БЕРЦЬЕ́ (Berthier) Луі Аляксандр
(20.11.1753, г. Версаль, Францыя — 1.6.1815),
ваенны і дзярж. дзеяч Францыі, маршал (1804). Удзельнік вайны за незалежнасць ЗША (1775—83). З 1789 нач. штаба нац. гвардыі Версаля. У 1792—95 удзельнічаў у задушэнні мяцяжоў у Вандэі. У 1796—97 нач. штаба, у 1797—98 камандуючы франц. Італьянскай арміяй. Ваенны міністр (1799, 1801—07) і нач. штаба пры Напалеоне. З 1814 на службе ў Людовіка XVIII. Распрацаваў асновы штабной службы, прынятыя пазней усімі еўрап. Арміямі. У час «ста дзён» Напалеона скончыў самагубствам.
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫНГ (Bering) Вітус Іонасен
(1680, г. Хорсенс, Данія — 19.12.1741),
дацкі і рускі мараплавец. Запрошаны на рус. флот у 1703. Капітан-камандор. Кіраўнік 1-й (1725—30) і 2-й (1733-43) Камчацкіх экспедыцый, разам з памочнікам А.І.Чырыкавым абследаваў берагі Камчаткі, Чукоткі, прайшоў паміж Азіяй і Амерыкай, адкрыў некаторыя з Алеуцкіх а-воў, дасягнуў узбярэжжа Паўн. Амерыкі. Імем Берынга названы мора на Пн Ціхага ак., праліў, мыс на ўзбярэжжы Ахоцкага м., востраў з групы Камандорскіх а-воў, на якім Берынг памёр ад цынгі ў час вымушанай зімоўкі.
т. 3, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́СКІН Ізраіль Саламонавіч
(25.11.1895, Віцебск — 19.1.1964),
савецкі военачальнік, ген.-лейт. артылерыі (1944). Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскія курсы цяжкай артылерыі РСЧА (1920), Вышэйшую артыл. школу (1925), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У арміі з 1915. У грамадз. вайну ўдзельнік ліквідацыі мяцяжоў у Віцебскай і Смаленскай губ., вызвалення ад яп. акупантаў рас. гарадоў на Д. Усходзе, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік баёў пад Сталінградам, вызвалення Гомеля, Рэчыцы, Калінкавіч, Бабруйска; вызначыўся ў час прарыву абароны ворага каля г. Шчэцін (Польшча). Да 1953 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЕ́ЦКІ Мікалай Станіслававіч [сапр. Язерскі Павел Сямёнавіч; 29.12.1896, С.-Пецярбург — 29.3.1919], бел. журналіст. Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1913—16). Пасля заканчэння ваен.-інж. вучылішча (1916) у званні прапаршчыка накіраваны на Паўн.-Зах. фронт. Чл. РСДРП(б). У 1917 чл. палкавога к-та. У 1918 супрацоўнік Наркамата юстыцыі РСФСР, потым на Усх. фронце. З 1919 у Гомелі, арганізатар і рэдактар газ. «Известия революционного комитета г. Гомеля и уезда», чл. Гомельскага Савета і гар. к-та РКП(б), узначальваў саюз сав. журналістаў Гомеля. Закатаваны ў час стракапытаўскага мяцяжу 1919 у Гомелі.
т. 3, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІФУРКА́ЦЫЯ РЭК
(ад лац. bifurcus раздвоены),
раздзяленне рэчышча і даліны на 2 самастойныя ракі, якія ўпадаюць у розныя басейны. Найчасцей узнікае ад размыву паверхневымі водамі плоскіх водападзелаў. Найб. вядома ў сістэме р. Арынока (Паўд. Амерыка). На Беларусі існуе біфуркацыя рэк бас. Нёмана — праз р. Выня сцёк ажыццяўляецца ў р. Цапра бас. Прыпяці, а таксама з Пцічы па пратоках вада паступае ў рэкі Цітаўка і Талька бас. Свіслачы. Назіраецца сезонная біфуркацыя рэк, калі пераліў вады з аднаго басейна ў другі адбываецца ў час паводкі або разводдзя.
