КРО́НЕКЕР ((Kronecker) Леапольд) (7.12.1823, г. Лягніца, Польшча — 29.12.1891),

нямецкі матэматык. Чл. Берлінскай АН (1861). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1872). Скончыў Берлінскі ун-т (1845), дзе і працаваў з 1861 (з 1883 праф.). Навук. працы па алгебры і тэорыях лікаў, груп, квадратычных форм і эліптычных функцый. Быў прыхільнікам «арыфметызацыі» матэматыкі, якая, на яго думку, павінна быць зведзена да арыфметыкі цэлых лікаў. Удасканаліў тэхніку лічэння. Увёў сімвал, які носіць яго імя (гл. Кронекера сімвал).

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛЯ́НДСКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,

нямецкая тэакратычная дзяржава на ПдЗ Латвіі ў 1234—1559. Узнікла ў ходзе заваявання і прымусовай хрысціянізацыі крыжаносцамі балцкага племені куршаў. Складалася з 3 частак (Пілтэн, Айзпутэ, Сакаслея), між якімі ўкліньваліся ўладанні Лівонскага ордэна. У сярэдзіне 16 ст.2/3 зямель належала свецкім уладальнікам. У 1559 епіскап Іаган IV Мюнгаўзен прадаў К.е. дацкаму каралю, які перадаў яго пад уладу свайго брата Магнуса. Пасля смерці Магнуса (1583) епіскапства перайшло да Рэчы Паспалітай.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЬВІНА ШКАЛА́,

пашыраная назва тэрмадынамічнай тэмпературнай шкалы. Назва ад імя У.Томсана (лорда Кельвіна), які ў 1848 прапанаваў прынцып пабудовы гэтай шкалы.

К.ш. — абс. шкала т-р, якая не залежыць ад уласцівасцей тэрмаметрычнага рэчыва. Пачаткам адліку мае абсалютны нуль. Пабудавана на аснове другога закону тэрмадынамікі, у прыватнасці на незалежнасці ккдз Карно цыкла ад прыроды рабочага цела. Адзінка т-ры — кельвін (К), вызначаецца як 1/273,16 частка тэрмадынамічнай т-ры трайнога пункта вады. Гл. таксама Абсалютная тэмпература.

т. 8, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПА́,

1) часовая ўкладка сена ці саломы ў кучу.

2) У беларусаў, палякаў, рускіх і ўкраінцаў адзінка лічэння, роўная 60 (60 снапоў, яек, агуркоў і інш.).

3) Грашовая адзінка, якая адпавядала 60 грошам. Была пашырана ў Беларусі ў 14—18 ст. У 17 ст. адпавядала 75 польскім грошам або 50 рус. капейкам.

4) На Беларусі і Украіне ў часы феадалізму сход сялян, які разглядаў суд. справы (гл. Копны суд) і зямельныя спрэчкі.

т. 8, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІ́ТУЛ, капітула (ад лац. capitulum),

1) у каталіцкай і англіканскай цэрквах калегія канонікаў кафедральнага сабора, якая стварае пры епіскапе раду па кіраванні епархіяй. Складаецца з пробашча, дэкана, схаластыка, кантара, кусташа і інш. канонікаў. К. ствараецца таксама ў касцёле, які мае ганаровае званне калегіята і знаходзіцца на іерархічнай лесвіцы паміж кафедральным касцёлам і парафіяльным.

2) У каталіцкіх духоўна-рыцарскіх і манаскіх ордэнах (у т. л. ў грэка-каталіцкім ордэне базыльян) калегія кіруючых асоб ордэна.

т. 8, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАСЁЎ (Віктар Аляксандравіч) (26.3.1918, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 12.3.1991),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1935. Скончыў Арджанікідзеўскае пагранвучылішча (1939), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1949). З 1941 камандзір знішчальнага батальёна ў Маскоўскай вобл., спец. партыз. атрада ў Калужскай вобл. З лют. 1943 камандзір спец. партыз. атрада «Алімп» НКДБ, які праводзіў разведвальна-дыверсійную работу ў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абл., на Ўкраіне, у Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі.

В.А.Карасёў.

т. 8, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́ЕЎ (Асман Мусаевіч) (11.10.1916, аул Хурзук Карачаеўскага р-на, Карачаева-Чэркесія — 18.2.1944),

удзельнік партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў Кіеўскае артыл. вучылішча (1939). З пач. вайны на Зах. фронце, з жн. 1941 у партызанах — камісар групы, атрада, камандзір атрада, 121-га партыз. палка, які пасля гібелі К. названы яго імем. Вёска Сярмяжонка Бялыніцкага р-на перайменавана ў Асман-Касаева, у г.п. Бялынічы ўстаноўлены яго бюст.

А.М.Касаеў.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́НДРА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі прарочыца, дачка траянскага цара Прыяма і Гекубы. Атрымала прароцкі дар ад Апалона, які дамагаўся яе кахання, але, адвергнуты ёю, зрабіў так, што яе прароцтвам перасталі верыць. Траянцы не паверылі словам К. пра тое, што выкраданне Парысам спартанскай царыцы Алены прывядзе г. Трою да пагібелі, што нельга ўводзіць у горад драўлянага каня і інш. Пасля падзення Троі К. трапіла да Агамемнана і разам з ім з рэўнасці была забіта яго жонкай Клітэмнестрай.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСАРЫ́»,

«Касец», бел. нар. танец. Муз. памер перыядычна пераменны ​2/4 або ​3/4. Тэмп умераны. Танцоры імітавалі рухі касцоў, рэзка ўзмахваючы рукамі. Выконваўся пад песню. Зафіксаваны ў 19 ст. на Гомельшчыне і Гродзеншчыне. У некат. рэгіёнах быў вядомы як карагод з адным салістам — «касцом» — у цэнтры, які выбіраў сабе дзяўчыну. Падобны танец існуе таксама ў Літве і Малдове.

Літ.:

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 44-45, 272—273.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РАНЬ у матэматыцы,

1) К. ступені n з ліку a — лік x, n-я ступень x​n якога роўная a. Абазначаецца na, дзе a — падкарэнны выраз. Пры a ≠ 0 у полі камплексных лікаў існуе n розных значэнняў К., напр., 38 мае значэнні 2, 1+i3, 1i3 2) К. алгебраічнага ўраўнення — лік, які пасля падстаноўкі ва ўраўненне замест невядомага пераўтварае ўраўненне ў тоеснасць. Гл. таксама Алгебраічнае ўраўненне, Здабыванне кораня.

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)