ВЕ́ЙМАРСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

парламенцкая дэмакр. рэспубліка ў Германіі ў 1919—33. Узнікла ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Юрыдычна аформлена Устаноўчым сходам у г. Веймар (6.2.1919—21.5.1920). У гістарыяграфіі ФРГ неафіцыйна наз. 1-й Герм. рэспублікай (2-й рэспублікай лічыцца ФРГ). Дзейнічала канстытуцыя 31.7.1919, паводле якой абвяшчаліся дэмакр. свабоды, усеагульнае выбарчае права, надзяляўся вял. паўнамоцтвамі прэзідэнт краіны, прадстаўніцтва партый у парламенце (рэйхстагу) было прапарцыянальна атрыманым галасам выбаршчыкаў, захаваліся традыцыі федэралізму (дзяржава складалася з аўтаномных 15 рэспублік-зямель і 3 вольных гарадоў), парламент быў двухпалатны — ніжняя палата (рэйхстаг) выбіралася ўсеагульна, верхняя (рэйхсрат) складалася з прадстаўнікоў урадаў зямель. У эканоміцы захоўвалася панаванне буйных землеўладальнікаў, прамыслоўцаў і банкіраў. Кіраўнічыя колы, вымушаныя пад націскам працоўных пагадзіцца з дэмакр. канстытуцыяй, на справе не прынялі парламенцкую дэмакратыю. У жыцці краіны пераважалі правыя і рэакц. тэндэнцыі. Левыя сілы (сацыял-дэмакраты і камуністы), канфліктуючы паміж сабой, не здолелі абараніць парламенцкую дэмакратыю. Схільнасць лібералаў да кансерватызму і рэакцыі садзейнічала пашырэнню ўплыву нацыянал-сацыялісцкай партыі, якая пасля прыходу да ўлады (1933) знішчыла Веймарскую рэспубліку.

Літ.:

Руге В. Германия в 1917—1933 гг.: От Вел. От Вел. Окт. соц. революции до конца Веймарской республики: Пер. с нем. М., 1974;

Драбкин Я.С. Становление Веймарской республики. М., 1978;

Mocht und Ohnmacht der Weimarer Republik. Berlin, 1990.

М.​Г.​Елісееў.

т. 4, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТАЛ, Віталс (Vitols; Віталь Іосіф) Язэпс (26.7.1863, г. Валміера, Латвія — 24.4.1948), латышскі кампазітар, педагог; адзін з заснавальнікаў нац. кампазітарскай школы, буйнейшы майстар лат. харавой песні. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1886, клас М.Рымскага-Корсакава), выкладаў у ёй (з 1901 праф.). З 1918 у Рызе. Заснавальнік, праф., рэктар (у 1919—44, з перапынкам) Латвійскай кансерваторыі (цяпер імя Вітала). Адзін з заснавальнікаў і старшыня (1923—40) Т-ва лат. кампазітараў. Сярод яго вучняў: С.Пракоф’еў, М.Мяскоўскі, Я.Іваноў, Я.​Калніньш, А.​Скултэ, Л.​Вігнерс, Е.​Віталіньш і інш. Асн. творы: кантаты «Песня» (1908), «Паўночнае ззянне» (1913); балада для хору «Беверынскі спявак» (1900); сімфонія (1888), «Свята Ліга» (1889), «Драматычная уверцюра» (1895), уверцюра «Спрыдзітыс» (1908), сюіты «Сем латышскіх народных песень» (1904) і «Каштоўныя камяні» (1924), балада «Восеньская песня» (1928), «Латышская сельская серэнада» (1934), «Рапсодыя» (1909) для сімф. арк.; Фантазія на тэмы лат. нар. песень для скрыпкі з арк.; струнны квартэт; інстр. творы, у т. л. для фп. (больш за 80); хары а капэла (103); песні для голасу з фп. (92), апрацоўкі лат. нар. песень (больш за 300).

Аўтар артыкулаў па муз. мастацтве. З 1944 жыў у Германіі.

Літ. тв.: Воспоминания, статьи, письма. Л., 1969.

