БРА́ТЧЫНА,

1) грамадская трапеза членаў правасл. брацтваў, якія існавалі на Беларусі ў 16—18 ст. Наладжвалася ў складчыну членамі брацтва (братчыкамі) у асобныя святочныя дні.

2) Калектыўнае частаванне ў складчыну ў час святкавання сялянамі грамадскай свечкі, якую рабілі з воску, сабранага ўсімі абшчыннікамі. Свечку ставілі ў кадушку з жытам, спявалі песні з пажаданнем добрага ўраджаю, дастатку ў гаспадарцы. Хрысціянства прымеркавала братчыну да дня зімовага Міколы (6 снежня ст. ст.), які нібыта садзейнічаў добраму ўраджаю. Звычай братчыны ў бел. вёсцы бытаваў да канца 19 ст.

М.Ф.Піліпенка.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎН (Braun) Вернер фон

(23.3.1912, г. Выжыск, Польшча — 5.6.1977),

канструктар ракетнай і касм. тэхнікі. Вучыўся ў Цюрыхскім і Берлінскім тэхнал. ін-тах, Берлінскім ун-це. Гал. канструктар балістычнай ракеты «Фау-2», якая выкарыстана для абстрэлу Вялікабрытаніі і Нідэрландаў у час 2-й сусв. вайны. Адзін з кіраўнікоў ваен. даследчага ракетнага цэнтра Германіі ў Пенемюндзе (1937—45). З 1945 у ЗША, дзе ўзначальваў Службу праектавання і распрацоўкі ўзбраення арміі ЗША. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны ракеты «Рэдстоўн», ракеты-носьбіты «Юпітэр», «Сатурн», ШСЗ «Эксплорэр», касм. караблі «Апалон».

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОНХААДЭНІ́Т

(ад бронхі + грэч. adēn залоза),

запаленчы працэс у лімфатычных вузлах кораня лёгкага і міжсцення. Найчасцей бронхаадэніт — клінічная форма пач. перыяду туберкулёзу ў дзяцей і падлеткаў.

Пры туберкулёзным бронхаадэніце выяўляюцца паталагічныя змены ва ўсіх органах міжсцення, што знаходзяцца вакол пашкоджаных лімфатычных вузлоў. Працэс доўгі час актыўны, зацяжны. Прыкметы бронхаадэніту абумоўлены сімптомамі інтаксікацыі, у некаторых хворых — бітанальны ці коклюшападобны кашаль. Бронхаадэніты бываюць пры саркаідозе, лімфагрануламатозе, лімфалейкозе, лімфасаркомах, неспецыфічныя бронхаадэніты ў дзяцей — пры вірусных інфекцыях, адры, коклюшы. Выяўляюць хваробу перкуторна і рэнтгеналагічна. Лячэнне вызначаецца этыялогіяй.

Л.Р.Кажарская.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЎКІН Вячаслаў Уладзіміравіч

(н. 22.9.1925, Масква),

рускі рэжысёр. Скончыў акцёрскі (1947) і рэжысёрскі (1955) ф-ты Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва ў Маскве. Працаваў у бел. т-рах імя Я.Коласа (1955—59) і Я.Купалы (1961—62). Яго пастаноўкі вызначаліся дасканала распрацаванымі характарамі: «У добры час!» В.Розава (1955), «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона (1956), «Тры салаўі, д. 17» Д.Дабрычаніна, «Калі цвіце акацыя» М.Віннікава і «Апошні прыпынак» Э.М.Рэмарка (усе 1957), «Тайфун» Цао Юй (1958), «Трэцяе жаданне» Б.Блажака (1961), «Тысяча франкаў узнагароды» В.Гюго (1962) і інш. З 1962 у Маскве, вядомы як рэжысёр тэлеспектакляў дэтэктыўнага жанру.

т. 3, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т імя А.С.Пушкіна. Існаваў у 1945—50 у Брэсце. Імя Пушкіна прысвоена ў 1949. Тэрмін навучання 2 гады. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Меў аддзяленні: гісторыка-філал., прыродазнаўча-геагр., фізіка-матэм., падрыхтоўчае, вячэрняе і завочнае. Працавалі кафедры гісторыі, педагогікі і псіхалогіі, прыродазнаўства і геаграфіі, фізікі і матэматыкі, бел. мовы і л-ры, рус. мовы і л-ры, ваен. падрыхтоўкі, марксізму-ленінізму. За час існавання падрыхтаваў 1,8 тыс. настаўнікаў. На яго базе ў 1950 засн. Брэсцкі пед. ін-т (з 1995 Брэсцкі універсітэт).

