ГЕРЦО́ВІЧ Якаў Бенцыянавіч
(1.1.1910, в. Сяліба Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 21.4.1976),
бел. крытык. Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1936). У 1953—70 у час. «Вожык». Дэбютаваў вершамі ў 1927. Аўтар кн. літ.-крытычных артыкулаў «На перадавых пазіцыях» (1957), «Літаратура і жыццё народа» (1960), «Герой і сучаснасць» (1963), «Пісьменнікі, кнігі, героі» (1966), кн. франтавых замалёвак «На вайне як на вайне» (1969), зб. сатыр. мініяцюр «Не пугай адзінай» (1969). Некат. творы бел. л-ры разглядаў паводле спрошчаных вульгарызатарскіх схем.
Тв.:
Творчае крэда: Літ.-крытыч. артыкулы. Мн., 1970.
т. 5, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЬЗА
(ням. Hülse літар. абалонка),
1) у артылерыі элемент артылерыйскага боепрыпасу патроннага і паасобнага зараджання, танкасценны метал. стакан для размяшчэння парахавога зараду, сродкаў запальвання і інш. Для танкавай артылерыі часта вырабляюць з саставаў, якія поўнасцю або часткова згараюць у час стрэлу.
2) гільза стралковай зброі падобна па канструкцыі на гільзу артыл. патрона. Бываюць латунныя, стальныя, кардонныя (для паляўнічай зброі).
3) гільза ў тэхніцы — пустацелая зменная цыліндрычная ўстаўка поршневых цеплавых рухавікоў (унутры гільзы перамяшчаецца поршань). Вырабляюць з чыгуну, устанаўліваюць у блок-картэрах рухавікоў з алюмініевых сплаваў.
т. 5, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛО́БУС Адам
(сапр. Адамчык Уладзімір Вячаслававіч; н. 29.9.1958, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1973—77). Скончыў Бел. дзярж. тэатр.-маст. ін-т (1983). Працаваў мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем, у час. «Крыніца» і «Бярозка». Гал. рэдактар уласнага выдавецтва «Літаратура». Друкуецца з 1981. Аўтар кніг паэзіі «Парк» (1988), «Скрыжаванне» (1993) і прозы «Адзінота на стадыёне» (1989), «Дамавікамерон» (1994), «Толькі не гавары маёй маме» (1995) і інш. У творчасці Глобуса своеасаблівае бачанне свету і чалавека, асэнсаванне сучаснасці, праблемы маралі і складанасці жыцця.
т. 5, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕС-І-БА́ЭС (Gómez y Báez) Максіма
(18.11.1836, г. Бані, Дамініканская Рэспубліка — 17.6.1905),
адзін з кіраўнікоў нац.-вызв. руху кубінскага народа. У 1861—65 удзельнічаў у вайне за незалежнасць Дамініканскай Рэспублікі ад Іспаніі. У час нац.-вызв. вайны 1868—78 на Кубе стаў генералам арміі паўстанцаў, на чале якіх разбіў ісп. войскі каля Пала-Сека (1873), Наранха (1874), Гуасімаса (1874) і інш. Пазней у эміграцыі. З крас. 1895 зноў на Кубе, галоўнакаманд. арміяй паўстанцаў. Пасля ісп.-амер. вайны 1898 і акупацыі Кубы войскамі ЗША (студз. 1899) быў вымушаны распусціць сваю армію.
т. 5, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБНІ́ЦКІ Отан Мікалаевіч
(12.3.1829, маёнтак Арэхаўна Лепельскага пав., зараз Ушацкі р-н — 19.1.1865),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Пасля вучобы ў прыватным пансіёне ў Вільні на вайск. службе ў Крыме, юнкер уланскага палка. У 1854 за сувязь з татарскім антыцарскім рухам на 2 гады зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, потым адпраўлены радавым у Сібірскі асобны корпус. У 1859 вярнуўся на радзіму. У час паўстання 1863—64 камандаваў атрадам паўстанцаў у Віцебскай губ. Засуджаны на 6 гадоў катаргі. Памёр па дарозе ў Сібір.