Літ.:

Гравитис О. Язеп Витол и латышская народная песня: Пер. с лат. М.; Л., 1966.

Я.Вітал.

т. 4, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РНЫЯ ЗЕ́МЛІ,

сельскагаспадарчыя ўгоддзі, якія сістэматычна апрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца пад пасевы с.-г. культур. Да іх належаць палі севазваротаў (у т. л. папар), агароды, іншыя асвоеныя і падрыхтаваныя для пасеваў землі. Ворныя землі падзяляюць па відах землекарыстальнікаў і катэгорыях зямель, на асушальныя і арашальныя, у залежнасці ад прыродных уласцівасцей глебы. Якасную ацэнку ў вытв. умовах вызначаюць баламі банітэту. Пашыраюць плошчы ворных зямель за кошт асваення цалінных зямель, участкаў малакаштоўнага лесу, хмызняку, асушэння, арашэння, рэкультывацыі зямель і інш.

На Беларусі плошча ворных зямель складае 6,1 млн. га (каля 63% пл. с.-г. угоддзяў; 1995); з улікам колькасці насельніцтва на кожнага жыхара прыпадае каля 0,6 га ворных зямель (на Украіне — 0,65 га, у Літве — 0,61, Польшчы — 0,37, Германіі — 0,15, ЗША — 0,72 га). Пераважаюць дзярнова-падзолістыя (51,7%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (36,5%) глебы. Ворныя землі звязанага грануламетрычнага складу пераважаюць у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях, лёгкія глебы найб. пашыраны ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Завалуненасць у сярэднім 26,4%. Банітэт 35—38 балаў. Павышэнне ўрадлівасці ворных зямель адбываецца за кошт аптымізацыі аграхім. мерапрыемстваў, рэгулявання водна-паветр. рэжыму, выдалення камянёў і інш. Ва ўмовах рэспублікі павелічэнне ворных зямель, плошча якіх скарачаецца ў выніку адводу зямель пад аб’екты буд-ва, торфараспрацоўкі і інш., магчыма за кошт гідрамеліярацыі інш. с.-г. угоддзяў.

Л.​В.​Круглоў.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЕ ПЕРАДЛЕДАВІКО́ЎЕ, добрушскае перадледавікоўе,

частка антрапагенавага перыяду перад наступленнем нараўскага зледзянення на тэр. Беларусі. Вылучана (Н.​А.​Махнач; 1971) як найб. стараж. ч. антрапагену працягласцю каля 400 тыс. гадоў. Паводле апошніх даследаванняў, брэсцкае перадледавікоўе адносіцца да 2-й пал. эаплейстацэну (каля 800—1200 тыс. гадоў назад) і адпавядае брэсцкаму надгарызонту (магутнасць да 20—30 м, залягае на глыб. 10—170 м). Паверхня тэр. Беларусі была выраўнаваная, найб. узвышаная на ПнУ. Рэкі цяклі на Пд і З. Адклады з глін, алеўрытаў з праслоямі пяскоў і торфу намнажаліся ў азёрах, шматлікіх на Пд і ПнЗ, у балотах і далінах рэк. Клімату былі ўласцівы значныя і частыя ваганні з паступовым пахаладаннем. Вылучаюцца 2 працяглыя халодныя перыяды (апошні больш суровы; у раслінным покрыве пераважалі разрэджаныя хваёва-бярозавыя лясы), падзеленыя менш працяглым цёплым часам, з кліматам і расліннасцю, блізкімі да сучасных. Паводле асаблівасцяў адкладаў і выкапнёвых рэшткаў раслін ўстаноўлена, што брэсцкае перадледавікоўе адпавядае частцы ніжняга плейстацэну Польшчы і Германіі, верхняму апшэрону і яго аналагам на тэр. Усх.-Еўрап. раўніны, а таксама менапу, бавелу і ніжняй ч. кромеру Нідэрландаў.

