ЛУБ, флаэма,

складаная тканка ў сцёблах і каранях дрэвавых і травяністых раслін. Служыць для правядзення па расліне арган. і мінер. рэчываў; выконвае таксама запасальную, механічную, выдзяляльную функцыі. Складаецца з праводных (сітападобных) трубак з клеткамі-спадарожніцамі, з лубяных парэнхімы і валокнаў. У дрэвавых раслін утварае ўнутр. ч. кары. Адрозніваюць Л. першасны (утвараецца з пракамбію, характэрны для папарацей, дзеразы, хвашчоў) і другасны (адкладваецца ў голанасенных і двухдольных ад дзейнасці камбію). У Л. назапашваюцца алей, крухмал, дубільныя і інш. рэчывы. Лубяныя валокны выкарыстоўваюць як тэкст. сыравіну.

т. 9, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́ЗІКАЎ Анатоль Мікалаевіч (н. 29.10. 1952, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1994), праф. (1996). Сын М.Ф.Лызікава. Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1974), з 1982 працуе ў ім (з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па энтэральным зондавым харчаванні пры захворваннях органаў брушной поласці, дыягностыцы і лячэнні захворванняў з дапамогай малаінвазійнай хірургіі.

Тв.:

Профилактика и лечение ишемических повреждений тонкой кишки в хирургии Новополоцк, 1995;

Желчнокаменная болезнь. Витебск, 1998 (разам з С.​С.​Сцебуновым, С.​П.​Лярскім).

т. 9, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГРЭ́ТЭ II (Margrethe; н. 16.4.1940, Капенгаген),

каралева Даніі (з 1972). З дынастыі Шлезвіг-Гольштэйн-Сёнерборг-Глюксбургаў. Дачка Фрэдэрыка IX. Д-р права Кембрыджскага (1975) і Лонданскага (1980) ун-таў. Вучылася ў Капенгагенскім, Орхускім (Данія), Кембрыджскім (Вялікабрытанія), Парыжскім (Сарбона) ун-тах, Лонданскай школе эканомікі і паліт. навук. Паводле канстытуцыйнай змены 1953 аб магчымасці перадачы дацкага прастола ў спадчыну па жаночай лініі з 1958 наследная прынцэса. На прастоле пасля смерці бацькі (п. 14.1.1972). У адпаведнасці з канстытуцыяй з’яўляецца і вярх. галоўнакамандуючым узбр. сіламі Даніі.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛО́ЎСКАЯ Ганна Іванаўна (6.1. 1920, в. Курсевічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 11.11.1980),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 у Чырв. Арміі. Трапіўшы ў акружэнне, наладзіла сувязь з партызанамі, сакратар Пастаўскай падп. камсам. арг-цыі. З 1942 у партызанах, з мая 1943 нам. камісара па камсам. рабоце партыз. атрада імя А.​Пархоменкі, потым чл. Пастаўскага падп. райкома ЛКСМБ, удзельнічала ў дыверсійных аперацыях. Пасля вайны стала прыёмнай маці 15 сірот, бацькі якіх загінулі ад рук фашыстаў.

Г.І.Маслоўская.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬЁНШЧЫКАЎ Міхаіл Дзмітрыевіч (16.1.1913, г. Грозны, Расія — 27.5.1973),

расійскі вучоны ў галіне механікі і прыкладной фізікі. Акад. АН СССР (1962, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1932). З 1934 у Маскоўскім авіяц. ін-це, з 1944 у Ін-це механікі, з 1949 у Ін-це атамнай энергіі АН СССР. З 1962 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па механіцы, ядз. энергетыцы, газавай дынаміцы і фізіцы плазмы. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1954. Ленінская прэмія 1961.

М.​Дз.Мільёншчыкаў.

