Расхаля́піць ’шырока расчыніць (дзверы, вароты, акно)’ (Варл.). Вакалізаваны варыянт да хля́паць (гл.), параўн. гукаперайманне хляп (пра рэзкае расчыненне ці закрыццё дзвярэй, варот і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рыжо́цце ’вельмі рыжы чалавек’ (Нар. Гом.). Ад ры́жы (гл.) з дапамогай суф. ‑оцц‑е, як страхо́цце, брыдо́цце (Пра словаўтваральную мадэль гл. Сцяцко, Афікс. наз.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэля́цыя ’данясенне пра баявыя дзеянні’ (ТСБМ). Ст.-бел. реляция (реляца) ’данос, даклад’ < ст.-польск. relacyja ’тс’ < лац. rĕlātio ’паведамленне; данясенне’ (Булыка, Лекс. запазыч., 51).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суме́ць ’здолець, змагчы’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Гл. умець; параўн. балг. съумея (< *sъ‑uměti) ’тс’. Аўтары апошняга слоўніка мяркуюць пра запазычанне з рус. суме́ть ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

каці́цца 1, качу́ся, ко́цішся, ко́ціцца; незак.

1. Верцячыся, рухацца ў адным напрамку (пра што‑н. круглае, шарападобнае). Маленькая пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць па траве, а потым раптам сарвацца куды-небудзь убок і каціцца, каціцца, каціцца... Лынькоў. Колы стукаліся аб карэнне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Колас. // Саслізгваць, з’язджаць па нахіленай плоскасці. То коціцца камень з высокай гары, То птушка крычыць спрасоння. Свірка. Нарэшце дэтанатар падагнаны пад рэйку, і Тоня першая коціцца з насыпу. Шчарбатаў. // перан. Разм. Апускацца, станавіцца горшым у якіх‑н. адносінах. — Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Брыль.

2. Ехаць, пасоўвацца (пра сродкі перамяшчэння на колах). Была ўжо восень з першымі прымаразкамі, і таму павозка лёгка кацілася па гладкіх сухіх каляінах. Якімовіч. Паволі коціцца па няроўнай дарозе трохтонка. Ваданосаў. // Хутка ехаць па слізкай паверхні. Гонка, гонка, з горкі, з горкі Санкі коцяцца мае. Кірэенка. // перан. Хутка ісці (пра нізкага, тоўстага чалавека). [Гамрэкелі], уздымаючы пыл, каціўся па вуліцы, круглы, як мяч. Самуйлёнак. // перан. Хутка рухацца, перамяшчацца (пра вялікую колькасць, масу людзей). У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч. // перан. Разносіцца, раздавацца (пра гукі). Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Колас. Водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта. М. Стральцоў.

3. Цячы, струменіцца (пра ваду і пад.). Жоўтая вада з шумам і бульканнем шпарка кацілася ў бок рэчкі, пакідаючы шматкі бруднай пены. Шамякін. Крыніца крышталёвая ў траве Булькоча, ў рэчку коціцца ля бору. Бялевіч. Хутка я ўвесь прамок, а па твары каціліся буйныя кроплі поту. Анісаў. // Расцякацца, плаўна перамяшчацца (пра туман, дым і пад.). Туман коціцца ў даліне, Змоўкла птушка на галіне. Бядуля.

4. Плаўна рухацца па небасхіле. Агніста-чырвонае сонца хутка кацілася за небасхіл. Васілёнак. І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх. Гаўрусёў. // перан. Ісці, рухацца (пра час, жыццё і пад.). Над разбураным краем Бурна каціўся Ўстрывожаны час. Глебка. Устанаўліваўся мір, і жыццё зноў кацілася той жа дарогай. Васілевіч.

5. заг. каці́ся (каці́цеся). Разм. Ідзі (ідзіце) адсюль.

каці́цца 2, ко́ціцца; незак.

Нараджаць дзіцянят (пра авечку, казу і некаторых іншых жывёл).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухі́, -а́я, -о́е.

1. Не мокры, не замочаны.

Сухая кашуля.

Сухое сена.

2. Пазбаўлены вільгаці, не сыры.

Сухія дровы.

С. клімат.

С. вецер.