Літ.:

Махнач Н.А. Этапы развития растительности Белоруссии в антропогене. Мн., 1971;

Якубовская Т.В., Назаров В.И. Стратиграфическая схема отложений эоплейстоцена Беларуси // Докл. АН Беларуси. 1993. Т. 37, № 4.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 3, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУ́РА І НА́ЦІСК»

(«Sturm und Drang»),

грамадска-літ. рух у Германіі ў 1700—80-я г. (назва ад аднайм. драмы ням. пісьменніка Ф.​М.​Клінгера; 1776). Найб. значныя прадстаўнікі: І.​В.​Гётэ і Ф.​Шылер (ранні перыяд творчасці), Клінгер, Я.М.​Р.​Ленц, Г.​Л.​Вагнер, Г.​А.​Бюргер, К.Ф.​Д.​Шубарт, І.​Г.​Фос. Для творчай практыкі пісьменнікаў «Бура і націск» характэрны пераважна зварот да драматургіі. Яны выступілі з рэзкім пратэстам супраць сац. несправядлівасці, дэспатызму феадалаў, рэліг. і саслоўных ланцугоў грамадства, адстойвалі права асобы на годнасць і свабоднае развіццё. У процілегласць асветніцкаму рацыяналізму і нарматыўнай эстэтыцы класіцызму «бурныя геніі» супрацьпаставілі ідэю самабытнага ва ўсіх праявах «характэрнага мастацтва», патрабавалі адлюстравання моцных пачуццяў, гераічных учынкаў, характараў, не зломленых дэспатычным рэжымам, абвяшчалі культ «арыгінальнага генія» — мастака-творцы. Літ. ўзорамі для іх былі паэмы Гамера і трагедыі У.​Шэкспіра. Вырашальнае значэнне ў станаўленні эстэтыкі «Буры і націску» мелі думкі І.​Г.​Гердэра пра нац. своеасаблівасць мастацтва і яго нар. карані, пра ролю фантазіі і эмацыянальнага пачатку. Моцны пратэст супраць несправядлівасці, характэрны для творчасці прадстаўнікоў руху, дазволіў ням. Асветніцтву ўзняцца да ўзроўню нац.-вызв. задач эпохі.

Літ.:

Неустроев В.П. «Буря и натиск» // Неустроев В.П. Немецкая литература эпохи Просвещения. М., 1958.

А.​С.​Шаўчэнка.

т. 3, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРШТЫ́Н (ням. Bernstein),

янтар, мінерал класа арган. злучэнняў, выкапнёвая акамянелая смала хвойных дрэў верхнемелавога—палеагенавага перыядаў. Аморфны вуглевадарод, каркасны палімер. Прыкладная хім. формула C10H16O4. Трапляецца ў выглядзе зерняў, жаўлакоў і пласцін памерам ад некалькіх мм да 50 см у папярочніку. Звонку мае шчыльную непразрыстую шэрую ці бурую скарынку прадуктаў акіслення. Колер жоўты і карычневы розных адценняў, аранжавы, малочна-белы, зеленаваты і інш. Празрысты або замутнены. Бляск шкляны або смалісты. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. каля г/см³. Дыэлектрык. Т-ра плаўлення 250—300 °C, лёгка згарае.

Частка бурштыну мае т.зв. інклюзы — уключэнні насякомых і раслінных рэшткаў (такія ўзоры высока цэняцца). Утвараецца ў працэсе фасілізацыі (акамянення) смалы ў выніку полікандэнсацыі смаляных кіслот і тэрпенаў і наступнага пераадкладання з пахаваннем у прыбярэжна-марскіх, лагунных і дэльтавых адкладах. Каштоўны ювелірна-вырабны камень. Для атрымання суцэльных масаў бурштынавая дробязь апрацоўваецца пад ціскам пры павышаных т-рах. Некандыцыйны бурштын — сыравіна для вытв-сці бурштынавых кіслот, масла, каніфолі, лакаў, фарбаў і інш. Асн. радовішчы па берагах Балтыйскага м. ў Расіі (Калінінградская вобл.), Германіі, Польшчы, а таксама ў Італіі, Бірме, Канадзе, ЗША, Мексіцы і інш.

У Беларусі вылучаюцца 3 перспектыўныя на бурштын раёны: Зах.-Беларускі, Мікашэвіцка-Жыткавіцкі і найб. перспектыўны Палескі (асабліва т.зв. Драгічынская плошча). Адклады на глыб. 15—80 м.

