пракры́ты

(ад санскр. prakrta = просты, натуральны)

1) сярэднеіндыйскія мовы, якія склаліся на аснове старажытнаіндыйскіх дыялектаў і былі шырокаўжывальнымі як размоўныя і літаратурныя мовы больш як паўтара тысячагоддзя (да 15 ст.);

2) адна з катэгорый старажытнаіндыйскай філасофіі, якая абазначае жаночы пачатак усіх матэрыяльных і духоўных рэчаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРГЕНЦІ́НЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва Аргенціны (26,64 млн. чал.). Нашчадкі іспанцаў і перасяленцаў з інш. краін Еўропы. Агульная колькасць 26,91 млн. чал. (1987). Гавораць на аргенцінскім дыялекце іспанскай мовы. Вернікі пераважна католікі.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва ЗША. Больш за 187,2 млн. чал. (1987), у т. л. 30 млн. неграў і мулатаў. Гавораць на амерыканскім варыянце англійскай мовы. Паводле рэлігіі пераважна пратэстанты і католікі.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́КСКІЯ АРА́БЫ, іракцы,

народ, асн. насельніцтва Ірака (14,5 млн. чал.). Агульная колькасць 14,6 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў Кувейце. Гавораць на іракскім дыялекце арабскай мовы. Вернікі — мусульмане (суніты і шыіты).

т. 7, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэскры́птар

(п.-лац. descriptor, ад лац. describere = апісваць)

лексічная адзінка (слова, словазлучэнне) інфармацыйна-пошукавай мовы, што адпавядае пэўнаму паняццю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сацыялінгві́стыка

(ад лац. societas = грамадства + лінгвістыка)

раздзел мовазнаўства, які вывучае сацыяльныя функцыі мовы і ўмовы яе выкарыстання ў грамадстве.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

спектрагра́фія

(ад спектр + -графія)

апісанне гукаў мовы на аснове раскладання іх на частотныя кампаненты і графічнага адлюстравання на плоскасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

экстэмпара́ле

(лац. extemporalis = непадрыхтаваны)

класнае пісьмовае практыкаванне, якое заключаецца ў перакладзе з роднай мовы на замежную без папярэдняй падрыхтоўкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

на́цыя

(лац. natio = племя, народ)

устойлівая супольнасць людзей, якая ўзнікла гістарычна на аснове агульнасці мовы, тэрыторыі, эканамічнага жыцця, культуры і асаблівасцей характару.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

РУ́СКАЯ МО́ВА,

адна з усходнеславянскіх моў, мова рускіх. Дзярж. мова Расійскай Федэрацыі; адна з дзярж. моў (разам з беларускай мовай) Рэспублікі Беларусь; адна з афіц. і рабочых моў ААН, ЮНЕСКА і інш. міжнар. арг-цый, уваходзіць у лік «сусветных моў». У гісторыі Р.м. вылучаюць 3 асн. перыяды развіцця: 6—14 ст. — перыяд існавання стараж.-рус. мовы; 15—17 ст. — перыяд мовы велікарус. народнасці, які пачаўся з распаду стараж.-рус. мовы на 3 усх.слав. мовы: Р.м., бел. і ўкраінскую мову; 18—21 ст. — перыяд функцыянавання сучаснай рус. нац. мовы; вял. ролю ў 19 ст. ў замацаванні літ. норм адыграла творчасць А.Пушкіна. Р.м. мае дыялекты: паўн. (ладага-ціхвінская, валагодская, кастрамская групы гаворак) і паўд. (зах., верхнедняпроўская, верхнедзяснінская, курска-арлоўская, усх. групы гаворак); сярэднярус. гаворкі: зах. окаючыя (наўгародскія, гдоўскія) і акаючыя (пскоўскія, селігера-таржкоўскія), усх. окаючыя (уладзімірска-паволжскія) і акаючыя. Умоўна групы гаворак аб’ядноўваюцца ў дыялектныя зоны зах., паўн., паўн.-зах., паўн.-ўсх., паўд., паўд.-зах. і паўд.-ўсходнюю. Многія з зах., верхнедняпроўскіх і верхнедзяснінскіх гаворак паўд. дыялекту маюць рысы, якія збліжаюць іх з некат. гаворкамі паўн.-ўсх. дыялекту бел. мовы. Адрозненне Р.м. ад бел. і ўкр. моў выяўляецца ў спецыфічных асаблівасцях яе сістэмы, гал. чынам у фанетыцы і марфалогіі. У фанетыцы — наяўнасць «ро», «ло» і «ре», «ле» ў каранях слоў паміж зычнымі пры «ры», «лы» і «ри», «ли» у бел. і ўкр. мовах (рус. «крошить», «глотать», бел. «крышыць», «глытаць», укр. («кришити», «глитати»); вымаўленне спалучэнняў мяккіх зубных і шыпячых з j пры доўгіх мяккіх зычных у бел. і ўкр. мовах (рус. «судья», бел. «суддзя», укр. «суддя»); выбухное «г» пры фрыкатыўным γ у бел. мове (рус. «город», бел. «γорад») і інш. У марфалогіі — адсутнасць клічнай формы пры наяўнасці яе ў бел. і ўкр. мовах (рус. «брат!», бел. «браце!», укр. «брате!»); адсутнасць чаргавання «к», «г», «х» з «ц», «з», «с» у склонавых формах назоўнікаў пры наяўнасці яго ў бел. і ўкр. мовах (рус. «нога — на ноге», бел. «нага — на назе», укр. «нога — на нозі»); шырокае распаўсюджанне формы назоўнага склону мн. л. з канчаткамі -а(-я) пад націскам у назоўніках ніякага роду пры яго адсутнасці ў бел. і ўкр. мовах (рус. «дома́», бел. «дамы́», укр. «домы́») і інш. Значныя адрозненні паміж рус., бел. і ўкр. мовамі — у лексіцы, як найб. рухомым узроўні мовы.

Пісьменства Р.м. атрымала ў спадчыну са Стараж. Русі (гл. Кірыліца, Глаголіца). Кірыліца ляжыць у аснове сучаснага рускага алфавіта. Найб. раннія з пісьмовых помнікаў, якія адлюстроўваюць элементы рус. маўлення, адносяцца да 11 ст. (Астрамірава евангелле, Ізборнікі Святаслава 1073 і 1076, Архангельскае евангелле 1092, Наўгародскія службовыя мінеі 1096—97 і інш.).

Існуюць даўнія традыцыі рус.-бел. моўных кантактаў, іх узаемадзеяння і ўзаемаўплыву. Гэтаму спрыяла тэр. суседства рус. і бел. моў, іх блізкароднасны характар, адзіныя шляхі на пэўных этапах рус. і бел. народаў. У рус. і бел. мовах шмат агульнага: значны пласт лексікі, грамат. лад і інш. Р.м. на Беларусі функцыянуе пераважна ў сваёй літ. разнавіднасці і гарадскога прастамоўя, а таксама астраўных (стараверскіх) гаворак у некат. рэгіёнах Беларусі; характарызуецца шэрагам спецыфічных, абумоўленых уплывам бел. мовы, рыс і асаблівасцей, пераважна ў сферы фанетыкі (вымаўлення), лексікі, акцэнтуацыі і інтанацыі. Вывучае Р.м. русістыка.

Літ.:

Русская грамматика. Т. 1—2. М., 1980;

Русский язык: Энцикл. 2 изд. М., 1998;

Русский язык в Белоруссии. Мн., 1985;

Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси. Мн., 1999.

А.​А.​Лукашанец.

т. 13, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)