БЕЛАПЯТРО́ВІЧ Ежы

(1740 — 16.3.1812),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Лідскі стражнік (1764), лоўчы (1771), навагрудскі гродскі суддзя (1780), пісар вайсковы літоўскі (1783—87), чл. Пастаяннай рады (1780—84), удзельнічаў у рабоце дэпартамента справядлівасці. У час паўстання 1794 зачытаў на гар. рынку ў Вільні акт аб пачатку паўстання ў ВКЛ. Сябар Вышэйшай літоўскай рады ў Вільні, суддзя крымінальны літоўскі. З утварэннем Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага кіраўнік аддзела вайск. патрэб. За справядлівасць, самаадданае выкананне грамадскіх і службовых абавязкаў яго назвалі «літоўскім Арыстыдам». Увекавечаны ў паэме А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІНВАЛІ́ДАЎ

(БелТІ),

добраахвотная грамадская арг-цыя (каля 200 тыс. членаў). Засн. ў 1988. Асн. мэты: сац.-прац. рэабілітацыя, абарона правоў і інтарэсаў інвалідаў. Цэнтр. праўленне ў Мінску. У складзе т-ва 1500 пярвічных арг-цый; дзейнічаюць 200 камбінатаў надомнай працы, вытворчых, сумесных і інш. прадпрыемстваў; навуч.-вытв. прадпрыемства «Лёс» у Гомелі, Цэнтр рэабілітацыі дзяцей з дзіцячым цэрэбральным паралічом «Тонус» у Брэсце, Цэнтр творчасці інвалідаў у Мінску. БелТІ — член міжнар. арг-цый інвалідаў, падтрымлівае кантакты з 30 краінамі свету. Выдае газеты «Наша доля» і «Вера», літ.-маст. час. «Акно».

М.І.Каўбаска.

т. 2, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,

газета Беларускага пасольскага клуба (БПК) у польскім сейме. Выдавалася з 11.1 да 22.5.1925 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Пісала пра ўціск працоўных Зах. Беларусі, асвятляла жыццё ў БССР, міжнар. падзеі, змяшчала рэпартажы з сейма, выступленні і заявы бел. паслоў. У час размежавання ў БПК пісала аб ідэйных і тактыка-арганізацыйных разыходжаннях бел. дэпутатаў. Пазіцыя рэдакцыі газеты была непаслядоўная — ад катэгарычнай апазіцыйнасці да ўлад да іх падтрымкі. Змяшчала творы Я.Купалы, У.Жылкі, Л.Родзевіча і інш. Выйшла 36 нумароў, 3 канфіскаваны. Забаронена ўладамі Польшчы.

С.В.Говін.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ ГРАМАДА́,

грамадская арг-цыя католікаў Беларусі. Створана ў 1990. Асн. кірункі дзейнасці: вяртанне бел. касцёла да нац. вытокаў, забеспячэнне паўнапраўнага функцыянавання ў ім бел. мовы, выданне рэліг. і богаслужэбнай л-ры, выхаванне патрыятызму, маральнасці, культуры і грамадз. адказнасці. Падтрымлівае сувязі з каталіцкімі арг-цыямі замежжа. З 1992 выдае час. «Хрысціянская думка». Выдала кнігу А.Станкевіча «Родная мова ў святынях» (факсіміле), зб. вершаў А.Зязюлі «З роднага загону» і інш. Скульптурна-манум. секцыя грамады ўдзельнічае ў распрацоўках праектаў рэстаўрацыі культавых збудаванняў, стварэнні помнікаў гіст. асобам.

М.В.Анцыповіч.