Бурштын.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РЫ ВУ́ГАЛЬ,

гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, нізкай ступені вуглефікацыі, пераходная форма ад торфу да каменнага вугалю. Адрозніваюць: лігніт з добра захаванай структурай рэшткаў драўніны, светлы карычневы вугаль зямлістай тэкстуры і шчыльны чорны бліскучы. На паветры буры вугаль хутка растрэскваецца і ператвараецца ў дробныя кавалкі. Для бурага вугалю характэрны наяўнасць гумінавых кіслот, высокая гіграскапічнасць і вільготнасць. Мае 64—78% вугляроду, 5—6% вадароду, 15—30% кіслароду, 40—65% лятучых рэчываў; вільготнасць да 50%. Шчыльн. 1200—1500 кг/м³. Цеплыня згарання ад 10,9 да 29,1 МДж/кг, попельнасць 18,5—25,6%. Энергет., быт. паліва, сыравіна для хім. прам-сці і вырабу вадкага паліва. У залежнасці ад колькасці вільгаці падзяляецца на 3 тэхнал. групы: Б-1 (вільготнасць больш за 40%), Б-2 (вільготнасць ад 30 да 40%) і Б-3 (вільготнасць менш за 30%). Самыя буйныя басейны і радовішчы бурага вугалю характэрны для мезазойска-кайназойскіх адкладаў. Гал. басейны размешчаны ў Расіі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Аўстраліі. У Беларусі паклады бурага вугалю выяўлены ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне ў асноўным на тэр. Гомельскай і Брэсцкай абл. (Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы). Агульныя геал. запасы — больш за 1 млрд. т, разведаныя запасы — больш за 150 млн. т. Якасць іх невысокая.

Буры вугаль.

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЭВІ́ЛЬ (франц. vaudeville),

жанр драматургіі; від лёгкага камедыйнага паказу з займальнай, нярэдка заблытанай інтрыгай, з песнямі-куплетамі, рамансамі і танцамі. Узнік у Францыі ў 18 ст. Класікі жанру Э.​Скрыб, Э.​Лабіш. Франц. вадэвіль паўплываў на развіццё гэтага жанру ў Польшчы (А.​Фрэдра), Германіі (Г.​Фрайтаг), Даніі (І.​Л.​Хэйберг) і інш. краінах Еўропы. У Расіі з’явіўся на пач. 19 ст. (А.​Шахаўской, Дз.​Ленскі, П.​Каратыгін, Ф.​Коні, М.​Някрасаў, А.​Чэхаў).

На Беларусі элементы вадэвіля былі ў інтэрмедыях фалькл. т-ра 16—19 ст. У прафес. драматургіі жанр вадэвіля распрацоўваў В.​Дунін-Марцінкевіч. Свае п’есы «Пінская шляхта» (1866) і «Залёты» (1870) ён вызначыў як фарс-вадэвіль. Яны насычаны песнямі, куплетамі, рамансамі, разам з тым вызначаюцца сац. зместам, глыбінёй, сатыр. завостранасцю. Бел. вадэвіль, прыняўшы каноны класічнага франц. вадэвіля, меў уласную нац. адметнасць, што выявілася ў характары гумару, большай схільнасці да сатыры і фарсу. Элементы вадэвіля ёсць у п’есах «Модны шляхцюк» К.​Каганца (1910), «Прымакі» Я.​Купалы (1913), «Снатворны мак» К.​Лейкі (1912), «Чорт і баба» Ф.​Аляхновіча (1920), «Мікітаў лапаць» М.​Чарота (1923), «Мужчына, будзь мужчынам» М.​Матукоўскага (1966); на фарсава-вадэвільных сітуацыях заснаваны п’есы Л.​Родзевіча «Пасланец» (1918), «Конскі партрэт» (1920) і «Збянтэжаны Саўка» (1921). На сучасным этапе вадэвіль у драм. мастацтве замяніла камедыя, у музычным — аперэта, мюзікл.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРА́ЦЫЯ ВАЕ́ННАЯ,

сукупнасць узгодненых і ўзаемазвязаных па мэце, месцы і часе баявых дзеянняў войскаў аднаго або розных відаў паводле адзінай задумы і плана. Паводле маштабу бываюць стратэгічныя, франтавыя (флоту, акругі ППА, групы армій), армейскія (флатыліі, корпуса, эскадры); у залежнасці ад сіл і сродкаў — агульнавайсковыя (агульнафлоцкія), паветраныя, проціпаветраныя, паветрана-дэсантныя, сумесныя і самастойныя; па характары баявых дзеянняў — наступальныя і абарончыя.