3. Які страціў свежасць, сакавітасць, мяккасць, высахлы або высушаны; прыгатаваны ў выглядзе парашку, канцэнтрату.

С. батон.

Сухія яблыкі.

Сухое малако.

С. кісель.

4. Пазбаўлены спажыўных сокаў, засохлы, амярцвелы; які не дзейнічае, высах з-за якой-н. хваробы, атрафіраваны.

С. куст малін.

С. корань.

Сухая рука.

5. Які праводзіцца, робіцца або праходзіць, працякае пры адсутнасці вільгаці, вадкасці; без вадкіх выдзяленняў.

Сухая тынкоўка.

С. кашаль.

6. Нішчымны, без нічога (пра хлеб).

Есці с. батон.

7. Які мае сухарлявы склад цела, хударлявы.

С. стары.

8. перан. Пазбаўлены душэўнай цеплыні, дабрыні; неласкавы.

С. чалавек.

С. тон (непрыветны).

9. перан. Скупы, лаканічны.

С. пералік фактаў.

10. Пра гукі: пазбаўлены гучнасці, мяккасці.

С. лязгат металу.

11. Пра ліку гульні: такі, пры якім той, хто прайграў не атрымаў ніводнага ачка.

Прайграць матч з сухім лікам.

Сухі закон — забарона гандляваць моцнымі алкагольнымі напіткамі.

|| памянш. сухе́нькі, -ая, -ае (да 1 і 7 знач.; разм.).

|| наз. су́хасць, -і, ж. (да 1—5, 7—10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сцягну́ць, сцягну́, сця́гнеш, сця́гне; сцягні́; сця́гнуты; зак.

1. каго-што. Цягнучы, зняць каго-, што-н. адкуль-н.

С. коўдру з ложка.

С. боты з ног.

2. каго-што. Цягнучы, перамясціць у другое месца.

С. валун з дарогі.

3. што. Звалачы ў адно месца (пра многае).

С. жэрдзе ў кучу.

4. каго-што. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы.

С. атрады да лесу.

5. што. Нацягваючы, зблізіць, злучыць канцы чаго-н.

С. канцы лука.

6. што. Знесці што-н. далёка.

Дзеці сцягнулі кудысьці граблі.

7. каго-што. Украсці (разм.).

С. кнігу ў суседа.

Ваўкі сцягнулі авечку.

8. каго-што. Туга перавязаць, сціскаючы што-н.

С. шнуроўку. С. паскам сукенку.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каго-што. Пра сутаргу: звесці, скурчыць (разм., безас.).

Сутаргай сцягнула нагу.

10. часцей безас., што. Пачаць зацвердзяваць.

На дварэ мароз, гразь сцягнула.

11. безас., што. Пра ваду: зменшыцца.

Пасля паводкі ваду сцягнула.

|| незак. сця́гваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—5, 8 і 9 знач.).

