ШАРАПАДО́БНЫХ А́МФАР КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура познанеалітычных плямён, якія ў 3-м тыс. да н.э. жылі на тэр. цэнтр. і ўсх. Германіі, Польшчы, Чэхіі, на ПнУ Румыніі, у лесастэпавай частцы Правабярэжнай Украіны, на З Беларусі. Падзялялася на групы і варыянты. Насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і паляваннем. Паселішчы размяшчаліся на берагах рэк. Жытлы пераважна наземныя, слупавой канструкцыі, часам шматкамерныя з каменнымі або глінянымі агнішчамі; месцамі сустракаюцца паўзямлянкі. Побач з жытламі ствараліся гасп. ямы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў неглыбокіх ямах, абкладзеных каменнымі плітамі або валунамі, часам няпоўнае трупаспаленне. Пахавальны інвентар прадстаўлены каменнымі і касцянымі прыладамі працы, керамікай, упрыгожаннямі. Месцамі над пахаваннямі насыпалі курганы. Былі пахаванні індывід. і групавыя, часам у іх знаходзяць рэшткі жывёл. Сустракаюцца і асобныя рытуальныя пахаванні жывёл. Для керамікі характэрны амфары з шарападобным корпусам (адсюль назва культуры) і верт. венчыкам, разнастайныя гаршкі, кубкі, міскі, арнаментаваныя пераважна ў верхняй частцы адбіткамі лінейнага штампа, шнура, насечкамі, наколкамі. Сярод прылад працы і зброі — крамянёвыя сякеры-кліны і долаты, касцяныя нажы і долаты, верацёнападобныя наканечнікі стрэл. Для ўпрыгожанняў характэрны бурштынавыя вырабы, аздобы з косці і гліны. На тэр. Беларусі носьбіты гэтай культуры праніклі на познім этапе яе развіцця. Найб. вядомыя помнікі — могільнікі Краснасельскі і Малыя Ёдкавічы (Ваўкавыскі і Бераставіцкі р-ны Гродзенскай вобл.).

Літ.:

Свешников И.К. Культура шаровидных амфор. М., 1983;

Чарняўскі М.М. Культура шарападобных амфар // Археалогія Беларусі. Мн., 1997. Т. 1.

М.​М.​Чарняўскі.

Да арт. Шарападобных амфар культура. Пасудзіна з могільніка Малыя Ёдкавічы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобл.

т. 17, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКАБІ́НЦЫ,

прадстаўнікі радыкальнай паліт. плыні (фактычна — партыі) у Францыі ў перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99, члены Якабінскага клуба, што засталіся ў ім пасля адыходу жырандыстаў. Лідэры: М.Ф.М.І.Рабесп’ер, Ж.П.Марат, Ж.Ж.Дантон, Л.А.Л.Сен-Жуст і інш. Былі выразнікамі інтарэсаў рэв.-дэмакр. буржуазіі, якая выступала ў саюзе з сялянствам і гар. плебействам у абарону заваяванняў рэвалюцыі і за яе далейшае развіццё. Найб. паслядоўныя Я. імкнуліся стварыць рэсп. грамадства з поўнай паліт. роўнасцю грамадзян, без кантрастаў галечы і багацця, але адвяргалі крайні радыкалізм «шалёных». У перыяд якабінскай дыктатуры (чэрв. 1793—ліп. 1794) узмацнілася барацьба паміж «правымі», або «памяркоўнымі» (Дантон, К.Дэмулен і інш.) і «крайнімі» (П.Г.Шамет, Ж.Р.Эбер і інш.) Я. «Правыя», звязаныя з «новай» буржуазіяй, выступалі за аслабленне рэжыму дыктатуры і асабліва рэв. тэрору; «крайнія» — выразнікі ідэй гар. нізоў — патрабавалі ўзмацнення рэпрэсій супраць спекулянтаў і раздзелу маёмасці ворагаў рэвалюцыі сярод незаможнага насельніцтва, змагаліся з каталіцкай царквой. Большасць Я. ішла за групоўкай Рабесп’ера, якая, скарыстаўшы заклік Эбера да новага нар. паўстання, дамаглася ў сак.—крас. 1794 смяротнага пакарання лідэраў «крайніх», а неўзабаве расправілася з Дантонам і інш. лідэрамі «правых». Гэта адштурхнула ад Я. «новую» буржуазію і значную частку нар. нізоў, стварыла ўмовы для звяржэння якабінскай дыктатуры ў выніку тэрмідарыянскага перавароту (27—28.7.1794) і закрыцця Якабінскага клуба (12.11.1794). Спробы Я. аднавіць сваю дзейнасць у 1795—96 і 1798—99 падаўлены Дырэкторыяй. У канцы 18 — пач. 19 ст. тэрмін «Я.» набыў па-за межамі Францыі значэнне хадзячай назвы для абазначэння ўвогуле рэвалюцыянераў і радыкальных рэфарматараў.

