад націскам прадстаўнікоў нац. кампартый верх узяла лінія прыхільнікаў федэратыўнага аб’яднання, абнаўлення нац. палітыкі. Ініцыятарамі і аўтарамі палітыкі беларусізацыі былі дзеячы бел.нац.-вызв. руху, якія ў час Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны свядома прыйшлі да бальшавікоў, звязалі з сав. уладай свае надзеі на нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа, яго сац. і нац. адраджэнне. Многія з іх увайшлі ў склад кіруючых парт. і сав. органаў (А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, У.М.Ігнатоўскі, А.Л.Бурбіс, А.В.Баліцкі, П.В.Ільючонак і інш.). Нягледзячы на шэраг супярэчнасцяў, ініцыятыва была падтрымана кіраўніцтвам КП(б)Б, у т. л. сакратарамі ЦК В.Г.Кнорыным, В.А.Багуцкім, А.М.Асаткіным-Уладзімірскім, А.І.Крыніцкім. Першыя крокі ў ажыццяўленні беларусізацыі зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць мовы, стварэннебел. школ, перавод справаводства на бел. мову). Пры Наркамаце асветы БССР адкрыліся курсы беларусазнаўства для падрыхтоўкі настаўнікаў (кіраўнік Я.Лёсік). У лют. 1921 ЦВКБССР прыняў шэраг пастаноў, што прадвызначылі ўвесь наступны ход беларусізацыі. Быў пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. і польскай моў, намечаны меры па стварэнні сістэмы дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійна-тэхн. вучылішчаў і тэхнікумаў. Для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 распачаў дзейнасць БДУ, у 1922 — Ін-тбел. культуры. Згуртаванню ўсіх творчых сіл народа садзейнічала абвешчаная ў ліп. 1923 сумесным дэкрэтам ЦВКСССР і ЦВКБССР амністыя ўсім радавым удзельнікам і кіраўнікам антысав. нац. фарміраванняў і арг-цый 1918—20. VII з’езд КП(б)Б (сак. 1923) падвёў папярэднія вынікі вырашэння нац. пытання на Беларусі, сфармуляваў прынцыпы палітыкі беларусізацыі. Пашыраны пленум ЦБКП(б)Б (ліп. 1923) вызначыў комплекс мер па гасп. адраджэнні краю, тэр. самавызначэнні бел. народа, развіцці бел. мовы і нац. культуры, вылучэнні і выхаванні кадраў. Гэта праграма неаднаразова ўдакладнялася і дапаўнялася на пленумах ЦККП(б)Б (1925). 2-я сесія ЦВКБССР (15.7.1924) прыняла пастанову «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі», у выніку якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзярж. палітыкай. Прэзідыум ЦВКБССР утварыў спец. камісію па ажыццяўленні нац. палітыкі на чале з А.І.Хацкевічам. Аналагічныя камісіі былі створаны пры акр. выканкомах. У 2-й пал. 1920-х г. беларусізацыя мела цэласны канцэптуальны характар і была ўзнята да ўзроўню парт. і дзярж. палітыкі. Узбуйненне БССР у 1924 і 1926 дабратворна паўплывала на паліт., эканам. і культ. развіццё рэспублікі. Асноўны змест нац. палітыкі вызначалі пытанні развіцця бел. мовы і культуры (пры безумоўным забеспячэнні правоў і магчымасцяў свабоднага развіцця нац. меншасцяў). Выключная ўвага звярталася на навук. даследаванні праблем бел. мовы, яе гісторыі, нарматыўнасць, распрацоўку навук. тэрміналогіі. У 1920-я г.бел. мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літаратурнай мове. Выдаваліся працы па актуальных праблемах гісторыі, мастацтва, л-ры, грамадскай думкі і эканомікі Беларусі. Шырокае развіццё атрымала краязнаўства. У 1928 каля 80% школ было пераведзена на бел. мову навучання; адкрываліся школы і класы для прадстаўнікоў нац. меншасцяў; выкладанне вялося на 8 нац. мовах. Да канца 1920-х г. амаль цалкам пераведзена на бел. мову справаводства ў дзярж. і парт. органах. Адным з цэнтр. кірункаў беларусізацыі з’яўлялася т.зв. каранізацыя — вылучэнне і выхаванне кадраў з карэннага насельніцтва на парт., сав., праф. і грамадскую работу. Палітыка беларусізацыі зрабіла значны ўплыў на нар. масы Зах. Беларусі, узмацніла іх арыентацыю на БССР; многія дзеячы бел. эміграцыі прынялі запрашэнне ўрада БССР вярнуцца на Беларусь для нац.-культ. працы. З канца 1920-х г., ва ўмовах стварэння аўтарытарна-бюракратычнай сістэмы і разгортвання кампаніі супраць т.зв. нацыянал-дэмакратызму, пачаўся паварот да фактычнай контрбеларусізацыі, разгрому нац. інтэлігенцыі. Апагеем гэтай кампаніі стала сфальсіфікаваная справа т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», за прыналежнасць да якога было засуджана 90 чал., пераважна дзеячы навукі і культуры, кіраўнікі шэрагу наркаматаў рэспублікі. У 1930-я г. сам тэрмін «беларусізацыя» амаль на паўстагоддзе знікае з ужытку.
