шчаня́ і шчанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня сабакі, а таксама ваўчыцы, лісы і пад. Сука шызая ў палацы Радзівіла Прынесла шывых трох шчанят. А. Александровіч. / Разм. груб. Пра дзіця. [Лабыш:] Ты што, сапраўды спадзяешся стаць маім зяцем?.. Лепш я шчанят тваіх гадаваць буду, а дачкі сваёй за цябе, галетніка, не аддам. Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да шчака (у 1 знач.). А вейкі доўгія-доўгія, на шчочках не высахлі слёзы. Брыль.

2. Спец. Тое, што і шчака (у 2 знач.). Злоўчаным рухам бацька пераломвае.. [стрэльбу], хавае пад пінжак рулю, прыклад, шчочку ад яе кладзе ў кішэню штаноў. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эвакуа́цыя, ‑і, ж.

1. Арганізаваны вываз насельніцтва, устаноў, прамысловых аб’ектаў і пад. з небяспечных мясцовасцей, якім пагражаюць ваенныя дзеянні або стыхійнае няшчасце. Некалькі месяцаў Марыля жыла ў эвакуацыі, пакуль трошкі адужаў сынок, пакуль прызвычаіўся жыць без маткі. Кулакоўскі.

2. Спец. Выдаленне чаго‑н. адкуль‑н. Эвакуацыя солі з раствору. Эвакуацыя паветра з віскозы.

[Ад лац. evacuo — апаражняю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эгаі́зм, ‑у, м.

Перавага сваіх асабістых інтарэсаў пад інтарэсамі іншых людзей або грамадства; сябелюбства. Асаблівыя намаганні камсамольскіх арганізацыій павінны быць накіраваны.. на выхаванне іх [юнакоў і дзяўчат] у духу камуністычнай маралі, нецярпімых адносін да праяўленняў эгаізму, мяшчанства, абывацельшчыны, да парушэнняў норм сацыялістычнага супольнага жыцця. Машэраў. Абыякавыя адносіны да людзей, да чалавека працы ёсць страшэнны эгаізм. Пестрак.

[Фр. égoïsme ад лац. ego — я.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экстра́кт, ‑у, М ‑кце, м.

1. Рэчыва з раслінных ці жывёльных тканак, якое атрымліваюць пры дапамозе якога‑н. растваральніка; выцяжка. — Шмат карысці дае чалавеку кара яліны, — працягваў сын.. — Яна ўтрымлівае таніды, з якіх здабываюць дубільныя экстракты. Мяжэвіч.

2. перан. Уст. Сціслая перадача зместу, сутнасці якога‑н. дакумента, твора і пад. Экстракт прамовы.

[Ад лац. extractus — выцягнуты, здабыты, атрыманы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

э́пас, ‑у, м.

1. Апавядальны род мастацкай літаратуры (у адрозненне ад драмы і лірыкі). Разведваючы новае, лірыка тым самым пракладвае шлях для драмы і эпасу, якія закліканы стварыць шырокія карціны грамадскага жыцця. Ярош.

2. Сукупнасць народных песень, паданняў, паэм, аб’яднаных агульнай тэмай, агульнай нацыянальнай прыналежнасцю, храналогіяй і пад. Гераічны эпас. Былінны эпас.

[Ад грэч. épos — слова, апавяданне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́мачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да яма (у 1 знач.), ямка.

2. Невялікая ўпадзіна на шчацэ, падбародку і пад. У Зосі вочы крыху расплюшчаны, на шчоках ямачкі, на вуснах здзіўленая ўсмешка. Хомчанка. Тонкія губы былі сцяты, а падбародак з ямачкай, здавалася, яшчэ больш выдаўся наперад. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́сці¹, нясу́, нясе́ш, нясе́; нясём, несяце́, нясу́ць; нёс, не́сла і нясла́, не́сла і нясло́; нясі́; не́сены; незак.

1. каго-што. Узяўшы ў рукі, нагрузіўшы на сябе, перамяшчаць, дастаўляць куды-н.

Н. чамадан.

2. каго-што і без дап. Імкліва рухаць, перамяшчаць сілай свайго руху.

Вецер нясе па небе хмары.

3. каго-што (толькі ў 3 ас.). Прымушаць каго-н. ісці куды-н.; цягнуць (разм.).

Куды цябе нясе?

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Дзьмуць, павяваць, месці (пра халоднае паветра, завіруху і пад.).

Ад акна несла (безас.) холадам.