П.​А.​Тупік.

т. 18, кн. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ХТА (англ. yacht ад галанд. jagen гнаць, праследаваць),

паруснае, маторнае або парусна-маторнае судна для воднага спорту, турызму, прагулак. Найб. пашыраны парусныя Я. Яхтамі наз. малыя парусныя судны незалежна ад іх памераў і канструктыўнага тыпу.

Парусныя Я. падзяляюцца на крэйсерскія, разлічаныя на далёкія плаванні і гонкі ў адкрытым моры, гоначныя (прагулачныя) — для плавання на азёрах і рэках у прыбярэжнай зоне і вучэбныя; паводле формы корпуса — на кілявыя, у якіх днішча пераходзіць у баластны кіль (павышае астойлівасць Я.), мелкасядзячыя, з высоўным кілем (швертам — швертботы) і кампрамісы, якія маюць баластны і высоўны кілі. Да маторных Я. адносяць катэры з рухавікамі ўнутр. згарання, даўжынёй больш за 8 м, з камфартабельнымі каютамі. Парусна-маторныя Я. маюць звычайнае паруснае аснашчэнне і рухавік. Існуюць Я. 2-корпусныя (катамараны) і 3-корпусныя (трымараны), адна- і мнагамачтавыя. Спарт. парусныя Я. падзяляюць на класы, у якія аб’яднаны аднолькавыя па канструкцыйных (абводы корпуса, плошча парусоў і інш.) і хадавых якасцях судны. Вядомыя з 17 ст.

На Беларусі найб. развіццё атрымалі спарт. масавыя класы Я.: «Лазер», «470», «Еўропа», «Фін», парусная дошка «Містраль». Актыўна развіваюцца Я. міжнар. класаў «Аптыміст», «Кадэт», «Прамень-міні», папулярныя Я. класа «Мікра». У стандартны камплект алімпійскай Я. ўваходзяць корпус, мачта, гік, ветразі, рулявое прыстасаванне, шверт (кіль), такелаж (шкоты, брасы, фалы і інш.). Гл. таксама Парусны спорт.

У.​М.​Сацута, А.​Ю.​Сполан.

Схема корпуса яхты і яе папярочнага сячэння: а — яхты з высоўным кілем; б — кілевай яхты; в — яхты кампраміс.

т. 18, кн. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКІ САЮ́З (АС),

агульнаафрыканская міжнар. арганізацыя (53 дзяржавы-члены ў 2003). Створаны на аснове Арганізацыі афрыканскага адзінства (ААА) на яе 38-й асамблеі ў ліп. 2002 у г. Дурбан (Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР). Пасля таго, як у 1994 быў скасаваны рэжым апартэіду ў ПАР, гал. мэты, якія стаялі перад ААА, былі дасягнуты і паўстала пытанне аб рэфармаванні гэтай арганізацыі. На сустрэчы ў вер. 1999 у г. Сірт (Лівія) прынята рашэнне аб стварэнні АС, а 36-я асамблея ААА у чэрв. 2000 прыняла праект Устаноўчага акта АС, ратыфікаваны да 2002 большасцю афр. дзяржаў. Ён прадугледжвае большую ступень інтэграцыі членаў АС, чым гэта было ў ААА, у прыватнасці, пры падтрымцы ​2/3 дзяржаў АС мае права на ваен. інтэрвенцыю ў краіну, якая з’яўляецца членам АС, у надзвычайных абставінах (генацыд супраць насельніцтва, ваен. злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці). Вышэйшы орган АС — асамблея кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў; важную ролю адыгрываюць таксама Выканаўчы к-т, К-т прадстаўнікоў. Дзейнасцю Саюза кіруе адм. орган — Камісія АС са штаб-кватэрай у г. Адыс-Абеба (Эфіопія). Побач з Эканам., сац. і культ. саветам, у АС прадугледжана стварэнне 7 спецыялізаваных тэхн. к-таў, Усеафр. парламента, Афр. банка, Афр. валютнага фонду і Афр. інвестыцыйнага банка. У мэтах эканам. інтэграцыі краін АС прынята праграма Новае партнёрства для развіцця Афрыкі.

