ТЭЛЕВЫМЯРЭ́ННІ, тэлеметрыя,

галіна тэлемеханікі, якая вывучае тэорыю, прынцыпы і тэхн. сродкі вымярэнняў на адлегласці фіз. велічынь, што характарызуюць які-н. працэс, з’яву прыроды ці стан жывога арганізма. Вынікі Т. у выглядзе кадзіраванага эл.- або радыёсігналу аўтаматычна перадаюцца з аб’екта кіравання (кантролю) на пункт кіравання для апрацоўкі на ЭВМ, рэгістрацыі і інш.

Адрозніваюць Т. бягучых значэнняў параметраў (перадаюцца іх неперарыўныя ці дыскрэтныя значэнні) і інтэгральных значэнняў параметраў (перадаюцца дыскрэтныя значэнні праз пэўныя прамежкі часу, напр., расходу электраэнергіі, паліва, газу). Правільнасць і надзейнасць работы вымяральнага тэлеметрычнага прыстасавання (сукупнасці пераўтваральных і вымяральных прылад з каналамі сувязі паміж імі) залежаць ад каналаў сувязі, якія бываюць акустычныя, аптычныя, гідраўлічныя і эл. (найб. пашыраныя) — правадныя, кабельныя і радыёрэлейныя лініі сувязі, а таксама радыёканалы. Вынікі Т. могуць быць прадстаўлены ў аналагавай (напр., з дапамогай стрэлачных вымяральных прылад, асцылографа) або ў лічбавай (напр., з дапамогай лічбавых індыкатараў) форме.

Літ.:

Проектирование и надежность систем автоматики и телемеханики. Мн., 1981.

М.​І.​Сарока.

т. 16, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМІНА́Л (ад лац. terminalis канцавы, заключны, канчатковы),

1) канцавая прылада ў складзе ЭВМ, выліч. сістэмы, аўтаматызаванай сістэмы кіравання і інш., якая служыць для ўводу-вываду інфармацыі, напр., пры ўзаемадзеянні чалавека і ЭВМ. Карыстальнікі (абаненты) могуць знаходзіцца на значнай адлегласці (напр., ад ЭВМ, выліч. цэнтра) і абменьвацца інфармацыяй па каналах перадачы даных.

Адрозніваюць Т. пасіўныя (без перапрацоўкі інфармацыі) і актыўныя (перапрацоўваюць інфармацыю). Да пасіўных Т. адносяць дысплеі, друкавальныя прылады, тэлетайпы, электронныя тэлефонныя апараты і інш. Актыўныя Т. маюць мікрапрацэсар (мікра- ці міні-ЭВМ як частку выліч. сістэмы) і служаць для папярэдняй апрацоўкі (групавання, класіфікацыі, кадзіравання, расшыфроўкі, часовага захоўвання і інш.) уведзенай інфармацыі, рашэння асобных характэрных задач, кіравання працэсам перадачы даных і інш. 2) Пляцоўка на тэр. порта ці грузавой чыг. станцыі, прызначаная для апрацоўкі кантэйнераў і пакетаваных грузаў.

3) Памяшканне ў буйных аэрапортах для размяшчэння пасажыраў у час мытнага агляду, чакання грузаў, дазапраўкі самалётаў і інш.

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСКО́СНАЯ МО́ВА,

спосаб перадачы чужога выказвання, пры якім не захоўваюцца яго грамат., лексічныя і стылістычныя асаблівасці. Складаецца са слоў апавядальніка і чужога выказвання, якія афармляюцца не як самаст. сінтакс. структуры, а аб’ядноўваюцца падпарадкавальнай сувяззю ў адзін сказ. Словы аўтара падаюцца ў гал. частцы сказа, чужое выказванне — як даданы дапаўняльны, дзейнікавы ці азначальны сказ. Часткі складанага сказа злучаюцца пры дапамозе падпарадкавальных злучнікаў «што», «быццам», «каб».