|| наз. сця́гванне, -я, н. (да 1—5 і 8 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прыбы́ць, прыбыва́ць ’прыйсці, прыехаць, паступіць, быць дастаўленым (пра груз і пад.)’; ’павялічыцца, прыбавіцца (колькасна, у аб’ёме (напр., пра Месяц), велічыні і пад.); з’явіцца ў дадатак да чаго-небудзь; дабавіцца’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк. МГ; карэліц., Сл. ПЗБ), прыбува́ць ’прыбаўляцца (пра ваду, вагу і інш.)’ (ТС). Сюды ж аддзеяслоўныя іменныя ўтварэнні, якія працягваюць семантыку дзеяслова: пры́быль ’прыбытак, даход’ (Ян.; астрав., Сл. ПЗБ), пры́буль ’тс’ (ТС), пры́быль ’паводка, разводдзе’, прыбыльны́: прыбыльна́я вада ’паводка’ (Ян.), прыбу́тка ’вада, якая прыбывае’, прыбутны́ ’паводкавы’ (ТС), прыбы́так, прыбу́ток ’прыбытак, даход; карысць, выгада; з’яўленне патомства’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж таксама прыбы́тнік ’маладыя парасткі хваёвых дрэў’, прыбы́тныя дні ’першая і другая фазы Месяца’ (Сл. ПЗБ), пры́быш ’перасяленец з іншай мясцовасці’ (стаўб., Сл. ПЗБ), прыбыле́вец ’перасяленец’ (б.-каш., ЛА, 3), прыбу́лец ’прыезджы’ (ТС), прыбыўна́я вада́ ’паводка’ (Ян.). Узыходзіць да прасл. *pribyti, далей ітэратыўна-дуратыўны *pribyvati, якія, у сваю чаргу, ад *byti, *byvati (гл. быць) з кардынальнай зменай семантыкі зыходных дзеясловаў (пра апошняе гл. ЭССЯ, 3, 155, 157–158).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыкіда́цца ’прыставаць (пра хваробу); прыключацца, прыставаць (няшчасцю); наскокваць, накідвацца; прыкідвацца, прытварацца’ (Нас., Мядзв., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Нар. Гом.), прыкі́давацца ’прыставаць (пра хваробу)’ (віл., Сл. ПЗБ), прыкі́дывыцца ’прыкідвацца, прытварацца’ (Бяльк.), прыкі́нуцца ’прыставаць (няшчасцю, хваробе)’ (Бяльк.), таксама зак. тр. прыкі́нуцца ’прыняць пэўны выгляд з мэтай падману; прытварыцца; раптоўна наступіць, прыстаць (пра хваробу, штосьці нядобрае)’; перан. ’прывязацца, прыхіліцца’ (ТСБМ, ТС). Сюды ж амонімы з іншай семантыкай: прыкіда́цца ’трапляцца, пападацца; прызнаваць сваяцкія сувязі, роднасць; спрыяць, ставіцца з прыхільнасцю; прыставаць’ (Ян., ТС), прікіда́цца ’пападацца’ (Бяльк.). Да кіда́ць/‑ца (гл.). Таксама сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі, якія працягваюць семантыку ’прыстаць (пра хваробу)’: пры́кідзь, пры́кісь ’запаленне; дзіцячая хвароба, вогнік’ (чэрв., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), пры́кісь ’ускладненне хваробы’ (ашм., Стан.), прыкі́дка, прыкі́тка ’запаленне’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), і прыметнікі з далейшым семантычным развіццём: прыкі́дны́ ’ветлівы, ласкавы, прыхільны’ (навагр., Нар. сл.; ст.-дар., Сл. ПЗБ; ТС), прыкі́длівы, прыкі́дчывы ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (слаўг., лельч., нараўл., ЛА, 3), прыкі́дліву ’прыветлівы’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́скаць ’ухіляцца ад курсу ў розныя бакі (пра судна)’ (ТСБМ), руск. ры́скать ’бегаць у пошуках каго-, чаго-небудзь’, дыял. рыставать ’бегаць у розных напрамках’, риставанне ’спаборніцтва’, ст.-рус. рискати ’бегчы’, ’хутка ісці’, ’скакаць’, ’несціся’, ст.-харв. riskati ’танцаваць’, ’скакаць’, rȉskati se ’тоўпіцца, працавацца (пра жывёл)’, rištati ’цячы (пра ваду), балг. ристалище, риса ’бадзяццца, шмат хадзіць’, рысай ’бадзяцца’, ст.-слав. рискати, рыскати ’бегчы’, ’хутка ісці’, ’несціся’, ’скакаць’, ’імкнуцца’, магчыма, сюды ж славен. rízati se ’гуляцца’, ’бавіцца’ (пра маладых жывёл, дзяцей) (Сной у Безлая, 3, 184). Прасл. *ristati: *riskati (Куркіна, Этимология–1976, 24). І.‑е. корань *risk (: *rist) (і.-е. база *reiə‑: *ri‑, пашыральнік ‑s‑ (на прасл. глебе ‑sk‑: ‑st‑), корань *er‑/*or‑/*r‑ ’прыходзіць у рух’, ’быць у руху’, ’імкнуцца’. Параўн. літ. rìstas ’перыяд цечкі (у жывёл)’, risčià ’рыссю’, с.-в.-ням. risch (аснова *ri‑sk‑) (Покарны, 1, 326, 330–331; Скок, 3, 146–147; БЕР, 6, 265–266). Далей звязана з рой, ры́нуць, рака́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)