5. пераважна безас. Моцна пахнуць (у 1 знач.).

Нясе гарам.

6. перан., што. Выконваць якія-н. даручэнні, абавязкі па службе і пад.

Н. адказнасць.

Н. ахову.

Н. вахту.

7. перан., што. Пакутаваць ад чаго-н.; мець страты.

Н. пакаранне.

Н. страты.

8. перан., што. Гаварыць што-н. недарэчнае, бязглуздае (разм.).

9. перан., што. Мець, змяшчаць у сабе; быць носьбітам чаго-н.

Н. радасць людзям.

10. што. Быць аснашчаным чым-н.

Карабель нясе шэсць гармат.

|| зак. пане́сці, -нясу́, -нясе́ш, -нясе́; -нясём, -несяце́, -нясу́ць; -нёс, -не́сла і -нясла́, -не́сла і -нясло́; -не́сены.

П. кару.

П. страты.

|| наз. нясе́нне, -я, н. (да 6 знач.) і но́ска, -і, ДМ но́сцы, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

наве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; навёў, -вяла́, -ло́; навядзі; -ве́дзены; зак.

1. каго. Прывесці ў вялікай колькасці.

Н. людзей у клуб.

2. каго (што) на каго (што). Ведучы, прывесці, вывесці куды-н.

Н. на след.

3. што. Накіраваць, нацэліць што-н. у бок каго-, чаго-н.

Н. бінокль.

Н. гармату.

4. перан., каго на што. Накіраваць (на думку, размову, сумненне і пад.); садзейнічаць з’яўленню (думкі, сумнення і пад.).

Н. на шчырую размову.

5. перан., што. Прывесці што-н. да пэўнага стану, надаць адпаведны выгляд.

Н. бляск.

Н. парадак.

6. што. Пабудаваць (пра мост, пераправу).

Н. мост.

7. што. Зрабіць інструмент прыгодным для карыстання.

Н. брытву.

Н. музычны інструмент.

8. каго. Нарадзіць, напладзіць у нейкай колькасці (разм.).

Н. дзяцей поўную хату.

9. каго. Быць наводчыкам, садзейнічаць крадзяжу чаго-н.

Н. злодзея.

Навесці на розум — даць разумную параду, навучыць чаму-н. добраму.

|| незак. наво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. навядзе́нне, -я, н. (да 3, 5 і 6 знач.) і наво́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 3, 6 і 7 знач.).

Навядзенне бляску.

Навядзенне мастоў (таксама перан.: устанаўленне сувязей, кантактаў; кніжн.).

|| прым. навадны́, -а́я, -о́е (да 6 знач. у некаторых спалучэннях).

Н. мост.

Навадная пераправа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

жыццё, -я́, н.

1. Сукупнасць з’яў, якія адбываюцца ў арганізмах, асобая форма існавання і руху матэрыі, якая ўзнікла на пэўным этапе яе развіцця.

Узнікненне жыцця на Зямлі.

Ж. раслін.

Законы жыцця.

2. Фізіялагічнае існаванне чалавека, раслін, усяго жывога ад зараджэння да смерці.

Ж. — бясцэнны дар.

3. Час такога існавання ад яго ўзнікнення да канца, а таксама ў які-н. яго перыяд.

Кароткае ж.

Пад канец жыцця.

Ж. пражыць — не поле перайсці (прыказка).

4. Дзейнасць грамадства і чалавека ў розных праявах.

Грамадскае ж.

Вясковае ж.

5. Навакольная рэчаіснасць.

Сувязь навукі з жыццём.

Правесці прапанову ў ж.

6. Ажыўленне, праяўленне дзейнасці, энергіі.

На вуліцы чулася ж.

Аддаць жыццё за каго-, што-н. — памерці, ахвяраваць сабой.

Даць жыццё каму-н. — нарадзіць каго-н. (высок.).

Кончыць жыццё — памерці.

Не ад добрага жыцця — з гора, з бяды, не па сваёй ахвоце.

Не на жыццё, а на смерць — не шкадуючы жыцця.

Паміж жыццём і смерцю — знаходзіцца ў вельмі небяспечным стане.

Паплаціцца жыццём — загінуць.

Пуцёўка ў жыццё — веды, навыкі і пад., якія даюць магчымасць займацца працоўнай дзейнасцю.

Пытанне жыцця або смерці — пра што-н. вельмі важнае, рашаючае.

|| прым. жыццёвы, -ая, -ае (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)