Пры перадачы чужога выказвання спосабам У.м. замяняецца суб’ектна-аб’ектны і мадальны аспект чужой мовы: адбываюцца адпаведныя замены асабовых форм дзеяслова, асабовых і прыналежных займеннікаў з арыентацыяй на апавядальніка, але часавы план чужога выказвання захоўваецца [Марыля сказала: «Я абавязкова заўтра прынясу гэту кнігу» (прамая мова), Марыля сказала, што яна абавязкова заўтра прынясе гэту кнігу (У.м.)]. Пытальныя сказы прамой мовы афармляюцца ва У.м. як ускосныя пытанні і далучаюцца да слоў аўтара пры дапамозе пытальных займеннікаў, прыслоўяў і часціцы «ці» У.м. менш эмацыянальная, чым прамая і няўласна-прамая мова. Яна больш уласціва афіц. дзелавому і навук. стылям.

Літ.:

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1980;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

І.​І.​Крамко.

т. 16, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНО́ЛА-ФАРМАЛЬДЭГІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,

сінтэтычныя смолы, прадукты полікандэнсацыі фенолаў з фармальдэгідам ці яго вытворнымі. Атрымліваюць сінтэзам зыходных смол, хім. мадыфікацыяй і спалучэннем з інш. матэрыяламі, пераўтварэннем іх у ацверджаныя густасеткавыя палімеры. Уласцівасці Ф.-ф.с. вызначаюцца ўмовамі іх атрымання: пры лішку фенолу і наяўнасці кіслых каталізатараў атрымліваюць тэрмапластычныя навалачныя смолы; пры лішку фармальдэгіду ў прысутнасці асноўных каталізатараў — тэрмарэактыўныя рэзольныя смолы.

Вадкія ці цвёрдыя аморфныя рэчывы ад светла-жоўтага да цёмна-карычневага колеру. Добра раствараюцца ў водных растворах шчолачаў, фенолаў, спіртоў, кетонаў і інш. палярных растваральніках. Ацверджаныя Ф.-ф.с. належаць да жорсткіх крохкіх цепла- і тэрмаўстойлівых палярных палімераў. Выкарыстоўваюць як сувязнае ў вытв-сці кампазіцыйных матэрыялаў на аснове драўніны і паперы (драўняна-валакністых і драўняна-стружкавых пліт, фанеры), тканін, фенапластаў, цеплагукаізалявальных пенапластаў, кляёў, лакаў, эмалей, залівачных, прамочвальных і святлоадчувальных (фотарэзістаў) матэрыялаў, таксама ў якасці вулканізавальных дамешкаў у каўчук і гуму, стабілізатараў палімерных матэрыялаў і інш.

Літ.:

Кноп А., Шейб В. Фенольные смолы и материалы на их основе: Пер. с англ. М., 1983.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 16, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНГІЦЫ́ДЫ (ад лац. fungus грыб + caedo забіваю),

хімічныя рэчывы для знішчэння ці папярэджвання развіцця патагенных грыбоў; адна з груп пестыцыдаў. Бываюць у форме дустаў, эмульсій, суспензій, парашкоў, аэразолей. Спосабы выкарыстання: апырскванне ці апыльванне раслін і глебы, пратручванне насення, фумігацыя насення і сховішчаў.

Паводле хім. прыроды бываюць неарганічныя (злучэнні серы — вапнава-серны адвар, молатая і калоідная сера; медзі — медны купарвас; ртуці — хлорная ртуць) і арганічныя (вытворныя карбамінавай к-ты — цынеб, купрацын-1, полікарбацын; хіноны — фігон; ртуцьарган. злучэнні — граназан, меркургексан; аксатыінавыя злучэнні — вітавакс і інш.). Паводле характару дзеяння Ф. падзяляюць на ахоўныя (прафілакт.) і лячэбныя (тэрапеўтычныя). Паводле характару размеркавання ў тканках раслін бываюць Ф. кантактныя (выклікаюць гібель грыба на паверхні) і сістэмныя (пранікаюць у тканкі раслін).