Літ.:
Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;
Кароль А. Беларусізацыя — палітыка нацыянальнага адраджэння // Крыжовы шлях. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГА,
пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл.Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл.Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл.Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.
Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст.н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн. тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб.стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб.стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.
Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав. друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаны для засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш. Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Літ.:
Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;
Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;
Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);
Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт.Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЕЛА́НДЖЭЛА, Мікеланджэла Буанароці (Michelangelo Buonarroti; 6.3.1475, Капрэзе-Мікеланджэла, Італія — 18.2.1564),
італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Адраджэння. Вучыўся жывапісу ў Д.Гірландайо ў Фларэнцыі (1488), скульптуры ў Бертольда ды Джавані ў маст. школе ў садзе К.Медычы пры манастыры Сан-Марка (1489—92). Зазнаў уплывы Джота ды Бандоне, Данатэла, Мазачыо, Якопа дэла Кверчы, ант. скульптуры. Працаваў у Фларэнцыі, Балонні, Рыме. Ужо ў ранніх работах вызначыліся гал. рысы яго творчасці — манументальнасць, унутр. напружанасць і драматызм вобразаў, дынамічнасць кампазіцыйнага вырашэння, майстэрскае выяўленне прыгажосці цела чалавека: рэльефы «Мадонна каля лесвіцы», «Бітва кентаўраў» (абодва каля 1490—92), статуя «Вакх» (1496—97), скульпт. група «Аплакванне Хрыста» («П’ета») у саборы св. Пятра (каля 1498—99) і інш. У каласальнай статуі «Давід» (1501—04) і кардоне для размалёўкі Палацца Век’ё «Бітва пры Кашыне» (1504—06) М. ўвасобіў гераічны парыў і грамадз. доблесць фларэнційцаў, якія выступілі супраць тыраніі Медычы. Вяршыня яго творчасці — размалёўка скляпенняў Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане (1508—12). Жывапісны цыкл, які ўключае сцэны з Кнігі Быцця ў цэнтр.ч. плафона, манум. фігуры прарокаў і сівіл на бакавых частках скляпення, выявы продкаў Хрыста і біблейскія эпізоды ў распалубках, ветразях і люнетах, стварае грандыёзна ўрачыстую кампазіцыю, што ўспрымаецца як гімн фізічнай і духоўнай прыгажосці, сцвярджае бязмежнасць творчых магчымасцей Бога і створанага па яго падабенству чалавека. Размалёўкі ў Сіксцінскай капэле, як і інш. жывапісныя творы М., вызначаюцца дакладнасцю пластычнай лепкі, напружанай выразнасцю малюнка і кампазіцыі, вытанчанай гамай прыглушаных колераў. У 1505—45 працаваў над афармленнем пахавальні папы Юлія II у царкве Сан-П’етра ін Вінколі ў Рыме: статуі «Звязаны раб», «Раб памірае», «Раб абуджаецца», «Атлант» (усе 1513—19), «Майсей» (1515—16), а таксама 4 няскончаныя фігуры рабоў (1532—34), якія даюць уяўленне аб творчым працэсе мастака. З 1520-х г. светаадчуванне М. набыло трагічны характар і глыбокі песімізм, абумоўленыя крушэннем ілюзій аб стварэнні адзінай моцнай дзяржавы, стратай у Італіі паліт. і грамадз. свабод, крызісам рэнесансавага гуманізму. Гэта ярка выявілася ў вобразным ладзе скульпт.