Першыя элементы аперацыі ваеннай як формы вядзення баявых дзеянняў выявіліся ў войнах канца 18 — пач. 19 ст., калі значна павялічылася рухомасць войскаў, баявыя дзеянні сталі весціся на шырокіх франтах адначасова на некалькіх напрамках, на вял. глыбіню і ўзнікла неабходнасць больш аператыўнай каардынацыі гэтых дзеянняў. На тэр. Беларусі прыкметы аперацыі ваеннай выявіліся, напр., у дзеяннях рус. войскаў супраць франц. у 1812, калі цэнтр., паўд. і паўн. групоўкам была пастаўлена задача аб’яднацца на р. Бярэзіна з мэтай акружэння і разгрому рэшткаў арміі Напалеона I. Буйнейшыя аперацыі ваенныя 2-й сусв. вайны: дзеянні войскаў гітлераўскай Германіі супраць Польшчы (1939) і Францыі (1940); сав. войскаў у аперацыі пад Масквой, Сталінградам і на Курскай дузе, Беларускай, Берлінскай і інш.; саюзнікаў — Нармандская дэсантная аперацыя (1944) і інш.

На сучасным этапе характар аперацыі ваеннай змяніўся; павялічыліся глыбіня і шырыня наступлення і абароны, пабольшалі задачы і тэмпы наступлення, больш сціслым стаў час вядзення баявых дзеянняў.

т. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЎКРАІ́НСКІХ НАЦЫЯНАЛІ́СТАЎ (АУН),

украінская паліт. арганізацыя. Створана ў 1929 Я.​Канавальцам. У сваёй праграме абвяшчала непрымірымыя адносіны да камунізму. Паставіла сябе над інш. ўкр. партыямі і рухамі, пачаўшы з імі барацьбу. Імкнулася пры дапамозе ўсенар. паўстання аб’яднаць усе ўкр. землі ва Укр. Самастойную Саборную Дзяржаву (УССД). У 1940 з-за ўнутр. рознагалоссяў распалася на АУН (м) — мельнікаўцаў і АУН (б) — бандэраўцаў (паводле прозвішчаў кіраўнікоў — А.​Мельніка і С.​Бандэры). На пач. 2-й сусв. вайны выступіла супраць Польшчы, потым супраць СССР на баку Германіі. Пасля адмовы гітлераўскіх уладаў прызнаць Акт аднаўлення Украінскай Дзяржавы (30.6.1941) АУН (б) перайшла ў апазіцыю да акупац. рэжыму, разгарнула супраць яго прапаганду. На гэта фашысты адказалі арыштамі і расстрэламі бандэраўцаў. Мельнікаўцы стаялі на змоўніцкіх пазіцыях да фашыстаў. Вясной 1943 АУН (б) абвясціла стратэгію «двухфрантавой» барацьбы супраць Берліна і Масквы — «Украінская паўстанцкая армія» («УПА») пачала на Валыні і бел.-ўкр. Палессі дзеянні супраць гітлераўцаў і сав. партызанаў. З 1944 гал. сілы АУН разгарнулі антысав. барацьбу, якая ахапіла пераважна зах. вобласці Украіны і працягвалася да сярэдзіны 1950-х г. Пасля вайны асн. кадры абедзвюх частак АУН былі ў эміграцыі. З абвяшчэннем дзярж. суверэнітэту Украіны ў 1991 АУН перанесла сваю дзейнасць на радзіму і скіравала яе на пабудову дэмакр., паліт. і эканам. незалежнай укр. дзяржавы.

А.​В.​Кенцій.

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)