магістра́т, ‑а, М ‑раце, м.
1. Гарадской ўпраўленне ў некаторых заходнееўрапейскіх краінах, а таксама будынак, у якім яно размяшчаецца.
2. Выбарнае ўпраўленне ў гарадах Расіі, ад Пятра І да 1885 г., якое ведала судова-адміністрацыйнымі і падатковымі справамі.
3. Гіст. Дзяржаўная пасада (консула, трыбуна і пад.) у Старажытным Рыме. // Асоба, якая займала гэту пасаду.
[Ад лац. magistratus — улада, кіраўніцтва.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маладасту́пны, ‑ая, ‑ае.
1. Да якога цяжка дабрацца, даступіцца. Асабліва панура выглядалі запушчаныя, маладаступныя нізіны-лужкі, заваленыя галлём і сатлеўшымі верхавінамі ссечаных старых дрэў. Колас.
2. Якім не ўсе маюць магчымасць карыстацца (з-за высокіх цэн, адсутнасці дазволу і пад.). Медыцынская дапамога [у дарэвалюцыйнай Беларусі] была платнай і таму маладаступнай працоўным. «Весці». // Не ўсім зразумелы. Маладаступная кніга.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Дарэмны, бескарысны. Углядаліся [авіямадэлісты] у густыя верхавіны елак і хвой, лавілі па маладых зарасніках.. І хутка ўсім стала ясна, што пошукі [мадэлі].. марныя. Якімовіч.
2. Змарнелы, чэзлы, худасочны. Марны конік упяўся за плугам пад крык аратага. Брыль. Шнур бядак [араў] да поту, — Марны ж колас на саломцы, — Ні красы т[о]й, ні ўмалоту... Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маршчы́ністы, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты маршчынамі. Весць аб арышце Панаса глыбока ўсхвалявала дзеда Талаша. Ён сядзеў пануры, нахмурыўшы свой маршчыністы лоб, і думаў. Колас. // З тварам, пакрытым маршчынамі. Я сустрэўся з .. [паляўнічымі] амаль пад вечар. Адзін малады, чырванашчокі, другі — сухі, маршчыністы. Кандрусевіч. // перан. Які мае няроўную, пакрытую складкамі паверхню. Кара на .. [дубе] маршчыністая, мае гузаватыя наросты. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́та, ‑ы, ДМ маце, ж.
Пляцёнка з саломы, травы і пад., якой завешваюць вокны, уцяпляюць дзверы і якую сцелюць на падлогу. Каля парога ў сталоўцы была паслана мата з саломы — выціраць ногі. Колас. Ложак стаяў не там, дзе стаіць у хаце звычайна, — яго пасунулі да самага стала, насупраць завешанага саламянай матай акна. Шамякін.
[Гал. і англ. mat.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мацяры́к, ‑церыка, м.
1. Вялікая частка сушы, якая абмываецца морамі і акіянамі; кантынент. З канца ў канец на свеце, На ўсіх мацерыках — Крэмль ясна людзям свеціць, Да шчасця значыць шлях. Бялевіч.
2. Спец. Пласт зямлі, які залягае пад глебай. Найбольш старажытны культурны слой знаходзіўся на прыродным адкладанні жоўтага пяску, як кажуць археолагі, на мацерыку. Штыхаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́лькам, прысл.
1. (у спалучэнні з дзеясл.: «бачыць», «глянуць» і пад.). Нядоўга, імгненна. Хацелася яшчэ раз хоць мелькам зірнуць .. [Мілоўскаму] у твар. Галавач.
2. Няўважліва, бегла, мімаходам. Лапыр мелькам зірнуў на загалоўкі, больш уважліва — на друкаваныя подпісы і ўжо з нейкай павагай вярнуў выразкі гаспадару. Паслядовіч. [Мірон Іванавіч] мелькам зірнуў на ходзікі: быў пачатак чацвёртай гадзіны. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
му́фта, ‑ы, ДМ ‑фце, ж.
1. Прыналежнасць жаночай вопраткі, род адкрытага з двух бакоў цёплага мяшочка для сагравання рук. Ідучы, .. [Рыма] не размахвала рукамі, як гэта рабіў.. [Міхась], а ўвесь час трымала іх у муфце. Лупсякоў.
2. Спец. Прыстасаванне, якое служыць для злучэння канцоў труб, валаў, стальных канатаў і пад. Жалезная муфта. Гумавая муфта. Муфта счаплення.
[Ад ням. Muffe.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мянта́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Наждачная лапатка, якой востраць косы. [Алесь] спыніўся, узяў вехцік сакавітай травы, абцёр палатно касы, і яна зазвінела, заспявала пад мянташкаю. Сабаленка.
2. перан. Разм. Пра таго, хто многа і без толку гаворыць; трапло. Шкада, што мянташкам Там-сям давяраюць І волю даюць Языкамі мянціць. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насто́йлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Рашучы ў дасягненні сваёй мэты, свайго жадання. Настойлівы чалавек. □ Мы пабудзем тут шахцёрскі гарт Вопытных, настойлівых майстроў. Аўрамчык. Рос. [Нічыпар] упартым і настойлівым. Мележ.
2. Які выражае рашучасць. І зноў стукат, але ўжо інакшы — глухі і настойлівы. Лупсякоў. [Ніна] пачырванела пад настойлівым поглядам таварышкі. Васілевіч. // Які ажыццяўляецца з рашучасцю, упартасцю. Настойлівыя пошукі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)