гарадзішча 12—14 ст. у Эстоніі, у Рапласкім р-не, за 60 км на Пд ад Таліна. Пл. каля 2 га, умацавана валам выш. да 10 м. Даследавана ў 1938—41 і 1953.
У 1212 Варбала было абложана наўгародцамі і пскавічамі і прымушана плаціць даніну. У пач. 13 ст. апорны пункт эстаў у барацьбе з ням. і дацкімі захопнікамі. Разбурана, верагодна, у сярэдзіне 14 ст. пасля паўстання Юр’евай ночы 1343—45.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ТАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі мезаліту (каля 8—6-гатыс. да н.э.) на тэр. Волга-Камскага міжрэчча. Назва ад стаянкі каля в. Бутава Старыцкага р-на Цвярской вобл. Насельніцтва вяло рухомы лад жыцця. Аснова гаспадаркі — паляванне. Для бутаўскай культуры характэрны крамянёвыя разцы акруглыя і з неапрацаванай пляцоўкай, геам. мікраліты (на познім этапе), вербалістыя і тронкавыя наканечнікі стрэл. У фарміраванні бутаўскай культуры значную ролю адыгралі познасвідэрскія і арэнбургскія элементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫ́ЎЛЯ,
рака ў Беларусі, у Лельчыцкім і Ельскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Славечны (бас. Прыпяці). Даўж. 36,5 км. Пл. вадазбору 734 км². Пачынаецца за 2,5 км на ПнУ ад в. Заброддзе Лельчыцкага р-на, цячэ па раўніне Мазырскае Палессе. Асн. прыток — канал Валаўскі (справа).
Даліна слабавыразная, месцамі адсутнічае, шыр. 0,8—1,6 км. Пойма вузкая, забалочаная. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. У пойме ракі наліўная сажалка пл. 20 га, меліярац. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАБАРО́ДАЎ (Афанасій Паўланцьевіч) (31.1.1903, в. Акініна-Баклашы Іркуцкай вобл., Расія — 1.9.1991),
генерал арміі (1963), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У Вял.Айч. вайну з кастр. 1941 на Зах., Паўд.-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім франтах, камандаваў дывізіяй, корпусам, арміяй. Пад яго камандаваннем войскі 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту вызначыліся ў Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. У 1963—68 камандуючы войскамі Маскоўскай ваен. акругі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛУ-МА́ЎНТЫНС (Blue Mountains),
Блакітныя горы, нацыянальны парк на ПдУ Аўстраліі, штат Новы Паўд. Уэльс. Знаходзіцца ў Блакітных гарах — ч.Вял. Водападзельнага хр.Засн. ў 1959. Пл. 208,1 тыс.га. Пясчанікавыя плато (выш. да 1362 м), падзеленыя глыбокімі цяснінамі, ландшафты вільгацетрапічных і эўкаліптавых лясоў. Месцы пражывання качканоса, яхідны, сумчатых (каала, апосум, гіганцкі шэры кенгуру, валару і інш.), птушак трапічнага лесу (пячорная валасянка, рыжая веерахвостка, голуб Вонга, жоўты мухалоў і інш.). Аб’ект турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНХАТЭ́П III,
егіпецкі фараон [1417—1379 да н.э.] эпохі Новага царства (XVIII дынастыя). На пачатку яго праўлення Егіпет дасягнуў найб.ваен. магутнасці сярод дзяржаў Усх. Міжземнамор’я, пашырыў тэр. ад вярхоўя Еўфрата на Пн да 4-га парога Ніла на Пд. Пры ім пабудаваны храм Амона-Ра ў Луксоры і надмагільны храм Аменхатэпа III з вялізнымі статуямі цара — «калосамі Мемнана». У апошнія гады праўлення Аменхатэпа III унутр. супярэчнасці і націск хетаў аслабілі краіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗОТФІКСА́ЦЫЯ (ад азот + лац. fixatio замацаванне) біялагічная, звязванне малекулярнага азоту атмасферы ў азотзмяшчальныя злучэнні. Ажыццяўляецца азотфіксавальнымі бактэрыямі (найб. актыўныя клубеньчыкавыя). Першы стабільны прадукт у выніку азотфіксацыі — аміяк, сінтэз якога каталізуе нітрагеназа. Вызначаны структура і лакалізацыя генаў азотфіксацыі. Адыгрывае важную ролю ў прыродным кругавароце азоту, абагачэнні глебы і вадаёмаў звязаным азотам. Азотфіксавальныя мікраарганізмы ў спалучэнні (сімбіёзе) з раслінамі, напр. лубінам, гарохам, вікай, могуць абагаціць 1 га глебы на 200—500 кг азоту за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАЎНЫ́Я Е́ЛЬНІКІ,
абмежаваныя месцы росту елкі еўрапейскай за межамі яе арэала. Вядомы на Пд Беларусі (Палессе). Вызначаюцца своеасаблівымі мікракліматычнымі і глебава-гідралагічнымі ўмовамі і фітацэнатычнай структурай. У складзе іх дрэвастою пераважае карпацкая раса елкі еўрапейскай (Picea abies subsp. acuminata), для якой характэрны хуткі рост. Выяўлены 31 Астраўныя ельнікі агульнай пл. Каля 10 тыс.га. Гарбавіцкія і Добрушскія (Гомельская вобл.), Маларыцкія, Мяднянскія і Пажэжынскія (Брэсцкая вобл.) Астраўныя ельнікі абвешчаны помнікамі прыроды рэсп. значэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАСФЕ́РЫ (ад геа... + сфера),
абалонка Зямлі, канцэнтрычныя, суцэльныя або перарывістыя абалонкі, з якіх складаецца Зямля. Адрозніваюцца паміж сабой паводле хім. складу, агрэгатнага стану і фіз. уласцівасцей. Ад прасторы вакол Зямлі да цэнтра планеты вылучаюць магнітасферу, атмасферу, гідрасферу, літасферу, мантыю і ядро Зямлі. Некаторыя геасферы (напр., атмасфера) падзяляюцца на сферы 2-га парадку. Паводле сукупнасці прыродных умоў і працэсаў, якія працякаюць у абласцях сутыкнення і ўзаемадзеяння геасферы, вылучаюць спецыфічныя геасферы — геаграфічную абалонку, біясферу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́БАЛАЦЦЕ,
біялагічны заказнік у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1979 як заказнік-журавіннік рэсп. значэння для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1957 га (1997). Размешчаны на вярховым балоце са шматлікімі мінер. ўчасткамі (50% агульнай плошчы). У складзе балотнай расліннасці рэдкалесныя (хваёва-кусцікава-сфагнавыя і інш.) і бязлесныя фітацэнозы, пашыраны журавіны; лясы хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. На мінер. участках пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя лясы кіслічнага, імшыстага, чарнічнага і даўгамошнага тыпаў.