Літ.:

Усов В. От панафриканизма — к созданию Африканского союза // Азия и Африка сегодня. 2002. № 10.

В.​У.​Адзярыха.

т. 18, кн. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЯНЕ́ВІЧ Іван Паўлавіч (н. 5.5.1937, в. Русаковічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. і расійскі вучоны ў галіне трактарнага і с.-г. машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1980), праф. (1984). Акад. Рас. акадэміі с.-г. навук (1993) і інж. акадэміі (1992). Засл. дз. нав. Расіі (1997). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1960). З 1961 на Мінскім трактарным з-дзе (з 1964 нач. канструктарскага бюро, з 1970 гал. канструктар). У 1972—78 ген. канструктар Галаўнога спец. КБ па прапашных трактарах (Мінск). З 1980 у Мін-ве трактарнага і с.-г. машынабудавання СССР (нач. тэхн. ўпраўлення), з 1986 старшыня савета па аўтаматызацыі с.-г. вытв-сці УАСГНІЛ. З 1992 акад.-сакратар Рас. інжынернай акадэміі, адначасова з 1995 яе віцэ-прэзідэнт. Навук. даследаванні па распрацоўцы тэорыі, праектаванні, вытв-сці і эксплуатацыі наземных цягава-трансп. машын, праблемах уніфікацыі вузлоў і дэталей машын паміж разнастайнымі цягавымі класамі. Пад яго кіраўніцтвам створана уніфікаваная сям’я трактароў «Беларус». Аўтар падручнікаў для ВНУ. Дзярж. прэмія СССР 1976. Прэмія Савета Міністраў СССР 1984. Дзярж. прэмія Беларусі 1996. Залаты медаль імя В.​П.​Гарачкіна Рас. акадэміі с.-г. навук. (2002).

Тв.:

Проектирование универсально-пропашных тракторов. Мн., 1980 (разам з А.​С.​Салонскім, С.​М.​Вайчынскім);

Ходовая система—почва—урожай. М., 1985 (разам з В.​А.​Скотнікавым, М.​І.​Ляско);

Наземные тягово-транспортные системы: Энцикл. Т. 1—3. М., 2003 (разам з В.А. і Л.​А.​Габерманамі).

В.​З.​Анісовіч.

І.П.Ксяневіч.

т. 18, кн. 1, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХ НАСЕЛЬНІЦТВА.

У пасляваенны час колькасць насельніцтва Беларусі пастаянна расла амаль да 1990-х г. Але тэмпы росту пачалі зніжацца ў 1970-я г., а ў 1990-я г. набылі інтэнсіўны характар, што абумоўлена зніжэннем натуральнага прыросту насельніцтва. У 1993 упершыню за пасляваенныя гады колькасць памерлых перавысіла колькасць народжаных, пачалася дэпапуляцыя (змена натуральнага прыросту натуральнай стратай) і тэмпы яе паступова нарастаюць. Сучасная дэмаграфічная сітуацыя — вынік развіцця краіны на працягу апошніх 25 гадоў. З канца 1970-х г. (у горадзе — з канца 1960-х г.) насельніцтва Беларусі не ўзнаўляе сваёй колькасці (за выключэннем сярэдзіны 1980-х г., калі часова адзначаўся рост каэфіцыентаў узнаўлення насельніцтва). Натуральны прырост насельніцтва краіны на працягу 15 гадоў забяспечваўся толькі за кошт назапашанага ў папярэднія гады дэмаграфічнага патэнцыялу ўзроставай структуры. У наш час усё насельніцтва краіны ўзнаўляецца на 65,3%, гарадское — на 58,4%, сельскае — на 88,7%. Апошняе дзесяцігоддзе краіна жыве ва ўмовах скарачэння насельніцтва за кошт натуральнага руху. Адмоўны натуральны прырост маюць усе адм. раёны і большасць гарадоў, у т. л. Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск і інш. У 1993 натуральныя страты насельніцтва складалі 11,2 тыс. чал., у 2002—58 тыс. чал. Колькасць насельніцтва за 10 гадоў скарацілася на 336 тыс. чал. (з 10 234,6 тыс. чал. на пач. 1993 да 9898,6 тыс. чал. на пач. 2003), натуральныя страты складаюць 389,3 тыс. чал. Дадатны міграцыйны прыбытак за гэты перыяд кампенсаваў натуральныя страты насельніцтва толькі на 53,3 тыс. чал. (гл. рыс. 2).