т. 3, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЧ,

традыцыйная бел. рыбалоўная прылада; сплеценая з дубцоў або зробленая з драніцы камера конусападобнай ці цыліндрычнай формы. У конусным бучы мелася адна лейкападобная перагародка (горла), у цыліндрычным — дзве. Рыба пранікала ў буч праз лаз у горле, якое адначасова перашкаджала выходзіць ёй назад. З аднагорлавых бучаў улоў вымалі праз адтуліну ў вузкім яго канцы (у час лоўлі яе закрывалі коркам, травой, сенам), у двухгорлавым рабілі дзверцы. Аднагорлавы буч прызначаўся толькі для лоўлі рыбы, двухгорлавы — пераважна для ракаў. У вадаёме бучы устанаўлівалі пры дапамозе калкоў. Бучы былі пашыраны па ўсёй Беларусі.

І.М.Браім.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1660—61.

Праводзілася казакамі і войскамі Рэчы Паспалітай у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У снеж. 1659 Быхаў занялі рас. войскі (гл. Быхава абарона 1659). З 1660 рас. гарнізон безупынна асаджалі казацкі палкоўнік Дз.Мурашка і гетман С.Чарнецкі, што стаялі лагерам каля Баркалабаўскага манастыра. У асаджаных было 18 гармат і 2 пішчалі-бамбарды, не хапала ежы. 1.12.1661 да Быхава падышло войска Рэчы Паспалітай з 7 тыс. конных і пешых салдат з 11 гарматамі пад камандаваннем Чарнецкага. Рас. гарнізон аблогі не вытрымаў і праз некалькі дзён горад здаў.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІЯ-БІРУ́ЛІ,

шляхецкі род герба «Бялыня» ў ВКЛ. Першым у дакументах згадваецца Гаўрыла Сямёнавіч Біруля, які ў час Лівонскай вайны 1558—83 быў ротмістрам казацкай харугвы. Магчыма, род паходзіць ад віцебскіх баяраў Харковічаў, бо ў 1635 Ян Біруля (верагодна, сын Гаўрылы) названы Харковічам. Першая частка прозвішча Бялыніцкіх-Біруляў паходзіць ад радавога маёнтка Бялынічы (сучасная в. Бялынавічы Віцебскага р-на). Валодалі таксама Навасёлкамі каля Бялынавіч, Зачарніччам, Тулавам, маёнткамі каля мяст. Бялынічы Аршанскага пав. (адсюль паданне пра іх паходжанне з гэтых мясцін). З роду Бялыніцкіх-Біруляў паходзяць А.А.Бялыніцкі-Біруля, В.К.Бялыніцкі-Біруля.

В.Л.Насевіч.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАПЕ́РЫЦА

(Hottonia),

род кветкавых раслін сям. першакветных. 2 віды. Пашыраны пераважна ў Еўропе, М. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах трапляецца вадаперыца балотная (Н. palustris). Расце ў стаячай вадзе ў сажалках, канавах, на балотах.

Шматгадовыя травяністыя павольнаплаваючыя расліны без каранёў, з падводным косаўзыходным сцяблом даўж. 15—60 см. Лісце перыстарассечанае, кальчаковае, у разетцы каля асновы доўгага кветаноса, які ў час цвіцення ўздымаецца над вадой. Кветкі белыя ці ружаватыя, у зеве жоўтыя, сабраныя ў гронкападобныя суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. (прыдатныя для аквакультуры) і меданосныя расліны.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕННАПАЛО́ННЫЯ,

у міжнародным праве асобы, што ўваходзяць у асабовы склад узбр. сіл і апалчэння, партызаны, удзельнікі руху Супраціўлення, якія ў час ваен. канфлікту трапілі пад уладу варожай дзяржавы. Рэжым ваеннапалонных вызначаны Гаагскімі канвенцыямі 1899 і 1907 аб законах і звычаях вайны, а таксама Жэнеўскай канвенцыі 1949, удзельнікам якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Абыходжанне з ваеннапалоннымі пры ўсіх абставінах павінна быць гуманнае, без дыскрымінацыі. Замах на жыццё і фізічную недатыкальнасць ваеннапалонных, на іх чалавечую годнасць не дапускаецца. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць ваеннаслужачых за дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)