ДУБРО́ВЕНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў рэк Дубровенка і Дняпро. Меў выгляд прамавугольніка (каля 125 × 45 м). Паводле інвентара (складзены 28.5.1545), у цэйхгаўзе замка знаходзіліся 242 адзінкі агнястрэльнай зброі, шмат інш. ваен. рыштунку. У 1535 і 1562 замак спалены рус. войскам, але хутка адноўлены. У ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 яго зноў займалі і спальвалі рус. войскі. У 1730-я г. Д.з. адноўлены і праіснаваў да 1772.

т. 6, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗЕРЦІ́РСТВА (ад франц. déserteur),

воінскае злачынства, якое заключаецца ў самавольным пакіданні вайск. часці або інш. падраздзялення з мэтай ухілення ад ваен. службы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь Д. лічыцца таксама няяўка ваеннаслужачага з той жа мэтай на службу пры назначэнні, пераводзе, з камандзіроўкі, водпуску або з лячэбнай установы. Адказнасць за Д. настае незалежна ад працягласці часу, на працягу якога ваеннаслужачы знаходзіўся па-за межамі часці ці месца службы. Д. караецца пазбаўленнем волі, у ваенны час — нават пакараннем смерцю.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАЎ Сцяпан Іванавіч [1.5.1923, в. Пушча (цяпер у межах в. Пірагі) Расонскага р-на Віцебскай вобл. — 24.7.1997], Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1941), Чарнігаўскую ваен. школу пілотаў (1942), Вышэйшыя афіцэрскія лётна-тактычныя курсы (1952). У Вял. Айч. вайну на Цэнтр. і 1-м Бел. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, баёў у Германіі. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка ст. лейтэнант Ж. зрабіў 121 баявы вылет, у т. л. 80 — на тэр. Беларусі. Да 1957 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАНО́ВІЧ (Гаўрыіл Станіслававіч) (10.4.1900, в. Крывошын Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 6.7.1984),

генерал-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1931). У Чырв. Арміі з 1919. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Паўд.-Зах., Паўд., Сталінградскім, Данскім, 3-м, 2-м Укр. і Забайкальскім франтах. Камандзір стралк. дывізіі З. вызначыўся ў жн. 1945 у баях па разгроме Квантунскай арміі Японіі. Да 1953 у Сав. Арміі. Аўтар кн. «Ідзём у наступленне» (1980).

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫЛЬ (Васіль Канстанцінавіч) (3.5.1902, в. Востраў Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 4.12.1973),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскую артыл. школу імя Красіна (1929), вучыўся ў Ваен. артыл. акадэміі (1931—33), скончыў Вышэйшую афіцэрскую школу артылерыі (1946). У Чырв. Арміі з 1923. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Калінінскім, Паўн.-Зах., Сталінградскім, Данскім, 1-м Укр. франтах. 25.1.1945 мінамётны полк на чале з падпалкоўнікам З. вызначыўся пры фарсіраванні Одэра на тэр. Германіі. Да 1954 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСТМІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ, Істміі,

у Стараж. Грэцыі святы і спаборніцтвы ў гонар Пасейдона. Праходзілі на Істме (цяпер Карынфскі перашыек), верагодна з 582 да н.э. адзін раз у 2 ці 4 гады. Паводле міфа, засн. Тэсеем. Праводзіліся гімнастычныя, конныя, пазней муз. і паэт. спаборніцтвы. Пераможцу ўзнагароджвалі вянком з сельдэрэю ці хвоі, у які ўпляталася галінка пальмы. На час І.г. у Грэцыі абвяшчаўся «свяшчэнны мір», не вяліся ваен. дзеянні. Да ўдзелу ў І.г. не дапускаліся арганізатары Алімпійскіх гульняў — элейцы.

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЙЕНБА́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1930,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне в’етн. салдат франц. калан. арміі. Падрыхтавана членамі Нац. партыі В’етнама (НПВ), якія апасаліся поўнага разгрому партыі калан. ўладамі. 9 лют. група стралкоў (200 чал.) ваен. форта Йенбай на беразе Хангхі (Чырв. ракі) у Паўн. В’етнаме захапіла некалькі казармаў, вакзал і інш. аб’екты. Да 15 лют. паўстанне пашырылася на суседнія раёны; адначасова адбылося ўзбр. выступленне ў г. Ханой. Задушана французамі 18 лют. 26 удзельнікаў пакараны смерцю, 33 чал. засуджаны на пажыццёвую катаргу.

т. 7, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЫ́ЛЬНІЦКІ БОЙ 1942,

бой паміж партызанамі атрада імя Суворава брыгады імя Варашылава і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Кабыльнік (цяпер в. Нарач) Мядзельскага р-на ў Вял. Айч. вайну 8.10.1942. Гарнізон налічваў больш за 100 гітлераўцаў, добра ўзброены. План аперацыі распрацаваў і кіраваў боем камандзір атрада Ф.Р.Маркаў. У выніку 2-гадзіннага бою партызаны падавілі агнявыя пункты ворага, спалілі будынкі вакзала, валасной і паліцэйскай упраў, жандармерыі, склад ваен. маёмасці, знішчылі 8 грузавых і 1 легкавую аўтамашыну, шмат жывой сілы ворага.

т. 7, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Мікалай Кузьміч) (жн. 1917, в. Селівонаўка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 17.3.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў ваен.-паліт. вучылішча (1941), курсы «Выстрал» (1943). З 1938 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну на фронце са жн. 1941. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Беларусі, Прыбалтыкі. Камандзір стралк. палка падпалкоўнік К. вызначыўся ў баях ва Усх. Прусіі: 17.3.1945 полк пад яго камандаваннем на подступах да в. Ленхефен захапіў 6 гармат, 14 кулямётаў, каля 200 гітлераўцаў. Загінуў у гэтым баі.

М.К.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЕМА́Т (франц. casemate ад італьян. casamatta),

1) у абарончых збудаваннях — памяшканне для засцярогі асабістага саставу, зброі і боепрыпасаў ад уздзеяння агнявых сродкаў праціўніка. Першыя К., якія засцерагалі ад артыл. агню, з’явіліся ў 16 ст., найб. пашырэнне мелі ў 18 — пач. 19 ст. 2) Браніраванае памяшканне на ваен. караблі ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. для ўстаноўкі гармат і засцярогі іх абслугі.

3) Памяшканне ў крэпасці для ўтрымання паліт. зняволеных (у дарэв. Расіі некат. інш. краінах).

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)