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧ Юльян Аляксандр

(ахрышчаны 23.8.1801, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 16.11.1871),

гісторык права. Брат А.Міцкевіча. Скончыў дамініканскую школу ў Навагрудку, Віленскі ун-т (1825 ці 1826). Чл. т-ва філарэтаў, з 1822 у т-ве філадэльфістаў. Арыштаваны па справе філарэтаў, у 1823—24 зняволены. З 1828 выкладаў права ў Крамянецкім ліцэі, з 1835 прафесар Кіеўскага, з 1840 — Харкаўскага ун-таў. У 1859 вярнуўся ў Беларусь, тут напісаў «Энцыклапедыю права» і «Курс рымскага права» (захаваліся ў рукапісах). У 1863 дапамагаў паўстанцкаму атраду Р.Траўгута.

т. 10, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКУ́ЛКІН Якаў Пракопавіч (29.4.1913, с. Падбужжа Хвастовіцкага р-на Калужскай вобл., Расія —3.12.1983),

дзяржаўны дзеяч БССР. Ген.-лейт. (1970). Скончыў Бранскі тэхнікум шляхоў зносін (1934). З 1940 у органах дзяржбяспекі. Да 1940 працаваў тэхнікам праектнага бюро Упраўлення на Д.-Усходняй чыг. З 1960 старшыня КДБ пры СМ Башкірскай АССР. З 1962 у апараце КДБ пры СМ СССР. З 1969 нам. нач. ўпраўлення КДБ пры СМ СССР па г. Масква і Маскоўскай вобл. У 1970—80 старшыня КДБ пры СМ БССР.

т. 11, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́БА ВЫСАКАРО́ДНЫХ МЕТА́ЛАЎ,

колькасная наяўнасць золата, серабра, плаціны і паладыю ў лігатурным сплаве, які выкарыстоўваюць у вытв-сці ювелірных вырабаў, манет, медалёў і інш. Па метрычнай сістэме, што прынята ў большасці краін, выражаецца колькасцю грамаў высакароднага металу ў 1000 г сплаву (чыстаму металу адпавядае 1000-я проба). П.в.м. для ювелірных вырабаў: 375, 500, 583, 750 і 958 — з золата; 750, 800, 875, 916, 925 і 960 — з серабра, 950 — з плаціны, 500 і 850 — з паладыю. П.в.м. вырабаў гарантуецца дзярж. кляймом.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРЭ́ДНЕЎ Уладзімір Пятровіч (10.5.1935, в. Пугачова Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 27.9.2000),

бел. вучоны ў галіне агародніцтва і аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1994), праф. (1995). Скончыў БСГА (1962). З 1962 у Бел. НДІ агародніцтва (з 1969 заг. лабараторыі). Навук. працы па праблемах інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання агародніны, павелічэння ўрадлівасці глебы, ураджаяў, паляпшэння якасці агароднінных культур.

Тв.:

Удобрение овощных культур. Мн., 1987;

Огород без химии. Мн., 1996 (разам з Я.​А.​Стальмашком);

Выращивание овощей. Мн. 2001 (разам з Л.​І.​Лявонавай).

т. 13, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБЛЬ (Rabl) Карл (2.5.1853, г. Вельс, Аўстрыя — 24.12.1917),

аўстрыйскі вучоны ў галіне эмбрыялогіі, цыталогіі і анатоміі. Адукацыю атрымаў ва ун-тах Вены, Лейпцыга і Іены. З 1885 праф. Венскага, з 1886 — Пражскага, з 1904 — Лейпцыгскага ун-таў. Навук. працы па паходжанні і развіцці мезадэрмы, канечнасцей і метамерыі галавы пазваночных. Даследаваў развіццё хрусталіка і шклопадобнага цела вока, будову сэрца земнаводных, мочапалавой сістэмы акул і інш., вызначыў палярнасць клетачных ядраў. Прапанаваў тэорыю (разам з Т.Боверы) «індывідуальнасці храмасом», якая лягла ў аснову храмасомнай тэорыі спадчыннасці.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)