ГРЫГАРО́ВІЧ (Міхаіл Фролавіч) (1.10.1897, в. Кавалічы Гродзенскага р-на — 24.11.1946),
генерал-маёр (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1928), паскораныя курсы ваен. акадэміі Генштаба (1943). У арміі з 1916, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20, разгрому войск Булак-Балаховіча, Антонава на Тамбоўшчыне, басмачоў у Сярэдняй Азіі. У Вял.Айч. вайну з 1943 на 1-м Укр. фронце. Вызначыўся ў ліп. 1944 у баях на Львоўскім напрамку: стралк. корпус на чале з Грыгаровічам прарваў абарону ворага, выйшаў у тыл варожай групоўкі, удзельнічаў у яе ліквідацыі, авалодаў паўн.-ўсх. часткай Львова. У час наступлення на гэтым напрамку падраздзяленні яго корпуса вызвалілі каля 100 тыс.нас. пунктаў. Удзельнік вызвалення Чэхаславакіі, Венгрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-БАКТРЫ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава на тэр. Сярэдняй Азіі, Афганістана, Пакістана і паўн.-зах. Індыі ў 3—2 ст. да н.э.Засн. намеснікам (эпархам) Бактрыі Дыядотам каля 250 да н.э. ў выніку адасаблення сярэднеазіяцкіх тэр. ад дзяржавы Селеўкідаў. Уключала Бактрыю, Согд, Маргіяну і інш. Каля 180 да н.э. пачало экспансію на п-аў Індастан, заваявала яго паўн.-зах.ч. (тэр. сучаснага Пакістана). У выніку ўнутр. міжусобіц, наступлення качэўнікаў каля 175 да н.э. распалася на Грэка-Бактрыйскае царства і Грэка-Індыйскае царства. Грэка-Бактрыйскае царства захапілі масагеты, і паміж 140—130 да н.э. яно перастала існаваць. На яго месцы ўзнікла Кушанскае царства. Археал. даследаванні сведчаць пра высокую культуру Грэка-Бактрыйскага царства, якая склалася ў выніку ўзаемаабагачэння мясц., усх. эліністычных, інд. і іранскіх элементаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЖ ЗВЫЧА́ЙНЫ (Natrix natrix),
паўзун сям. вужовых атр. лускаватых. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Афрыцы, Азіі (да цэнтр. Манголіі). Жыве пераважна ў вільготных месцах, каля жылля чалавека, зрэдку ў стэпах і гарах. На Беларусі трапляецца ўсюды.
Даўж. да 1,5 м. Цела зверху ад цёмна-шэрага да чорнага колеру, знізу белае з чорнымі плямамі ў выглядзе няроўнай чорнай паласы. Па баках галавы 2 вял., добра прыкметныя светлыя плямы (жоўтыя, аранжавыя, брудна-белыя). Перыядычна ліняе. Кладзе 6—35 яец, вужаняты даўж. каля 15 см. Актыўны днём, ноччу хаваецца. Корміцца жабамі, рапухамі, апалонікамі, мышамі. Неядавіты, бясшкодны. Добра плавае. Для абароны выкарыстоўвае выдзяленні з клаакі з непрыемным пахам. Добра пераносіць няволю. Колькасць вужоў звычайных на Беларусі памяншаецца ў сувязі з меліярацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́ЖНІК (Briza),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Пярэдняй Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, асабліва ў Міжземнамор’і. На Беларусі паўсюдна на лугах, лясных палянах і ўзлесках трапляецца Д. сярэдні (B. media). Як інтрадукаваная дэкар. расліна вырошчваецца і зрэдку дзічэе Д. вялікі (B. maxima).
Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны з кароткімі паўзучымі падземнымі парасткамі або без іх. Сцябло прамастойнае, простае або ад асновы галінастае. Лісце сядзячае, лінейнае, пляскатае, шыр. 2—8 мм. Кветкі сабраны ў сплясканыя рамбічныя ці яйцападобныя каласкі, якія ўтвараюць агульнае раскідзістае або сціснутае мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. (выкарыстоўваюць для групавых пасадак і на сухія букеты) і лек. (мачагонны, сардэчны, супрацьзапаленчы сродак) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДНІК (Angelica),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, асабліва ва Усх.Азіі. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: усюды трапляецца Д. лясны (A. sylvestris), зрэдку — лекавы, або дзягіль (A. archangelica), і вельмі рэдка — балотны (A. palustris). Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах і інш.Цэнтр.бат. садам Нац.АН Беларусі як дэкар. расліна інтрадукаваны Д. сахалінскі (A. sachalinensis).
Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны з кароткім карэнішчам і галінастым, унутры пустым — дудкаватым (адсюль назва) сцяблом выш. да 2 м. Лісце буйное, складанае, перыстарассечанае, з вял. похвамі. Кветкі дробныя, белыя ці ружаватыя, у буйных складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з 10 крылатымі рэбрамі. Лек., кармавыя, эфіраалейныя, меданосныя, вострапрыпраўныя і дэкар. расліны. Плады і карані багатыя кумарынам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙЦЫЯ (Deutzia),
род кветкавых раслін сям. гідрангіевых. Больш за 50 відаў. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх.Азіі, Паўн. Амерыцы (Мексіка). На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукаваны 16 відаў, з іх для зялёнага буд-ва рэкамендаваны Д. пышная (D. magnifica), пурпуровая (D. purpurascens) і шурпатая (D. scabra). Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна.