Г.В.Кісялёў.
т. 5, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКА́С
(Gallinago gallinago),
птушка сямейства бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе і паўн. частках Азіі. На Беларусі звычайны пералётны від. Жыве каля вады, на балотах і прырэчных лугах, забалочаных узлесках.
Даўж. цела 27—29 см, маса 100—125 г. Апярэнне карычнявата-бурае з вохрыстымі стракацінамі, брушка белае. Дзюба доўгая, прамая. У час такавання самец выдае гукі, падобныя да бляяння барана (адсюль нар. назва баранчык, козка). Гнёзды на купінах высцілае сухімі сцяблінкамі. Нясе 3—5 стракатых яец. Корміцца чарвямі, слімакамі, жукамі, лічынкамі насякомых, карэньчыкамі травяністых раслін. Аб’ект палявання.
т. 2, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНАГЛО́С
(Balanoglossus),
род паўхордавых жывёл класа кішачнадыхальных. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, на дне мораў. Доўгі час іх адносілі да чарвей; рус. вучоны А.А.Кавалеўскі даказаў (1867), што яны бліжэй да хордавых жывёл, шэраг прыкмет збліжае іх з ігласкурымі і паганафорамі. Найб. вядомы баланаглос клавігерус.
Даўж. 3—250 см (Balanoglossus gigas). Цела чэрвепадобнае, складаецца з 3 аддзелаў — хабатка, каўнерыка і тулава. Маюць шчэлепы (2 рады), якія пранізваюць стрававод. Раздзельнаполыя, Balanoglossus proliferans можа размнажацца палавым і бясполым (дзяленнем) спосабамі. Кормяцца дробнымі жывёламі, расліннымі рэшткамі і інш. арган. рэчывамі.
т. 2, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЭ́ТЛЯ
(польск. basetla),
басоля, бас, кантрабас, струнны смычковы інструмент нізкага рэгістра, блізкі да віяланчэлі і кантрабаса. Бывае розных памераў, мае 3—4 жыльныя або метал. струны, часам 4 ладавыя адзнакі на грыфе. Смык кароткі, прамы. Вядома ў беларусаў, украінцаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. На Беларусі была пашырана з 18 ст. ў Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абл. пераважна ў гарадах, мястэчках і буйных вёсках. Выкарыстоўвалася ў нар. інстр. ансамблях-«капэлях». У наш час сустракаецца рэдка. У Рэчы Паспалітай і бел. дакументах 18 ст. басэтляй наз. Віяланчэль.
І.Дз.Назіна.
т. 2, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́КЕР (Becker) Карл Генрых
(12.4.1876, Амстэрдам — 10.2.1933),
нямецкі гісторык ісламу, дзярж. дзеяч. Праф. Гейдэльбергскага, Гамбургскага, Бонскага і Берлінскага ун-таў, замежны чл.-кар. Рас. АН (1924). У 1910—33 выдаваў час. «Der Islam» («Іслам»). У 1921 і 1925—30 міністр па справах культаў у Прусіі. Заснаваў герм. Ісламскае т-ва, садзейнічаў рэформе вышэйшай школы, заснаваў першую Пед. акадэмію (1925), Германскую акадэмію паэзіі. Аўтар «Нарысаў па гісторыі Егіпта за ісламскім часам» (т. 1—2, 1902—03), «Даследаванняў ісламу» (т. 1—2, 1924—32) і інш.
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВУ́САЎ Андрэй Мінавіч
(2.10.1906, в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобласці — 18.11.1976),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну партызан, з чэрв. 1944 на фронце, сапёр. Вызначыўся ў 1945: у студз. ў час прарыву варожай абароны зняў 42 міны, у лютым пераправіў цераз Одэр 400 скрынак боепрыпасаў, 1,5 т прадуктаў; у сак. з групай байцоў зрабіў 2 праходы ў мінных палях, зняў 150 мін; у крас. зрабіў праходы ў мінных палях, размініраваў шашу, узначаліў групу па буд-ве моста цераз канал, чым забяспечыў паспяховы праход сав. тэхнікі.
т. 2, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)