ВО́ІНСКАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,
устаноўлены законам абавязак насельніцтва несці ваенную службу ва ўзбр. сілах сваёй краіны. Упершыню воінская павіннасць уведзена ў 1798 у Францыі законам пад назвай «канскрыпцыя». З мэтаю стварэння масавай арміі да сістэмы воінскай павіннасці паступова перайшлі Прусія (1814—15), Аўстра-Венгрыя (1868), Расія (1874; да гэтага існавала рэкруцкая павіннасць), Італія (1875) і інш. дзяржавы. Вялікабрытанія і ЗША, дзе войскі камплектаваліся праз вярбоўку, уводзілі ўсеагульную воінскую павіннасць у час 1-й і 2-й сусв. войнаў. У СССР ваен. служба ажыццяўлялася на аснове абавязку воінскага. Гэты спосаб камплектавання ўзбр. сіл захаваўся і ў Рэспубліцы Беларусь.
т. 4, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫКО́ЎСКІ (Валерый Фёдаравіч) (н. 2.8.1934, г. Паўлаўскі Пасад Маскоўскай вобл.),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1963, 1976), лётчык-касманаўт СССР (1963). Скончыў Качынскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1955), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1968). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 14—19.6.1963 здзейсніў палёт на касм. караблі «Усход-5» адначасова з палётам В.У.Церашковай на касм. караблі «Усход-6», 15—23.9.1976 з У.В.Аксёнавым — на касм. караблі «Саюз-22», 26.8—3.9.1978 з З.Енам (касманаўт б. ГДР) — на караблі «Саюз-31» і арбітальным комплексе «Салют-6» — «Саюз-29». У космасе правёў 20,7 сут.
т. 3, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНХАТЭ́П МАЛО́ДШЫ, Аменхатэп, сын Хапу (каля 1460, Атрыбіс, Ніжні Егіпет — каля 1380 да н.э.),
старажытнаегіпецкі архітэктар, быў на ваен. і дзярж. службе. Дарадца Аменхатэпа III, настаўнік малалетняга Аменхатэпа IV. Пабудаваў храм бога Амона-Ра ў Луксоры (разам з арх. братамі Горы і Суці), храмы ў Салебе і Седэінгу, грандыёзныя помнікі ў Карнаку — храм бога Хансу, храм багіні Мут, алею сфінксаў паміж Луксорам і Карнакам (захаваліся калосы Мемнана). Недалёка ад храма Тутмоса II узведзены храм у гонар Аменхатэпа Малодшага.
Літ.:
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр. М., 1992. С. 182—183.
т. 1, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІЯ́Н МАРЦЭЛІ́Н (Ammianus Marcellinus; каля 330 — каля 400),
рымскі гісторык. Па паходжанні грэк. У 363 удзельнічаў у ваен. паходзе імператара Юліяна Адступніка ў Персію. Асноўны гіст. твор «Дзеянні» (задуманы як працяг «Аналаў» і «Гісторый» Тацыта), ахоплівае перыяд ад праўлення імператара Нервы [96—98] да 378. З 31 кнігі захаваліся 18 (14—31-я). У іх апісаны падзеі 353—378: войны, барацьба за ўладу, перыяд заняпаду Рым. імперыі, сац. рух 4 ст., барацьба еўрапейскіх плямёнаў з Рымам. Акрамя пісьмовых крыніц выкарыстаў асабістыя назіранні і паведамленні сведак.
Тв.:
Рус. пер. — История. Вып. 1—3. Киев, 1906—08.
т. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА РАСІ́ЙСКАЙ А́РМІІ імя А.В.Аляксандрава,
вялікі армейскі мастацкі калектыў; даў пачатак развіццю новага віду масавага мастацтва — ансамбля песні і танца. Створаны ў 1928 пры Цэнтр. Доме Чырв. Арміі, з 1978 акадэмічны. Арганізатар і першы маст. кіраўнік А.В.Аляксандраў, у 1946—86 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Б.А.Аляксандраў.
У рэпертуары творы рас. кампазітараў пераважна ваен.-патрыят. тэматыкі, нар. песні і танцы, творы рус. і замежнай класікі. Найб. папулярнасць у выкананні ансамбля набылі песні «Свяшчэнная вайна» А.В.Аляксандрава і «Калінка» ў яго апрацоўцы. У складзе ансамбля мужчынскі хор, аркестр і танц. група.