т. 2, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СТУ́ДЫЯ пры Цэнтральным тэатральным вучылішчы ў Ленінградзе. Існавала ў 1933—37. Мела на мэце падрыхтоўку бел. акцёрскіх кадраў. Вядучыя педагогі — рэжысёры і акцёры Ленінградскага акад. т-ра драмы. Маст. кіраўнік — акцёр і педагог Б.Жукоўскі. Студыю скончылі 19 чалавек, якія папоўнілі калектыў рэарганізаванага Тэатра юнага гледача БССР. У час вучобы падрыхтаваны спектаклі: «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага (у жн. 1936 паказаны ў Мінску і Віцебску), «Глыбокая правінцыя» М.Святлова, «Рэвізор» М.Гогаля (III акт), «На дне» (II акт) і «Варвары» М.Горкага, «Банкір» А.Карнейчука.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя М.Танка. Засн. ў 1922 як пед. ф-т БДУ, з 1931 Бел. дзярж. вышэйшы пед. ін-т, з 1935 Мінскі пед. ін-т, з 1993 ун-т, з 1995 імя М.Танка. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: матэматычны, рус. філалогіі, дашкольнага выхавання, педагогікі і методыкі пач. навучання, муз.-пед., дэфекталогіі, сацыяльнай педагогікі і практычнай псіхалогіі, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура з 1934, дактарантура з 1992. З 1993 рыхтуе бакалаўраў і магістраў. Выдае час. «Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта», газ. «Настаўнік».

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т КУЛЬТУ́РЫ.

Засн. ў 1975 як Мінскі ін-т культуры, з 1993 ун-т. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: бібліятэчна-інфарм. сістэм, культуралогіі, маст. творчасці, падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1990. З 1995 працуюць 2 саветы па абароне доктарскіх і канд. дысертацый. У складзе ун-та лінгва-гуманітарны каледж. Мае лабараторыі бел. танц. творчасці, нар. рамёстваў, псіхадыягностыкі і рэабілітацыі асобы сродкамі мастацтва, па аднаўленні і вырабе нар. інструментаў («Беларуская хатка»), размнажальнай тэхнікі; філіял ун-та ў Мазыры. Адзін з заснавальнікаў час. «Тэатральная творчасць».

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ЦКІ (Ossietzky) Карл фон

(3.10.1889, Гамбург — 4.5.1938),

нямецкі публіцыст, сатырык. Удзельнік 1-й сусв. вайны, ініцыятар пацыфісцкага руху. З 1919 сакратар берлінскага «Нямецкага таварыства міру», супрацоўнік левай прэсы. З 1927 гал. рэдактар час. «Die Weltbühne» («Сусветная трыбуна»). У вострасатыр. артыкулах і надзённых памфлетах выкрываў палітыку веймарскага ўрада, ням. мілітарызм і фашызм, за што не раз прыцягнуты да суд. адказнасці. Яго стылю ўласціва з’едлівая іронія. У 1933 кінуты ў канцлагер, творы Асецкага забаронены, кнігі спалены. Памёр у турэмнай бальніцы. Нобелеўская прэмія 1936.

Тв.:

Schrijfen. Bd. 1—2. Berlin;

Weimar, 1966.

У.Л.Сакалоўскі.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКЕТЫ́ЗМ

(ад грэч. askētes які практыкуецца ў чым-н.; падзвіжнік),

маральны прынцып, які прадугледжвае строгі лад жыцця, добраахвотнае адмаўленне ад матэрыяльных дабротаў, абмежаванне і прыглушэнне пачуццёвых жаданняў дзеля маральнага самаўдасканалення ці здзяйснення якіх-небудзь сац. ідэалаў. Паводле значэння проціпастаўляецца геданізму, эўдэманізму, эпікурэізму. Доўгі час тэарэт. абгрунтаванне і практычнае ўвасабленне аскетызму звязвалі з рэліг. светапоглядам (напр., у хрысціянстве — манаства). Аскетызм уласцівы і розным сац. формам пратэсту; часам разглядаўся як найважнейшая ўмова для мабілізацыі фізічных і духоўных сіл асобы ў барацьбе за ідэі роўнасці і справядлівасці.

В.А.Паўлоўская.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАВІ́ЦЯНАЎ Канстанцін Васілевіч

(30.5.1892, с. Бычкі Тамбоўскай губ., Расія — 9.2.1969),

савецкі вучоны-эканаміст і грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1953), правадз. чл. Чэхаславацкай АН (1957). Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1917). З 1922 на выкладчыцкай і н.-д. рабоце у Камакадэміі, ВПШ і Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. У 1947—53 дырэктар Ін-та эканомікі АН СССР. У 1948—54 гал. рэдактар час. «Вопросы экономики». У 1953—62 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Працы па палітэканоміі капіталізму і сацыялізму.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1972—73.

т. 2, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)