т. 3, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК (Bloch) Марк
(6.7.1886, г. Ліён, Францыя — 16.6.1944),
французскі гісторык. Вучыўся ў Францыі, Лейпцыгскім і Берлінскім ун-тах (1908—09). Праф. Страсбурскага (1919—36) і Сарбонскага (Парыж) ун-таў. У 1929 разам з гісторыкам Л.Феўрам заснаваў час. «Annales d’histoire économique et sociale» («Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі», гл. ў арт. «Аналаў» школа). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення, расстраляны гестапа. Працы па зах.-еўрап. феадалізме, агр. адносінах у Францыі, агульных праблемах метадалогіі гісторыі.
Тв.:
Апология истории, или Ремесло историка: Пер. с фр. 2 изд. М., 1986.
т. 3, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮ́ХЕР (Blücher) Гебхард Леберэхт фон Вальштат
(Wahlstatt; 16.12.1742, г. Ростак, Германія — 12.9.1819),
прускі ваен. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1813), князь Вальштацкі (1814). Пачаў службу ў швед. арміі (1758). У час Сямігадовай вайны 1756—63 трапіў у прускі палон, стаў прускім афіцэрам (1760). Камандаваў кав. корпусам у вайну 1-й кааліцыі супраць рэсп. Францыі 1793—94, прускім авангардам у Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806, прускімі войскамі ў Памераніі (1807—11), рус.-прускай Сілезскай арміяй (1813) і інш. Асабліва вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813 і каля Ватэрлоо (1815). За свае ваен. поспехі празваны «маршал Уперад».
т. 3, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ДРЫЧЫ,
абадрыты, саюз плямёнаў палабскіх славян на чале з аднайм. племем, якія жылі ў ніжнім цячэнні Лабы (Эльбы) у 8—12 ст. У сярэдзіне 10 ст. абкладзены данінай герм. імператарам Генрыхам І, але захавалі ўладу мясц. князёў і свае звычаі. Пры Атоне І увайшлі ў склад Герм. імперыі і сілай хрысціянізаваны; вызваліліся ў канцы 10 ст. Канчаткова землі бодрычаў заваяваў у час паходу на У герцаг Баварыі і Саксоніі Генрых Леў з роду Вельфаў, які ў 1170 стварыў тут Мекленбургскае герцагства. Гл. таксама Вендская дзяржава.
т. 3, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА, маслабойка,
бандарны выраб; у беларусаў і інш. слав. народаў пасудзіна для збівання масла. Найчасцей — вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, а да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі (пашыраны варыянт) ці крыжавіну (ударная частка).
Такой жа формы бойкі выдзёўбвалі з суцэльнай круглай калодкі. На Палессі былі вядомы бойкі цыліндрычнай формы гарызантальнага профілю (у выглядзе 2-доннай бочачкі, у якой было «акенца» з засаўкай); масла збівалі вярчэннем ручкі, што прыводзіла ў рух лопасці. Бойкі бытуюць і ў наш час.
В.С.Цітоў.
т. 3, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО ЦЗЮІ́, Бо Лэцянь,
Бо Чанцін (772, прав. Шаньсі, Кітай — 846),
кітайскі паэт. Займаў высокія дзярж. пасады. Чл. імператарскай акадэміі «Ханьлінь». За крытыку прадажнасці чыноўнікаў і феад. парадкаў аддалены ад імператарскага двара. Напісаў каля 3 тыс. вершаў. Аўтар лірычных чатырохрадкоўяў, выкрывальніцкіх вершаў (цыклы «Цыньскія напевы», «Новыя народныя песні»), паэм «Песня пра бязмежную тугу», «Лютня», «Піпа». Адлюстроўваў светапогляд і жыццё танскага грамадства 8—9 ст., асэнсоўваў тэмы: чалавек і час, чалавек і прырода, чалавек і яго асяроддзе. Творам паэта ўласцівыя прастата мовы, жыццярадаснасць і чалавекалюбства.
Тв.:
Рус. пер. — Стихотворения. М., 1978.
т. 3, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)