т. 1, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІЯ́ЦКА-ЦІХААКІЯ́НСКІ САВЕ́Т (Asian and Pacific Council; АЗПАК),
рэгіянальны паліт.-эканам. саюз краін Далёкага Усходу і зах. часткі Ціхага акіяна. Створаны ў 1966 Японіяй, Аўстраліяй, Новай Зеландыяй, Тайландам, Філіпінамі, Малайзіяй, Паўд. Карэяй, Тайванем і Паўд. В’етнамам з мэтай ваен. і гандлёва-эканам. супрацоўніцтва ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Пры АЗПАК дзейнічае рэгіянальны цэнтр па прадуктах харчавання і ўгнаеннях (Тайвань), культ. і сац. цэнтр (Паўд. Карэя). Вышэйшы орган паміж сесіямі савета — пастаянны к-т, выканаўчы орган — сакратарыят. Штаб-кватэра ў Бангкоку (Тайланд). У 1990 у АЗПАК уваходзілі Аўстралія, Новая Зеландыя, Паўд. Карэя, Тайланд, Філіпіны.
т. 1, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ АРХЕАГРАФІ́ЧНАЙ ЭКСПЕДЫ́ЦЫІ, «Акты, собранные в библиотеках и архивах Российской империи Археографическою экспедициею Императорской Академии наук»,
серыя дакументаў па гісторыі Расіі. Выдадзены Археаграфічнай камісіяй (т. 1—4. Спб., 1836). 1-ы т. ахоплівае 1294—1598, 2-і — 1598—1613, 3-і — 1613—45, 4-ы — 1645—1700. Змяшчаюць крыніцы па сац.-эканам. (дакументы пра збор дзярж. даходаў, вышук збеглых сялян і інш.), паліт., ваен. і царк. гісторыі (матэрыялы пра выбранне на царства Б.Гадунова, вайну з Рэччу Паспалітай 1654—67, царк. раскол і інш.). Да «Актаў...» складзены імянны, геагр. і прадметны паказальнікі (Спб., 1838).
т. 1, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЯ БІ́ТВА 1564,
адбылася пад Оршай у канцы студз. ці пач. лют. паміж авангардам войска Маск. дзяржавы на чале з ваяводам П.Сярэбраным і атрадам войска ВКЛ на чале з Ф.Кмітам-Чарнабыльскім і Ю.Осцікавічам у ходзе Інфлянцкай вайны 1558—82. Групоўка рус. войска (паводле М.Стрыйкоўскага, 50 тыс. чал.) паспешна адступіла: яе камандаванне палічыла, што ў бой уступілі асн. сілы ВКЛ, якія нанеслі паражэнне другой групоўцы рус. войск у Ульскай бітве 1564. У выніку гэтай бітвы і бітвы на Уле на 1-м этапе вайны была адноўлена ваен. раўнавага паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.
т. 1, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРУЗО́Ў (Сяргей Сямёнавіч) (8.8.1904, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 19.10.1964),
савецкі ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1955). Герой Сав. Саюза (1958). У Чырв. Арміі з 1922. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1937). У Вял. Айч. вайну камандуючы арміяй, нач. штаба 4-га, 3-га Укр. франтоў. Удзельнік баёў на Паўн.-Зах. і Бранскім франтах, Сталінградскай бітвы, Міускай і Яска-Кішынёўскай аперацый, вызвалення Югаславіі. З 1955 нам. міністра абароны, з 1963 нач. Генштаба Узбр. Сіл СССР. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1946—50 і ў 1954. Аўтар мемуараў з часоў Вял. Айч. вайны.
т. 3, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОД,
мелкае месца на ўсю шырыню ракі, возера або балота, па якім можна перайсці ці пераехаць з аднаго берага на другі. У старажытнасці, да буд-ва мастоў, праз брод праходзілі дарогі. Гразкі брод звычайна ўмацаваны грэбляй. Мае значэнне ў ваен. справе пры фарсіраванні водных перашкод. Пазначаецца на тапаграфічных картах з указаннем глыбіні і грунту. На рэках Беларусі брод нярэдка супадае з перакатамі, на азёрах — з водмелямі. Выкарыстоўваецца для перагону свойскай жывёлы на зарэчныя пашы, для заезду на аддаленыя сенажаці. Ад тэрміна «брод» утвораны многія тапонімы — назвы населеных пунктаў (у Беларусі каля 40), рэк, азёраў, урочышчаў.
т. 3, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)