Пераважна лістападныя кусты выш. да 2,5 м. Лісце простае, яйцападобнае, даўж. да 12 см, зубчастае, зверху ўкрытае зорчатымі валаскамі. Кветкі двухполыя, белыя, ружовыя або чырванаватыя, да 2 см у дыям., сабраныя ў шчыткі, гронкі або мяцёлкі, рэдка адзіночныя. Плод — шматнасенная шарападобная каробачка. У бат. садах і парках Беларусі трапляюцца таксама Д. зграбная (D. gracilis), драбнакветная (D. parviflora), Шнейдэра (D. schneideriana), Максімовіча (D. maximowicziana) і інш.Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЕ ПРА́ВА,
у шэрагу краін (Францыі, Германіі, Японіі і інш.) самастойная частка цывільнага права, якая рэгулюе адносіны ў сферы гандл. абароту. Гістарычна склалася ў сярэдневяковай Італіі ў сувязі з развіццём міжнар. гандлю ў Міжземнамор’і як купецкае права. Першапачатковай яго крыніцай былі статуты гарадоў і купецкіх гільдый, што змяшчалі правілы пра сухапутны і марскі гандаль, гандл. звычаі. У далейшым гандлёвае права набыло агульны характар і было кадыфікавана. Акрамя еўрап. краін пашырылася ў многіх краінах Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Некат. дзяржавы (у т. л. Італія) уніфікавалі цывільнае і гандлёвае права — выдалі адзіны кадыфікацыйны акт. У краінах, дзе гандлёвае права існуе як самаст. галіна, яно рэгламентуе парадак арганізацыі, дзейнасць і спыненне гандл. т-ваў, пытанні іх рэгістрацыі, вядзенне дакументацыі, прадстаўніцтва, гандл. здзелкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧА́К (Phodeus sericeus),
рыба сям. карпавых, атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўропы (на У ад Францыі) і Усх.Азіі (бас.р. Амур, рэк Сахаліна, Паўн. Кітая, Карэі). На Беларусі падвід гарчака (P. s. amarus) у невял. колькасці водзіцца амаль ва ўсіх рэках (часцей на Палессі) і азёрах. Нар. назвы гарчыца, гаркушка, альшанка, маляўка, смярдзюха, сталетка, радзей пукас.
Даўж. да 10 см. Цела высокае, сціснутае з бакоў, з няпоўнай бакавой лініяй, буйной луской; бакі серабрыстыя з вузкай зялёна-сіняй паласой. У час нерасту ў самкі вырастае доўгі яйцаклад, ікру адкладвае ў мантыйную поласць малюскаў (перлавіц і бяззубак). Корміцца пераважна абрастаннямі і дробнымі водарасцямі. Мяса горкае (адсюль назва). Пажыва для драпежных рыб.
Гарчак: зверху — самка, якая адкладвае ікру ў мантыйную поласць малюска; знізу — самец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАДЗІДЫ́ЗМ (ад араб. джадзід — новы),
культурна-рэфарматарскі, асветны і грамадска-паліт. рух мусульман Паволжа, Крыма і Сярэдняй Азіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Джадзіды выступалі за пашырэнне сеткі мусульм.культ.-асв. устаноў, выданне кніг, часопісаў, газет на нац. мове, развіццё нац. мастацтва і л-ры, рэарганізацыю мусульм. духавенства. Быў распрацаваны праект школьнай рэформы, у пач. 1880-х г. адкрыта першая джадзіцкая школа ў Бахчысараі, потым школы дзейнічалі ў Турцыі, Персіі, Індыі, Кітаі. У рэвалюцыю 1905—07 джадзіды выступалі з патрабаваннямі рэформаў паліт. ладу краіны, арганізоўвалі паліт. стачкі, антыўрадавыя дэманстрацыі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 частка джадзідаў прызнала сав. ўладу, інш. сталі ініцыятарамі стварэння ў Туркестане аўтаномнага ўрада (гл.Какандская аўтаномія), удзельнічалі ў басмацтве, мелі сувязі з белай гвардыяй, пазней эмігрыравалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ АФІ́НСКІ МАРСКІ́ САЮ́З,
саюз стараж.-грэч. гарадоў, размешчаных пераважна на астравах і берагах Эгейскага м., на чале з Афінамі. Пасля распаду ў выніку Пелапанескай вайны 1-га Афінскага марскога саюза (гл.Дэлоскі саюз) прыкладна з 395 да н.э. рабіліся спробы па яго ажыўленні. Адноўлены ў 378—377 да н.э. пасля вызвалення ад спартанскага панавання. Чл. саюза (каля 75) мелі поўную аўтаномію. Гарады, размешчаныя ў М.Азіі, не ўключаліся ў склад саюза. Са стратай Спартай пануючага становішча ў Пелапанескім саюзе, супраць якога ў першую чаргу і была накіравана дзейнасць Д.а.м.с., з яго сталі выходзіць многія члены. Пасля завяршэння міжсаюзнай вайны 357—355 да н.э. саюз да 337 да н.э. захоўваў нязначны паліт. ўплыў.