-арх. ансамбля ў пахавальні роду Медычы ў Новай сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі: прасякнутыя адчуваннем цяжкага роздуму, бязмэтавасці складаных рухаў, пазбаўленыя партрэтных рысаў статуі герцагаў Ларэнца і Джуліяна, фігуры «Раніца», «Дзень», «Вечар», «Ноч», якія сімвалізуюць незваротнасць руху часу (усе 1520—34). Сярод інш. твораў: фрэска «Страшны Суд» на алтарнай сцяне Сіксцінскай капэлы (1536—41), размалёўкі капэлы Пааліна ў Ватыкане (1542—50), бюст «Брут» (1537—38), скульпт. кампазіцыі «П’ета» (да 1550—55) для фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ і няскончаная «П’ета Ранданіні» (1555—64), якая прызначалася для ўласнага надмагілля. У позні перыяд працаваў пераважна ў архітэктуры. Пабудовы М. вызначаюцца павышанай пластычнасцю, унутр. дынамізмам і напружанасцю арх. мас, вял. ролю маюць рэльефнае аздабленне сцен, актыўная святлоценявая арганізацыя іх паверхні пры дапамозе высокіх пілястраў, падкрэслена аб’ёмных карнізаў, аконных і дзвярных парталаў. Аўтар праектаў і кіраўнік буд-ва б-кі Лаўрэнцыяны ў Фларэнцыі (1523—34), сабора св. Пятра і ансамбля пл. Капітолія ў Рыме (з 1546, работы завершаны са зменамі пасля смерці М.). Як літаратар сфарміраваўся пад уплывам літ.-эстэт. і філас. ідэй фларэнційскіх паэтаў 15 ст. (Л.Медычы, Л.Пульчы), неаплатонікаў і Дж.Саванаролы. Пісаў пераважна мадрыгалы і санеты. Лірыка М. адметная складанасцю формы, глыбінёй думкі. Тэмы прыгажосці, якую ён трактаваў як боскі пачатак у чалавеку, кахання, якое змагаецца са старасцю і смерцю, адзіноцтва мастака ў варожым да яго свеце, бацькаўшчыны пад уладай тырана набылі ў творах М. высокі грамадз. пафас і трагічнае гучанне. Літ. творы, высока ацэненыя сучаснікамі, пры жыцці М. не публікаваліся (першае выданне — «Вершы», 1623). Творчасць М. падрыхтавала станаўленне маньерызму, зрабіла вял. ўплыў на развіццё прынцыпаў барока і ўсяго еўрап. мастацтва. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне, Давід, Італія, Манументальнае мастацтва.
Тв.:
Рус.пер. — Неизмеримы гения деянья: Стихотворения. М., 1997.
Літ.:
Либман М.Я. Микеланджело Буонарроти. М., 1964;
Микеланджело: Жизнь. Творчество. М., 1964;
Микеланджело и его время. М., 1978;
Алпатов М. Поэзия Микеланджело // Алпатов М. Эподы по истории западноевропейского искусства. М., 1963;
Балдини У. Микеланджело — скульптор: Пер. с итал. М., 1979;
Кристофанелл и Р. Дневник Микеланджело неистового: Пер. с итал. М., 1985;
Хойзингер Л. Микеланджело: Очерк творчества: Пер. с нем. М., 1996.
Т.В.Пешына.
Мікеланджэла. П’ета. Сабор св. Пятра. Каля 1498—99.Мікеланджэла. Стварэнне Адама. Фрагмент размалёўкі Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ (РПЦ), Маскоўскі патрыярхат,
найбуйнейшая з праваслаўных аўтакефальных цэркваў у свеце. Традыцыйна часам заснавання лічыцца 988 — пачатак увядзення хрысціянства на Русі (гл.Хрышчэнне Русі). Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Кіеўскай Русі (адсюль назва РПЦ), узначальвалася мітрапалітам кіеўскім (гл.Кіеўская мітраполія). Знаходзілася спачатку, на думку царк. гісторыкаў, у юрысдыкцыі Охрыдскага (Балгарскага) патрыярхату, з 1037 — Канстанцінопальскага патрыярхату. У сувязі са спусташэннем Кіева мангола-татарамі ў 1240 мітрапаліцкая кафедра ў 1299 перанесена ва Уладзімір-на-Клязьме, у 1320-я г. — у Маскву. Пасля стварэння ва Усх. Еўропе 2 буйных самаст. дзяржаў — Вял. княства Маскоўскага і ВКЛ выявіліся тэндэнцыі да адасаблення іх правасл. цэркваў, кожная з якіх прэтэндавала на вяршэнства. У 1316 у Навагрудак быў прызначаны першы асобны літ. мітрапаліт Феафіл, аднак у наступныя паўтара стагоддзя мітрапаліты прызначаліся сюды нерэгулярна, што захоўвала адноснае адзінства РПЦ. У 1448 незалежна ад Канстанцінопальскага патрыярхату, які заключыў з папствам Фларэнційскую унію 1439, мітрапалітам маскоўскім абраны епіскап Іона, што лічыцца пачаткам аўтакефаліі (поўнай незалежнасці) РПЦ. Пасля падзення Візант. імперыі ў 1453 РПЦ з мітрапаліцкай кафедрай у Маскве стала найбуйнейшай правасл. царквой у свеце. У 1458 Літоўска-Навагрудская мітраполія (афіцыйна называлася Кіеўскай) пры мітрапаліце Грыгорыю Балгарыне канчаткова аддзялілася ад Маскоўскай, якая стала афіцыйна так называцца з 1459. У 1589 у РПЦ усталявана патрыяршаства (першы патрыярх — Іоў), што яшчэ больш павысіла яе статус сярод памесных правасл. цэркваў. Ў 1653—60 патрыярх Нікан правёў у РПЦ рэформы, каб прывесці абраднасць у адпаведнасць з першаўзорамі; аднак гэта прывяло да царк.