Некат. Ф. (хлорарган. злучэнні) вызначаюцца высокай трываласцю ў біял. асяроддзях і назапашваюцца ў раслінах і расл. харч. прадуктах; паражаюць таксама глебавыя мікраарганізмы, насякомых, птушак, рыб і інш., што пры сістэматычным выкарыстанні вядзе да парушэння біял. раўнавагі ў біягеацэнозе.

т. 16, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ПНІ, саліцёры (Taeniidae),

сямейства (па інш. сістэматыцы — атрад) класа стужачных чарвей тыпу плоскіх чарвей. 13 родаў, каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомыя Ц.: няўзброены, або бычыны (Taeniarhynchus saginatus), узброены, ці свіны (Taęnia solium), — найб. небяспечныя для чалавека. Паразітуюць у органах і тканках паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека (канчатковыя гаспадары). Узбуджальнікі цэстадозаў.

Цела даўж. ад 3 мм (3—7 членікаў) да 10 м (больш за 1 тыс. членікаў) пляскатае, стужкападобнае. Галоўка з 4 прысоскамі, у некаторых відаў хабаток з кручкамі. Біягельмінты. Гермафрадыты, палавыя залозы размешчаны ў кожным членіку цела. Цыкл развіцця са складаным ператварэннем з адным прамежкавым гаспадаром (грызуны, капытныя, радзей драпежнікі і інш.), у якіх зародак (анкасфера) ператвараецца ў лічынку (цыстыцэрк, цэкура, эхіпакок і інш.). Ежу засвойваюць паверхняй цела. Чалавек заражаецца пры спажыванні недаваранага ці недасмажанага мяса, у якім паразітуюць лічынкі. Гл. таксама Тэніідозы, Цыстыцэркоз, Эхінакакоз.

Л.​В.​Кіршенка.

Цэпні: 1 — бычыны (а — галоўка, б — членік); 2 — свіны (а — агульны выгляд, б — галоўка).

т. 17, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАТАБРЫЯ́Н (Cháteaubriand) Франсуа Рэнэ дэ (4.9.1768, г. Сен-Мало, Францыя — 4.7.1848),

французскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Вучыўся ў калежах Доля і Рэна. З 1786 на ваен. службе, у 1792 выступіў на баку раялістаў, у 1793—1800 у эміграцыі (Вялікабрытанія). У перыяд Рэстаўрацыі займаў розныя дзярж. пасады. Літ. дзейнасць пачаў пасля 1830. Прадстаўнік рамантызму. У трактаце «Даследаванне аб рэвалюцыях» (1797) адмаўляў рэв. і дэмакр. ідэі; у «Геніі хрысціянства» (1802) выступіў апалагетам каталіцызму. Аўтар аповесцей «Атала, ці Каханне двух дзікуноў у пустыні» (1801), «Рэнэ, ці Вынікі страсцей» (1802), эпапей у прозе «Мучанікі» (1809), «Натчэзы» (1826) і інш. Філас. і літ.-эстэт. погляды абагульніў у аўтабіягр. «Замагільных запісках» (выд. 1848—50).

Тв.:

Рус. пер. — Рене: История последнего из Абенсераджей // Французская новелла XIX в. М.; Л., 1959. Т. 1;

Атала // Французская романтическая повесть. Л., 1982;

Гений христианства: [Фрагменты] // Эстетика раннего французского романтизма. М., 1982.

Літ.:

Моруа А. Литературные портреты: Пер. с фр. М., 1971.

