бесклапо́тны, ‑ая, ‑ае.

Які не праяўляе клопату, турботы пра свае справы, паводзіны і пад. Ледзь не з першага дня Зіну акружыла самая гарачая хлапечая ўвага. Гэта часам рабіла яе бесклапотнай, легкадумнай. Шыцік. Толькі сляпы не ўбачыць, што .. [Дзіна] бесклапотная аж залішне. Навуменка. [Дамброўскі:] — Пан капітан залішне бесклапотны: У вас пад бокам тоіцца атрад... А вы спакойна седзіце ў палацах. Глебка. // Поўнасцю свабодны ад турбот. Бесклапотнае жыццё. □ Эх вы, бесклапотныя дні дзяцінства, што адляцелі сном так рана. Мележ. // Які выражае бесклапотнасць, бестурботнасць. Бесклапотны смех. Бесклапотная гамонка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гармо́нік, ‑а, м.

1. Духавы музычны інструмент, які складаецца з дзвюх дэк, злучаных расцяжнымі рухомымі мяхамі, і клавіятуры. Гармонік усхліпнуў і зноў зайграў — вясёлую прыпевачную мелодыю. Асіпенка.

2. у знач. прысл. гармо́нікам, у гармо́нік. Густымі паралельнымі складкамі (пра паперу, скуру і пад.). Халявы гармонікам. □ Сціснуў [Ігналя] кулакі, насупіў бровы, зморшчыў лоб у гармонік і мармытаў сабе пад нос: — Ліха на мяне! Ліха на мяне! Бядуля.

•••

Губны гармонік — музычны інструмент у выглядзе прадаўгаватай скрыначкі з металічнымі язычкамі і адтулінамі для ўдзімання паветра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абру́ч, ‑а, м.

1. Металічная ці драўляная кольцападобная пласціна, якая набіваецца на бочкі, падушкі і пад. Стары Гарась, як помніць Даша, заўсёды стругаў пад паветкай клёпкі, гулка грымеў на ўсе суседскія двары вочкамі і кубкамі, наганяючы на іх то лазовыя, то арэхавыя абручы. Ракітны.

2. Гімнастычная прылада. Рабіць практыкаванні з абручом. // Кольца, якое дзеці качаюць пры дапамозе загнутага дроціка. Вуліца, звінела ад абручоў, за якімі заняліся па тратуарах шустрыя малыя хлапчукі. Якімовіч.

3. Жаночае ўпрыгожанне — кольца, якое надзяецца на галаву. Залаты абруч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абску́бці, ‑скубу, ‑скубеш, ‑скубе; ‑скубём, ‑скубяце; зак., каго-што.

1. Паабрываць, ачысціць, скубучы. [Кавалёў:] — Кажу — бяры! Хто там мне яго [цецерука] абскубе ды выпатрашыць. Чарнышэвіч. [Гукам:] — Колькі разоў я прасіў цябе: не чапай лісця. Дурная звычка! Гэтак ты за лета ўвесь каштан абскубеш. Шамякін. // Скубучы падраўноўваць, рабіць больш роўным, гладкім (пра сена, салому і пад.). Абскубці стог.

2. Пасашчыпваць, паз’ядаць траву (пра коней, авечак, птушак і пад.). Гусі і качкі абскублі.. [траву] так нізка і гладка, бы хто ножкамі штодзень рэгаў тут маладую атаву. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кіру́нак, ‑нку, м.

1. Тое, што і напрамак (у 1 знач.). Самалёт Бурмакова ўзяў кірунак на поўнач. Шыцік. Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Колас.

2. перан.; чаго або які. Шлях развіцця, накіраванасць якога‑н. дзеяння, з’явы і пад. Кірунак навуковай дзейнасці. Кірунак палітыкі. □ Загаварылі пра сям’ю, і гаворка адразу набыла іншы кірунак. Пальчэўскі.

3. Грамадская, навуковая, літаратурная і пад. плынь; школа, групоўка. Літаратурныя кірункі. □ Часцей матэрыялы пра творчасць Я. Купалы з’яўляліся ў друку левага кірунку. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клёпка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. кляпаць. Ручная клёпка. Клёпка катлоў.

2. Р мн. ‑пак. Кожная асобная дошчачка, з якіх складаюць бочку, дзежку, кадушку і пад. Стары Гарась, як і помніць Даша, заўсёды стругаў пад паветкай клёпкі, гулка грымеў на ўсе суседскія двары вочкамі і кубламі, наганяючы на іх то лазовыя, то арэхавыя абручы. Ракітны. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі. Дуброўскі.

•••

Клёпкі ў галаве не хапае (не стае) гл. хапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

коўш, каўша, м.

1. Шырокая круглая пасудзіна з ручкай для зачэрпвання вадкасці. На ручніках, расшытых пеўнямі, Хлеб-соль падносім для гасцей, Вядзём за стол, каўшамі пеннымі Частуем брагай. Гаўрусёў. // Разм. Тое, што і туфель. Верна трымае мяшок, а я каўшом насыпаю з засека пшаніцу. Жычка.

2. Вялікае металічнае прыстасаванне ў розных механізмах, якое служыць для зачэрпвання, разлівання і пад. Коўш экскаватара. Коўш скрэпера. Разлівачны коўш. □ Коўш нахіліўся, і ў завалачнае акне печы наліўся чыгун. Карпаў.

•••

Чэрпаць (браць і пад.) каўшом гл. чэрпаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заключэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. заключаць — заключыць (у 1 знач.).

2. Вывад, суджэнне, меркаванне, зробленыя на падставе чаго‑н. Зрабіць заключэнне. Прыйсці да заключэння. Заключэнне ўрача. □ А Сцёпка вывеў з гэтага такое заключэнне, што і перабор меры таксама нядобры, як і недабор. Колас.

3. Апошняя, заключная частка твора, прамовы і пад. Дысертацыя складаецца з уступу, трох глаў і заключэння. □ У заключэнні перадачы выступае калгасная мастацкая самадзейнасць. «Звязда».

•••

У заключэннепад канец, заканчваючы што‑н. У заключэнне хор выконваў песню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запыні́ць, ‑пыню, ‑пыніш, ‑пыніць; зак., каго-што.

Разм.

1. Спыніць рух, ход каго‑, чаго‑н., затрымаць каго‑, што‑н. на месцы. Запыніць машыну. □ Людзі разыходзяцца. Намерыўся выйсці і Свідэрскі, але яго запыніў сержант. Глебка. // Запаволіць, прыпыніць. Запыніць дыханне. Запыніць крок.

2. на кім-чым. Затрымаць, сканцэнтраваць на кім‑, чым‑н. (сваю ўвагу, позірк, думку і пад.). Ніна запыніла позірк на маршчынках, што выразаліся пад вачамі. Мележ. // Прыцягнуць да сябе чыю‑н. увагу. Вось тая шчаслівая думка, што запыніла на сабе Пракопаву ўвагу. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зардзе́цца і заірдзе́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

1. Стаць ярка-чырвоным; пачырванець. Даніла прахапіўся, як толькі зардзеўся на ўсходзе малады вясновы ранак. Сабаленка. // Пачырванець ад сораму, хвалявання і пад. Зіна, пабачыўшы.. [Сяргея і Васіля], адразу зардзелася і разгублена забегала па пакоі, то падаючы крэслы, то выціраючы стол. Няхай. Заірдзелася ў Нямка правая шчака і задрыжалі, сцяліся пад рыжаватымі вусамі губы. Кулакоўскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучыцца сваім ярка-чырвоным колерам, паказацца (пра што‑н. ярка-чырвонае). Заірдзеліся між травы суніцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)