расколу і вылучэння стараверства ў асобную арг-цыю. У 1700 пасля смерці патрыярха Адрыяна цар Пётр I прызначыў месцаахоўнікам патрыяршага прастола Стафана Яворскага, а ў 1721 увогуле скасаваў ін-т патрыяршаства, замяніўшы яго Духоўнай калегіяй, хутка перайменаванай у Свяцейшы Сінод. Сінод складаўся з вышэйшых іерархаў царквы, а ўзначальваў яго свецкі чыноўнік — обер-пракурор, які прызначаўся імператарам. 28.10(10.11).1917 патрыяршаства адноўлена пры адначасовым існаванні Сінода і Вышэйшага царк. савета, патрыярхам абраны епіскап Ціхан (В.І.Бялавін). Разам з тым аддзяленне царквы ад дзяржавы пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 карэнным чынам падарвала пазіцыі РПЦ. У пач. 1920-х г. у царк. іерархіі адбыўся раскол: частка епіскапаў выступіла супраць ін-та манаства, стварыла без дазволу патрыярха свой орган царк. кіравання — Вышэйшае царк. ўпраўленне — і стала звацца «абнаўленцамі» (гл. ў арт.Духавенства). Абнаўленцаў фактычна падтрымала дзяржава, прыхільнікі ж патрыярха Ціхана цярпелі вял. ганенні, большасць епархій у 1920—30-я г. спынілі сваю дзейнасць. У 1921 на саборы рас. эмігранцкага духавенства ў г. Срэмскі-Карлаўцы (Югаславія) была створана асобная Замежная рус.правасл. царква (існуе і цяпер сярод часткі рус. эміграцыі). У 1922 з-за цяжкасці нармальнага функцыянавання РПЦ у такіх складаных умовах патрыярх дазволіў на тэр. саюзных рэспублік самастойнае кіраванне ў межах асобнай епархіі ці іх групы; на падставе гэтага ў 1927 абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. У Вял.Айч. вайну РПЦ заняла патрыятычную пазіцыю, месцаахоўнік патрыяршага прастола мітрапаліт Сергій (І.М.Страгародскі) 22.6.1941 выступіў з заклікам узняцца на абарону Радзімы. Адносіны дзяржавы да РПЦ палепшыліся, сталі адкрывацца храмы, пачалі выдавацца «Журнал Московской патриархии», рэліг.л-ра і інш. У 1943 на памесным саборы мітрапаліт Сергій быў абраны патрыярхам. Аднак у 1950—60-я г. дзейнасць РПЦ зноў стала абмяжоўвацца. З 1988 (год святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі) пачалася значная актывізацыя царк. жыцця. У 1989 у юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату створаны Бел. экзархат (гл.Беларуская праваслаўная царква). У пач. 1990-х г. у сувязі з распадам СССР у шэрагу б.сав. рэспублік вызначыліся тэндэнцыі да выхаду з-пад юрысдыкцыі РПЦ нац.правасл. цэркваў: у 1990 на Украіне адроджана Украінская аўтакефальная правасл. царква, у 1992 абвешчана стварэнне Украінскай правасл. царквы — Кіеўскага патрыярхату (не атрымалі кананічнага прызнання, пры гэтым большасць прыходаў Украіны засталіся ва Укр.правасл. царкве Маскоўскага патрыярхату); у 1995 частка эст.правасл. прыходаў перайшла ў юрысдыкцыю Канстанцінопальскай правасл. царквы. На 1.1.2000 у складзе РПЦ 130 епархій, 545 манастыроў, 19 417 прыходаў, каля 20 тыс.чал. духавенства. У юрысдыкцыю РПЦ уваходзяць Японская і Кітайская аўтаномныя правасл. цэрквы, 6 епархій у Еўропе і 1 у Паўд. Амерыцы, прыходы ў ЗША і Канадзе. Сістэма духоўнай адукацыі РПЦ уключае 5 духоўных акадэмій, 2 правасл. ун-ты, 23 семінарыі, 28 духоўных вучылішчаў і 13 пастарскіх курсаў. Друкаваны орган — «Журнал Московской патриархии». З 2000 пад патранажам РПЦ выдаецца шматтомная «Праваслаўная энцыклапедыя».
Літ.:
Русская Православная церковь, 988—1988. Вып. 1. Очерки истории I—XIX вв. М., 1980;
История Русской церкви. Т. 1—9. М., 1994—97;
Православная энциклопедия: Рус. православная церковь. М., 2000.