т. 17, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПІЯНА́Ж (ад ням. Spion шпіён ад spähen сачыць, падглядваць),

злачынства супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь (арт. 358 КК) заключаецца ў перадачы, выкраданні, збіранні або захоўванні з мэтай перадачы замежнай дзяржаве, арг-цыі ці іх прадстаўнікам звестак, якія складаюць дзяржаўную тайну; перадачу ці збіранне па заданні замежнай разведкі інш. сакрэтных звестак для выкарыстання іх на шкоду інтарэсам краіны і грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам або асобам без грамадзянства. Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў. Асоба, якая ўчыніла Ш., але добраахвотна спыніла сваю злачынную дзейнасць, паведаміла пра гэта дзярж. органам, аказала садзейнічанне ў прадухіленні шкодных вынікаў, вызваляецца ад крымін. адказнасці. Дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, апрача аховы дзярж. тайны, змяшчае прававыя нормы, якія забяспечваюць ахову камерцыйнай і банкаўскай тайны (арт. 254 КК). Выкраданне або збіранне незаконным спосабам звестак пра такую тайну з мэтай яе выдавання або незаконнага выкарыстання таксама разглядаецца як крымін. злачынства і караецца ў адпаведнасці з законам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 17, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУРМ (ад ням. Sturm атака, прыступ),

1) спосаб авалодання ўмацаванымі раёнамі ці пазіцыяй праціўніка; у мінулым — імклівая і рашучая атака пяхоты з выкарыстаннем аблогавай тэхнікі і знішчэнне абаронцаў у рукапашным баі. Са з’яўленнем агнястрэльнай зброі, асабліва аблогавай артылерыі, распрацавана спец. тактыка сумесных дзеянняў пяхоты, артылерыі і інж. войск для Ш. крэпасці ці горада. Ш. прымяняўся пры ўзяцці рас. войскамі ў 1790 г. Ізмаіл, у 1-ю сусв. вайну авалоданні крэпасцямі Льеж, Перамышль (Пшэмысль) і інш. Ш. называлі некат. баявыя дзеянні Чырв. Арміі пры ўзяцці ўмацаваных гарадоў: Познані, Кёнігсберга (Калінінграда), Берліна і інш. у 2-ю сусв. вайну. Асобныя апорныя пункты, доўгатэрміновыя агнявыя збудаванні, умацаваныя будынкі атакуюцца спецыяльна сфарміраванымі падраздзяленнямі розных родаў войск і спец. войск і загадзя натрэніраванымі штурмавымі групамі або атрадамі.

2) У пераносным сэнсе — рашучыя дзеянні, накіраваныя на дасягненне чаго-н. (напр., Ш. космасу, Ш. навукі і г.д.).

Штурм старажытнага горада на Русі. 10 ст. Малюнак В.​Ляхора.

т. 17, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАСІ́НТЭЗ (ад электра... + сінтэз),

метад атрымання складаных неарганічных або арганічных злучэнняў з дапамогай электролізу. Характэрная асаблівасць Э. — шматстадыйнасць далучэння ці аддачы электронаў, звязаная з узнікненнем прамежкавых стабільных ці нестабільных прадуктаў. Кожнай стадыі Э. адпавядае пэўнае значэнне электроднага патэнцыялу.

Рэакцыі, што адбываюцца на катодзе, наз. рэакцыямі электрааднаўлення або электрахім. аднаўлення; адпаведна, рэакцыі на анодзе — рэакцыі электраакіслення або электрахім. акіслення. Прамежкавыя і канчатковыя прадукты могуць удзельнічаць у электрахім. рэакцыях на паверхні электродаў. Калі патрэбны прадукт узнікае на прамежкавай стадыі, то яго хутка выводзяць са сферы рэакцыі шляхам адгонкі, экстракцыі або звязвання ў злучэнне, якое не ўдзельнічае ў далейшых электрахім. пераўтварэннях. У прамысловасці Э. выкарыстоўваюць для атрымання надсернай (пероксадысернай) кіслаты і яе солей — персульфатаў, перманганату калію, двухвокісу марганцу, тэтраэтылсвінцу, розных арган. злучэнняў і інш.

Літ.:

Прикладная электрохимия. 3 изд. Л., 1974;

Фиошин М.Я., Павлов В.Н. Электролиз в неорганической химии. М., 1976;

Электрохимия органических соединений: Пер. с англ. М., 1976.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 18, кн. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)