т. 18, кн. 2, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ба́кавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да бака ​2. Бакавы вясляр.

2. Правы па ходу судна. Вёслы бакавага боку.

бакавы́, ‑а́я, ‑о́е.

1. Размешчаны не ў цэнтры, а збоку. [Міхаліна:] — Мне трэба было павярнуць у бакавы калідор. Шамякін. Праз затуманеныя бакавыя шыбы шафёр бачыць, як .. яго машыну абходзяць справа і злева лесавозы. Мяжэвіч. Цьмяны водсвет ліхтароў чуць-чуць мігаў над дахам бакавога муру. Гартны. Не забыцца толькі прышыць бакавую кішэню ў бурносе, — думае Зося, зноў успомніўшы пра грошы. Брыль.

2. Які адбываецца, дзейнічае збоку. [Новікаў:] — Уся калона перад намі. Ззаду яе — нічога няма. Бакавыя дазоры праціўніка ўжо зняты. М. Ткачоў.

•••

Бакавая лінія гл. лінія.

Бакавая падача гл. падача.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

баязлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўсяго баіцца, нясмелы, палахлівы. Князю было прыкра, што яго чалядзінец такі затуканы і баязлівы... Гарэцкі. // Які выражае боязь, нясмеласць. Жанчына глянула на сына нейкім баязлівым позіркам, пачуўшы ў ягоных словах як бы здзек. Чорны. Казік пазірае на мяне баязлізымі вачамі. Баранавых. / у перан. ужыв. Кволыя і баязлівыя тоны мацнеюць, напаўняюцца бадзёрасцю. Бядуля. Я не знаю сам, браточкі, Чаму мне так мілы Буры, плач асенняй ночкі, Спеў яе пастылы, Лесу гоман, гуд нястройны, Шум лазы ў балоце, Баязлівы, неспакойны Шолах у чароце. Колас. // у знач. наз. баязлі́вы, ‑ага, м. Той, хто ўсяго баіцца. Баязліваму і свой цень страшны. Прыказка.

•••

Не з баязлівага дзесятка гл. дзесятак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

біч, ‑а, м.

1. Ударная частка цэпа. Бічы ў цапах былі важкія і зручныя. Чорны. Па распушчаных снапах праходзімся толькі па разу: салома аж курыць пад бічамі, нібы яе задзірае, скубе, трасе і не можа ўзняць нейкі віхор... Місько. // Наогул — пра ўдарныя часткі некаторых механізмаў. Алёша адрэгуляваў зазоры паміж планкамі секцый падбарабання і бічамі барабана. Шамякін.

2. Бізун, сплецены з драбных раменьчыкаў. Не дагодзіш [князю] — бяда: зараз пацягнуць гайдукі на стайню і так адсмаляць раменнымі бічамі, што цэлы тыдзень будзе ані сесці, ані легчы. Гарэцкі. // перан.; чаго. Выкрывальнае ўздзеянне чаго‑н. Біч сатыры.

3. перан.; каго-чаго. Бедства, няшчасце. Беспрацоўе — біч рабочага класа капіталістычных краін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ганя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Праследуючы, бегаць за кім‑, чым‑н., каб дагнаць, злавіць. [Лабановічу] было лёгка, проста хацелася бегчы, ганяцца за гэтымі белымі пушынкамі, нібы яны былі жывымі, або ён сам быў яшчэ дзіця. Колас. // Высочваць месцапрабыванне каго‑н., каб затрымаць, схапіць. Самадзяржаўна-памешчыцкая ўлада пры жыцці Каліноўскага многа гадоў праследавала яго, занялася за ім па пятах. Лушчыцкі.

2. за кім-чым. Разм. Імкнуцца да чаго‑н., дамагацца каго‑, чаго‑н. Не прывык я за славай ганяцца — Можна хораша жыць без яе: У мяне ёсць цікавая праца, Ад якой не магу адарвацца, — І таму маё сэрца пяе. Непачаловіч.

3. Зал. да ганяць (у 1, 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)